Палітыка Вялікабрытаніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ілюстрацыя да палітычнага працэсу Брэксіта

Вялікабрытаніяунітарная парламенцкая дэмакратыя, канстытуцыйная манархія. Брытанская каралева Лізавета II царуе з 1952 года і з'яўляецца самым доўгакіруючым лідарам планеты.[1] Злучанае Каралеўства cкладаецца з чатырох гістарычных абласцей, што маюць свае ўрады і карыстаюцца шырокай аўтаноміяй: Англія, Шатландыя, Уэльс і Паўночная Ірландыя са сталіцамі ў Лондане, Эдынбургу, Кардыфе і Белфасце адпаведна. Востраў Мэн і Нармандскія астравы фармальна не ўваходзяць у склад Злучанага Каралеўства, з'яўляючыся "Кароннымі землямі". 14 раскіданых па ўсім свеце заморскіх тэрыторый — рэшткі Брытанскай каланіяльнай імперыі, што калісьці займала чвэрць населенай сушы.

Роля на міжнароднай арэне[правіць | правіць зыходнік]

У XVIII стагоддзі першая краіна, закранутая Прамысловай рэвалюцыяй, у XIX стагоддзі — самая магутная дзяржава свету, Вялікабрытанія і сёння застаецца сусветным палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам. Гэта ядзерная дзяржава з 1952 года (прызнаная ў адпаведнасці з Дагаворам аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі 1968 года), сталы член Савета Бяспекі ААН. З'яўляецца членам Вялікай Сямёркі, АЭСР. Як былая метраполія Брытанскай імперыі, сёння ачольвае Садружнасць нацый. У 1973 увайшла ў склад ЕС, у 2016 вырашыла пакінуць арганізацыю. Працэдура Брэксіта аказалася складанай і пакутлівай.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Адметнай характарыстыкай дзяржаўнага ладу Вялікабрытаніі з'яўляецца адсутнасць якога-небудзь адзінага дакумента, які можна было б назваць асноўным законам краіны, не існуе пісьмовай Канстытуцыі, больш таго, не існуе нават дакладнага пераліку дакументаў, якія адносіліся б да Канстытуцыі. Адносіны паміж народам і ўрадам рэгулююцца заканадаўчымі актамі, няпісанымі законамі і канвенцыямі. Важную ролю адыгрываюць статуты, пагадненні і міжнародныя дамовы. Адсутнасць Канстытуцыі дазваляе парламенту вельмі лёгка змяняць старыя і прымаць новыя законы. Ніводзін закон, прыняты аднойчы парламентам, не мае недатыкальнасці і можа быць зменены будучым парламентам.

Каралева[правіць | правіць зыходнік]

Лізавета ІІ і Рональд Рэйган, 1982

Вялікабрытанія — парламенцкая манархія на чале з каралевай. Лізавета ІІ з Вінзарскай дынастыі, якая ўзышла на прастол у 1952, з'яўляецца самым доўгакіруючым і адначасова найстарэйшым у свеце лідарам дзяржавы на сённяшні дзень. Акрамя Вялікабрытаніі, Лізавета ІІ дэ-юрэ кіруе яшчэ 15 дзяржавамі свету — Аўстраліяй, Новай Зеландыяй і інш., вядомымі як Каралеўствы Садружнасці. Хоць Каралева і не мае рэальнай улады, ёй належыць "права раіць, заахвочваць і папярэджваць".

Заканадаўчая ўлада[правіць | правіць зыходнік]

Вэстмінстэрскі палац — месца пасяджэнняў брытанскага парламента

Заканадаўчы орган — двухпалатны парламент (абіраная Палата абшчын і прызначаемая Палата лордаў — 650 і 780 крэслаў адпаведна). Закон, для таго каб быць прынятым, мусіць прайсці чытанні ў абедзвюх палатах і затым атрымаць каралеўскую санкцыю. Брытанская парламенцкая сістэма вядома як Вэстмінстэрская, яна легла ў аснову функцыянавання ўсіх парламенцкіх дэмакратый свету. Парламент з'яўляецца вышэйшым органам улады на ўсёй тэрыторыі дзяржавы, нягледзячы на наяўнасць у Шатландыі, Уэльсе і Паўночнай Ірландыі ўласных кіраўнічых адміністрацыйных структур.

Выканаўчая ўлада[правіць | правіць зыходнік]

Урад узначальвае прэм'ер-міністр. Крэсла прэм'ера звычайна займае лідар партыі або кааліцыі, якой належыць бальшыня ў Палаце абшчын. Прэм'ер-міністр, як правіла, са спісу сваёй партыі або кіруючай кааліцыі, прызначае кабінет міністраў, што фармальна пацвярджаецца манархам.

Палітычныя партыі[правіць | правіць зыходнік]

У канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя галоўную ролю у палітычным жыцці Вялікабрытаніі гуляюць партыі лейбарыстаў і кансерватараў. Лейбарысцкая партыя, што прадстаўляе традыцыі брытанскага сацыялізму, знаходзілася ва ўладзе ў 2000-х (Прэм'ер-міністры Тоні Блэр (1997–2007) і Гордан Браўн (2007–2010)). У 2010-х рэй у брытанскай палітыцы вядзе Кнсерватыўная партыя (Прэм'еры Дэвід Кэмеран (2010–2016) і Тэрэза Мэй (2016–2019)). Ліберальная партыя, што была ўплывовай сілай у ХVIII – пачатку ХХ стагоддзя, сёння мае няшмат прыхільнікаў, а па колькасці крэслаў у парламенце ў 2015,17 нават саступае левацэнтрысцкай Шатландскай нацыянальнай партыі. Астатнія месцы займаюць партыі ўскраін: валійская партыя Plaid Cymru і ірландскія Дэмакратычная юніянісцкая партыя і ультрарэспубліканская Шын Фейн, дэпутаты ад якой не займаюць сваіх крэслаў праз неабходнасць прысягаць на вернасць каралеве.

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Астраўное геаграфічнае становішча паўплывала на ход брытанскай гісторыі ды на рысы брытанскага характару. І ў ХХІ стагоддзі Вялікабрытанія, хоць і рухаючыся ў агульнаеўрапейскім цывілізацыйным накірунку, часта назірае за гэтым рухам з узбочыны. Нягледзячы на членства ў Еўрапейскім саюзе ў 1973–2019, астраўляне ані перайшлі на еўра, ані сталі часткай Шэнгенскай зоны. Міграцыйны крызіс сярэдзіны 2010-х і ўнутрыеўрапейскія супярэчнасці падштурхнулі Вялікабрытанію да выхаду з ЕС. З іншага боку, дзяржава захоўвае вельмі важную ролю ў свеце ў сілу гістарычнай інерцыі — як былая метраполія Брытанскай імперыі, ачольваючы Садружнасць Нацый; а таксама той ролі, якую англійская мова мае ў сучасным свеце; эканамічнай і фінансавай, а таксама, культурнай і медыйнай значнасці.

Беларуска-брытанскія адносіны[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Злучаным Каралеўствам былі ўсталяваны 27 студзеня 1992 года. У ліпені 1993 года было адкрыта беларускае Генеральнае консульства у Лондане, якое ў чэрвені 1994 года было пераўтворана ў Пасольства Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. Першым паслом Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі стаў Уладзімір Сянько. Амбасада Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Мінску функцыянуе з 1993 года па адрасе Карла Маркса 37. У 2013 годзе паслом Беларусі ў Вялікабрытаніі прызначаны Сяргей Алейнік. Амбасабар Злучанага Каралеўства ў Мінску — Фіёна Гіб.[2]

У першыя гады развіцця адносінаў паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй адбываўся даволі інтэнсіўны палітычны дыялог. У снежні 1994 года Вялікабрытанію наведаў Старшыня Вярхоўнага Савету, а ў траўні 1995 г. — Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Чыгір. Былі падпісаны інвестыцыйныя пагадненні. Злучанае Каралеўства адным з першых у ЕС ратыфікавала пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве Беларусі з ЕС у 1996. У лістападзе 2008 для ўдзелу ў першым інвестыцыйным форуме ў Лондане Брытанію наведаў беларускі Прэм'ер Сяргей Сідорскі.

У кастрычніку 2016 г. адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь Прынца Майкла Кенцкага, падчас якога ён быў прыняты Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам. У сакавіку 2018 Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей наведаў Лондан, дзе сустрэўся з брытанскім калегам Борысам Джонсанам.[3]

Адным з першых з Мінскам парадніўся англійскі горад Нотынгем, пабрацімам Гомеля стаў шатландскі горад Абердзін.

Зноскі