Сталінградская бітва
Сталінградская бітва | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна, Другая сусветная вайна | |||
Дата | 17 ліпеня 1942 — 2 лютага 1943 | ||
Месца | Сталінградская вобласць | ||
Вынік |
Перамога СССР · Разгром войскаў нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў · Правал наступлення войскаў краін «восі» на Усходнім фронце · Пачатак контрнаступлення РСЧА |
||
Праціўнікі | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сталінгра́дская бі́тва — бітва паміж войскамі СССР, з аднаго боку, і войскамі нацысцкай Германіі, Румыніі, Італіі, Венгрыі, Славакіі, з іншага, у ходзе Вялікай Айчыннай вайны. Бітва была адной з найважнейшых падзей Другой сусветнай вайны і ў шэразе з бітвай на Курскай дузе была пераломным момантам у ходзе ваенных дзеянняў, пасля якіх нямецкія войскі страцілі стратэгічную ініцыятыву. Бітва была спробай вермахту захапіць левабярэжжа Волгі ў раёне Сталінграда (сучасны Валгаград) і сам горад. Баі ў горадзе, і контрнаступ Чырвонай арміі (аперацыя «Уран»), у выніку якога 6-я армія вермахта і іншыя сілы саюзнікаў Германіі ўнутры і вакол горада былі акружаныя і часткова знішчаныя. Агульныя страты абодвух бакоў у гэтай бітве перавышаюць два мільёны чалавек. Дзяржавы Восі страцілі вялікую колькасць жывой сілы і ўзбраення і ў далейшым не здолелі цалкам акрыяць ад паразы.
Для Савецкага Саюза, які пацярпеў вялікія страты ў ходзе бітвы, перамога ў Сталінградзе азначала пачатак вызвалення краіны, а таксама акупаваных тэрыторыяй Еўропы, што прывяло да канчатковага паражэння нацысцкай Германіі ў 1945 годзе.
Пачатак бітвы
[правіць | правіць зыходнік]Агульны задума наступу ў летняй кампаніі 1942 года на Усходнім фронце і план галоўнай аперацыі выкладзены ў дырэктыве Вярхоўнага галоўнакамандавання вермахта № 41 ад 5 красавіка 1942 года. Галоўнай мэтай нямецка-нацысцкіх войск на Усходнім фронце было: цалкам разграміць савецкія войскі на поўдні краіны, завалодаць нафтавымі раёнамі Каўказу, багатымі сельскагаспадарчымі раёнамі Дону і Кубані, парушыць камунікацыі, што злучаюць цэнтр краіны з Каўказам і стварыць умовы для заканчэння вайны на сваю карысць. Галоўную аперацыю планавалася правесці ў тры этапы ў выглядзе асобных наступаў.[1]
12 мая 1942 года войскі савецкага Паўднёва-Заходняга фронту (камандуючы Маршал Савецкага Саюза С. К. Цімашэнка) перайшлі ў наступ з мэтай вызвалення горада Харкаў. Аднак нямецка-нацысцкія войскі, маючы тут падрыхтаванымі да свайго запланаванага наступу буйныя сілы і ўмела выкарыстоўваючы недахопы ў арганізацыі савецкага наступу, ужо 17 мая змянілі абстаноўку ў сваю карысць. У выніку контратакі з поўначы і поўдня нямецка-нацысцкія войскі атачылі групоўку савецкіх войск у раёне Харкава.
Захапіўшы стратэгічную ініцыятыву, нямецка-нацысцкія войскі 28 — 30 чэрвеня 1942 пачалі запланаваны вялікінаступ летняй кампаніі на Варонеж і ў Данбасе.
Праз месяц 4-я танкавая армія дасягнула паўднёвага канца калідора і пераправілася праз Дон на поўнач ад Растова-на-Доне. 6-я палявая армія падыходзіла да вялікай лукавіны Дона ля Сталінграда. На паўднёвым фланзе 1-я танкавая армія 25 ліпеня падышла да Дону. 17-я палявая армія на пачатку ліпеня наступала з раёна Сталіна і 17 ліпеня на левым фланзе заняла Варашылаўград, а правым выйшла да Дону па абодва бакі Растова-на-Доне.[2] 17 ліпеня пасля непрацяглых вулічных баёў быў узяты Растоў-на-Доне.
12 чэрвеня 1941 на базе аператыўнага кіравання Паўднёва-Заходняга фронту быў створаны Сталінградскі фронт, які аб’яднаў 62, 63, 64-ю рэзервовыя арміі, 21-ю агульнавайсковую і 8-ю паветраныя арміі, якія адыйшлі за Дон.
З 17 па 22 ліпеня 1942 года на далёкіх подступах да Сталінграду разгарнулася жорсткая барацьба.
Баі ў Сталінградзе
[правіць | правіць зыходнік]Раніцай 23 ліпеня 1942 паўночная групоўка 6-й палявой арміі вермахта, стварыўшы значную перавагу сіл на напрамку галоўнага ўдару, пры актыўных дзеяннях авіяцыі перайшла ў наступ супраць правага флангу 62-й арміі савецкіх войск. 25 ліпеня 1942 пачалося наступленне паўднёвай групоўкі 6-й палявой арміі вермахта. Намеснік камандуючага 64-й арміяй генерал-лейтэнант В. І. Чуйкоў, які выконваў абавязкі камандуючага, прыняў рашэнне адвесці на левы бераг Дона 214-ю стралковую дывізію і 154-ю марскую брыгаду.
У выніку некалькіх контратак войск 64-й арміі прасоўванне паўднёвай групоўкі 6-й палявой арміі вермахта было спынена.
Германскае камандаванне да канца ліпеня 1942 пераканалася, што захапіць Сталінград з ходу сіламі толькі 6-й палявой арміі немагчыма. 31 ліпеня 1942 года 4-я танкавая армія пад камандаваннем генерал-палкоўніка Г. Гота ў складзе 48-га танкавага корпуса (14-я танкавая і 29-я матарызаваная дывізіі), 4-га армейскага корпуса (94-я і 371-я пяхотныя дывізіі) і 6-га румынскага корпуса, была скіравана з каўказскага кірунку на Сталінградскі.
Пры пабольшанай пагрозе Сталінграду пачалася частковая эвакуацыя яго грамадзянскага насельніцтва. На працягу ліпеня і 20 дзён жніўня з горада было эвакуявана да 100 тысяч чалавек, з іх мясцовых жыхароў не больш за 35 — 40 тысяч. Асноўная маса жыхароў Сталінграда заставалася ў горадзе і актыўна дапамагала сваім войскам. У цяжкіх умовах у горадзе працягвалі працаваць заводы.
23 жніўня нямецка-нацысцкія войскі пачалі імклівы наступ на Сталінград і пераадолеўшы супраціў савецкіх войск выйшлі да Волгі на ўскраіне Сталінграда. [3]
1 верасня 1942 года, калі 62-я і 64-я арміі адышлі на сярэдні абвод Сталінградскіх ўмацаванняў, слаба падрыхтаваных да абароны, нямецка-нацысцкія войска зноў перайшлі ў наступ з задачай завалодаць Сталінградам. У пачатку верасня становішча савецкіх войск склалася надзвычай крытычным. [4]
Набліжэнне зімы ўзмацніла імкненне германскага камандавання хутчэй завяршыць аперацыі па захопе Сталінграду і Каўказу. Днём 28 верасня ізноў разгарэліся вулічныя баі на тэрыторыі рабочых пасёлкаў. Самалёты люфтвафэ нанеслі некалькі масіраваных удараў па савецкіх пазіцыях, імкнучыся абарваць сувязь 62-й арміі з усходнім берагам. Аднак у цэлым часьцям вермахта не ўдалося дабіцца вырашальнага выніку.
З пачатку кастрычніка пачаліся баі за заводы «Красный Октябр», «Баррикады» і трактарны, размешчаныя на поўнач ад Мамаева кургана. Напрамкам галоўнага ўдару 6-й палявой арміі становіцца раён трактарнага завода. 3 кастрычніка часткі гермахта прыклалі вялікія намаганні, імкнучыся прарвацца да Сталінградскага трактарнага заводу. Аднак ім не ўдалося адным ударам зламаць супраціў савецкіх воінаў.[5]
Да сярэдзіны лістапада 1942 прасоўванне нямецка-нацысцкіх войск на тэрыторыі Сталінграда было спынена на ўсім фронце. Галоўная ўдарная групоўка 6-й палявой арміі вермахта страціла сілу і канчаткова перайшла да абароны.
Контрнаступ савецкіх войскаў
[правіць | правіць зыходнік]У кастрычніку 1942 года быў распрацаваны план аперацыі па разгроме нямецка-нацысцкіх войскаў на Волзе, умоўна названы «Уран». Контрнаступ планаваўся як стратэгічная аперацыя трох франтоў: Паўднёва-Заходняй (створанага ў канцы кастрычніка, камандуючы — генерал-лейтэнант М. Ф. Ватуцін), Данскога (камандуючы — генерал-палкоўнік К. К. Ракасоўскі) і Сталінградскага (камандуючы — генерал-палкоўнік А. І. Яроменка). Яно разгортвалася адначасова на прасьцягу 400 кіламетраў. Савецкія войскі павінны былі ўзяць суперніка ў абцугі на тэрыторыі радыусам каля 100 км. Пры гэтым стварылася адначасова два фронту атачэньня — унутраны і знешні. [6]
Раніцай 19 лістапада 1942 года войскі Паўднёва-Заходняга і правага крыла Данскога франтоў перайшлі ў наступ пад Сталінградам. На Паўднёва-Заходнім фронце войскі ўдарнай групоўкі магутным націскам прарвалі абарону 3 румынскай арміі адначасова на двух участках.
Адначасова з войскамі Паўднёва-Заходняга фронту ў наступ перайшлі злучэння правага крыла Данскога фронту. Удар наносіла 65-я армія ў напрамку на хутар Вярцячы. 23 лістапада злучэнні 65-й арміі сумесна з 3-м гвардзейскім кавалерыйскім корпусам адкінулі нямецка-нацысцкія войскі на левы бераг Дона.
Савецкія войскі хутка прасоўваліся на захад і сустрэліся праз два дні недалёка ад горада Калач, замкнуўшы колца вакол нямецкіх войскаў у Сталінградзе. [7]
11 снежня быў зацверджаны новы план аперацыі па ліквідацыі акружанай групоўкі праціўніка войскамі Данскога і Сталінградскага франтоў. У ім прадугледжвалася рассяканне і ліквідацыя групоўкі вермахта паслядоўна ў два этапы. Аднак правядзенне аперацыі «Сатурн» і ліквідацыя акружанай групоўкі ўскладніліся ў сувязі са змяненнем агульнай абстаноўкі на паўднёвым крыле савецка-германскага фронту. Раніцай 12 снежня 1942 года пачалося наступленне армейскай групы «Гот» (120 тысяч салдат, 650 танкаў, 850 гармат). Дзейнічаючы з раёна горада Кацельнікава ў агульным напрамку на паўночны ўсход, яна наносіла галоўны ўдар на вузкім участку фронту ўздоўж чыгункі. Войскі Сталінградскага фронту ўпартай абаронай не дапускалі выхаду нямецка-нацысцкіх войскаў да Сталінграду.
16 снежня, праз чатыры дні пасля пачатку наступлення армейскай групы «Гот», 1-я і 3-я гвардзейскія арміі савецкіх войскаў, стварыўшы ў раёне сярэдняй плыні ракі Дон значную перавагу над праціўнікам у жывой сіле, танках і артылерыі, нанеслі ўдар у паўднёвым кірунку.
Спроба нямецка-нацысцкіх войскаў дэблакаваць акружаную групоўку генерал-палкоўніка Ф. Паўлюса цалкам правалілася. Жадаючы пазбегнуць марнага кровапраліцця, савецкае камандаванне 8 студзеня 1943 года прапанавала войскам Ф. Паўлюса капітуляваць, але ультыматум быў адхілены.
10 студзеня пачалося наступленне савецкіх войск з мэтай разгрому акружанай групоўкі нямецкіх войск. 26 студзеня групоўка была падзелена на дзве часткі. Паўднёвая частка групоўкі капітулявала 31 студзеня па загадзе Паўлюса. 2 лютага капітулявала паўночная групоўка. [8]
Зноскі
- ↑ http://battle.volgadmin.ru/osn.asp?np=11&npp=1
- ↑ http://battle.volgadmin.ru/osn.asp?np=11&npp=2
- ↑ http://battle.volgadmin.ru/osn.asp?np=11&npp=6
- ↑ http://battle.volgadmin.ru/osn.asp?np=11&npp=7
- ↑ http://battle.volgadmin.ru/osn.asp?np=11&npp=8
- ↑ http://battle.volgadmin.ru/osn.asp?np=11&npp=10
- ↑ http://militera.lib.ru/h/samsonov1/07.html
- ↑ http://battle.volgadmin.ru/osn.asp?np=11&npp=13
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сталінградская бітва
- Дзяржаўны гісторыка-мемарыяльны музей-запаведнік «Сталінградская бітва» Архівавана 3 сакавіка 2011. (руск.)
- Апісанне Сталінградскай бітвы, хроніка падзеяў, сводкі Савецкага інфармбюро (руск.)
- Сталінградзкая бітва Архівавана 5 лютага 2011. — фатадакументы, якія захоўваюцца ў дзяржаўных архівах РФ (руск.)