Косава (горад)
Горад
Косава
| ||||||||||||||||||||||||||
Ко́сава[3] (афіц. транс.: Kosava) — горад раённага падпарадкавання ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі, на рацэ Грыўда.. Знаходзіцца за 15 км ад Івацэвічаў, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Косава-Палескае (лінія Брэст — Баранавічы). Аўтамабільныя дарогі на Ружаны, Івацэвічы, Няхачава. Насельніцтва 1 844 чал. (2017)[4].
Паходжанне назвы
[правіць | правіць зыходнік]Тапонім «Косаў», імаверна, мае сувязь з асновай «касы́» і вытворным прозвішчам Косаў. Таксама магчыма, што пачатковае «к» мае пратэтычнае паходжанне[5]. Паводле народнага падання, у XIII ст. у часе набегаў татараў каваль Каса рабіў зброю; мясцовыя жыхары абараняліся ад ворагаў, калі ішлі да каваля, казалі, што ідуць да Касога; месца, дзе ён жыў, паступова пачалі зваць Косавым. Паводле іншай версіі, вакол Косава было шмат сенажацяў, якія ўвосень гучна скошвалі і ад гэтага моцнага шуму пайшла назва.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паселішча на месцы Косава ўзнікла ў X—XI ст., захавалася гарадзішча X—XII ст., даследаванае Юрыем Кухарэнкам, Пётром Лысенкам, Леанідам Побалем і Паўлам Рапапортам.
Упершыню згадваецца ў прывілеі 1494 года вялікага князя Аляксандра на наданне паселішча свайму маршалку Івану Літавору Храптовічу[6].
У 1510 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў прывілей на правядзенне ў мястэчку таргоў і кірмашоў. У гэты час Косаў стаў цэнтрам павета, аднак згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформай (1565—1566) увайшоў у склад Слонімскага павета Новагародскага ваяводства. З 1517 года да пачатку XIX ст. належала Осцікам, Сангушкам, Мялешкам, Сапегам, Флемінгам, Чартарыйскім. З 11 мая 1569 года мястэчка перайшло да Льва Сангушкі-Кашырскага. Станам на 1597 год—79 двароў, 2 вуліцы, 27 корчмаў, шынок, царква, касцёл (з 1526).
З 1611 года Косавам валодалі Сапегі. У 1626 паводле фундацыі Льва Сапегі тут збудавалі новы касцёл. У другой пал. 18 ст. мястэчка перайшло да Пуслоўскіх, якія збудавалі ў ім суконную фабрыку, цагельню, гуту і бровар.
У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Косаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскім павеце Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губерні. У 1825—1855 у мястэчку працавала суконная мануфактура. У 1838 годзе за 1,5 км ад Косава ва ўрочышчы Мерачоўшчына граф Вандалін Пуслоўскі збудаваў тут палац і дэндралагічны парк. Станам на 1845 у Косаве існавала фабрыка дываноў і іншыя прадпрыемствы, на якіх налічвалася каля 200 рабочых. У 1850-я працавала вінакурнае прадпрыемства. У 1861 мястэчка зрабілася цэнтрам воласці. У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) пад Косавым адбыўся бой паміж паўстанцамі і расійскімі карнымі войскамі. У 1865 адкрылася народнае вучылішча. У 1867 пачаў працаваць млын (у 1881 абсталяваны паравым рухавіком). У 1868 у мястэчку збудавалі мураваную царкву Святога Антонія, у 1878 — Траецкі касцёл. Паводле вынікаў перапісу 1897 года — 431 будынкі, 2 царквы, касцёл, капліца, народнае вучылішча, суконныя фабрыкі, гарбарня, пошта, 58 крамаў, рэгулярна праводзілася па 8 кірмашоў. 15—16 кастрычніка 1900 у Косаве адбыліся хваляванні навабранцаў (каля 900 чал.) у часе перастрэлкі з паліцыяй некалькі чалавек застрэленыя.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 мястэчка занялі нямецкія войскі; да восені 1918 непадалёк стаяў фронт. Ад чыгуначнай станцыі Косаў-Палескі немцы правялі вузкакалейныя чыгункі ў лясныя масівы Гуліна і Міхаліна Ружанскай пушчы. Разрабаваны палац, загінулі сад і аранжарэя[7].
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Косаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе атрымаў статус горад і стаў цэнтрам павета. За польскім часам тут меўся міравы суд, паліцэйская камендатура. З 1922 дзейнічаў шпіталь на 930 ложкаў, у 1923 адкрыўся лесапільны завод «Тартак». 3 лютага 1927 у Косаве адбылася дэманстрацыя рабочых, арганізаваная падпольным райкамам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі; паліцыя расстраляла дэманстрацыю, гэты дзень увайшоў у беларускую гісторыю пад назвай Косаўскага расстрэла. У 1930-я ў месце дзейнічала электрастанцыя магутнасцю 100 кВт.
У 1939 Косаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 стаў цэнтрам раёна. У Вялікую Айчынную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 горада знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1942 у Косаве існавала гета; у часе аперацыі партызанаў усе іўдзеі былі вызвалены і схаваліся ў лясы, але ў выніку нямецкай агітацыі, якая абяцала ім спакойнае жыццё ў гета, частка іўдзеяў вярнуліся з лясоў, адразу ж усіх іх расстралялі. У Косаве і раёне акупанты знішчылі 3112 чалавек, дзейнічала раённая антыфашысцкая арганізацыя.
З 20 верасня 1947 года ў складзе Івацэвіцкага раёна
-
Палац Сапегаў
-
Сядзіба Касцюшкаў
-
Вуліца імя Т. Касцюшкі
-
Касцёл
-
Палац, брама
-
Палац, фрагмент
-
Палац, Белая зала
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1830 год — 578 муж., з іх шляхты 7, духоўнага саслоўя 2, мяшчан-іўдзеяў 408, мяшчан-хрысціян і сялян 150, жабракоў 2[8]; 1833 год — 741 чал.; 1860 год — 538 чал.; 1867 год — 1276 чал.; 1878 год — 2030 чал., у тым ліку 1279 іўдзеяў.[9]; 1897 год — 4143 чал.
- XX стагоддзе: 1905 год — 5067 чал.; 1921 год — 2433 чал.; 1938 год — 3708 чал.; 1959 год — 2,6 тыс. чал.[10]; 1991 год — 2,8 тыс. чал.[11]; 1995 год — 2,8 тыс. чал.[10]; 1997 год — 2675 чал.[12]
- XXI стагоддзе: 2002 год — 2,5 тыс. чал.; 2006 год — 2,4 тыс. чал.; 2008 год — 2,3 тыс. чал.; 2009 год — 2029 чал. (перапіс)[13]; 2010 год — 2 тыс. чал.[14]; 2015 год — 1905 чал.[15]; 2016 год — 1850 чал.[16]; 2017 год — 1844 чал.[4]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва.
- ААТ «Косаўскае мэблевае вытворчае аб’яднанне»
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]У Косаве працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова.
Медыцына
[правіць | правіць зыходнік]Медыцынскія паслугі надае бальніца.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэка.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Шэраговая забудова (канец XIX—1-я палова XX ст.)
- Косаўскі палацава-паркавы ансамбль (XIX стагоддзе) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 111Г000305
- Музей-сядзіба Т. Касцюшкі (XVIII стагоддзе), урочышча Мерачоўшчына — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 111Г000305
- Помнік Тадэвушу Касцюшку (2018)
- Капліца на каталіцкіх могілках (1859) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000306
- Свята-Антоніеўская царква (1868), вул. Вясёлая, 2 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000307
- Свята-Георгіеўская царква на могілках (ХІХ стагоддзе), вул. Т. Касцюшкі, 3 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000308
- Троіцкі касцёл (1878), вул. Леніна, 39 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000309
- Прыдарожная каплічка, паміж касцёлам і могілкамі
- Магіла ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гг. (1863; надмагілле пастаўлена ў 1928), на
тэрыторыі рымска-каталіцкіх могілак на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр
- Магілы салдатаў Першай сусветныя вайны
- Брацкая магіла (1942—1944), вул. 3 Лютага, у скверы — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Д000310
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Сядзіба Сапегаў (18—19 стагоддзі)
-
Свята-Антоніеўская царква
-
Мерачоўшчына
-
Косаўскі палац
-
Троіцкі касцёл
-
Капліца
-
Магіла паўстанцаў
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Тадэвуш Касцюшка (1746—1817) — ваенны і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік паўстання 1794 года.
- Аўрам Ешаяў Карэліц (Хазон Іш) (1878—1953) — адзін з вядомейшых рабінаў XX ст.
- Мікалай Трында — кіраўнік Косаўскага раённага антыфашысцкага камітэта ў Другую сусветную вайну.
- Веньямін Ізраілевіч Харашчанскі (руск.: Вениамин Израилевич Хорощанский; нар. 1905) — савецкі арганізатар прамысловай вытворчасці. Дырэктар Орскага завода будаўнічых машын.
- Ізідар Ясіноўскі (1842—1917, Варшава) — польскі юрыст.
- Андрэй Уладзіміравіч Піліпук (нар. 1980) — беларускі вучоны ў галiне эканомікі аграпрамысловага комплексу.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ к // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 178.
- ↑ Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область, под ред. Марцелова С. В. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1990. С. 208.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
- ↑ Kossów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno (польск.). — Warszawa, 1883. S. 473.
- ↑ а б Беларусь 1995.
- ↑ Коссово // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Косава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 241.
- ↑ Перепись населения — 2009. Брестская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Дзяржкартгеацэнтр
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — 528 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0373-X.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Косава, Косаў // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 398. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Kossów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno (польск.). — Warszawa, 1883. S. 473.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Косава
- Геаграфічныя звесткі па тэме Косава на OpenStreetMap
- Косава (горад) на сайце Глобус Беларусі (руск.)