Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Воўчын)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
касцёл
Троіцкі касцёл
Троіцкі касцёл падчас рэстаўрацыі
Троіцкі касцёл падчас рэстаўрацыі
52°17′08″ пн. ш. 23°18′37″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Воўчын
Канфесія Каталіцызм
Епархія Пінская дыяцэзія
Заснавальнік Станіслаў Панятоўскі
Дата заснавання 18 ліпеня 1729
Будаўніцтва 18 ліпеня 17291733
Статус Ахоўваецца дзяржавай
Стан рэстаўрацыя

Троіцкі касцёл — касцёл у в. Воўчын Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першы камень новага касцёла быў закладзены 18 ліпеня 1729 г. брэсцкім архідыяканам і намеснікам суддзі Янаўскай генеральнай кансісторыі Уладзіславам Суткоўскім. Будаўніцтва вялося на сродкі Станіслава Панятоўскага і завершылася ў 1733 г. Паводле некаторых звестак, канчаткова касцёл быў пабудаваны і абсталяваны ў 1743 г. дзякуючы намаганням чарговага ўладальніка Воўчына Міхала Чартарыйскага, якому маёнтак дастаўся ў 1738 г. Работы па аздабленню інтэр'ераў працягваліся і ў наступныя гады. Сярод архіўных матэрыялаў выяўлена таксама інфармацыя, што ў 1755 г. у Воўчыне працаваў архітэктар Крэйц, які быў адным з лепшых вучняў Пёпельмана, Яўха, Дэйбля. У канцы XVIII ст. Адамам Чартарыйскім праведзены рамонт воўчынскага палаца і адначасова касцёла.

Пасля паўстання 1863—1864 гг. касцёл у Воўчыне быў спачатку закрыты, а потым перададзены праваслаўным вернікам. Работы па перабудове касцёла ў царкву распачаліся ў 1873 г. 30 жніўня 1876 г. адбылося асвячэнне царквы ў імя Прасвятой Тройцы. Свята-Троіцкая царква была прыпісана да воўчынскай царквы Св. Мікалая Цудатворца. За перыяд існавання царквы буйных рамонтаў і пераробак будынка не праводзілася.

У 1918 г. воўчынскі храм быў вернуты каталікам. У 1925 г. у касцёле адрамантавана тынкоўка, зроблена печка, умацавана канструкцыя вежы, устаўлены новыя дзверы, аконныя рамы, адрамантаваны дах. У 1930-я гг. сярод польскага насельніцтва рэгіёну пачалася кампанія па адраджэнні Свята-Троіцкага касцёла. У касцёле захоўвалася метрыка Станіслава Аўгуста Панятоўскага — апошняга караля Рэчы Паспалітай. А ў ліпені 1938 г. у Воўчын з Санкт-Пецярбурга была перавезена труна з астанкамі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Перапахаванне праводзілася тайна ад грамадскасці, без выканання неабходнага ў такім выпадку рытуалу. Другая сусветная вайна прыпыніла пачаты рамонт касцёла.

Пасля вайны Троіцкі касцёл быў закрыты мясцовымі ўладамі і перададзены калгасу пад сховішча. Воўчынскі ксёндз пакінуў мястэчка, забраўшы касцельны архіў.

Руіны касцёла, 2008

У 2007 годзе было прынята рашэнне пра перадачу Пінскай дыяцэзіі будынка паўразбуранага касцёла[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Дэталь касцёла: скульптура евангеліста і бельведэр з гадзіннікам

Касцёл уяўляе сабой цэнтрычны вастмігранны ў плане мураваны будынак накрыты гранёным шатровым дахам. У яго завяршэнні бельведэр з гадзіннікам-курантамі (знішчаны ў 1939 г., адноўлены ў 2010-х гг.). Уваход вылучаны нізкім прытворам, не парушаючым цэнтрычнасці агульнай кампазіцыі. Шырокія грані фасадаў крапаваныя падвойнымі пілястрамі карынфскага ордара, завершаныя лучковымі франтонамі, увянчанымі скульптурнымі выявамі евангелістаў, ракайльнымі вазамі. Аконныя праёмы размешчаныя ў тры ярусы: лучковыя ўнізе і на другім ярусе вузкіх граней; высокія арачныя на шырокіх гранях, круглыя і авальныя люкарны ў верхнім ярусе. Ліштвы акон насычаныя прафіліроўкай, арнаментальнай лепкай, дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер да рэстаўрацыі

Зала храма мае форму грэчаскага крыжа, перакрытая плоскай столлю. Вуглы зрэзаныя чатырма авальнымі ў плане памяшканнямі з лоджыямі на другім ярусе, на якія вядуць вітыя ўсходы. Два ярусы абмежаваны шырокім антаблементам з прафіляваным карнізам і арнаментальным фрызам. Першы ярус сцен раскрапаваны карынфскімі канеліраванымі пілястрамі, другі — тонкімі лапаткамі з гірляндамі ў прасценках. У дэкоры шырока выкарыстана стукавая лепка: картушы, гірлянды, букеты кветак, акантавы арнамент, гарэльефы пуцці і херувімаў. Асноўнымі пластыка-дэкаратыўнымі акцэнтамі інтэр'ера з'яўляюцца тры алтары — галоўны і две бакавыя.

Плябанія[правіць | правіць зыходнік]

Рэстаўрацыя плябаніі

Побач з касцёлам (з усходняга боку) захаваўся будынак плябаніі — аднапавярховы прамавугольны ў плане аб'ём пад вальмавым дахам з мансардай.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Святой Тройцы на Радзіма.орг