Эстафета агню Еўрапейскіх гульняў 2019

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Эстафета «Полымя міру» стартавала 3 мая ў Рыме цырымоніяй запальвання агню II Еўрапейскіх гульняў і доўжылася 50 дзён. Кантынентальнае полымя пабывала ў самым высокім пункце Еўропы — на вяршыні Манблан, а таксама ў Аўстрыі, Славеніі, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі і Польшчы. 12 мая факел прыбыў у беларускі Брэст, каб прайсці шлях па 60 населеных пунктах краіны. Даўжыня ўсяго маршруту эстафеты складае 7 700 кіламетраў.

Факеланосцамі выступаюць 450 чалавек: знакамітыя спартсмены, зоркі культуры, навукі, мастацтва, журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы. Фінішам эстафеты «Полымя міру» стане цырымонія запальвання чашы алімпійскага агню на стадыёне «Дынама» ў час урачыстага адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў 21 чэрвеня.[1]

Шлях эстафеты агню[правіць | правіць зыходнік]

Эстафета агню Еўрапейскіх гульняў 2019 (Еўропа)
Еўрапейскі этап эстафеты
Беларускі этап эстафеты

Агонь II Еўрапейскіх гульняў запалены 3 мая ў Рыме ў комплексе «Ara Pacis Museum», дзе знаходзіцца помнік архітэктуры Арка міру. Затым беларускія альпіністы паднялі факел у найвышэйшы пункт Еўропы — на гару Манблан. Наведаны Нацыянальныя алімпійскія камітэты Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Польшчы. 8 мая 2019 года эстафету агню II Еўрапейскіх гульняў сустрэлі ў сталіцы Славеніі Любляне.

У Беларусі эстафета пачала свой шлях 12 мая. Факел пабываў ва ўсіх рэгіёнах: у Брэсцкім — 12—17 мая, Гродзенскім — 18—23 мая, Віцебскім — 24—29 мая, Магілёўскім — 30 мая — 4 чэрвеня, Гомельскім — 5—10 чэрвеня, Мінскім — 11—16 чэрвеня. 2 чэрвеня «Полымя міру» сустракалі ў Слаўгарадскім раёне на Блакітнай крыніцы — прыродным аб’екце рэспубліканскага значэння. Гэта самая буйная крыніца ва Усходняй Еўропе, і менавіта тут пачалі рэалізацыю сумеснага з Еўрасаюзам праекта па развіцці экатурызму.

Магілёўская вобласць[правіць | правіць зыходнік]

Урачыстая сустрэча агню і старт эстафеты ў Магілёве адбыўся на «Буйніцкім полі», у ёй прыняў уздзел старшыня Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Цумараў. Першым факелоносцам у горадзе стала салістка гурта IOWA Кацярына Іванчыкава. Агонь накіраваўся да памятнага знака ў гонар пісьменніка-франтавіка Канстанціна Сіманава, дзе агонь прыняў мастак Віктар Альшэўскі[2]. Далей агонь накіраваўся ў Магілёўскі заасад, дзе яго пранёс галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч, дырэктар мясцовага Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага Георгій Маліноўскі, які рэалізаваў ідэю стварэння заасаду, а таксама вакаліст гурта Nizkiz Аляксандр Ільін. «Полымя міру» здзейсніла сафары па чыгунцы заасаду да прыстані на Дняпры, адкуль на цеплаходзе агонь у руках чэмпіёна Паралімпійскіх гульняў па біятлоне Юрыя Голуба[2] быў правезены па адной з найбуйнейшых рэк Беларусі. Далей агонь Еўрапейскіх гульняў у лампадках наведаў прадпрыемствы «Магатэкс» і «Магілёўліфтмаш»[3].

Эстафета агню Еўрапейскіх гульняў у Магілёве

Увечары полымя пранеслі ад лесвіцы ў Падміколле па вуліцах Піянерскай і Лепяшынскага да кінатэатра «Радзіма». На плошчы Зорак агонь чакаў кабрыялет, у якім ён праехаў па пешаходнай вуліцы Ленінскай да плошчы Славы, дзе адбыўся канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады[3].

Пасля Магілёва «Полымя свету» накіравалася ў Шклоў і ў аграгарадок Александрыя, дзе пабывала на Трафімавай крыніцы.

«Полымя міру» пабывала ў Слаўгарадзе — на Замкавай гары на беразе Сожа. Далей на шляху эстафеты — Быхаўскі раён, мемарыял воінскай славы «Лудчыцкая вышыня» і Чыгірынскае вадасховішча.[4]

Мінск[правіць | правіць зыходнік]

У Мінску «Полымя міру» сустрэнуць 17 чэрвеня на плошчы Дзяржаўнага сцяга. У той жа дзень факел пройдзе па праспекце Пераможцаў, 18 чэрвеня — па праспекце Незалежнасці. 19 чэрвеня ўдзельнікі эстафеты накіруюцца на мінскія прадпрыемствы. Далей плануецца наведванне паркаў і выдатных мясцін горада, удзел у цырымоніі прывітання атлетаў у Вёсцы спартсменаў. Маршрут эстафеты завершыцца 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» — у час цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў будзе запалены агонь форуму.[5]

Па маршруце эстафеты 17 і 18 чэрвеня ў цэнтры Мінска сіламі ДАІ ўводзяцца абмежаванні руху.[6]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]