Платон Раманавіч Галавач

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з П. Галавач)
Jump to navigation Jump to search
Платон Раманавіч Галавач
Platon Halavač.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 18 красавіка (1 мая) 1903
Месца нараджэння:
Дата смерці: 29 кастрычніка 1937(1937-10-29)[1] (34 гады)
Месца смерці:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: пісьменнік, палітык
Гады творчасці: 19211937
Жанр: раман, Q12799318?, апавяданне і нарыс
Мова твораў: беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Платон Раманавіч Галавач (18 красавіка 1903, в. Пабокавічы, Бабруйскі павет, Мінская губерня, цяпер Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі празаік, рэдактар[3].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Платон Галавач

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Рана застаўшыся сіратой, з 7 гадоў працаваў пастухом. Навучаўся ў царкоўна-прыходскай школе, яшчэ ў школьныя гады пачаў удзельнічаць у літаратурным гуртку.

Адзін з арганізатараў камсамольскага руху ў воласці. У 1920 годзе стварыў камсамольскую ячэйку ў роднай вёсцы. Актыўна ўдзельнічаў у ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва, арганізаваў клуб і хату-чытальню. Разам з іншымі камсамольцамі дастаўляў з Бабруйска газеты. Стаў сельскім карэспандэнтам павятовай газеты «Камунiст», пісаў артыкулы пра жыццё вясковай камсамольскай ячэйкі.

Ва ўмовах, калі ў воласці ўзброенымі фарміраваннямі Булак-Балаховіча знішчаліся сельскія актывісты, падпальваліся вёскі, камсамолец Платон Галавач працаваў на самых адказных участках. У 1922—1923 інструктар Барысаўскага павятовага камітэта камсамола, у 1923 уступіў у ВКП(б), з 1926 загадчык аргаддзела, з 1928 першы сакратар ЦК ЛКСМБ.

Бабруйскі павятовы камітэт заўважыў актыўнага камсамольца і накіраваў яго на вучобу. У 1922—1923 вучыўся ў Мінскай партшколе, у 1926 скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі[3].

У 1929—1930 намеснік наркама асветы БССР[3]. Быў адказным рэдактарам газеты «Чырвоная змена», рэдактарам часопісаў «Маладняк», «Полымя». З'яўляўся адным з лідараў літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і БелАПП.

Абіраўся членам ЦК КПБ (1927—1930) і ЦВК БССР (1927—1935). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934)[3].

У 1930-я гады П. Галавач, як і большасць былых «маладнякоўцаў» быў рэпрэсаваны.

Арышт[правіць | правіць зыходнік]

Арыштаваны 11 жніўня 1937 года ў Мінску па адрасе: вул. Маскоўская, д. 8/1, кв. 34. Падчас ператрусу следчыя канфіскавалі 67 сшыткаў рукапісаў (магчыма, сярод іх быў і раман «Ён»). У сувязі з арыштам выключаны з ВКП(б).

Ва ўнутранай турме НКВД лёс звёў Галавача зь яшчэ адным рэпрэсаваным пісьменнікам Станіславам Шушкевічам, які пазней успомніў такі эпізод:

" Платона Галавача і Васіля Каваля я бачыў апошні раз 3 кастрычніка 1937 года. Іх прывялі сведчыць супраць мяне. Скатаваны і знясілены, Платон Раманавіч доўга маўчаў... Нарэшце загаварыў: «За [мной] няма ніякай віны, таксама, як і за кожным з нас». Сказаў і заплакаў...
В. Куляшова. «Лясному рэху праўду раскажу». Мн., 1989.
"

Перад судом Галавач пакінуў у камеры запіску: «Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон».

28 кастрычніка 1937 на судзе (пачаўся а 22:15, скончыўся праз пятнаццаць хвілін) прызнаў сябе вінаватым. Тройкай НКУС асуджаны як «арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» і за «правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці» да вышэйшае меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны праз некалькі гадзін пасля прысуду. Сям'і было абвешчана, што памёр 25 снежня 1944 у лагеры ад паралічу сэрца.

Рэабілітаваны 25 ліпеня 1956 года. Асабовая справа № 6852-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Апошні прыжыццёвы здымак Платона Галавача. Брат яго жонкі Алесь Вечар стаіць справа.

Быў жанаты з Нікай Фёдараўнай Вечар (нарадзілася ў 1905 у в. Машчыцы, Слуцкі павет, Мінская губерня), гадаваў дваіх дзяцей. Жонка была арыштаваная 5 лістапада 1937 года ў Мінску, а 28 лістапада 1937 асуджана асобай нарадай пры НКУС як «член сям'і расстралянага ворага радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКУС Казахскай ССР (в. Далінская). Пасля вызвалення вярнулася на радзіму. Рэабілітаваная трыбуналам БВА 24 ліпеня 1956. Асабовая справа № 6759-с захоў­ваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютаваў у друку ў 1921. Першае беларускае апавяданне «Загубленае жыццё» апублікавана ў газеце «Савецкая Беларусь» у 1925. У 1927 выйшла першая кніга апавяданняў «Дробязі жыцця». Таксама аўтар зборнікаў апавяданняў «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934), аповесцей «Вінаваты» (1930), «Спалох на загонах» (1930), «Даляры» (1931), «Носьбіты нянавісці» (1936, часопіс «Полымя рэвалюцыі»), «Яны не пройдуць!» (1937, часопіс «Полымя рэвалюцыі»), рамана «Праз гады» (1935, перавыданы ў 1936, 1984), нарыс пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934).

Тэматыка шматлікіх аповесцяў, апавяданняў, нарысаў звязана з грамадзянскай вайной і жыццём вёскі. Яго творы карысталіся поспехам, перакладаліся на рускую, польскую, украінскую, чэшскую, ідыш i iншыя мовы. Многія яго творы засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстанне 1863—1864 і Кастуся Каліноўскага. У 1958 выйшаў Збор твораў у 3-х тамах. У 1963 часопіс «Полымя» надрукаваў «Пісьмы Платона Галавача».

Аповесць П. Галавача «Спалох на загонах» (1933) пераклала на польскую мову Г. Раманоўская.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Збор твораў: У 3 т. Мн., 1958. Т. 1. Апавяданні. Нарысы. Артыкулы. Т. 2. Аповесці. Т. 3. Праз гады: Раман.

Зборнікі апавяданняў:[правіць | правіць зыходнік]

  • «Дробязі жыцця» (1927)
  • «Хочацца жыць» (1930)
  • «Апавяданні» (1934)

Зборнікі аповесцяў:[правіць | правіць зыходнік]

  • «Вінаваты» (1930)
  • «Спалох на загонах» (1930, перавыдадзены ў 1996)
  • «Даляры» (1931)
  • «Носьбіты нянавісці» (1936, часопіс «Полымя рэвалюцыі»)
  • «Яны не пройдуць!» (1937, часопіс «Полымя рэвалюцыі»)
  • Раман «Праз гады» (1934, перавыдадзены ў 1936, 1984, 1992)
  • Нарыс пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934)
  • Некалькі слоў пра сябе // Пра час і пра сябе. Мн., 1966.

У 1963 часопіс «Полымя» надрукаваў у №4 «Пісьмы Платона Галавача».

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Паштовая картка Беларусі з арыгінальнай маркай, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Платона Галавача
  • У 1968 годзе на будынку школы ў агр. Гарбацэвічы Бабруйскага раёна, дзе вучыўся пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка.
  • У музеі в. Сычкава створана экспазіцыя, прысвечаная П. Галавачу.
  • У Бабруйску яго імем названы вуліца і завулак.
  • У красавіку 2003 года ў Беларусі была ўведзена паштовая картка з арыгінальнай маркай, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Платона Галавача.

Успаміны пра Платона Галавача[правіць | правіць зыходнік]

Як успамінаў рэпрэсаваны паэт Павел Пруднікаў,

" Платон Галавач быў рослы, стройны, прыгожы малады чалавек з бялявай чупрынай, якой не стараўся закрываць свой шырокі і высокі лоб, з блакітнымі вачамі, белымі, як цукар, зубамі, з правільнымі рысамі твару, на якім заўсёды ззяла ўсмешка, акуратна апрануты і абуты. Пераважна любіў хадзіць у светла-шэрым касцюме і белай кашулі-касаваротцы, вышытай беларускім народным арнаментам і падпяразанай тонкім поясам з кутасамі. Ён заўсёды з кожным быў прыветлівы і стараўся трымацца роўным. У час гутаркі ніколі не перабіваў свайго субяседніка. Спачатку даваў магчымасць выказацца яму, а потым ужо гаварыў сам, ніколі ні на каго не павышаў голасу. Скажу шчыра — не любіць яго была нельга. "

А вось што прыгадваў пра пісьменьніка Я. Скрыган (таксама рэпрэсаваны):

" Любіў глядзець трошачкі спадылба, гаварыў вельмі спакойна і ціха, голас у яго быў мяккі, з малюсенькім насавым гучаннем. І здалося зусім нечаканым, што няма ў яго ні рэзкага жэсту, які звычайна выпрацоўвае прафесія, ні строгага позірку, ні павышанай камандзірскай ноты — усё па-чалавечы проста і душэўна»[4]. "

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Галавач Платон // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995. Т.2.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
    • Булацкі Р. В., Карніловіч Э. А. Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973;
    • Бугаёў Дз. З кагорты першых // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
    • ЭГБ, т. 2.
  • Ліўшыц, У. Платон Галавач: лёс чалавека і пісьменніка// Брама. 2016.Вып.4.— Мн.: С.245-258.
  • Луфераў М., Платон Галавач, в кн.: Гiсторыя беларускай савецкай лiтаратуры, т. 1. — Miнск, 1964.
  • Каленкович И. Творчество Платона Головача: (Жанрово-стилевое своеобразие): Автореферат дис. … канд. филол. н. — Мн., 1979;
  • ЭГБ, т. 2.

Зноскі

  1. Головач Платон Романович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  2. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1042336148 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Головач Платон Романович // Биографический справочник — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 153-154. — 737 с.
  4. Ян Скрыган. Некалькі хвілін чужога жыцця. — Мн., 1990. С. 52.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]