Уладзімір Васілевіч Тэраўскі
Уладзімір Тэраўскі | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Поўнае імя | Уладзімір Васілевіч Тэраўскі |
Дата нараджэння | 23 лістапада 1871 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 10 лістапада 1938 (66 гадоў) |
Месца смерці | |
Краіна | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | |
Калектыў | Беларускі народны хор |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Уладзі́мір Васі́левіч Тэ́раўскі (Цяра́ўскі[1]) (11 (23) лістапада 1871, мяст. Раманава, Слуцкі павет, Мінская губерня — 10 лістапада 1938, Мінск, турма НКУС) — беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст, царкоўнаслужыцель[2]. Стаяў ля вытокаў нацыянальнай оперы і нацыянальнай музычнай школы.
Аўтар гімна «Ваяцкі марш» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі…»). Стварыў музыку да спектакляў БДТ-1. Найбольш вядомай стала яго музыка да спектакля «На Купалле» Міхася Чарота, куды ўвайшла між іншым песня «Купалінка», якую многія лічаць народнай.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 11 (23) лістапада 1871 года ў мястэчку Раманава Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер — в. Леніна Слуцкага раёна Мінскай вобласці). Беларус. Быў малодшым сынам у сям’і беларускага святара Васіля Тэраўскага. Бацька скончыў Мінскую духоўную семінарыю, рукапаложаны ў сан іерэя. Да 1889 года — настаяцель Георгіеўскага храма ў мястэчку Раманава; кіраваў царкоўным хорам[3] Узнагароджаны набедранікам, скуф’ёй, нагрудным крыжам (1881), камілаўкай (да 1886). Сястра Вольга стала жонкай пісьменніка Дзмітрыя Гаўрылавіча Булгакоўскага[4].
У 1889 годзе скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча. Вучыўся ў Мінскай епархіяльнай семінарыі[3]. У 1892—1895 служыў у войску[5]. Пасля дэмабілізацыі з 1895 дзяржаўны кантралёр Лібава-Роменскай чыгункі[3]. З 1897 працаваў на Уральскіх заводах графа Строганава, служыў рэгентам, настаўнікам у Пермскай губерні. Знаходзячы на Урале, кіраваў аматарскімі рабочымі хорамі на Білімбаеўскім і Шайтанскім чыгуначных заводах і спяваў у хоры Д. Агрэнева-Славянскага[3][6][7]. У рэпертуар хору ўваходзілі і беларускія народныя песні[5].
З 1900 года — супрацоўнік Мінскага аддзялення дзяржаўнага банка. З 1901 канцылярскі чыноўнік 2-га разраду Мінскай кантрольнай палаты, адначасова настаўнік спеваў і гімнастыкі Губернскага папячыцельства дзіцячых прытулкаў. У 1904 епіскапам Міхаілам (Цемнарусавым) прызначаны псаломшчыкам Мінскага Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора. Адначасова памочнік рэгента Мінскага архіерэйскага хору. Потым псаломшчык царквы Св. Марыі Магдаліны на вул. Старажоўскай, настаўнік спеваў 3-га Мінскага прыходскага вучылішча. Быў членам Беларускай асацыяцыі стваральнікаў мастацкіх твораў.
У ліпені 1914 года стварыў адзін з першых беларускіх харавых калектываў — Мінскі беларускі хор, які ў 1917 годзе ўвайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі[2], канцэртаваў з ім па рэспубліцы, удзельнічаў у драматычных спектаклях[2]. Значную частку рэпертуару хору складалі беларускія народныя песні[3]. Узначальваў музычную частку Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі[2]. Таксама супрацоўнічаў з мастацкай трупай «Беларускі народны тэатр» пад кіраўніцтвам Ф. Аляхновіча[3].
Браў удзел у арганізацыі культурна-асветнага асяродка пры «Беларускай хатцы»[5]. Выступаў перад дэлегатамі з’езда беларускіх партый і арганізацый у ліпені 1917 г.[3]. Восенню 1919 г. па запрашэнні У. Ігнатоўскага, рэктара Мінскага педагагічнага інстытута, працаваў выкладчыкам[3].
У 1918—1919 гадах кіраваў харавой капэлай у Беларускім савецкім тэатры, уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва. 19 верасня 1919 года ў Мінск прыехаў Юзаф Пілсудскі, з якім звязваліся надзеі стварэння польска-беларускай федэрацыі. З той нагоды ў мінскім гарадскім тэатры адбыўся спектакль, у якім выступаў і хор Тэраўскага: хор заспяваў песню, якая на афішах была пазначана як «беларускі гімн»[8].
Улетку 1920 года арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі ў Асіповічах за выкананне песень «Каля хацінкі» і «Панам мы песні не спяваем» (падчас вобшуку пры ім быў знойдзены рэвальвер)[9]. Пасля ўтварэння Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Мінску яго галоўны хормайстар.
У 1919—1920 гадах — сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску[5]. Працаваў лектарам на настаўніцкіх курсах[3]. У гэты ж час па прапанове Беларускай вайсковай камісіі пачаў працу па складанні спеўніка для беларускага войска. Спеўнік быў падрыхтаваны да лета 1920 г., але асобнай кніжкай выйшаў толькі ў 1921 г. («Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый»). Наступная кніга — «Беларускі лірнік» — была выдадзена З. Жылуновічам у Берліне ў 1922 г. Праз 4 гады ў Менску выйшаў яшчэ адзін спеўнік для курсантаў Аб’яднанай беларускай вайсковай школы («Вайсковы зборнік», 1926)[3].
Арышт
[правіць | правіць зыходнік]Арыштаваны 3 верасня 1921 года з жонкай Надзеяй Прохараўнай[заўв 1]. Праходзіў па адной справе з артыстамі Усеваладам Фальскім, Уладзімірам Кубарам, яго жонкай Надзеяй Кубар[заўв 2], загадчыкам дэзінфекцыйнага аддзела наркамата аховы здароўя Сямёнам Валачковічам[заўв 3], старшым механікам Мінскага тэлеграфа Герасімам Раманчыкам[заўв 4], тэлеграфістамі Міхаілам Бакуном[заўв 5] і Ганнай Бруевіч[заўв 6], медсястрой Мінскага шпіталя Сінкліцікіяй Малчанавай[заўв 7].
Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 23 верасня 1921 года У. Кубар і Г. Бруевіч асуджаны да вышэйшай меры пакарання і 19 кастрычніка 1921 года расстраляны. М. Бакун, С. Валачковіч, Н. Кубар, С. Малчанава, Г. Раманчык прыгавораны да 2 гадоў ППК. У. Тэраўскі і У. Фальскі як «неданосчыкі» да ВМП (заменена на 5 гадоў ППК) і этапаваны ў Смаленскі папраўчы дом. Жонку У. Тэраўскага асудзілі да аднаго года зняволення ў Мінскім працоўным лагеры. Пасля вызваленя 24 мая 1923 года кіраваў харавымі калектывамі БДУ, МБПТ, саюза паштавікоў-тэлеграфістаў.
Браў удзел у рабоце музычнай секцыі Інбелкульта. У 1930 годзе быў расфарміраваны хор Тэраўскага пры Белдзяржуніверсітэце, а ў 1931 годзе ён быў звольнены з работы ў БДТ-1, абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме[9]. Служыў псаломшчыкам у царкве св. Марыі Магдаліны. Меў цяжкае матэрыяльнае становішча[9]. Да 1933 года служыў у Пярэспенскай царкве[3]. Рэгент царкоўнага хору Мікалаеўскага сабора ў Мінску[3]. Зноў арыштаваны 17 жніўня 1938 года ў Мінску па адрасе: вул. Старажоўская, д. 74, кв. 4. Прыгавораны 1 лістапада 1938 года тройкай НКУС як «агент польскай разведкі» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 10 лістапада 1938[6][7].
Па першай справе (групавая, № 20479-с; захоўваецца з фотаздымкамі ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны 6 жніўня 1996 года пракуратурай Беларускай ваеннай акругі, па другой (№ 10927-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) — трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 1 кастрычніка 1957 года[7].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Выявіў вялікія музычныя здольнасці ў дзіцячыя гады[3].
Стварыў музыку да спектакляў БДТ-1 «Бязвінная кроў» У. Галубка (1918), «Каваль-ваявода» (1925), «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е. Міровіча, «Панскі гайдук» Н. Бываеўскага і інш[10], заснаваную на шырокім выкарыстанні беларускага фальклору[2][3]. Найбольш вядомай стала музыка да спектакля «На Купалле» М. Чарота (1921). Напісаў песні і рамансы на словы Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, М. Чарота і інш. Запісваў і гарманізаваў народныя песні, частка якіх апублікавана ў зборніках «Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый» (1921), «Беларускі лірнік» (1922), «Вайсковы зборнік» (1926)[2].
Тэраўскі аўтар гімна «Ваяцкі марш» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі…»), гімна «Беларуская марсельеза» (на верш Аляксандра Мікульчыка «Адвеку мы спалі…»)[11].
Тэраўскі напісаў музыку да песні «Купалінка», якую многія лічаць народнай, яна з’яўляецца фрагментам музычнага суправаджэння спектакля «На Купалле», таксама ёсць думка, што ён з’яўляецца аўтарам музыкі да песні «Шумныя бярозы» на словы Я. Купалы[12].
Цікава, што ў час выступленняў У. Тэраўскі меў звычку часам дырыжыраваць пальцамі, павярнуўшыся да хору спінай[12]. Тэраўскі быў круглаваты і лысагаловы, даволі мажны. Ён любіў апранацца ў тон усяму хору па-народнаму: белая беларуская світка, пад ёй вышываная кашуля з саматканым поясам[13].
Ацэнкі і значэнне творчасці
[правіць | правіць зыходнік]У. Тэраўскі стаяў ля вытокаў стварэння нацыянальнай оперы і нацыянальнай музычнай школы[14]. Толькі спектакль «На купалле» вытрымаў у 1920-я гады 432 паказы[14].
З. Бядуля ў сваім артыкуле «Штрыхі аб беларускай культуры» адзначаў, што хорам Тэраўскага магла б ганарыцца любая нацыя, болей культурная за нашу, і называў Уладзіміра Тэраўскага мастаком-самародкам[15].
Я. Кіпель пісаў, што займаючыся з моладдзю ў хоры‚ У. Тэраўскі стараўся рабіць з харыстаў нацыянальна свядомых людзей. Хор Тэраўскага меў велізарны ўплыў і на беларускае грамадства‚ і на развіццё беларушчыны[16].
Працуючы дырыжорам і кампазітарам, У. Тэраўскі меў сувязі з беларускім нацыянальным рухам. Падчас адкрыцця Першага Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 года хор пад яго кіраўніцтвам выканаў тры беларускія песні: Беларускую Марсельезу, «А хто там ідзе» і «Кроў нашу льюць даўно ўжо каты». Усе тры песні былі прынятыя авацыямі[17]. Песня «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» стала гімнам БНР[17].
У хоры У. Тэраўскага спявалі Алеся і Андрэй Александровічы, жонка Я. Кіпеля Марыя[18], Міхась Чарот, стваральнік гімна Рэспублікі Беларусь Н. Сакалоўскі[19] і іншыя. У вершы «Ахвярую Беларускаму хору Тэраўскага» (1919) Міхась Чарот са шчырым узрушэннем заклікаў спяваць «родную, пекную песню» і будзіць край свой ад цяжкага сну[20].
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Ўл. Тэрраўскі. Беларускі сьпеўнік з нотамі на 3 галаса паводле народных мэлёдый. — Менск, 1921. — С. 58.[21]
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Варыянт напісання прозвішча Цяраўскі ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах, Т.16. Мн., 2003, С.132
- ↑ а б в г д е Биографический справочник. — Мн: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н Гарбінскі 1999.
- ↑ Дмитрий Гаврилович Булгаковский Архівавана 5 чэрвеня 2014. (руск.)
- ↑ а б в г УЛАДЗІМІР ТЭРАЎСКІ Архівавана 19 кастрычніка 2013.
- ↑ а б Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- ↑ а б в Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967. Энцыклапедычны даведнік у 2-х тамах. Т. 2. — Мн., 2007.
- ↑ Купала, Янка. Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала. — Т. 8. — С. 91.
- ↑ а б в Корни «Зеленого Дуба» и минские мостовые (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2014. Праверана 9 сакавіка 2012.
- ↑ Куліковіч Мікола. Савецкая беларуская опэра // Спадчына № 6 — 1991. С. 75-88.
- ↑ Тэраўскі Уладзімір(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2014. Праверана 8 сакавіка 2012.
- ↑ а б Тузін шлягераў, пазбаўленых аўтараў(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 мая 2012. Праверана 9 сакавіка 2012.
- ↑ На хвалі Свабоды: 50 гадоў беларускага эфіру без цэнзуры. Год 1968 .
- ↑ а б Максім ІЎКІН. Як аўтарская «Купалінка» стала народнай песняй?(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2014.
- ↑ З. Бядуля. Штрыхі аб беларускай культуры(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2014.
- ↑ Яўхім Кіпель. Гуртаванне беларускае моладзі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2014.
- ↑ а б Symbolika państwowa Białoruskiej Republiki Ludowej. — Białoruska…. — С. 277—278.
- ↑ Марыя Кіпель. Пасьля арышту мужа(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
- ↑ Аўтара гімна Беларусі нарадзіла докшыцкая зямля
- ↑ Багдановіч І.Э. Міхась Чарот // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т.. — Мн., 1999. — Т. 2. — С. 454-474.
- ↑ Продолжение списка белорусскоязычных публикаций 1918—1922 гг., хранящихся в Славянском фонде БАН .
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- НГАБ, ф. 136, в. 1, с. 41145;
- Памятная книжка Минской губернии.;
- Травень М. Уладзімір Тэраўскі — ахвяра бальшавізму // Бацькаўшчына. — № 30. — 1956.
- Гесь А., Ляхоўскі У. Калі песня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!»: Жыццё і творчы шлях Уладзіміра Тэраўскага // Мастацтва. — № 12. — 1966.
- Тэраўскі Уладзімір // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад. Ю. Гарбінскі. — Менск—Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. — ISBN 985-6318-65-3.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Рэдкал.: Пашкоў Г. П. [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6, кн І.. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8.
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967. Энцыклапедычны даведнік у 2-х тамах. Т. 2. — Мн., 2007.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Купала, Янка. Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала. — Т. 8. Артыкулы, нататкі, выступленні. Калектыўныя творы. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2002. — 462 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Уладзімір Васілевіч Тэраўскі ў Вікікрыніцах | |
Уладзімір Васілевіч Тэраўскі на Вікісховішчы |
- Артыкул Н. Стужынскай на сайце «Нашай Нівы» (падрабязнасці справы, па якой быў асуджаны У. В. Тэраўскі)
- Аўдыёзапіс «Купалінкі» ў выкананні У. Мулявіна
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |
- Нарадзіліся 23 лістапада
- Нарадзіліся ў 1871 годзе
- Нарадзіліся ў Леніне (Слуцкі раён)
- Памерлі 10 лістапада
- Памерлі ў 1938 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Асобы
- Кампазітары паводле алфавіта
- Кампазітары Беларусі
- Кампазітары СССР
- Кампазітары XX стагоддзя
- Дырыжоры паводле алфавіта
- Дырыжоры Беларусі
- Дырыжоры СССР
- Дырыжоры Расіі
- Дырыжоры XX стагоддзя
- Музыканты паводле алфавіта
- Фалькларысты Беларусі
- Хормайстары Беларусі
- Хормайстары Расіі
- Праваслаўныя святары Беларусі
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Расстраляныя ў СССР
- Рэабілітаваныя ў СССР