Мікола Гусоўскі
| Мікола Гусоўскі | |
![]() |
|
| Дата нараджэння: | каля 1470 |
|---|---|
| Дата нараджэння: | каля 1533 |
Мікалай (Мікола) ГУСО́ЎСКІ (лац.: Nicolaus Hussovianus; польск.: Mikołaj Hussowczyk; ~1470 — пасля 1533) — беларускі[1][2] [3] і польскі[2] паэт, гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння. Пісаў у публіцыстычным, эпічным, гераічным, лірычным, гістарычным і сатырычным жанрах. З нагоды 500-годдзя (1980) Мікола Гусоўскі ўключаны ЮНЕСКА ў каляндар міжнародных датаў выдатных дзеячаў сусветнай культуры.
Паходзіў з сям'і паляўнічага. Вучыўся ў Вільні, Польшчы, Італіі. Вялікую ролю ў яго лёсе адыграў мецэнат Э. Вітэлій — сакратар велікакняжацкай канцылярыі, біскуп плоцкі. У 1518 у складзе літоўска-польскай дыпламатычнай місіі, якую ўзначальваў Вітэлій, Мікола Гусоўскі трапіў у Рым. У Італіі канчаткова сфарміраваліся яго творчыя індывідуальнасць і літаратурнае крэда. Выконваючы заказ Вітэлія для папы Льва Х, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў, Мікола Гусоўскі стварыў у 1522 у Рыме свой лепшы твор «Саrmеn dе stаturа fеrіtаtе ас vеnаtіоnе bіsоntіs» («Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго»), дзе выклаў шматгранную ідэйна-эстэтычную, педагагічна-асветніцкую праграму. У 1528 у Кракаве выдаў у друкарні Ераніма Віетэра паэтычны зборнік «Песня пра зубра», які складаўся з празаічнага прысвячэння, аднайменнай паэмы і 11 вершаў, напісаных пераважна ў рымскі перыяд. У прысвячэнні, адрасаваным каралеве Боне, паэт прасіў яе ўзяць на сябе дзяржаўнае апякунства над таленавітымі і спрактыкаванымі ў навуцы і мастацтве людзьмі.
|
[правіць] Гуманістычнасць
Паэт змог прыўзняцца над вузкасаслоўным, каставым мысленнем і выступіў як выразнік перадавых грамадска-палітычных і эстэтычных поглядаў таго часу і папулярызатар гісторыі і культуры Беларусі і Літвы на сусветнай арэне, прадстаўнік рэнесансавага рэалізму. Паэт першы ў славянскай літаратуры ўбачыў і адлюстраваў пачатак крызісу сацыяльна-палітычнага ладу Вялікага княства Літоўскага, крытыкаваў сацыяльна-класавую палітыку Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, быў выразнікам настрояў баяр, шляхты і гараджан. З мэтай маральна-этычнага ўдасканалення грамадства, павышэння яго адукаванасці Мікола Гусоўскі прапагандаваў сістэму лацінскай еўрапейскай адукацыі («сем свабодных навук»).
У войнах паэт бачыў адну з найважнейшых прычын няшчасцяў чалавецтва, пакут радзімы і народа. Ён заклікаў спыніць міжусобіцы паміж уладарамі хрысціянскай Еўропы, прапаведаваў роўнасць народаў. Грамадзянскай пазіцыяй пісьменніка ён лічыў абуджэнне нацыянальнай свядомасці свайго народа. Мікола Гусоўскі даў цудоўныя ўзоры грамадзянскай патрыятычнай лірыкі. Заклікаў суайчыннікаў задумацца над цяжкім становішчам радзімы, усвядоміць, што галоўны яе біч — гэта палітыка ўладароў. Пясняр прыроды, працы і свабоднага чалавека ў беларускай і ўвогуле ўсходнееўрапейскай літаратуры, Мікола Гусоўскі выказаў замілаванасць і гарачую любоў да роднай зямлі. Ярка паказаў жыццё мужных, працавітых людзей, паляўнічых, ратнікаў, бортнікаў, аратых, іх працоўную і ратную дзейнасць, побыт і звычаі, ідэалізаваў вобраз вялікага князя Вітаўта. У народнай мудрасці ён бачыў невычэрпную крыніцу паэзіі, інфармацыі і адну з прычын стойкасці народнага духу. Паэт паклаў пачатак збіранню народнай мудрасці беларусаў. Ён авалодаў скарбамі беларускага народнага гумару, прынцыпамі яго выкрывальнага ўздзеяння, выступаў супраць тых, хто лічыў, што вучоная лацінская паэзія па сваім характары несумяшчальная з творчасцю народа.
[правіць] «Песня пра зубра»
(лац.: «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis») (1521—1522) — паэма напісаная на класічнай лацінскай мове. Спачатку твор быў прысвечаны Папу Льву X, у пазнейшым выданні (Кракаў, 1523) — каралеве Боне. Паэма лічыцца непераўзыйдзенай у эпічным паказе Беларусі і беларускага народу да з'яўлення паэмы "Пан Тадэуш" А.Міцкевіча. У паэме яскрава выражаны патрыятычны заклік да яднання і дружбы розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, услаўленне дзейснай, свабоднай, гарманічна развітой і мужнай асобы, ідэя патрыятызму і антываенны пафас, рэнесансава-утапічная канцэпцыя гарманічных узаемадачыненняў чалавека, грамадства і прыроды, міждзяржаўных адносін. Усе часткі твора аб'яднаны тэмай лесу радзімы, адданасці роднай зямлі. Мікола Гусоўскі стварыў мастацка-гістарычны гімн прыгажосці сваёй зямлі. Зубр у паэме — алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго былой магутнасці. Вялікая заслуга Міколы Гусоўскага у пастаноўцы ім праблемы аховы прыроды, беражлівых адносін да яе, рацыянальнага выкарыстання і памнажэння багаццяў радзімы. Для Міколы Гусоўскага прырода — усенародны здабытак і крыніца здароўя, радасці, выхавання высокіх патрыятычных і эстэтычных пачуццяў. "Песня пра зубра" напісана ім на класічнай латыні, але ў ёй ёсць прыкметы жывой беларускай мовы. Паэзія Міколы Гусоўскага паўплывала прама ці апасродкавана на станаўленне гістарыяграфіі Вялікага княства Літоўскага, росквіт лацінскай, уласнабеларускай і польскай літаратур, на развіццё такіх жанраў ва ўсходнееўрапейскай літаратуры, як лірыка-эпічная, гістарычная і сатырычная паэма, элегія, эпіграма.
[правіць] «Новая і славутая перамога…»
«Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпені месяцы» (Кракаў, 1524) — паэма, створаная за адзін дзень па гарачых слядах падзей. Напісаная хворым, змучаным неўладкаванасцю жыцця чалавекам, яна здзіўляе сілай мастацкага асэнсавання народнага подзвігу. Паэт ганарыцца, што перамога над туркамі пад Трамбоўля здабыта народным апалчэннем. Гэты твор зрабіў прыкметны ўплыў на развіццё жанру гераічнай паэмы і хронікі ў літаратурах Беларусі, Польшчы і Літвы.
[правіць] «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта»
(Кракаў, 1525) — паэма, прысвечаная кракаўскаму ваяводу Хрыстафору з Шыдлоўца паэт гаворыць пра неабходнасць «адкрыцця» спраў славутых людзей мінулага для папулярызацыі іх жыцця. У гэтым дыдактычна-рэлігійным творы аўтар прапаведаваў хрысціянска-гуманістычны подзвіг як служэнне народу. У разуменні Міколы Гусоўскага Беларусь і Польшча складаюць адзінае цэлае — славянскі рэгіён. Таму вобраз Гіяцынта, дзейнасць якога праходзіла ў Беларусі і Польшчы, дарагі сэрцу паэта ідэйнай сутнасцю. Многія радкі паэмы — гімн чалавечаму розуму, духоўнай велічы. Паэма сцвярджала адзінства лепшых прынцыпаў раннехрысціянскай маралі, ідэалаў народнай этыкі. У гэтым выявіліся дэмакратызм, народнасць светаўспрымання, публіцыстычнасць і грамадзянская мужнасць Міколы Гусоўскага.
[правіць] Аўтэнтычны партрэт
Баларуская даследніца Жана Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая лічыць, што адшукала аўтэнтычную выяву, на якой адлюстраваны Мікола Гусоўскі. Выява змешчана ў першым выданні паэмы, якая доўгі час не была даступна беларускім даследнікам.
[правіць] Пераклады
На беларускую мову «Песня пра зубра» перакладалі Язэп Семяжон, Уладзімір Шатон і Наталля Арсеннева. На сённяшні дзень, адзіны беларускі пераклад «Песні пра зубра», які захоўвае вершаваны памер арыгінала — элегічны двуверш, належыць У. Шатону.
Апроч беларускай, «Песня пра зубра» перакладалася на польскую, літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы.
Зноскі
- ↑ Советский энциклопедический словарь. 4-е издание, Москва, «Советская энциклопедия», 1988, С.353.
- ↑ 2,0 2,1 Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў 2 тамах. 2-е выданне, Мн., 2007, Т.1, С.562
- ↑ Гусоўскі Мікола // Шаблон:Літаратура/Беларусь: энцыклапедычны даведнік, 1995 С. 256
[правіць] У Сеціве
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мікола Гусоўскі- Біяграфія на Slounik.org
- Мікола Гусоўскі на «Беларускай Палічцы»
- Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» на «Беларускай Палічцы» ISBN 9986-9219-8-8
- Віктар Корбут. Песня пра зубра. Выяўлены партрэт Міколы Гусоўскага
