Джымі Уайт
Джымі Уайт
англ.: Jimmy White | |
Дата нараджэння: | 2 мая 1962[1] (62 гады) |
---|---|
Месца нараджэння: |
|
Грамадзянства: | Англія |
Вядучая рука: | левая |
Прафесійная кар’ера: | 1980—... |
Найвышэйшы рэйтынг: | 2 (05.05.1987—01.05.1989) |
Цяперашні рэйтынг: | 120 (4 красавіка 2016) |
Прызавыя грошы: | > £4,700,000 |
Найвышэйшая серыя: | 147 (Чэмпіянат свету 1992) |
Колькасць соценных серый: | 312 |
Перамогі на турнірах | |
Рэйтынгавыя турніры: | 10 |
Іншыя прафесійныя турніры: | 19 |
Чэмпіянат свету: | фінал (1984, 1990, 1991, 1992, 1993, 1994) |
Джымі Уайт (англ.: Jimmy White; 2 мая 1962, Туцінг, Англія) — англійскі прафесійны ігрок у снукер. Шасціразовы фіналіст чэмпіянату свету (1984, 1990, 1991, 1992, 1993, 1994). Былы другі нумар сусветнага рэйтынгу (1987–1989), з сезона 1982/1983 да сезона 1996/1997 нязменна ўваходзіў у топ-16, пасля чаго вяртася ў эліту ў сезонах 1999/2000 і з сезона 2001/2002 да сезона 2005/2006. Адзін з чатырнаццаці снукерыстаў у гісторыі, якія выйгравалі чэмпіянат Вялікабрытаніі (1992) і Мастэрс (1984) — два з трох турніраў трайной снукернай кароны (акрамя чэмпіянату свету).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Пачаў прафесійную кар'еру ў 1980 годзе ва ўзросце 18 гадоў і дэбютаваў у асноўнай стадыі чэмпіянату свету ў першым жа сезоне. У сезоне 1981/1982 дайшоў да паўфіналаў на чэмпіянаце Вялікабрытаніі і чэмпіянаце свету, а таксама дэбютаваў на Мастэрс, пасля чаго ўвайшоў у топ-16 і дайшоў да першага рэйтынгавага фіналу на Professional Players Tournament (пазней Гран-пры) 1982 года. У 1984 годзе перамог на Мастэрс і ўпершыню дайшоў да фіналу чэмпіянату свету, дзе саступіў Стыву Дэвісу (16:18). У 1986 годзе здабыў свае першыя рэйтынгавыя тытулы на Класік і Гран-пры, а ў 1987 годзе дадаў да іх перамогу на адкрытым чэмпіянаце Брытаніі і падняўся на найвышэйшы для сябе другі радок у рэйтынгу. У тым жа 1987 годзе ўпершыню дайшоў да фіналу чэмпіянату Вялікабрытаніі, а ў 1988 годзе выйграў чацвёрты рэйтынгавы турнір — Канадскі Мастэрс. З 1990 да 1994 года пяць разоў запар даходзіў да фіналаў чэмпіянатаў свету, чатыры разы саступіўшы Стывену Хендры (12:18 у 1990 годзе, 14:18 у 1992, 5:18 у 1993 і 17:18 у 1994) і адзін раз Джону Пэрату (11:18 у 1991 годзе), але так і не перамогшы на найбуйнейшым снукерным спаборніцтве. У гэтыя гады ён здабыў яшчэ пяць рэйтынгавых тытулаў: Класік 1991 года, адкрыты чэмпіянат Брытаніі 1992 года, чэмпіянат Вялікабрытаніі 1992 года, адкрыты чэмпіянат Еўропы 1992 года і Гран-пры 1992 года. Пасля гэтага ў яго кар'еры адбыўся спад і ў 1997 годзе ён вылецеў з топ-16 упершыню за 13 гадоў ва ўзросце 35 гадоў, аднак у 2000 годзе ён выйшаў у свой першы рэйтынгавы фінал за 6 гадоў на адкрытым чэмпіянаце Брытаніі, а з 2001 года яшчэ 5 гадоў пратрымаўся ў топ-16 рэйтынгу, дайшоўшы да фіналу адкрытага чэмпіянату Еўропы 2004 года і здабыўшы свой дзясяты рэйтынгавы тытул на Players Championship 2004 года ва ўзросце 41 года, стаўшы такім чынам самым узроставым пераможцам рэйтынгавых турніраў з 1989 года. У сезоне 2005/2006 падняўся на восьмае месца ў рэйтынгу, пасля чаго больш не ўваходзіў у топ-32, аднак працягвае прафесійныя выступы па сённяшні дзень і з'яўляецца самым узроставым прафесійным снукерыстам у мэйн-туры.
Фанаты называюць Уайта «Віхор» (англ.: The Whirlwind) за яго хуткі і атакуючы стыль гульні, а таксама «Народны чэмпіён» (англ.: People's Champion). Акрамя дзесяці рэйтынгавых тытулаў і перамогі на Мастэрс сярод яго дасягненняў перамога на парным чэмпіянаце свету 1984 года (разам з Алексам Хігінсам), перамогі на кубках свету ў складзе зборнай Англіі ў 1988 і 1989 гадах (разам са Стывам Дэвісам і Нілам Фулдсам), перамога на кубку Нацый 2000 года ў складзе зборнай Англіі (разам з Джонам Пэратам, Роні О’Саліванам і Стывенам Лі), перамога на чэмпіянаце свету па снукеры з шасцю чырвонымі шарамі 2009 года і перамога на чэмпіянаце свету сярод ветэранаў 2010 года. За сваю кар'еру аформіў больш за 300 соценных брэйкаў, у тым ліку адзін максімальны брэйк на чэмпіянаце свету 1992 года, і ўваходзіць у топ-20 самых сярыйных снукерыстаў у гісторыі. Акрамя таго, зарабіў больш за 4,7 мільёна фунтаў стэрлінгаў прызавых грошай, уваходзячы ў топ-10 снукерыстаў па гэтым паказчыку.
Фіналы турніраў
[правіць | правіць зыходнік]Рэйтынгавыя турніры: 24 (10 перамог, 14 паразаў)
[правіць | правіць зыходнік]Легенда |
Чэмпіянат свету (0:6) |
Чэмпіянат Вялікабрытаніі (1:2) |
Іншыя (9:6) |
Мастэрс: 2 (1 перамога, 1 параза)
[правіць | правіць зыходнік]№ | Вынік | Год | Турнір | Апанент у фінале | Лік |
---|---|---|---|---|---|
1 | Перамога | 1984 | Мастэрс | Тэры Грыфітс | 9:5 |
2 | Параза | 1986 | Мастэрс | Кліф Торбурн | 5:9 |
Зноскі
- ↑ Person Profile // Internet Movie Database — 1990.
- ↑ https://www.swlondoner.co.uk/sport/27112014-tootings-jimmy-white-still-believes-can-win-titles-faces-tough-ding-match/ — 2014. Праверана 19 ліпеня 2021.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Джымі Уайт на Вікісховішчы |
- Профіль на World Snooker (англ.)
- Статыстыка Джымі Уайта на CueTracker.net (англ.)