Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з А. Чарвякоў)
Jump to navigation Jump to search
Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў
Aliaksandr Čarviakoŭ, partret. Аляксандр Чарвякоў, партрэт.jpg
1-ы Старшыня Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР
30 снежня 1920 — 16 чэрвеня 1937
Папярэднік: пасада заснаваная
Пераемнік: Міхаіл Стакун
1-ы Старшыня ЦВК БССР
18 снежня 1920 — 16 чэрвеня 1937
Папярэднік: пасада заснаваная
Пераемнік: Міхаіл Стакун
Старшыня СНК БССР
18 снежня 1920 — 17 сакавіка 1924
Папярэднік: пасада заснаваная
Пераемнік: Язэп Адамовіч
1-ы Народны камісар замежных спраў БССР
снежань 1920 — ліпень 1923
Папярэднік: пасада заснаваная;
Вінцас Міцкявічус-Капсукас як народны камісар замежных спраў Літбела
Пераемнік: пасада скасаваная;
Кузьма Кісялёў
 
Партыя:
Адукацыя:
Дзейнасць: палітык
Нараджэнне: 8 сакавіка 1892(1892-03-08)
Смерць: 16 чэрвеня 1937(1937-06-16)[1] (45 гадоў)
Пахаванне:

Алякса́ндр Рыго́равіч Чарвяко́ў (8 сакавіка 1892; Дукоркі, цяпер Пухавіцкі раён — 16 чэрвеня 1937, Менск) — беларускі савецкі палітычны дзеяч. Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісант Маніхвэста аб абвяшчэнні ССРБ 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Падпісант Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. 1-ы Старшыня ЦВК БССР (1920—1937) і 1-ы Старшыня Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1920—1937). Старшыня СНК БССР (1920—1924), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920—1923).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

2-я сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (15 (28) кастрычніка 1917, Мінск). Аляксандр Чарвякоў стаіць у другім радзе 5-ы справа.
Аляксандр Чарвякоў, 1924 год.
Старшыня ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў на Надзвычайным XII З’ездзе Саветаў БССР робіць даклад аб праекце Канстытуцыі СССР, 1936 год.
Зацемка пра самагубства Аляксандра Чарвякова ў № 138 газеты «Звязда» ад 17 чэрвеня 1937 года.

Нарадзіўся 8 сакавіка (ст. ст. 25 лютага) 1892 года ў вёсцы Дукоркі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер у складзе вёскі Дукора Пухавіцкага раёна) у сялянскай сям’і[2]. Скончыў царкоўнапрыходскую школу, а пасля гарадское вучылішча. У сямнаццаць гадоў вытрымаў экзамен на званне народнага настаўніка, настаўнічаў у Троцкім павеце[2].

У 1915 годзе скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут[3], прызваны ў армію. Праз сваю адукацыю быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў, якую паспяхова скончыў, служыў у розных часцях. Атрымаў накіраванне ў Петраград, дзе павінен быў прайсці курс у кулямётнай школе, трапіў у горад 28 лютага 1917 года[2]. 3 мая 1917 года член РСДРП(б), прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе(руск.) бел., у гэты ж час пазнаёміўся з Іосіфам Сталіным[2]. Паводле рэкамендацыі Змітра Жылуновіча становіцца сябрам Нарвскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады[2]. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі бальшавіцкага кірунку, якая існавала з восені 1917 да красавіка 1918 года, калі на яе аснове была створана беларуская секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкаме РКП(б). Увосень 1917 года сябра Беларускага бежанскага камітэта[2]. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Петраградзе.

Удзельнік Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (5 (18)—18 (31) снежня 1917) ад беларусаў-бальшавікоў Петраграда[2]. У лютым—траўні 1918 года камісар Беларускага нацыянальнага камісарыята. 3 ліпеня 1918 года ў Чырвонай Арміі: камісар дывізіі, аднак па дарозе да месца службы цягнік пацярпеў крушэнне і Чарвякоў быў вызвалены з пасады «праз атрыманыя ўдары»[2]. Атрымаў месца загадчыка культурна-асветніцкага аддзела ва Усерасійскім бюро ваенных камісараў пры УЦВК[2]. Адначасова ўваходзіў у кіруючае ядро Беларускіх секцый РКП(б)[3].

1 студзеня 1919 года ў ліку 5 членаў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі падпісаў у Смаленску Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі аб абвяшчэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У 1919 годзе камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР[3].

Пасля пачатку польска-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі ў палітаддзеле Заходняга фронту, начальнік палітаддзела Гомельскага ўмацаванага раёна, асобнай Гомельскай крапасной брыгады. У 1920 годзе начальнік аддзела РВС Заходняга фронту, старшыня Менскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, ВРК ССРБ. 31 ліпеня 1920 года ад імя ЦК КП(б)ЛіБ разам з прадстаўнікамі ЦК Бунда, Беларускай камуністычнай арганізацыі, Цэнтральнага бюро прафесійных саюзаў Менска і Менскай губерні падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Удзельнік мірных перамоў з Польшчай у Рызе ў кастрычніку 1920 года[3].

У 1920—1924 гадах старшыня ЦВК і СНК БССР, з 1924 года — старшыня ЦВК БССР і адзін са старшынь ЦВК СССР з 1922 года. Удзельнічаў у падрыхтоўцы ўтварэння СССР, распрацоўцы 5-гадовых планаў развіцця народнай гаспадаркі і культуры СССР і БССР, Канстытуцый СССР і БССР. Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі[3].

Член ЦБ КП(б)Б у 1920—1924, ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—1937. Член ЦВК БССР у 1919—1937 і яго Прэзідыума, ЦВК СССР і яго Прэзідыума з 1922 года[3].

У канцы 1920 — пач. 1930-х гадоў Аляксандр Чарвякоў быў абвінавачаны ў тым, што падзяляе праваапартуністычныя погляды Мікалая Бухарына, затушоўвае вядучую ролю прамысловасці, найперш цяжкай, у сацыялістычнай перабудове вёскі падмяняе пралетарскі характар Кастрычніцкай рэвалюцыі дробнабуржуазным; ідэалізуе беларускія дробнабуржуазныя партыі, з’яўляецца прыхільнікам тэорыі «саступак» нацыянальнай інтэлігенцыі. Рабіўся вывад пра тое, што ў яго прамовах і артыкулах сфармулявана цэлая сістэма праваапартуністычных і нацыянал-апартуністычных поглядаў. Пад націскам крытыкі на партыйных пленумах, пасяджэннях Бюро ЦК, у прэсе ён вымушаны быў прызнаць наяўнасць зробленых памылак і абяцаў выправіць іх практычнай працай[3].

Асабліва жорстка Аляксандра Чарвякова крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б (10—19 чэрвеня 1937). Ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», каб назваў носьбітаў варожых ідэй у КП(б)Б, дзяржаўным апараце, асяроддзі інтэлігенцыі[3]. Абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі, намякалі на вяршэнства ў антысавецкім падполлі ў БССР. Дэлегаты патрабавалі выказаць Старшыні ЦВК палітычны недавер. У перапынку з’езда Аляксандр Чарвякоў застрэліўся ў сваім службовым кабінеце[4]. Рэабілітаваны ў 1957 годзе[5].

Пахаваны на Вайсковых могілках Менска.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • За Савецкую Беларусь. Мн., 1927;
  • …Я ніколі не быў ворагам: Выбраныя артыкулы і прамовы; Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992.

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Фігуруе ў 22 раздзеле аповесці «Знак бяды» Васіля Быкава[6]. Аляксандр Чарвякоў выяўлены на карціне Леаніда Дударэнкі «Мінск, 1919» (1977)[7].

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У 1967 годзе ў гонар Аляксандра Чарвякова названыя вуліца і завулак у Цэнтральным раёне Мінска[8]. У гонар Аляксандра Чарвякова названая вуліца ў Дукоры. Імя Чарвякова носіць Свіслацкая сярэдняя школа Пухавіцкага раёна, дзе створаны прысвечаны яму музей. На колішнім Другім Доме Саветаў (гістарычны Дом Свянцікага), дзе жыў Аляксандр Чарвякоў, усталяваная памятная дошка[9].

Зноскі

  1. Червяков Александр Григорьевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 2,8 Алена Ляўковіч Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста». zviazda.by (24 кастрычніка 2018). Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2019. Праверана 23 студзеня 2019.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 3,7 Платонаў Р., 2003, с. 138
  4. Платонаў Р., 2003, с. 139
  5. Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  6. Анатоль Сідарэвіч Подзвіг Аляксандра Чарвякова. nn.by (13 ліпеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2019. Праверана 28 студзеня 2019.
  7. Ніна Стужынская Ролі Усевалада Фальскага: лёс народнага камісара замежных спраў у першым урадзе савецкай Беларусі. nn.by (14-005-2016). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2019. Праверана 28 студзеня 2019.
  8. Вячеслав Бондаренко Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы. Переименования в 1960-е и дальше (руск.) . minsk-old-new.com (16 жніўня 2007). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2019. Праверана 28 студзеня 2019.
  9. Червяков Александр Григорьевич (руск.) . will-remember.ru. Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2019. Праверана 28 студзеня 2019.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Платонаў Р. Чарвякоў Аляксандр Рыгоравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч — Мінск: БелЭн, 2003. — С. 138—139. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Иоффе, Э. Г. От Мясникова до Малофеева: кто руководил БССР / Э. Г. Иоффе. — Мн.: Беларусь, 2008. — 287 с. — С. 179—181. — ISBN 978-985-01-0803-6
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Якутов В. Александр Червяков: Документальная повесть. — Мн., 1986.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]