Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга (Навагрудак)
Касцёл | |
Касцёл Праабражэння Гасподняга | |
---|---|
Фарны касцёл | |
| |
53°36′05″ пн. ш. 25°49′49″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Навагрудак |
Канфесія | каталіцызм |
Епархія | Навагрудскі дэканат Гродзенскага дыяцэзіі |
Тып будынка | парафіяльны (фарны) касцёл |
Архітэктурны стыль |
готыка, сармацкае барока |
Заснавальнік | Вітаўт |
Дата заснавання | 1395 |
Будаўніцтва | 1719—1726 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 411Г000403 |
Стан | дзеючы |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Навагрудскі фарны (парафіяльны) касцёл Праабражэння Гасподняга — каталіцкі храм у Навагрудку, размешчаны з усходняга боку ля падэшвы Замкавай гары па вул. 1 Мая. Пабудаваны Вітаўтам у гатычным стылі ў канцы XIV стагоддзя, перабудаваны ў стылі сармацкага барока ў пачатку XVIII стагоддзя. Да нашых дзён захаваліся тры гатычныя бессістэмна скампанаваныя капліцы розных памераў і формаў (першая палова XVII стагоддзя) з нярвюрным скляпеннем і каляровымі вітражамі. Кантаваныя алтарныя часткі капліц арыентаваны ў розныя бакі і прысвечаны розным святым (храм першапачаткова закладваўся ў гонар Усіх Святых), што, магчыма, з’яўляецца рэмінісцэнцыяй паганства. У храме знаходзіцца шанаваны цудатворны абраз Маці Божай Навагрудскай у каталіцкай рэдакцыі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле падання, касцёл быў пабудаваны ў 1395 г. па фундацыі Вітаўта на месцы колішняга язычніцкага капішча. Першапачаткова касцёл быў асвячоны ў імя Усіх Святых[1].
У гатычным касцёле ў 1422 г. былі павянчаны польскі кароль Уладзіслаў Ягайла і Соф’я Гальшанская[1].
У 1643 г. па загаду новагародскага кашталяна Яна Рудаміны-Дусяцкага ў паўночную сцяну капліцы Божага Цела ўмуравана мемарыяльная пліта ў памяць аб браце і паплечніках, якія загінулі ў баі з туркамі пад Хацінам у 1621 г[1].
14 ліпеня 1714 года каад’ютарам віленскага біскупа Мацеем Анцутам быў асвечаны краевугольны камень новага мураванага касцёла. Будаўніцтва вялося ў 1719—1726 гг.[1]. Вядома, што святыню ўзводзілі мясцовыя будаўнікі-муляры: Якуб Бокша, Юрый Урлоўскі, Андрэй Шарэцкі, Юрый Стапкоўскі[2].
У 1723 годзе касцёл асвечаны пад тытулам Божага Цела. Уяўляў сабой аднанефавую базіліку з паўкруглай апсідай і дзвюма вежамі на галоўным фасадзе. У кампазіцыю касцёла былі ўключаны дзве гранёныя капліцы ранейшага гатычнага касцёла XIV—XV стст[1]. У 1776 г. біскуп Жулкоўскі асвячае касцёл у гонар Праабражэння Гасподняга.
У гэтым храме 12 лютага 1799 г. быў ахрышчаны сын Барбары і Мікалая Міцкевічаў, які атрымаў імя Адам. З гэтай нагоды ў 1920-я гг. на сцяне касцёла, злева ад уваходу, усталявана невялікая мармуровая дошка.
У 1857 годзе храм быў зачынены царскімі ўладамі[2]. Паводле інвентара 1867 г., быў крыты гонтай. У касцёле налічваліся галоўны алтар, два бакавыя і два ў капліцах. Падлога была цагляная, пад ёй два вялікія скляпы. Усіх акон налічвалася сем і па два ў капліцах. З левага боку ад прастола была рызніца на адно акно[1].
Храм вернуты каталікам у 1906 годзе. Аднаўленне зруйнаванай святыні пачалося толькі ў 1921 г. У 1922 г. біскуп Зыгмунт Лазінскі на Дзень Усіх Святых нанава асвяціў касцёл[2]. Парафія афіцыйна адрадзілася ў 1929 годзе, а святыня была аддадзена пад апеку сясцёр назарэтанак.
У 1920-я гады на сцяне старадаўняга гатычнага касцёла, уключанага ў сучасны храм у выглядзе капліцы, умуравалі табліцу на памяць аб вянчанні ў 1422 г. караля і вялікага князя Ягайлы з князёўнай Соф’яй Гальшанскай.
W TEJ ŚWIĄTYNI 1422 ROKU |
1 жніўня 1943 года гестапаўцамі былі пакараны смерцю 11 сясцёр-назарэтанак (навагрудскіх пакутніц), чыя магіла праіснавала побач з касцёлам да 1991 года. Зараз мошчы прылічаных Святым Прастолам у 2000 годзе да бласлаўлёных сясцёр пахаваны ў храме, а на месцы іх пахавання побач з храмам устаноўлена стэла.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Храм аднанефавы, з дзвюхвежавым галоўным фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, да якой з паўночнага боку прылягае сакрысція. У кампазіцыю будынку ўключаны две старажытныя гранёныя капліцы ранейшага касцёла. Каб зрабіць іх непрыкметнымі з боку ўваходу, сцяна галоўнага фасада і вежы ссунутыя адносна падоўжанай восі будынку, што надае яму замаскіраваную асіметрычную кампазіцыю. Сцены па перыметры завершаныя адзінай цягай карніза, якая падзяляе галоўны фасад на высокую ніжнюю частку і трохвугольны атыкавы франтон паміж чацверыковымі вежамі, накрытымі пакатымі шатрамі. Аконныя праёмы і нішы маюць паўцыркульныя арачныя завяршэнні.
Інтэр’ер перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Над уваходам размешчаныя фігурныя ў плане хоры. У капліцах захаваліся гатычныя зорчатыя нервюрныя скляпенні, вітражы. У капліцы Божага Цела ў паўночнай сцяне ўмураваная мемарыяльная пліта (чорны мармур, пясчанік, 275х150 см), заказаная ў 1643 г. кашталянам Янам Рудамінам у памяць аб браце і суседзях, якія загінулі ў баі з туркамі пад Хоцінам у 1621 г.
У 1780-я гады Францішак Смуглевіч намаляваў для галоўнага алтара касцёла патранальны абраз Перамянення Пана, сёння на гэтым месцы знаходзіцца абраз мастака Болтуця, намаляваны ў 1939 годзе як копія знакамітай ватыканскай стацыі Рафаэля. Левы бакавы алтар прысвечаны св. Юзафу, а правы — св. Тэрэзы.
Побач з касцёлам знаходзіцца памятны камень у гонар адзінаццаці сясцёр назарэтанак, забітых гітлераўцамі 1 жніўня 1943 года. Саркафаг з астанкамі бласлаўлёных сясцёр знаходзіцца ў бакавой капліцы касцёла.
Пад касцёлам знаходзяцца тры крыпты: адна пад прэзбітэрыем з уваходам з апсіднага фасада і дзве пад абедзвюма капліцамі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ а б в Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга (Навагрудак) на сайце Radzima.org
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Варавва А. Г. Новогрудский район. Край замков, рыцарей и поэтов / ред. Н. А. Плыткевич. — Мн.: РИФТУР, 2008. — С. 8. — 40 с. — (Жемчужины Беларуси). — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6700-73-9.
- Габрусь Т. В. Духоўныя абаронцы айчыны. — Наша вера. — 2001. — С. 3 (17).
- Габрусь Т. В. Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. — Мн.: Беларусь, 2007. — С. 28. — 167 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-01-0714-5.
- Навагру́дскі фа́рны касцёл // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 510—511. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга (Навагрудак)
- Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга (Навагрудак) на сайце Radzima.org
- Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга (Навагрудак) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- slowo.grodnensis.by
- Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга (Навагрудак) на сайце «Архіварта»