Патоп на Дубравенцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Патоп на Дубровенцы, 1942)
Патоп на Дубравенцы
Прычына Пашкоджанне, забіванне і паўторнае прабіццё трубы пад насыпам праз раку
Месца Магілёў
Краіна Трэці рэйх (ваенная адміністрацыя), БССР
Дата 10 красавіка 1942
Загінулых каля 2000 чалавек
Пацярпелых невядома
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Патоп на Дубравенцы або Магілёўскае цунамі — паводка 10 красавіка 1942 года ў Магілёве, што адбылася ў выніку прабіцця аселага насыпу праз раку Дубравенка. Найбуйнейшае прыродна-тэхнагеннае бедства ў Беларусі, што пацягнула смерць 2 тысяч чалавек.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Чыгуначны мост праз раку Дубравенку. Пазней пад ім з’явіцца насып.

Чыгуначная лінія, якая перасекла раку Дубравенку ў раёне Карабанаўкі, была пракладзена яшчэ ў пачатку XX ст. Спачатку яна ішла праз мост, а пазней быў створаны земляны насып. Плынь ракі было вырашана прапусціць па бетоннай трубе[1].

Пры адступленні з Магілёва ў ліпені 1941 года чырвонаармейцы падарвалі чыгуначны насып. Ад прасядання насып перакрыў рэчышча, а труба, цераз якую цякла рака, была пашкоджана. Да зімы ў рачной нізіне ад Пашкава да насыпу разлілося возера з узроўнем вады аж да самых рэек[1].

Прыйшоўшы ў горад, нямецкае камандаванне прыступіла да рамонту шляхоў, каб пускаць эшалоны на ўсход[1]. Падчас прац труба была забіта: у варонку ў насыпе скідвалася зямля і шпалы, што яшчэ больш засмеціла трубу. Рух цягнікоў быў адноўлены, а каб насып не апоўз, трубу яшчэ закрылі дрэвам. Тады Гарадское ўпраўленне звярнулася да начальніка Чыгуначнай станцыі Магілёва Лапо з просьбай аднавіць пропуск вады праз трубу. Лапо адказаў, што вышэйшае камандаванне ўведзена ў курс спраў, і хутка павінны прыбыць нямецкія будаўнічыя часці каб вырашыць праблему[2].

Нямецкі обер-лейтэнант Вольфсбергер вырашыў зрабіць штольню (прабіццё насыпу) сячэннем 1.2 м², але яе было недастаткова для спуску вады, бо старая труба мела плошчу ў 16 м². Працы распачаліся 6 кастрычніка, але праз некаторы час сталі немагчымымі з-за грунтавых вод. У ноч з 19 на 20 снежня са старой трубы, якая лічылася разбуранай, вырвалася вялікая колькасць вады, а ў насыпе пад чыгункай узнікла варонка. У той жа час, з боку возера насып ацалеў. Тады Гарадское ўпраўленне вырашыла да пачатку веснавой паводкі прабурыць пясок усярэдзіне старой трубы і аднавіць яе[2].

Працы па ачышчэнні трубы ішлі паводле плана, але 20 лютага камендант чыгуначнага вузлу забараніў іх, спаслаўшыся на тое, што асадка палатна ў выніку рамонту трубы пагражае руху цягнікоў па насыпе. У выпадку працягу работ, камендант абяцаў паскардзіцца ў фельдкамендатуру (вайсковаму начальству)[1][2]

1 красавіка ў мяне будзе гатовы мост, а тады што будзе з дамбай, мяне не тычыцца…[2].

Тады, гарадскі інжынер Забелін напісаў дакладную запіску гарадскому галаве, дзе адзначаў катастрафічнасць сітуацыі. Галава горада загадаў працягваць работы, нягледзячы на заўвагі каменданта Лапо.

У пачатку красавіка 1942 г., калі ўзровень вады стаў крытычным[1], нямецкія акупацыйныя ўлады скіравалі брыгаду на прабіццё насыпу некалькімі трубамі[3]. Было выдзеана папярэджанне ў камісію па барацьбе з паводкай і загад аб эвакуацыі[2].

Бедства[правіць | правіць зыходнік]

10 красавіка 1942 года рамонтнікі дайшлі да рэшткаў трубы, дзе савецкія вайскоўцы заклалі ўзрыўчатку. Пры прарыве насыпу ў другой палове дня хваля імгненна змыла ўсіх рамонтнікаў. За 20 хвілін большасць людзей, 129 дамоў, сінагогу і Быхаўскі рынак з берагоў знесла ў Дняпро[4]. Пашкоджанні будынкам таксама наносілі падарваныя ільдзіны, якія несла з сабой вада[1].

Быў знесены ўвесь Быхаўскі рынак з прылаўкамі, ларкамі, гандлярамі і пакупнікамі, горад аказаўся без электраэнэргіі і вады… — ст. інжынер Уладзімір Чашэй[2]

Сабраныя па берагах непрытомныя целы склалі ў адну яму. Большасць загінуўшых не пахавалі праз багністы нанос глею і гліны, што замінаў падысці да ракі яшчэ некалькі тыдняў. Трупы ў падсохлым глеі знаходзілі яшчэ цягам года.

Прычыны трагедыі[правіць | правіць зыходнік]

Па словах дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, само закладанне выбухоўкі прывяло да таго, што спыніўся ток ракі. Адзначаецца, што недастатковымі былі намаганні гарадской улады, нямецкага камандавання, а таксама прынцыповая пазіцыя камендатуры чыгуначнага вакзала, якая лічыла, што насып разбураць нельга, пакуль не будзе адноўлены мост для сувязі з войскамі па чыгунцы[5].

У выніку сумы гэтых фактараў вада ў вадазборы не была своечасова спушчана, і спроба ачышчэння затору выбухам прывяла да трагедыі[5].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Па меркаваннях некаторых гісторыкаў[удакладніць], у савецкія часы трагедыя замоўчвалася з-за неадназначнасцяў у трактоўцы прычын трагедыі, якія маглі выстаўляць савецкіх партызан аднымі з яе віноўнікаў[1].

Праз пашырэнне звестак аб патопе на навуковай нарадзе «Магілёў: гісторыя і сучаснасць» у 2006 годзе студэнты Беларуска-расійскага ўніверсітэта зладзілі збор подпісаў з просьбай да Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта аб усталяванні помніка ахвярам бедства[6].

Станам чэрвень 2017 года памятнага знака аб трагедыі ўсталявана не было[7].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё “Цунами” на Дубровенке: как в 1942 году поток воды уничтожил сотни людей (руск.). www.pniva.by (10 красавіка 2019).
  2. а б в г д е Антон Турков. Потоп на реке Дубровенка: архивы, комментарии очевидцев, легенды и мистика (руск.). vMogileve.by.
  3. Аляксей Бацюкоў. Дубравенкі крывавыя берагі. Наша Ніва (30 верасня 2005). Праверана 3 студзеня 2013.
  4. Магілёў: Моладзь ушанавала ахвяраў паводкі 1942 году. Радыё «Свабода» (10 красавіка 2007). Праверана 3 студзеня 2013.(недаступная спасылка)
  5. а б «Могилевское цунами» или «Потоп на Дубровенке». Видео . Mogilevnews.by (11 красавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 24.09.2020.
  6. Аляксей Бацюкоў. Архіўная копія(недаступная спасылка). Магілёўскія ведамасці (13 красавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2017. Праверана 15 снежня 2016.
  7. Белорусское «цунами». Как из-за немецкой бесхозяйственности была смыта часть Могилева с людьми (руск.). onliner.by.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]