Зубр еўрапейскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Зубр еўрапейскі
Bison bonasus (Linnaeus 1758).jpg
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Bison bonasus (Linnaeus, 1758)

Сінонімы
Bos bonasus Linnaeus, 1758
Арэал
выява

  Распаўсюджанне ў гістарычныя часы

  Распаўсюджанне ў XX стагоддзі

Ахоўны статус
Status iucn3.1 VU ru.svg Знаходзяцца ва ўразлівым становішчы
Уразлівыя
IUCN 3.1 Vulnerable : 2814
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на ВікіСховішчы
ITIS   183836
NCBI   9902
EOL   328110

Зубр еўрапе́йскі (Bison bonasus) — еўрапейскі від з роду бізонаў (Bison) атраду Парнакапытныя (Artiodactyla), рэдкая жывёла, якая знаходзіцца ў стане аднаўлення папуляцыі. Апошні прадстаўнік дзікіх быкоў у Еўропе[1]. У раннім Сярэднявеччы зубры яшчэ сустракаліся ў некранутых лясах Заходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-ўсходняй Еўропы. Іх асяроддзе пражывання — лісцевыя, хвойныя і змешаныя лясы ва ўмеранай паласе. У адпаведнасці з такім асяроддзем, зубр, як стадная жывёла, сустракаецца толькі ў малых групах. Тыповы статак налічвае ад 12 да 20 жывёл і складаецца з кароў і маладняку​​. Палаваспелыя быкі знаходзяцца ў статках толькі падчас цечкі ў самак. Найбліжэйшым сваяком зубра з'яўляецца амерыканскі бізон (Bison bison). Гэтыя два віды генетычна сумяшчальныя і могуць скрыжоўвацца без абмежаванняў.

Папуляцыя зубра ў Еўропе складалася з двух падвідаў: горных зуброў (Bison bonasus caucasicus) і раўнінных бізонаў (Bison bonasus bonasus). Горныя зубры вымерлі і існуюць сёння выключна як змешаны від (гібрыд) з раўнінным зубрам (раўнінна-каўказская лінія). Гэта лінія ўзыходзіць толькі да аднаго горнага зубра, т. зв. «каўказскага», апошняга чыстакроўнага прадстаўніка гэтага падвіда. Такім чынам, у пародзе зуброў выдзяляецца дзве лініі: раўнінная (Bison bonasus bonasus) і раўнінна-каўказская, скрыжаванне раўнінных і горных зуброў. Кожная пародзістая жывёліна знаходзіцца на ўліку ў адмысловай кнізе, якая вядзецца ў Белавежскім нацыянальным парку.

У 1920-х гг. зубр быў пад пагрозай знікнення. Апошняга дзікага зубра застрэлілі на Каўказе ў 1927 г. Усе сённяшнія зубры паходзяць усяго ад дванаццаці асобін, захаваных у заапарках і запаведніках[2]. Нізкая генетычная зменлівасць з'яўляецца адною з галоўных пагроз для доўгатэрміновага захавання віду[3].

Дзякуючы намаганням па захаванні віду з боку заапаркаў і прыватных асоб, у 1952 г. стала магчымым ізноў пасяліць першыя свабодныя статкі зуброў у раёне сённяшняга Белавежскага нацыянальнага парку на беларуска-польскай мяжы. У 2004 г. існавала 31 свабодная папуляцыя з агульнай колькасцю 1955 зуброў. Гэта складае каля 60% сусветнага пагалоўя[4].

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Зубр — кароткая форма старажытнага прыметніка, утвораная ад зуб з дапамогай суфікса -р-. Зуб мае больш старажытнае значэнне тыпу «востры, выступаючы прадмет», якое пазначала доўгія рогі гэтай жывёлы, таму Зубр можна перакласці як «рагаты»[5][6].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Шкілет зубра
Рог зубра
Вока зубра

Зубр — самае цяжкае і буйное з наземных млекакормячых у Еўропе[7]. Варта заўважыць, што гэта тычыцца старых замераў XIX і першай паловы і сярэдзіны ХХ стагоддзяў, а сучасныя зубры сталі некалькі драбнейшыя і саступаюць па памерах як сваім продкам (і іх пудзілам), так і сучасным амерыканскім лясным бізонам (Bison bison athabascae) (падвід амерыканскіх бізонаў). Вага сучасных дарослых самцоў белавежскага падвіду дасягае 850 кілаграмаў[8], каўказскага — 700. Даўжыня тулава да 330 см[7] ці нават большая[8], вышыня ў плячах ад 1,6 да амаль 2 метраў[8]. Самкі драбнейшыя за самцоў[9]. Як ужо адзначалася, сучасныя зубры некалькі здрабнелі, а даныя аб звычайным для іх росце ў 2 метры і вазе да тоны[7], якія сустракаюцца ў энцыклапедыях і даведніках, грунтуюцца на абмеры жывёл векавой даўнасці.

Пярэдняя частка цела ў зубра значна лепш развіта[9] — яна масіўнейшая, вышэйшая і шырэйшая чым задняя, карак і перад спіны выдаецца гарбом[10][11].

Жывот падабраны і не правісае.

Галава жывёлы масіўная[11], укарочаная з шырокім выпуклым ілбом[12], нахіленая ўніз. Рогі ў зубра невялікія[11] і чорныя, круглявыя, выпуклыя, накіраваныя выгібам вонкі (у бакі), а кончыкамі ўверх. На працягу жыцця яны не змяняюцца, унутры полыя[12]. Даўжыня іх па вонкавым выгібе да 65 см, развал — да 78 см[13].

Вушы кароткія і шырокія, густа парослыя поўсцю ўнутры і звонку[12].

Вочы маленькія і шырока расстаўленыя, цёмна-карычневага, амаль чорнага колеру, вочны яблык выпуклы і рухлівы[10][12]. Зрэнка вертыкальна даўгаватая, у сярэдзіне звужаная. Вейкі доўгія і густыя[12].

Губы, язык і паднябенне цёмныя, аспідна-сіняватага колеру[12]. Язык пакрыты сасочкамі значнай велічыні[12].

Зубоў 32. Формула іх у зуброў агульная з большасцю жвачных (Ruminantia): разцы 0/3, клыкі 0/1, перадкарэнныя 3/3, карэнныя 3/3. Разцы пашыраныя і маюць долатападобную форму[12][13].

Шыя магутная, тоўстая, без характэрнага для многіх быкоў адвіслага падгрудка. Ногі у зубра моцныя, тоўстыя, прычым пярэднія нашмат карацейшыя за заднія. Капыты вялікія, выпуклыя, ёсць таксама маленькія бакавыя капыткі, якія не дасягаюць зямлі (рудыменты).

Хвост у зуброў пакрыты доўгімі валасамі амаль па ўсёй даўжыні, на канцы густы валасяны пучок, падобны на пэндзаль. Хвост прыкметна адрознівае зубра ад іншых быкоў і хатняга рагатага быдла. Хваставых пазванкоў ў зубра на адзін больш, чым у хатняга быка, але кожны з іх карацейшы, таму ў цэлым і ўвесь хвост карацейшы, што асабліва прыкметна пры параўнальна вялікіх памерах звера. Апошні хваставы пазванок не даходзіць да скакацельнага сустава[12].

Без уліку рагоў і капытоў зубр цалкам пакрыты густой поўсцю і толькі сярэдзіна верхняй губы і пярэдні край ноздраў голыя[12]. Спераду тулава і на грудзях поўсць доўгая і падобная на грыву[11], а на горле і падбародку — на бараду. Галава і лоб пакрытыя кучаравай поўсцю[12]. Ззаду поўсць кароткая, што асабліва кідаецца ў вочы ў параўнанні з доўгай поўсцю спераду, таму часам складваецца памылковае ўражанне, быццам задняя частка ў зубра голая, але гэта не так — уся скура ў зубра пакрыта поўсцю[12].

Летняя афарбоўка зубра каштанава-бурая. Галава прыкметна цямнейшая за тулава. Барада чорная, грыва светла-каштанавая. Зімовая афарбоўка цямнейшая, акрамя таго зімовая поўсць даўжэйшая, гусцейшая і больш кучаравая чым летняя. У маладых цялят поўсць бэжавая[10] пры нараджэнні, пазней — карычневая з чырвоным адценнем[14].

Вясновая лінька адбываецца ў сярэдзіне мая-чэрвені, прычым да чэрвеня старая поўсць вылазіць настолькі, што зубры здалёк здаюцца голымі. У верасні поўсць кароткая, але падшэрстак такі густы, што з-за яго ўжо не відаць скуры. Да зімы поўсць даўжэе, асабліва ў пярэдняй частцы цела і на галовах у самцоў[10][12]. Шэрсць на загрыўку зуброў тырчыць уверх, з-за чаго жывёлы здаюцца вышэйшымі.

Каровы меншыя за быкоў ростам[10], маюць больш тонкія і гладкія рогі. Поўсць на галаве і шыі, а таксама барада меншыя чым у самцоў. Зубраняты адрозніваюцца ад хатніх цялят вялікімі галовамі, высокім гарбатым каркам і барадой[12], якая звешваецца з ніжняй часткі мыскі. Поўсць у маладых зуброў карацейшая чым у дарослых.

У зубра добра развітыя нюх і слых, а зрок чуць горшы[9][10].

Памёт зубра

Сам зубр адчувальна пахне мускусам[12].

Наяўнасць зуброў у пэўнай мясцовасці можна вызначыць па іх слядах і памёту, а таксама па аб'едзенай папараці (ні ва ўсходнееўрапейскіх лясах, ні на Каўказе цяпер няма іншых жывёл, якія б елі папараць). Памёт зуброў вельмі падобны на каровін. След звера таксама вельмі падобны на след каровы, толькі пяткі значна больш ўціскаюцца і самі сляды большыя і круглейшыя, чым у кароў. У зубрыц след некалькі даўжэйшы і вастрэйшы, чым у самцоў[12].

Арэал[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычны арэал віду прасціраўся ад Пірэнеяў, Англіі і паўднёвай Скандынавіі да Заходняй Сібіры.[15]

Вольнажывучыя папуляцыі зараз ёсць у Польшчы[7], Літве, Беларусі[7], Украіне[7], Румыніі[7], Расіі[7], Славакіі[7], Латвіі, Кыргызстане, Малдове (з 2005 года)[16] і Іспаніі (з 2010)[17].

На Беларусі існуе сем прыродных мікрапапуляцый зуброў: Белавежская, Барысаўска-Бярэзінская, Налібоцкая, Палеская, Асіповіцкая, Азёрская, Азяранская, агульнай колькасцю каля тысячы галоў[18][19][20].

Роднасныя адносіны[правіць | правіць зыходнік]

Зубр вельмі блізкі да бізона амерыканскага (Bison bison), з якім уваходзіць у адзін род. Абодва віды могуць без абмежаванняў скрыжоўвацца і даваць пладавітае патомства — зубрабізонаў, з-за чаго іх часам разглядаюць як адзін від.

Падвіды[правіць | правіць зыходнік]

Усяго існавалі тры падвіды зуброў, два з якіх на сучасных момант зніклі:

  • Bison bonasus bonasus — белавежскі зубр;
  • Bison bonasus caucasicusкаўказскі зубр (апошнія «чыстыя» прадстаўнікі падвіду былі знішчаны ў пачатку ХХ стагоддзя);
  • Bison bonasus hungarorum — зубр карпацкі або венгерскі (канчаткова знішчаны ў канцы ХVIII стагоддзя)[21][22].

Белавежскі (еўрапейскі) падвід аднаўляецца шляхам развядзення жывёл, якія захаваліся ў заапарках, каўказскі — узнаўляецца гібрыдызацыяй Bison bonasus і Bison bonasus caucasicus.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Гон[правіць | правіць зыходнік]

Турнір быкоў

Гон у зуброў адбываецца ў канцы лета — пачатку восені (жнівень (ліпень[8])-верасень)[10][14]. У сезон размнажэння быкі рыюць капытамі зямлю, труцца аб дрэвы, б'юцца паміж сабой, але пры гэтым у адрозненне ад хатняй жывёлы не равуць.

Пераважаюць лабавыя (лоб у лоб) сутыкненні, але нярэдкія і ўдары рагамі збоку. Пачынаецца бой з дэманстрацыі пагрозы: быкі стаяць адзін супраць аднаго, нахіліўшы галаву, рохкаюць, качаюць галавой уверх-уніз, направа-налева, капаюць зямлю капытом, валяюцца па зямлі, а затым, сутыкаючыся лбамі, спрабуюць прагнаць праціўніка[23].

Бойкі часта атрымліваюцца даволі жорсткімі. У барацьбе за самку самцы нярэдка наносяць адзін аднаму цяжкія траўмы[24]. Пераможаны зубр апускае галаву, як бы прызнаючы перавагу суперніка, паварочваецца і адыходзіць[10][23].

Цяжарнасць і дзяцінства[правіць | правіць зыходнік]

Зубраня
Самка і зубраня

Як і ў свойскіх быкоў, у зуброў цяжарнасць доўжыцца 9 месяцаў[10], таму роды прыпадаюць на канец красавіка-май. У каровы нараджаецца адно зубраня вагой да 25 кг[10], якое праз 1-1,5 гадзіны ўжо можа бегчы за самкай[9][10]. Зубрыха год выкормлівае цяля малаком (яго тлустасць — 8-12 %, часам да 14 %[8])[10][14][23], але дзіцяня не пакідае маці на працягу двух гадоў, хоць на другі год ужо сілкуецца самастойна. Першую раслінную ежу зубраня спрабуе ва ўзросце трох тыдняў[10].

Палавой спеласці зубры дасягаюць у шасцігадовым узросце, часам раней. Гон у самак здараецца раз у 3 гады. Працягласць жыцця складае 20-25 гадоў, асобныя прадстаўнікі віду дажываюць да 30 гадоў (у заапарках працягласць жыцця зуброў звычайна даўжэйшая чым на волі)[8][10].

Харчаванне[правіць | правіць зыходнік]

У вясенне-летні перыяд зубры трымаюцца ў мясцінах з разнатраўем і сілкуюцца пераважна травой і значна менш — карой дрэў, увосень часта збіраюцца ў дубровах. Зімой добра раскопваюць корм з-пад снегу капытам ці рогам, робяць ямкі ў снезе пысай[9], ядуць шмат галінак і кары[10], але часам могуць есці нават ігліцу, у запаведніках трымаюцца паблізу спецыяльных падкормачных пляцовак. Акрамя гэтага могуць есць пабегі раслін, лішайнікі і нават грыбы[10].

Склад кармавых раслін зуброў адносна вялікі — не меней чым 400 відаў, склад корму мяняецца ў залежнасці ад сезону і канкрэтнай мясцовасці[9].

З драўнянага корму перавага аддаецца грабу (Carpinus), ясеню (Fraxinus), ліпе (Tilia), дубу (Quercus), з травяністых раслін — метлюжковым (Poaceae), бабовым (Fabaceae), астравым (Asteraceae). Хмызнякі і кустоўі ў рацыёне прадстаўлены вярбой (Salix), малінай (Rubus), чарніцамі (Vaccinium myrtillus). Дарослыя зубры ў суткі з'ядаюць 40-60 кг зялёнай масы (маладняк ва ўзросце 2-3 гадоў удвая менш) і выпіваюць да 50 літраў вады. У натуральных умовах у летні перыяд травяністы корм зубра складае 70-80 %, драўняна-галінаваты — 20-30 %[13].

Паводзіны[правіць | правіць зыходнік]

Вялікую частку дня зубры спяць або дрэмлюць, хоць зрэдку могуць пасвіцца і днём, але як правіла на пашу або на вадапой яны ідуць увечары за тры-чатыры гадзіны да заходу сонца.

Нягледзячы на свой велічэзны рост, зубр перамяшчаецца хутка. Ён нават можа скакаць галопам і, больш таго, лёгка пераскоквае перашкоду вышынёй у 2 метры[24].

Гістарычна зубры статкавыя жывёлы — нават старыя самцы звычайна трымаліся маленькімі групкамі, а звычайнымі былі статкі ў 6-8 і больш галоў на чале з вопытнай самкай[8]. У Белавежскай пушчы трапляліся статкі да 50-60 галоў, на Каўказе такіх вялікіх не было. Зараз звычайна папуляцыі ў запаведніках невялікія, што адбіваецца на памеры калектываў, якія ўтвараюць жывёлы. У норме статак зуброў складаецца з кароў, іх цялят і маладых бычкоў 2-3 гадоў. Маладыя быкі пасля пакідання статка часта аб'ядноўваюцца і ўтвараюць групы «маладых халасцякоў». Дарослыя самцы трымаюцца асобна (адзінцы) і далучаюцца да статкаў толькі падчас гону[10]. Зімой асобныя статкі часта аб'ядноўваюцца ў яшчэ большыя групы, у якіх можа знаходзіцца і некалькі самцоў.

Nuvola apps arts.svg Вонкавыя аўдыёфайлы
Голас зубра
Nuvola apps arts.svg Голас зубра , размешчаны тут

У адрозненне ад хатніх кароў зубры маўклівыя жывёлы[9], рыкаюць яны толькі зрэдку і вельмі ціха — іх не чуваць ўжо за некалькі дзясяткаў крокаў. Голас зубра — адрывістае нягучнае рохканне, пры раздражненні — буркатанне, пры спалоху — пырханне[9].

Да іншых жывёл зубры ставяцца варожа — асабліва да іншых буйных траваедных. У Белавежскай пушчы ля кармушак зуброў знаходзілі трупы забітых імі коней, ласёў і аленяў. Людзей зубры звычайна пазбягаюць[9], калі ж чалавек падыходзіць вельмі блізка, то могуць пагражаць — матляць галавой, настаўляць рогі, злосна сапці. У летні перыяд жывёлы больш палахлівыя і асцярожныя. Убачыўшы ці пачуўшы чалавека ў тую пару, жывёлы ўцякаюць па сігналу самкі-важака, але падняць сігнал трывогі можа любы зубр. За важаком накіроўваюцца наўскач усе астатнія члены групы: у галаве бягуць цяляты, а ў хвасце статка — самцы[25]. На людзей нападаюць вельмі рэдка, але вядомыя выпадкі, калі зубры атакавалі машыны[26]. Таксама часам (з-за свайго даволі дрэннага зроку), калі чалавек падыходзіць з падветранай стараны, могуць самі падысці да яго каб лепш разгледзець.

Натуральнымі ворагамі зуброў з'яўляюцца мядзведзі (Ursus arctos), ваўкі (Canis lupus)[9], леапарды (Panthera pardus) (на Каўказе) і рысі (Lynx lynx). Праўда ні адна з гэтых жывёл у адзіночку не ўяўляе пагрозы для дарослага зубра, але яны могуць паляваць на цялят і моладзь, а зграя ваўкоў часам небяспечная нават для дарослых асобін.

Пражыванне[правіць | правіць зыходнік]

Зубр у Белавежскай пушчы

Гістарычна зубры — жыхары змяшаных лясоў[9][10], пры гэтым белавежская папуляцыя жыла ў раўнінных, а каўказская — у горных лясах. Звычайна зубры выбіраюць сабе пэўны ўчастак, як правіла каля ракі, на якім і пасвяцца. У выпадку недахопу корму жывёлы шукаюць сабе новыя участкі. Багністых мясцовасцей зубры пазбягаюць і наведваюць іх толькі ў засухі, калі нават такія ўчасткі становяцца сушэйшымі. У старажытнасці, калі ў еўрапейскіх лясах яшчэ жылі туры (Bos primigenius), гэтыя два віды быкоў дзялілі паміж сабой экалагічныя нішы — туры жылі ў вільготных і багністых нізінах, а зубры ў сухіх лясах. Вясной зубры трымаюцца каля рэк, а з пачаткам лета пераходзяць пасвіцца ў глыбіню лесу. У самую спякоту хаваюцца ў густых цяністых зарасніках. Ад насякомых-крывасмокаў жывёлы ратуюцца ў сухіх месцах і ў мясцовасцях, дзе лес прадзімаецца ветрам.

Пасвяцца зубры раніцай і ўвечары, выходзячы на ​​паляны, а сярэдзіну дня праводзяць на лежні ў лесе, перажоўваючы жвачку. У гарачае надвор'е зубры двойчы ў дзень ходзяць на вадапой. Яны любяць катацца ў сухой друзлай зямлі, але гразевых ваннаў не прымаюць[9].

Калі белавежскія зубры жылі пераважна ў лісцевых лясах, то каўказскія — у піхтавых з прымешкамі буку, вязу, грабу і іншых лісцевых парод. Пасвіліся яны пераважна на палянах[10] і схілах бэлек, пры гэтым аддаючы перавагу самым роўным ўчасткам. Улетку каўказскія зубры падымаліся да верхняй мяжы лясоў, дзе было нямала корму, а самі жывёлы не пакутавалі ад спякоты і надакучлівых насякомых.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Копія выявы зубра з пячоры Ніо

У даўнія часы зубры насялялі ўсю Еўропу[8]: на радзіме галаў, германцаў, шведаў, дакаў і славян. У Грэцыі, Паўночнай Іспаніі і Англіі зуброў вынішчылі ў дагістарычныя часы[23].

Магчыма, першая згадка пра зубра сустракаецца ў працы Арыстоцеля ў 300 да н.э., дзе, побач з апісаннем жывёлы, вельмі падобнай да зубра, напісана наступнае[8]:

" Ёсць таксама некаторыя жывёлы, якія двухкапытовыя і ў той жа час маюць чуб і два адзін да аднаго загнутыя рогі; сюды адносіцца баназас, які жыве ў Пеоніі і Медыцы ... Ён велічынёй з быка, але мае большы аб'ём, чым вол, бо не выцягнуты ў даўжыню; расцягнутая скура яго можа пакрыць ложак для сямі чалавек "

Яшчэ адно апісанне зубра было зроблена Плініем Старэйшым, які назваў яго «Бізонам»[14]

Пліній даў зубру такое апісанне[14][27]:

" бык з конскай грывай, які носіць настолькі кароткія рогі, што ў баі яны не маюць ніякай карысці. Замест таго, каб змагацца, зубр ўцякае ад кожнай пагрозы і пакідае за сабой на працягу паўмілі след з фекалій, якія пры дакрананні абпальваюць праследавацеля як агонь "

Рымляне лавілі зуброў у Фракіі і Германіі для ўдзелу ў гладыятарскіх баях, якія інсцэніравалі паляванне на дзікіх жывёл(польск.) бел.[14].

Зубр, дзякуючы сваім памерам, быў вельмі зручным і выгадным аб'ектам палявання, таму ў стэпавай зоне Усходняй Еўропы зубр знік яшчэ ў XVIXVII стагоддзях, у лесастэпах — у канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя. У Заходняй Еўропе папуляцыя зуброў пачала скарачацца яшчэ у VI стагоддзі з-за хуткіх тэмпаў высечкі лясоў. Апошнія зубры зніклі ў Англіі ў XI стагоддзі, у Францыі і Швецыі — у XIV. Пазней скарачэнне арэала зуброў адбылося ва ўсходніх і паўднёвых частках Еўропы: у Венгрыі, на Балканах і ва Усходняй Прусіі — у сярэдзіне XVIII стагоддзя[25], у Румыніі ў Роднанскіх гарах(руск.) бел. апошні зубр быў забіты ў 1762 годзе, у горных лясах Саксоніі — да 1793 года[9]. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў уцалелі толькі дзве прыродныя папуляцыі — у Белавежскай пушчы і на Паўночным Каўказе ў вярхоўях рэк Лабы і Белай.

У Белавежскай пушчы ў канцы XIX стагоддзя жыло да 1700 галоў — з аднаго боку жывёл ахоўвалі, з другога — рэгулярна ладзілі царскія паляванні. Менавіта з паляўнічымі мэтамі ў той час зуброў прывезлі ў Крым і ў Гатчыну. Актыўнае паляванне паменшыла Белавежскую папуляцыю да 737 асобін у 1914 годзе. Вайна і звязанае з ёй браканьерства прывялі да катастрафічнага скарачэння пагалоўя. У 1917 годзе ў Пушчы засталося толькі 168 зуброў, а ў 1918 толькі 76. Частка жывёл была вывезена ў Германію. 9 лютага 1921[9] года (па іншых звестках у 1919 годзе[8]) былым лесніком пушчы Варфаламеем Шпаковічам быў забіты дзеля мяса апошні вольны белавежскі зубр. Нямецкі заолаг Эрна Мор(ням.) бел. так адгукнулася на гэту падзею[9]:

" Няхай яго імя, як і імя Герастрата, захаваецца ў стагоддзях! "

Прыкладна ў той жа час загінулі невялікія папуляцыі ў Кіры і Гатчыне. З прычыны грамадзянскай вайны спынілася ахова зуброў і на Каўказе. Браканьеры вынішчылі асноўную папуляцыю да 1924 года, у 1926 годзе бачылі апошніх асобін. Каўказскі падвід зубра быў цалкам знішчаны.

Развядзенне і ўзнаўленне папуляцыі[правіць | правіць зыходнік]

Зубраня з самкай
Зубр

Вынішчаны інтэнсіўным паляваннем чалавека зубр у пачатку ХХ стагоддзя захаваўся на волі толькі ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але знік і ў гэтых мясцінах. Апошні зубр на волі быў забіты ў Польшчы у 1921 годзе.

Такая вялікая і прыгожая жывёла як зубр прыцягвала да сябе ўвагу, таму з'явілася ідэя адрадзіць гэтых жывёл. У 1923 годзе па прапанове польскага арнітолага і намесніка дырэктара Заалагічнага музея ў Варшаве Яна Штольцмана(ням.) бел. на Парыжскім кангрэсе было створана Міжнароднае таварыства па ахове зубра(ням.) бел. са штаб-кватэрай у Франкфурце-на-Майне[14][28]. У 1926 годзе быў праведзены ўлік усіх зуброў, што захаваліся яшчэ ў заапарках свету — было знойдзена 52 асобіны[29]. Да 1938 года колькасць зуброў павялічылася да 97 — 43 быкі і 54 каровы, прычым толькі адзін зубр быў народжаны на волі яшчэ ў 1913 годзе ў Белавежскай Пушчы. Зубр стаў адным з першых відаў, які захаваўся ў заапарках пасля знішчэння ў прыродзе. Вялікі ўдар па зубрах нанесла Другая сусветная вайна, калі загінула каля паловы ўсяго статку і толькі па яе заканчэнні колькасць зуброў пачала паступова расці. Спачатку зуброў выпусцілі на волю ў Белавежскай пушчы — як у польскай, так і ў беларускай (тады яшчэ савецкай) яе частках. Пазней, па меры павелічэння пагалоўя, зуброў выпусцілі і ў іншых мясцовасцях. У цэлым можна сказаць, што колькасць папуляцыі белавежскага падвіду зубра стабілізавалася.

Па іншаму склаўся лёс каўказскага падвіду. Чыстакроўных каўказскіх зуброў пасля знішчэння прыроднай папуляцыі не захавалася. Праўда ў некаторых заапарках былі жывёлы з дамешкам крыві каўказскага зубра — гібрыды з белавежскімі зубрамі або амерыканскімі бізонамі. У 1940 годзе пачалася праца па аднаўленню каўказскага зубра метадам племянной работы і селекцыі дзякуючы паглынальнаму скрыжаванню. На жаль, тыя жывёлы загінулі падчас Другой сусветнай вайны, таму першапачатковы падвід каўказскага зубра парушаны. Аднак у другой палове ХХ стагоддзя было вырашана аднавіць каўказскую папуляцыю — быў створаны статак з зуброў і зубрабізонаў, якіх выпусцілі ў некаторыя запаведнікі на Паўночным Каўказе. Як ні дзіўна, але з часам, літаральна за некалькі пакаленняў, гэтыя жывёлы, у якіх практычна не было крыві каўказскіх зуброў, сталі вельмі моцна нагадваць падвід, які тут калісьці жыў. Яны прыкметна змяніліся марфалагічна, яшчэ больш змяніліся іх паводзіны. Таму хоць па паходжанню папуляцыя сучасных каўказскіх зуброў не з'яўляецца спадчынніцай гістарычнай, але марфалагічна і эталагічна падобная на яе.

Гібрыд зубра і бізона, які натуралізаваўся на Паўночна-Заходнім Каўказе, быў апісаны ў 2000 годзе, як асобны, хоць і няпэўны падвід еўрапейскага зубра — горны (Bison bonasus montanus Rautian, Kalabuschkin, Nemtsev, 2000)[30][31].

Узнаўленне зубра праводзілася ў спецыяльных гадавальніках у Белавежскай пушчы, заапарках Еўропы, на Каўказе і ў іншых месцах.

Рэінтрадукцыя[правіць | правіць зыходнік]

Зубры пачалі вяртацца ў дзікую прыроду, пачынаючы з 1951 года. У Белавежскай пушчы ў Польшчы і Беларусі ўтрымліваецца 800 дзікіх зуброў, з іх на тэрыторыі Беларусі на пачатак 2011 года жыло каля 415 асобін[18][32]. Усяго на тэрыторыі Беларусі сфарміравана 7 мікрапапуляцый зуброў агульнай колькасцю 983 асобіны, што параўнальнае з колькасцю зуброў у Белавежскай пушчы ў канцы XIX стагоддзя[33]. Яны таксама знойдзены ў лясных запаведніках на Заходнім Каўказе.

Вольнажывучыя папуляцыі зараз існуюць у Польшчы, Літве, Беларусі, Украіне, Румыніі, Расіі, Славакіі, Латвіі, Кыргызстане, Малдове (з 2005 года),[16] і Іспаніі (з 2010)[17].

Зубры ўтрымліваюцца ў заапарках 30 краін. Еўрапейская папуляцыя складае прыкладна 3000 асобін (па стане на 2011 год), з якіх толькі 1600[7]-1700[34] жывуць у дзікай прыродзе[7]. Усе яны паходзяць усяго ад 12 асобін[14].

У 2011 годзе Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя была распрацавана канцэпцыя захавання зуброў у Беларусі. На першым этапе (20112015 гады) канцэпцыя прадугледжвае стварэнне схем рассялення зуброў, комплексу ветэрынарна-санітарных мерапрыемстваў па паляпшэнню ўмоў утрымання, а таксама фарміраванне не меней чым пяці новых мікрапапуляцый.

Плануецца стварыць на базе рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» навукова-селекцыйны цэнтр па пытаннях захавання і паляпшэння стану папуляцыі беларускіх зуброў, таксама стварыць адзіную базу даных аб стане белавежскіх зуброў, якая будзе ўключаць інфармацыю аб мікрапапуляцыях, іх колькасці і распаўсюджванні.

У рамках другога этапа (20162030 гады) канцэпцыі плануецца распрацаваць крытэрыі ацэнкі племянной каштоўнасці, правілы вядзення селекцыйна-племянной работы з зубрамі. Немалаважная роля адведзена стварэнню генетычных пашпартоў жывёл[35].


Захворванні сучасных зуброў[правіць | правіць зыходнік]

З-за іх абмежаванага генафонду, зубры лічацца вельмі ўразлівымі да захворванняў, асабліва такіх як яшчур і сібірская язва, хваробы мочапалавых органаў у самцоў, страўнікава-кішачныя хваробы, катаракта вачэй[8][24].

Лічыцца, што пры павелічэнні генетычнай разнастайнасці колькасць і працэнт хворых і слабых жывёл павінны зменшыцца. Навукоўцамі распрацоўваюцца праграмы па стварэнню папуляцый зуброў, якія б жылі асобна адна ад адной, і пашырэнню іх арэала і рацыёну харчавання, напрыклад, у Беларусі спецыялістамі Інстытута заалогіі НАН Беларусі пры падтрымцы іншых навуковых устаноў была распрацавана «Дзяржаўная праграма па рассяленню, захаванню і выкарыстанню зубра ў Беларусі», якая прадугледжвае рассяленне зуброў па як мага большай тэрыторыі ў нашай краіне[8].

Акрамя рассялення жывёл, з 1985 года з мэтай аздараўлення папуляцыі, змяншэння нерацыянальных страт і вывучэння прычын захворвання мочапалавых органаў у самцоў пачало праводзіцца штогадовае селекцыйнае выбракоўванне і выключэнне непаўнавартасных асобін[36].

Доўгі час адзначаецца наяўнасць зуброў з пашкоджаннем геніталій у Белавежскай пушчы. Першыя выпадкі такіх захворванняў адносяцца да пачатку ХХ стагоддзя. Таксама адзначаны выпадкі такіх захворванняў і ў іншых папуляцыях[37]. Пасля хвароба мочапалавой сістэмы была дыягнаставана як некратычны баланапасціт[37][38]. Захворванне часта прыводзіць да смерці жывёл[37].

Праведзеныя гельмінталагічныя даследаванні дазволілі выявіць, што зубры інвазіраваны (заражаны) 15 відамі гельмінтаў, прычым экстэнсіўнасць заражэння гэтых жывёл дасягае 91,2 %. У 79,18 % зуброў выяўлены нематоды (Nematoda), у 66,7 % — трэматоды (Trematoda) і ў 7,69 % — цэстоды (Cestoda)[37]. Як правіла, гельмінты у зуброў сустракаліся ў асацыяцыях ад двух да васьмі відаў ў адной асобіны[37].

Зніжэнне імунітэту ў зуброў таксама, магчыма, звязана з лішкам у органах і тканках свінцу і кадмію і недахопам медзі і кобальту[39].

Паляванне і ахова[правіць | правіць зыходнік]

Паляванне на зубра, Італія, каля 1900
«Паляванне на зубра». К. Русецкі

Зубр быў важным аб'ектам промыслу продкаў беларусаў, у Сярэднявеччы і пазней на іх палявалі літоўскія князі, польскія каралі і рускія цары, а таксама самыя высокапастаўленыя асобы многіх краін Еўропы[8].

У 14091410 гадах, у Белавежскай пушчы адбыўся масавы забой зуброў, засоленае мяса нарыхтоўвалі для войскаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай вайне, магчыма, бочкі з мясам па Бугу сплаўлялася да Чэрвінска, дзе саюзныя войскі злучыліся перад паходам да поля Грунвальдскай бітвы[40].

З-за празмернага і некантралюемага промыслу зубры былі даведзены да пагрозы знікнення. Становішча вымусіла, напрыклад, літоўскіх князёў забараніць паляванне на гэтых жывёл. Тры Статуты Вялікага княства Літоўскага прадугледжвалі за зламыснае забойства зубра велічэзны штраф у 1200 грошаў (сярэбраных манет)[41]. У 1559 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст даручыў каралеўскаму маршалку і галоўнаму рэвізору Вялікага Княства Літоўскага Рыгору Валовічу правесці рэвізію ўсіх пушчаў і пераходаў звярыных, а асабліва зуброў.[40]

Але ў большасці краін знікненне зубра адбылося на працягу XVII-XIX стагоддзяў, і канчаткова від быў знішчаны ў многіх месцах падчас Першай сусветнай вайны.

Па самых прыблізных дадзеных можна адзначыць, што знікненне зубра ў дзікай прыродзе адбылося ў Іспаніі, Балгарыі, былой Югаславіі ў IX—X стагоддзях, у Швецыі — у XI, у Англіі — у XII, у Францыі — у XVI стагоддзях, ва Усходняй Еўропе — у 1755 годзе[8].

Такое становішча патрабавала мер па ахове віду, у тым ліку забароны на паляванне, мер па аднаўленню знішчаных папуляцый, стварэння запаведных участкаў у месцах пасялення гэтых быкоў.

Дзякуючы мерам, якія прадпрымаюцца, колькасць зуброў у свеце паступова аднаўляецца.

Від мае некалькі незалежных ахоўных катэгорый. Ён занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1993 года (у Чырвоную кнігу БССР з 1981)[8][42], Літвы, Расіі, Украіны (увесь час, пачынаючы з 1980 года), Польшчы, Еўрапейскі Чырвоны спіс (1991), Чырвоную кнігу МСАП (пастаянна, з 1966 года)[8].

Паляванне на зуброў, як правіла, забаронена або вельмі абмежавана. Гэта звязана з малымі тэмпамі размнажэння жывёл і вельмі вялікім попытам на іх як аб'екты палявання. Там, дзе прырост папуляцый зубра з'яўляецца высокім (перш за ўсё, у Беларусі), дазволена паляванне. Такія паляванні часта з'яўляюцца камерцыйнымі, з мэтай прыцягнення новых дадатковых сродкаў на ахоўныя мерапрыемствы.

Зуброў спрабуюць развесці таксама ў Плейстацэнавым парку(руск.) бел. ў Якуціі[43].

Гаспадарчае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Галава зуброна

Прыручыць зубра яшчэ ні разу не ўдавалася. Зуброў паспяхова скрыжоўваюць з буйной рагатай жывёлай[13]. Першы вядомы гібрыд зубра і хатняга быдла быў атрыманы польскім памешчыкам Леапольдам Валіцкім у 1847 годзе. Яго назвалі зубронам(польск.) бел.. Самцы першага пакалення зубронаў не маюць здольнасці да размнажэння. У цяперашні час развядзенне зубронаў спынена.

Паводле дадзеных даследаванняў, для гібрыдаў характэрныя высокая забойная вага (56 %), вышэйшае ўтрыманне ў мясе бялку (20,5 %) і ніжэйшае — тлушчу. Мяса мае лёгкі пах дзічыны, высокія кулінарныя якасці і падатлівае да тэрмічнай апрацоўкі. Атрыманне высокапрадукцыйных гібрыдаў — адзін са шляхоў практычнага выкарыстання зуброў у народнай гаспадарцы[13].

Мяса дарослага зубра мае характэрны пах мускусу, жорсткае і валакністае. Мяса маладых жывёл ва ўзросце да 4 гадоў — далікатнае, лёгка паддаецца тэрмічнай апрацоўцы[13]. Дарослы зубр дае да паўтоны мяса, 4 кг воўны, іх шкура валодае вялікай трываласцю і можа быць выкарыстаная на прывадныя рамяні[44].

З рагоў і капытоў зубра можна рабіць розныя сувеніры, са шкур рабілі лёгкія лодкі[13]. Шкуры маладых жывёл і самак прыдатныя для вытворчасці скураных вырабаў[44].

Зубры, як і іншыя буйныя траваедныя, угнойваюць глебу, што спрыяе паляпшэнню якасці расліннага покрыва.

Зубр у культуры[правіць | правіць зыходнік]

Зубр на сцяне пячоры Альтаміра
Выява зубра на беларускіх рублях
100 літоўскіх талонасаў (1991)
«Старажытнагерманскае паляванне на зубра» Фрыц Шапер(ням.) бел.

Зубры з'явіліся на наскальных малюнках Паўднёва-Заходняй Еўропы яшчэ 32000 гадоў таму. На 15000-гадовых насценных роспісах па частаце з'яўлення зубры займаюць другое месца пасля дзікіх коней.[45] Самыя вядомыя з іх прадстаўлены ў пячоры Альтаміра ў Іспаніі, а таксама ў пячоры Руфіньяк у дэпартаменце Дардонь на паўднёвым захадзе Францыі.

Адным з самых прыгожых увасабленняў з'яўляецца выразаная з аленевага рогу статуэтка зубра, які ліжа ўкус насякомага(англ.) бел., знойдзеная ў пячоры Мадлен(англ.) бел. у французскім дэпартаменце Дардонь.

У сярэдневяковай літаратуры час ад часу з'яўляліся апісанні зубра. Зубр упамінаецца, напрыклад, у Песні аб Нібелунгах(руск.) бел.. У многіх творах былі пераблытаны апісанні тураў і зуброў, зубр часта называўся бізонам.

Зубр з'яўляецца нацыянальным сімвалам Беларусі[46]. Да таго ж ён з'яўляецца тытульным героем паэмы «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

У апублікаваным у 1834 годзе польскім нацыянальным эпасе «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча зубры згадваюцца ў некалькіх вершах[47].

У «Палескіх рабінзонах» Янкі Маўра ёсць сцэна забойства апошняга зубра[48].

Існуе даволі вялікая колькасць скульптур зуброў, з якіх можна згадаць, напрыклад «Зуброў, якія змагаюцца(руск.) бел.» Аўгуста Гаўля, бронзавую скульптуру зубра ў Брэменскім парку рададэндранаў, створаную Эрнстам Горземанам(руск.) бел., «Старажытнагерманскае паляванне на зубра» Фрыца Шапера(ням.) бел..

Самая вялікая скульптура зубра ў свеце знаходзіцца на аўтамабільнай трасе М1 Брэст-Масква на мяжы Мінскай і Брэсцкай абласцей ля вёскі Петкавічы. Вага скульптуры 76 тон, вышыня — 20 метраў[49][50].

Імя зубра выкарыстоўваюць для называння самых розных рэчаў: ад веласіпеда «Зубраня» (руск.: «Зубрёнок») да напою «Зуброўка». Таксама ў гонар зубра названы род метлюжковых Зуброўка (Hierochloe), бо гэтыя жывёлы ахвотна ядуць яго.

Найбольш вядомы ў Беларусі, раней — беларускі дзіцячы аздараўленчы лагер, а цяпер Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» (Мядзельскі раён, Мінская вобласць).

Зубр у геральдыцы[правіць | правіць зыходнік]

Зубры на гербе сімвалізуюць уладу, сілу прыроды, якую цяжка прыручыць, мужнасць, велікадушнасць і працавітасць.

Галерэя гербаў з зубрамі[правіць | правіць зыходнік]

Зубр у філатэліі[правіць | правіць зыходнік]

Commons

Першая паштовая марка з выявай зубра была выпушчана ў Польшчы ў 1954 годзе. Маркі з зубрамі выпускаліся паштовымі адміністрацыямі Старога і Новага Свету. Акрамя паштовых марак існуюць мастацкія маркіраваныя канверты, а таксама спецыяльныя паштовыя штэмпелі з выявай зубра.

Зубр у фалерыстыцы[правіць | правіць зыходнік]

Банкамі Расіі, Украіны[51], Малаві[52] і Беларусі былі выпушчаныя манеты з выявамі зубра.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — ISBN 5-85700-095-5
  2. Krasińska M., Krasiński Z. Der Wisent. Die Neue Brehm-Bücherei. с. 42
  3. Ariane Bemmer: Lob des Wiederkäuens In: Der Tagesspiegel vom 28. September 2013
  4. Krasińska M., Krasiński Z. Der Wisent. Die Neue Brehm-Bücherei. с. 265
  5. Происхождение слов. Названия животных
  6. зубр Фасмер Макс
  7. 7,00 7,01 7,02 7,03 7,04 7,05 7,06 7,07 7,08 7,09 7,10 Заповедники зубров в Румынии 29.07.2011
  8. 8,00 8,01 8,02 8,03 8,04 8,05 8,06 8,07 8,08 8,09 8,10 8,11 8,12 8,13 8,14 8,15 Патриарх Налибокской пущи (руск.) 
  9. 9,00 9,01 9,02 9,03 9,04 9,05 9,06 9,07 9,08 9,09 9,10 9,11 9,12 9,13 9,14 ЗУБР (Bison bonasus)(руск.) 
  10. 10,00 10,01 10,02 10,03 10,04 10,05 10,06 10,07 10,08 10,09 10,10 10,11 10,12 10,13 10,14 10,15 10,16 10,17 10,18 Зубр животное (руск.) 
  11. 11,0 11,1 11,2 11,3 Зубр на сайце WWF.ru
  12. 12,00 12,01 12,02 12,03 12,04 12,05 12,06 12,07 12,08 12,09 12,10 12,11 12,12 12,13 12,14 12,15 Карцов Г. Беловежская пуща, 1382—1902.— 295 с.: ил., 2007 (руск.) 
  13. 13,0 13,1 13,2 13,3 13,4 13,5 13,6 Зубр, зубр европейский (Bison bonasus) (руск.) 
  14. 14,0 14,1 14,2 14,3 14,4 14,5 14,6 14,7 Зубр (руск.) 
  15. Чырвоная кніга Украіны
  16. 16,0 16,1 Bison in the Republic of Moldova
  17. 17,0 17,1 El bisonte europeo se reimplanta en España. Univision.com (2010-06-05). Праверана 16 студзеня 2011.
  18. 18,0 18,1 Концепцию сохранения зубров разработали в Беларуси
  19. Фільм «Радиоактивные волки Чернобыля» (руск.) 
  20. Стадо зубров в Полесском радиационно-экологическом заповеднике ежегодно увеличивается (руск.) 
  21. Recently extinct animals — Bison bonasus hungarorum(англ.) 
  22. Праект APUS.RU(руск.) 
  23. 23,0 23,1 23,2 23,3 Зубры и бизоны: долгий путь к спасению (руск.) 
  24. 24,0 24,1 24,2 Таёжный гость. Зубр (руск.) 
  25. 25,0 25,1 Зубр, зубр европейский (Bison bonasus) Белорусский охотничий портал
  26. Зубры в Крыму (руск.) 
  27. Англійскі пераклад, праверана 28 кастрычніка 2011 года
  28. Возвращение потерянного вида (руск.) 
  29. Заблоцкий М. А. Восстановление зубра в СССР и за границей //Охрана природы и заповедное дело в СССР. Бюллетень № 4. — М., 1960. — С. 52 — 70.
  30. Rautian G.S., Kalabushkin B.A., Nemtsev A.S. 2000. A new subspecies of the European bison, Bison bonasus montanus ssp. nov. (Bovidae, Artiodactyla). Doklady Biological Sciences. 375, 4: 563—567.
  31. Bison bonasus montanus Rautian, kalabuschkin, nemtsev, 2000
  32. Baczynska, Gabriela. FEATURE-Climate change clouds fate of ancient Polish woods , Reuters (2008-09-28). Праверана 28 верасня 2008.
  33. Сергей Глаголев Беларускія зубры пачынаюць выраджацца = Белорусские зубры начинают вырождаться — EJ. — 27 жніўня 2011.
  34. Приокско-террасный заповедник (руск.) 
  35. Концепцию сохранения зубров разработали в Беларуси
  36. Итоги разведения зубров за 60 лет (руск.) 
  37. 37,0 37,1 37,2 37,3 37,4 Распространение инфекционных и инвазионных заболеваний у беловежских зубров (руск.) 
  38. Веремей Э. И., Максимович В. В., Синица Н. В., Терешенкова А. С., Гаевский В. И., Буневич А. Н. Некротический балано-постит зубров //Материалы научно-практической конференции, посвященной 50-летию регулярных исследований в Беловежской пуще. — Минск, 1990.- С. 201
  39. Козло П. Г., Дерябина Т. Г., Буневич А. Н. Оценка накопления и распределения металлов в органах и тканях зубров, обитающих в Беловежской пуще //Сохранение биологического разнообразия лесов Беловежской пущи. — Каменюки-Минск, 1996. — С. 217—225
  40. 40,0 40,1 О королевской охоте (руск.) 
  41. КЛІМАТ СТАРАЖЫТНАЙ БЕЛАРУСІ / АХОВА ПРЫРОДЫ: ПЕРШЫЯ КРОКІ // «Беларуская думка»
  42. Красная книга Республики Беларусь. Европейский зубр(руск.) 
  43. Хороший забор — главное условие восстановления мамонтовых степей
  44. 44,0 44,1 Популяция зубра на Горном Алтае (руск.) 
  45. Nigge et al., S. 33
  46. birdwatch.by(бел.) 
  47. Fritz Gottschalk: Wisentinseln — Lebensbilder des europäischen Urwaldriesens, WAGE Verlag, Tessin, ISBN 3-9807492-5-8, S. 83 und S. 84
  48. Я. Маўр Сын воды. Полесские робинзоны. ТВТ — Юнацтва, 1986. — 300 с. — 180000 экз.
  49. Самая вялікая скульптура зубра ў свеце
  50. Сем цудаў Беларусі
  51. Памятная монета Украины «Зубр»(2003)
  52. Зубр на монете (руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кавказский зубр — "Красный пролетарии", 1939. — 144 с.
  • Published by the International Society for the Protection of the European Bison. = Księgi rodowodowe żubrów: Wydawnictwo Międzynarodowego Towarzystwa Ochrony Żubra. Pod redakcją Jana Żabińskiego. — Państwowe Wydawn. Naukowe, 1964.

Захаванне:

  • Буневич А. Н. Воспроизводительные показатели популяции зубров Беловежской пущи //Редкие виды млекопитающих России и сопредельных территорий. Тез. Междунар. Совещ., 9-11 апреля 1997 г., Москва. — М., 1997. — С. 17.
  • Буневич А. Н. Итоги расселения зубров по территории Беловежской пущи //Заповедники Белоруссии. Исследования. — Минск, 1991.- Вып. 15.- С. 98 — 110.
  • Буневич А. Н., Кочко Ф. П. Динамика численности и структура популяции зубров Беловежской пущи //Популяционные исследования в заповедниках. — М., 1988. — С. 96 — 114.
  • Веремей Э. И., Максимович В. В., Синица Н. В., Терешенкова А. С., Гаевский В. И., Буневич А. Н. Некротический балано-постит зубров //Материалы научно-практической конференции, посвященной 50-летию регулярных исследований в Беловежской пуще. — Минск, 1990.- С. 201.
  • Заблоцкий М. А. Восстановление зубра в СССР и за границей //Охрана природы и заповедное дело в СССР. Бюллетень № 4. — М., 1960. — С. 52 — 70.
  • Козло П. Г., Дерябина Т. Г., Буневич А. Н. Оценка накопления и распределения металлов в органах и тканях зубров, обитающих в Беловежской пуще //Сохранение биологического разнообразия лесов Беловежской пущи. — Каменюки-Минск, 1996. — С. 217—225.
  • Корочкина Л. Н. Беловежский зубр //Беловежская пуща. Исследования. — Минск, 1958. — Вып. 1. — С. 7 −34.
  • Корочкина Л. Н., Ковальков М. П., Толкач В. Н. и др. Беловежская пуща. — Минск, 1980. — 230 с.
  • Сипко Т. П. Анализ генофонда зубров Беловежской пущи //Материалы научно-практической конференции, посвященной 50-летию регулярных исследований в Беловежской пуще. — Минск, 1990. — С. 16 — 18.
  • Małgorzata Krasińska, Zbigniew Krasiński: Der Wisent. Die Neue Brehm-Bücherei. Bd 74. Westarp Wissenschaften, Hohenwarsleben 2008. ISBN 3-89432-481-3
  • Krasinska M., Krasinski Z.A., Bunevich A.N. Spatial Distribution of the European Bizon Populations in the Polish and Belarussian Parts of Bialowieza Primeval Forest //Abstracts Euro-American Mammal Congress, Santiago de Compostela, 19-24 July, 1998. Universidade de Santiago de Compostela. — 1998. — P. 331.
  • Krasinska M., Krasinski Z.A., Bunevich A.N. Zrozniowanie wielkosci grup mieszanych w populacjach zubra w zaleznosci od wycorzystania ekosystemow Puszczy Bialowieskiej //Parki Narodowe i Reserwaty Przyrody. — Bialowieza, 1997. — 16.1 — 58 — 55 — 66.
  • Krasinski Z.A., Bunevich A.N., Krasinska M. Characterystyka populacji zubra nizinnego w polskej i bialoruskiej czesci Puszczy Bialowieskiej //Parki Narodowe i Reserwaty Przyrody. — Bialowieza, 1994. — 13, № 4. — C. 25 — 67.
  • Slatis H.M. An analysis of inbreeding in the European bison //Genetics. — 1960. — № 45. — Р. 275—287.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
II катэгорыя (EN) 


Commons