Марка Ройс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Футбол
Марка Ройс
Агульная інфармацыя
Нарадзіўся 31 мая 1989(1989-05-31)[1][2] (34 гады)
Грамадзянства Сцяг Германіі Германія
Рост 180 см
Вага 72 кг
Пазіцыя атакуючы паўабаронца, інсайд
Інфармацыя пра клуб
Клуб Сцяг Германіі Барусія (Дортмунд)
Нумар 11
Маладзёжныя клубы
1995—2003 Сцяг Германіі Пост Дортмунд
2003—2006 Сцяг Германіі Барусія (Дортмунд)
Клубная кар’ера[* 1]
2006—2009 Сцяг Германіі Рот-Вайс (Ален) 44 (5)
2006—2008   Сцяг Германіі Рот-Вайс-2 (Ален) 6 (3)
2009—2012 Сцяг Германіі Барусія (Мёнхенгладбах) 99 (37)
2012— Сцяг Германіі Барусія (Дортмунд) 136 (63)
Нацыянальная зборная[* 2]
2009 Сцяг Германіі Германія (да 21) 2 (0)
2011— Сцяг Германіі Германія 29 (9)
Узнагароды і медалі
Чэмпіянаты Еўропы
Бронза Польшча/Украіна 2012
  1. Колькасць гульняў і галоў за прафесійны клуб лічыцца толькі для розных ліг нацыянальных чэмпіянатаў, адкарэктавана станам на 1 чэрвеня 2018.
  2. Колькасць гульняў і галоў за нацыянальную зборную ў афіцыйных матчах, адкарэктавана станам на 1 чэрвеня 2018
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марка Ройс (ням.: Marco Reus, вымаўляецца [ˈmaɐ̯koː ˈʁɔʏ̯s]); нар. 31 мая 1989, Дортмунд, Германія) — нямецкі футбаліст, паўабаронца клуба «Барусія» з Дортмунда і нацыянальнай зборнай Германіі.

Дзяцінства і адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Марка вырас у звычайным раёне Дортмунда ў сціплых умовах з дзвюма старэйшымі сёстрамі. Яго бацька быў слесарам, а маці офісным клеркам[4]. Паводле інфармацыі, Марка пачаў гуляць у футбол ва ўзросце чатырох гадоў[5]. Спачатку ён навучаўся як рознічны прадавец, але пасля абраў будучыню сваёй кар’еры на карысць прафесійнага футбаліста[6]. Кумірам Марка Ройса з’яўляўся чэшскі футбаліст Томаш Росіцкі, які на той момант быў адным з лепшых ігракоў дортмундскай «Барусіі»[7].

Кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

«Ройт-Вайс»[правіць | правіць зыходнік]

Марка нарадзіўся ў Дортмундзе і таму пачынаў гуляць у клубах свайго горада. Марка Ройс пачаў гуляць у футбол ва ўзросце пяці гадоў у мясцовым клубе «Пост Дортмунд». Ігракі былі на два гады старэйшымі. Тым не менш, ён забіў 36 галоў у адным сезоне. Да 6 гадоў займаўся ў клубе «Пост Дортмунд»[8], затым перайшоў у галоўную каманду гораду — «Барусію». Па дасягненні 17 гадоў перайшоў у «Ройт-Вайс» з Алена, каб атрымліваць гульнявую практыку[9]. Дзякуючы таму, што «Рот-Вайс» таксама быў зацікаўлены ў гульцу, Марка змог заваяваць месца ў асноўным складзе. Правёўшы шэсць матчаў за другую каманду і забіваючы ў кожным другім з іх, атрымаў добрыя водгукі аб сваёй гульні і быў узяты ў асноўную каманду на сталай аснове. 29 верасня 2007 года дэбютаваў за каманду ў Рэгіяналлізе ў хатнім матчы 12-га тура супраць аднаклубнікаў з Обергаўзена. Матч скончыўся паражэннем з лікам 1:3, Марка ж на 66-й хвіліне замяніў Гровера Гібсана[10]. Усяго ў свой першы сезон за «Рот-Вайс» згуляў 16 матчаў і забіў 1 мяч, чым дапамог камандзе выйсці ў Другую Бундэслігу.

«Барусія» Мёнхенгладбах[правіць | правіць зыходнік]

Марка ў форме «Барусіі» Мёнхенгладбах

25 мая 2009 года падпісаў чатырохгадовы кантракт з мёнхенгладбахскай «Барусіяй»[11][12]. 9 жніўня 2009 года дэбютаваў у Бундэслізе ў гасцявым матчы першага тура супраць «Бохума», які скончыўся ўнічыю 3:3. На 70-й хвіліне матчу Марка выйшаў на поле, замяніўшы Карыма Матмура[13]. 28 жніўня 2009 года Ройс забіў свой першы гол у чэмпіянаце ў матчы супраць «Майнца 05» пасля 50-мятровага сольнага праходу[14]. З таго часу Марка стаў стала забіваць за каманду Люсьена Фаўрэ. Усяго ў першым сваім сезоне ў Бундэслізе згуляў 33 матчы і забіў 8 мячоў. Сезон 2011/12 Ройс распачаў фенаменальна, дэманструючы эфектную гульню ў кожным матчы, а сама «Барусія» Мёнхенгладбах, пасля цудоўнага выратавання ў сезоне 2010/11, трывала асела на вяршыні турнірнай табліцы. Важнай прычынай поспеху «Барусіі» стаў дуэт паўабаронцаў Ройс і Герман. Выдатная гульня Ройса прыцягнула ўвагу да яго з боку гэткіх сусветных грандаў футболу, як «Баварыя», «Чэлсі», «Манчэстэр Сіці», мадрыдскі «Рэал», «Ювентус» і іншыя, але Ройс абраў клуб са свайго роднага горада дортмундскую «Барусію». Паводле дамоўленасці другую палову сезону 2011/12 Ройс дагульваў у Гладбахе, чым заслужыў да сябе вялікую павагу фанатаў мёнхенгладбахцаў, якой патрэбна было дапамагчы выйсці ў Лігу чэмпіёнаў. Пасля гэтага, 20 студзеня 2012 года «Барусія» прымала мюнхенскую «Баварыю», якой Ройс адмовіў у міжсезонні. «Барусія» перамагла з лікам 3:1, важкі ўнёсак у перамогу зрабіў Ройс: ён адкрыў лік цудоўным па дакладнасці ўдарам пасля памылкі Ноера і зрабіў выдатную перадачу на Германа ў трэцім голе. 15 красавіка 2012 года ў прынцыповым для «Барусіі» хатнім матчы супраць «Кёльна» Ройс усталяваў канчатковы лік 3:0, абыграўшы ўсю абарону супраціўніка.

«Барусія» Дортмунд[правіць | правіць зыходнік]

4 студзеня 2012 года падпісаў пяцігадовы кантракт з дортмундскай «Барусіяй», але пачаў выступаць за яе толькі з наступнага сезона[15]. За Ройса чэмпіёны Германіі 2011 года заплацілі 17,1 мільёнаў еўра сваім аднаклубнікам з Мёнхенгладбаха[16], кантракт Марка падпісаў да чэрвеня 2017 года[17]. 24 жніўня 2012 года Ройс дэбютаваў за «Барусію» ў матчы супраць «Вердэра» і ў гэтай жа сустрэчы Ройс забіў свой першы гол за новы клуб. 29 верасня дортмундцы сустракаліся з былым клубам Ройса «Барусіяй» Мёнхенгладбах і перамаглі 5:0, прычым Ройс зрабіў дубль. У Лізе чэмпіёнаў «Барусія» трапіла ў складаную групу з «Рэалам», «Аяксам» і «Манчэстэр Сіці», але Ройс забіў кожнаму з іх, а «Барусія» выйшла з гэтай групы з першага месца. Гэтак, 3 кастрычніка 2012 года Ройс дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў матчам супраць «Манчэстэр Сіці» і адкрыў лік у гэтай сустрычы. Потым, 6 лістапада 2012 года ў матчы супраць «Рэала» на Сант’яга Бернабеу Ройс шыкоўным ударам адкрыў лік у матчы. А 21 лістапада 2012 года на Амстэрдам Арэне Ройс забіў першым мяч сваёй каманды і дапамог «Барусіі» перамагчы «Аякс» з лікам 1:4 і гарантаваць сабе месца ў плэй-оф.

Марка ў форме «Барусіі» Дортмунд

16 лютага 2013 года Ройс робіць хет-трык у матчы супраць «Айнтрахта» з Франкфурта. 9 красавіка 2013 года «Барусія» ў адказным матчы чвэрцьфіналу Лігі чэмпіёнаў сустракалася з «Малагай». Пасля гасцявой нічыі 0:0 «Барусію» задавальняла толькі перамога, але ўжо на 25 хвіліне «Барусія» прапускае, што зусім не ўваходзіла ў планы дортмундцаў. На 40 хвіліне Гётцэ з правага флангу пасуе Ройсу, які вытанчаным і эфектным пасам пяткай выводзіць Левандоўскага сам-насам з брамнікам «Малагі». Левандоўскі робіць лік роўным. Потым «Барусія» мела мноства момантаў, каб забіць, але замест гэтага на 82 хвіліне прапусціла з відавочнага становішча па-за гульнёй. І толькі на 91 дадазенай хвіліне Марка Ройс робіць лік роўным, а на 92 хвіліне, за дзве хвіліны да канца, Сантана з перадачы Ройса выводзіць «Барусію» ў паўфінал Лігі чэмпіёнаў. Гэты матч стаў адным з самых драматычных у гісторыі Лігі чэмпіёнаў, а Ройс стаў адным з герояў матчу. У хатнім паядынку паўфінала Лігі чэмпіёнаў «Барусія» разграміла «Рэал» з лікам 4:1, дзякуючы покеру Левандоўскага. Ужо ў самым пачатку сустрэчы Ройс, абыграўшы ўсю каманду, ледзь не забіў, а на 65 хвіліне зарабіў пенальці, які рэалізаваў Левандоўскі. 11 мая 2013 года ў матчы супраць «Вольфсбурга» Ройс на апошніх хвілінах забіў два мячы і прынёс «Барусіі» нічыю.

У фінале Лігі чэмпіёнаў УЕФА Ройс вызначыўся актыўнай гульнёй, зарабіў пенальці, які рэалізваў Гюндаган, але «Барусія» прайграла «Баварыі» Мюнхен з лікам 2:1. Пасля матчу Ройс сказаў:

«Я спустошаны. Адчайна біліся за кубак, таму цяжка прыняць такую паражэнне, з голам на апошняй хвіліне. Зрэшты, жаліцца таксама не варта. Чарговы цуд нам сёння быў не патрэбен. Думаю, усе бачылі, што „Баварыя“ не была камандай, якую нельга перамагчы. У першым тайме яны паставілася да нас з вялікай павагай, і мы яе сапраўды заслугоўвалі. Але на гэтым усё і скончылася. Мы не выйгралі кубак, а астатняе — усё роўна»[18].

Перад сезонам 2013/14 у стан галоўнага канкурэнта «Баварыі» Мюнхен перайшоў Марыа Гётцэ, у той час як Ройс, якога чуткі таксама звязвалі з «Баварыяй» і «Барселонай», застаўся.

27 ліпеня 2013 года футбольны сезон у Германіі пачаўся з матча на Суперкубак Германіі, у якім сустрэліся дортмундская «Барусія» і «Баварыя». «Барусія» ў гэтым матчы даволі ўпэўнена перамагла з лікам 4:2, пры гэтым апошні раз тры мячы «Баварыя» прапускала ад беларускага БАТЭ ўвосень 2012[19]. Ройс бліскуча правёў гульню, забіў першы і апошні мяч дортмундцаў, а таксама паўдзельнічаў у астатніх галявых атаках.

Першую палову сезону «Барусія», нягледзячы на добры старт, праваліла, «Баварыя» сышла ў глыбокі адрыў. У самога ж Ройса ў першай палове сезону гульня час ад часу проста не ішла, мноства момантаў Марка не рэалізоўваў, але пры гэтым Марка канчаткова замацаваўся, як лідар каманды. Узімку 2014 года зноў з’явіліся чуткі аб жаданні трансферу Ройса з боку «Барселоны» і «Манчэстэр Юнайтэд», на што Ройс сказаў:

«У мяне дзейсны кантракт з „Барусіяй“. Мяне ўсё задавальняе тут. Я не думаю пра магчымы сыход. Усё, што не датычыцца „Барусіі“, у дадзены момант мяне не хвалюе. Сумленна прызнаюся, я чытаў трохі пра цікавасць МЮ і „Барселоны“. Для мяне гэта гонар, але падобная інфармацыя з’яўляецца рэгулярна»[20].

У той жа час стала вядома, што Роберт Левандоўскі па сканчэнні сезону пяройдзе ў «Баварыю», Марка пракаментаваў гэту падзею так:

«Сыход ігракоў, асабліва такіх важных, не можа быць добрай навінай, але гэта футбол. У кожнага з іх толькі адна кар’ера, і яны прынялі такое рашэнне. Жыццё працягваецца, і мы, спадзяюся, знойдзем новых футбалістаў. Дагнаць „Баварыю“ ў чэмпіянаце будзе неверагодна складана, але мы паспрабуем дамагчыся хоць чаго-небудзь у гэтым годзе. Гэта складана, але няма нічога немагчымага»[21].

У Лізе Чэмпіёнаў справы «Барусіі» не складваліся. Жэрабя вызначыў для «Барусіі» такіх моцных супраціўнікаў, як «Арсенал», «Напалі» і «Марсель». Нечаканая траўма Ілкая Гюндагана стала сур’ёзным фактарам правальнага пачатку, «Барусія» атрымала паражэнне ад «Напалі», але ў гасцях здолела ўпэўнена перамагчы моцны на той момант «Арсенал». Вырашальны матч адбываўся з «Алімпікам» з Марселя, перамога выводзіла дортмундцаў на першае месца, іншы вынік — выбіваў каманду з турніра. Толькі на апошніх хвілінах Кевін Гроскройц вырваў у «Марселя» перамогу і заадно першае месца ў групе.

У 1/8 Лігі Чэмпіёнаў «Барусіі» мела быць сустрэцца з «Зенітам». Першы матч, які адбыўся ў Санкт-Пецярбургу, фактычна прадвызначыў пераможцу, «Барусія» ўпэўнена перамагла 2:4, пры гэтым першыя два галы «Барусія» забіла на 4 і 5 хвіліне матчу. Спачатку Ройс уцёк ад Дамініка Крышыта, які нават няўдала спрабаваў зваліць яго рукой, затым «прыбраў» Нету і не ўтрымаўся на нагах, але мяч адскочыў да Мхітарана. Аднаго дотыку паўабаронцы апынулася досыць, каб мяч апынуўся ў сетцы. Следам ужо сам хаўбек зборнай Арменіі прадраўся па тым жа самым фланзе, пасля чаго пераадрасаваў мяч у цэнтр, Кевін Гроскройц зрабіў скідку на Ройса, які таксама прабіў у дотык у блізкі вугал — брамнік «Зеніта» Юрый Ладыгін нават не паспеў зрэгаваць. Пасля сустрэчы Марка Ройс, які стаў лепшым іграком матча, адзначыў:

«Мы вельмі добра пачалі. Наша тактыка выдатна працавала, і за кошт гэтага хутка павялі — 2:0. Вельмі задаволены нашымі дзеяннямі ў першым тайме. Пасля перапынку зменшылі звароты, і гэта павінна стаць для нас урокам перад зваротнай сустрэчай. Для нас вельмі важна было пачаць матч удала. Мы заслужылі перавагу ў два мяча, але выніковыя 4:2 таксама заканамерныя. Цалкам усё роўна, што менавіта робіць асобна ўзяты чалавек. Перамагае каманда, што мы сёння і прадэманстравалі. Нам трэба працягваць рухацца крок за крокам, сёння мы зрабілі толькі першы на шляху ў наступны раўнд. Варта захоўваць асцярожнасць, бо сённяшні матч — выдатны прыклад таго, што і госці могуць шмат забіваць. Шматлікае ў зыходзе супрацьстаяння зразумела — павінна здарыцца штосьці неверагоднае, каб мы не прайшлі далей. Тым не менш, нельга губляць пільнасць. Сваёй гульнёй я задаволены, але важней тое, што каманда перамагла.»[22].

Наступным супраціўнікам стаў ужо знаёмы «Рэал» Мадрыд. У першым матчы, у гасцях, «Барусія», нічым не саступаючы ў гульне, прайграла 3:0, пры гэтым Барусія мела не менш галявых момантаў, чым «Рэал». У хатнім матчы «Барусія» ледзь не сатварыла цуда, на 24 хвіліне, пасля шэрагу нападаў дортмундцаў, нарэшце гол забівае Ройс. На 37 хвіліне Марка Ройс і Роберт Левандоўскі ўдвох ірванулі наперад, паляк атрымаў мяч ад свайго партнёра і ўвайшоў з ім штрафную пляцоўку. Пасля яго ўдару ў дальні вугал «Рэал» выратавала беля, але на падхваце выдатна згуляў Ройс, які ўбіў мяч у сетку, аформіўшы дубль. У далейшым «Барусія» мела шмат момантаў, але забіць трэці гол так і не здолела.

У Чэмпіянаце Германіі Барусія заняла другое месца, пры гэтым Марка Ройс з 16 мячамі стаў адным з лепшым бамбардзіраў Бундэслігі пасля аднаклубніка Роберта Левандоўскага, Манджукіча і Дрміча, у сярэднім у Бундэслізе Ройс забіў 0.53 гола за гульню. Па выніках сезону Марка Ройс увайшоў у сімвалічную зборную Бундэслігі. У фінале Кубка Германіі «Барусія» ва ўпартай барацьбе, у дадатковы час, саступіла галоўнаму канкурэнту «Баварыі» Мюнхен з лікам 2:0.

Нягледзячы на сталыя чуткі пра цікавасць «Манчэстэр Юнайтэд» і «Барселоны» да Ройса, Марка заявіў, што сезон 2014/2015 дакладна правядзе ў Дортмундзе:

«Магу дакладна сказаць, што наступны сезон правяду ў „Барусіі“. Кажу пра гэта, каб не паўтараць пра тое, наколькі мне добра ў Дортмундзе. Пасля 10 гадоў, праведзеных тут у юнацкіх камандах, мне прыйшлося зрабіць крок назад праз Ален і Мёнхенгладбах, каб потым зрабіць два крокі наперад. Зараз я зноў у Дортмундзе, дзе мяне ўсё задавольвае, а тэрмін кантракту мінае ў 2017 годзе.»[23].

Перад пачаткам сезону 2014—2015 Марка Ройс быў абраны новым віцэ-капітанам «Барусіі»[24].

Міжнародная кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

Марка Ройс на Чэмпіянаце Еўропы ў матчы з Грэцыяй

7 кастрычніка 2011 года Марка Ройс дэбютаваў за зборную Германіі матчам супраць зборнай Турцыі. Першы гол за нацыянальную зборную забіў 26 мая 2012 года ў таварыскім матчы супраць зборнай Швейцарыі. Потым паехаў на Еўра-2012, дзе 22 чэрвеня 2012 года ў матчы супраць зборнай Грэцыі выйшаў у стартавым складзе і забіў шыкоўны гол. На адборачных матчах да ЧС-2014 Марка зарэкамендаваў сябе асноўным іграком каманды Ёахіма Лёва, забіўшы 5 галоў у 5 сустрэчах і з’яўляючыся трэцім у спісе бамбардзіраў турніра і першым у зборнай Германіі.

Перад чэмпіянатам свету 2014 разглядаўся, як адзін з лідараў зборнай Германіі, прадказуема быў уключаны ў заяўку зборнай Германіі на ЧС-2014[25], да таго Марка набраў перад чэмпіянатам выдатную форму, але ў апошнім таварыскім матчу са зборнай зборнай Арменіі атрымаў агідную траўму, першапачатковыя спадзяванні на тое, што траўма несур’ёзная, не пацвердзіліся, у Марка быў дыягнаставаны частковы разрыў звязкаў ладыжкі, ў выніку чаго ён быў вымушаны прапусціць прыкладна два месяцы[26]. Замест Ройс у зборную аператыўна быў выкліканы Шкодран Мустафі[27]. Пасля траўмы Ройс сказаў:

«Я сапраўды не ведаю, як выказаць словамі тое, што я цяпер адчуваю. Мая мара разбілася ў адну секунду.

Зараз мне трэба глядзець у будучыню і настройвацца на курс рэабілітацыі. Я павінен рухацца далей і быць прафесыяналам. Вярнуся на поле нават мацней, чым быў дагэтуль.

Мае самыя шчырыя і добрыя пажаданні камандзе і хлопцам. Жадаю, каб яны дамагліся нашых мэт і без мяне.»[28].

Пасля таго, як зборнай Германіі стала чэмпіёнам свету, аўтар пераможнага гола ў фінале Марыа Гётцэ вынес на поле «Мараканы», дзе праходзіў фінальны матч, футболку з прозвішчам Марка Ройса.

Статыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Клубная[правіць | правіць зыходнік]

Па стане на 19 жніўня 2014[29]

Клуб Сезон Ліга Кубак[nb 1] Кантынентальныя[nb 2] Увогуле
Матчы Галы Матчы Галы Матчы Галы Матчы Галы
Ройт-Вайс Ален 2007-08 17 1 0 0 - 17 1
2008-09 27 4 1 0 - 28 4
Увогуле 44 5 1 0 - 45 5
Барусія Мёнхенгладбах 2009-10 33 8 2 0 - 35 8
2010-11 34 11 3 1 - 37 12
2011-12 32 18 5 3 - 37 21
Увогуле 99 37 10 4 - 109 41
Барусія Дортмунд 2012-13 32 14 3 1 12 4 47 19
2013-14 30 16 4 2 9 5 43 23
Увогуле 62 30 7 3 21 9 90 42
Кар’ера ўвогуле 205 72 18 7 21 9 244 88
  1. Улічваючы DFB-Pokal і DFL-Supercup
  2. Улічваючы Лігу чэмпіёнаў УЕФА і Лігу Еўропы УЕФА

Міжнародная[правіць | правіць зыходнік]

Па стане на 19 жніўня 2014

Нацыянальная зборная Германіі
Год Матчы Галы
2011 3 0
2012 10 5
2013 6 2
2014 2 0
Увогуле 21 7

Матчы і галы за зборную[правіць | правіць зыходнік]

Дата Супраціўнік Лік Галы Ройса Спаборніцтва
1 7 кастрычніка 2011 Сцяг Турцыі Турцыя 3:1 - Адборачныя матчы ЧЕ-2012
2 11 кастрычніка 2011 Сцяг Бельгіі Бельгія 3:1 - Адборачныя матчы ЧЕ-2012
3 15 лістапада 2011 Сцяг Нідэрландаў Нідэрланды 3:0 - Таварыскі матч
4 29 лютага 2012 Сцяг Францыі Францыя 2:1 - Таварыскі матч
5 26 мая 2012 Сцяг Швейцарыі Швейцарыя 3:5 1 Таварыскі матч
6 31 мая 2012 Сцяг Ізраіля Ізраіль 2:0 - Таварыскі матч
7 22 чэрвеня 2012 Сцяг Грэцыі Грэцыя 4:2 1 Фінальныя матчы ЧЕ-2012
8 28 чэрвеня 2012 Сцяг Італіі Італія 1:2 - Фінальныя матчы ЧЕ-2012
9 15 жніўня 2012 Сцяг Аргенціны Аргенціна 1:3 - Таварыскі матч
10 7 верасня 2012 Сцяг Фарэрскіх астравоў Фарэрскія астравы 3:0 - Адборачныя матчы ЧС-2014
11 11 верасня 2012 Сцяг Аўстрыі Аўстрыя 2:1 1 Адборачныя матчы ЧС-2014
12 12 кастрычніка 2012 Сцяг Ірландыі Ірландыя 6:1 2 Адборачныя матчы ЧС-2014
13 16 кастрычніка 2012 Сцяг Швецыі Швецыя 4:4 - Адборачныя матчы ЧС-2014
14 14 лістапада 2012 Сцяг Нідэрландаў Нідэрланды 0:0 - Таварыскі матч
15 26 сакавіка 2013 Сцяг Казахстана Казахстан 4:1 2 Адборачныя матчы ЧС-2014
16 14 жніўня 2013 Сцяг Парагвая Парагвай 3:3 - Таварыскі матч
17 6 верасня 2013 Сцяг Аўстрыі Аўстрыя 3:0 - Адборачныя матчы ЧС-2014
18 15 лістапада 2013 Сцяг Італіі Італія 1:1 - Таварыскі матч
19 20 лістапада 2013 Сцяг Англіі Англія 1:0 - Таварыскі матч
20 1 чэрвеня 2014 Сцяг Камеруна Камерун 2:2 - Таварыскі матч
21 6 чэрвеня 2014 Сцяг Арменіі Арменія 6:1 - Таварыскі матч

У выніку: 21 матчаў / 7 галоў; 13 перамог, 5 нічыіх, 3 паражэння.

Дасягненні[правіць | правіць зыходнік]

Германія «Барусія» Мёнхенгладбах:

Германія «Барусія» Дортмунд:

Германія Зборная Германіі:

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • Адным з лепшых сяброў Марка з’яўляецца паўабаронца дортмундскай «Барусіі» Кевін Гроскройц, з якім яны разам выступалі за юнацкія каманды Дортмунда і разам перайшлі ў «Ройт-Вайс», якому дапамаглі выйсці ў другую Бундэслігу. Потым іх шляхі разыйшліся. Кевін вырашыў вярнуцца ў Дортмунд, а Марка падпісаў кантракт з мёнхенгладбахскай «Барусіяй», але ўлетку 2012 года Ройс вярнуўся ў Дортмунд. Але ў той жа час лепшы сябар Ройса па гладбахскай Барусіі Роман Нойштэтэр выступае за лютага ворага дортмундцаў — «Шальке 04», а сябар і былы аднаклубнік Марыа Гётцэ за галоўнага канкурэнта «Барусіі» — «Баварыю».
  • Заўзятары захапляюцца гульнёй дуэта Гётцэ—Ройс, параўноўваюць з баварскім РыберыРобен. На гэты конт легендарны ігрок сусветнага футбола і ганаровы прэзідэнт «Баварыі» Франц Бекенбаўэр у перадпачатку матча мюнхенцаў супраць «Барусіі» выказаў захапленне гульнёй хаўбекаў дортмундцаў Марка Ройса і Марыа Гётцэ: «… калі казаць пра класічны атакавалы дуэт, то няма нікога лепш Ройса і Гётцэ. Мяне ўразіла тое, як яны разабраліся з „Аяксам“ у Лізе Чэмпіёнаў»[30]
  • Сваю першую прэмію 500 еўра аддаў роднаму клуба — дортмундскай «Барусіі». У клубе і зараз вісіць чэк і фатаграфія Ройса ў дзіцячай камандзе.
  • Мае мянушку Вудзі Вудпэкер, якая адсылае да знакамітага дзятла з мультыка. Нападнік Фабіян Бекер неяк заўважыў дзіўную манеру бегу Ройса і параўнаў яго з Вудзі. Марка паспрабаваў пазбавіцца ад гэтай звычкі, але мянушка прыліпла[31].
  • З самага ранняга дзяцінства Ройса трэніраваў яго бацька.
  • Жыве ў 12 хвілінах хады ад стадыёна «Барусіі».
  • Мянушка ў камандзе «Вудзі» з-за мультыплікацыйнага персанажа дзятла Вудзі. Ройс робіць падобныя рухі галавой.
  • У Марка Ройса 2 татуяванні: на яго перадплечча размешчана яго імя і дата нараджэння (31 мая 1989 года). І на плячы 4 элемента: вада, паветра, зямля, агонь.
  • Марка Ройс у кожнай гульне выдзяляецца на поле бліскучымі праходамі праз абарону супраціўніка і шыкоўнымі, неверагодна дакладнымі ўдарамі па браме. Неаднойчы галы Ройса прызнаваліся лепшымі, гэтак, напрыклад, у топ-10 лепшых галоў Бундэслігі 2012/13 патрапілі адразу два голы Марка (у гасцявым паядынку супраць «Аўсбурга» і ў хатняй сустрэчы з былым клубам Ройса — мёнхенгладбахскай «Барусіяй»). Адным з лепшых галоў Лігі чэмпіёнаў УЕФА 2012—2013 стаў гол Ройса «Рэалу» ў гасцявым паядынку групавога этапу.
  • Марка Ройс мае кантракт на рэкламу спартыўных тавараў вытворцы Puma, вытворцы дзіцячых цацак Hot Wheels і вытворцы спажывецкай электронікі Panasonic[32].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. MARCO REUS // Argentine Soccer Database
  2. Marco Reus // AsMadrid: Grupo Prisa, 1967.
  3. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 11 снежня 2014.
  4. Krull, Patrick ; Müller, Oliver: Ein verlorener Sohn kehrt zurück. In: Welt am Sonntag, 8. Januar 2012, Nr. 2, S. 28.
  5. Timm, Lina ; Kozubek, Felix: Kapitän Fipsi und seine Mannschaft. In: Die Zeit, 31. Mai 2012, Nr. 23, S. 41.
  6. Marco Reus. In: Internationales Sportarchiv 19/2012 vom 8. Mai 2012 (abgerufen via Munzinger Online).
  7. Gartenschläger, Lars: Was Joachim Löw an Nelson Mandela bewundert bei welt.de, 6. Juni 2012 (abgerufen am 15. Juni 2012).
  8. Vom Postler zum Profi
  9. Biografie, www.marcoreus.de
  10. Spielstatistik Rot Weiss Ahlen — Rot-Weiß Oberhausen 1:3 (1:1). fussballdaten.de
  11. Gladbach: Marco Reus soll Nachfolger von Marko Marin werden. bundesligamannschaften.de.
  12. Neustädter wird ein Borusse kicker online. Abgerufen am 12. November 2011
  13. Spielstatistik VfL Bochum — Borussia M’gladbach 3:3 (0:3). fussballdaten.de.
  14. Joker Reus krönt Solo aus der eigenen Hälfte (www.kicker.de, 28. August 2009)
  15. Borussia Dortmund to sign Marco Reus. bvb.de
  16. Michael Zorc zum Transfer von Marco Reus
  17. Borussia Dortmund verpflichtet Marco Reus
  18. Боль и тишина «Боруссии». uefa.com.
  19. Потеря имущества. «Боруссия» отомстила «Баварии» в Суперкубке. uefa.com.
  20. Марко Ройс: «Все, что не касается „Боруссии“, в данный момент меня не волнует». sports.ru.
  21. Чемпионат Германии. Марко Ройс: «У „Баварии“ едва ли есть слабые горада». eurosport.ru.
  22. Ройс: «Наша тактика сработала». uefa.com.
  23. Марко Ройс: "Следующий сезон точно проведу в «Боруссии». sports.ru.
  24. Новым капитаном «Боруссии» назначен Хуммельс. championat.com.
  25. Löw nominiert 30 Spieler für erweiterten WM-Kader dfb.de, abgerufen am 9. Mai 2014
  26. Ройс пропустит ЧМ-2014 из-за частичного разрыва связок левой лодыжки
  27. Reus verpasst WM — Löw nominiert Mustafi nach dfb.de, abgerufen am 7. Juni 2014
  28. Марко Ройс: «Моя мечта разбилась в одну секунду». by.tribuna.com.
  29. Marco Reus. ESPN Soccernet. Праверана 19 жніўня 2014.
  30. Beckenbauer: Gotze and Reus world’s best midfield duo. goal.com.
  31. Рок-н-Ройс. Как лидер «Боруссии» учит не сдаваться. sports.ru.
  32. Marco Reus — Partner

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]