Судовая медыцына

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Труп чалавека з'яўляецца адным з аб'ектаў судова-медыцынскай экспертызы.

Судо́вая медыцы́на — галіна агульнай медыцыны, сукупнасць ведаў і спецыяльных метадаў даследавання, што ўжываюцца ў мэтах вырашэння пытанняў медыка-біялагічнага характару, якія ўзнікаюць у дзейнасці праваахоўных органаў, а таксама канкрэтных задач аховы здароўя.

Кола навуковых інтарэсаў і пытанняў, што вырашаюцца, звязвае судовую медыцыну з рознымі галінамі медыцыны (паталагічнай анатоміяй, хірургіяй, акушэрствам, педыятрыяй і інш.), а таксама шэрагам іншых дысцыплін — крыміналістыкай, грамадзянскім і крымінальным правамі і працэсамі, фізікай, хіміяй, біялогіяй, матэматыкай і інш. Гэта абумоўлівае шырокае выкарыстанне ў судовай медыцыне падыходаў і методык, якія прымяняюцца ў сумежных дысцыплінах.

Тэрмін «судовая медыцына» таксама ўжываюць як назву адпаведнай вучэбнай дысцыпліны, якую абавязкова вывучаюць студэнты медыцынскіх і юрыдычных вышэйшых навучальных устаноў (факультэтаў). Акрамя гэтага, тэрмінам вызначаецца ўрачэбная спецыялізацыя, гэтак жа як хірургія, тэрапія, педыятрыя і інш. Спецыяліст у галіне судовай медыцыны, які мае адпаведную вышэйшую адукацыю, спецыяльную падрыхтоўку і атэстацыю, вызначаецца як дзяржа́ўны судо́ва-медыцы́нскі экспе́рт.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Агульная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Узнікненне і станаўленне судовай медыцыны звязана з зараджэннем і фарміраваннем дзяржаўнасці. Ужо ў законапалажэннях старажытных дзяржаў сустракаюцца ўказанні на выкарыстанне антрапалагічных і медыцынскіх ведаў пры вырашэнні пытанняў грамадзянскага і крымінальнага права. Так, у пісьмовых помніках Старажытнага Рыма, Старажытнай Грэцыі, Індыі, Кітая ёсць звесткі аб эпізадычным прыцягненні асоб, кампетэнтных у медыцыне, для вырашэння спецыяльных пытанняў, якія звязаны з нанясеннем шкоды здароўю або са смерцю чалавека. Значэнне медыцынскіх заключэнняў у судовых справах пераканаўча ілюструецца ўстанаўленнямі 12 табліц у Рыме (448 г. да н. э.), адпаведна якім патрабавалася прысутнасць урача пры разглядзе спраў аб памёршых насільнай смерцю, вызначэнні «законнасці» родаў, устанаўленні апекі над псіхічна хворымі і інш.

Вельмі важным сведчаннем павелічэння патрэб у медыцынскіх ведах, падпарадкаваных аспектам следства і суда, з'яўляецца кодэкс Юстыніяна (VI ст. н. э.). У гэтым кодэксе, у прыватнасці, трактаваліся пытанні аб атручэннях, устанаўленні ўзросту, цяжарнасці, аб псіхічных захворваннях і інш. Несумненна, патрабаванні гэтага кодэкса служылі і развіццю судова-медыцынскіх ведаў.

Да IX ст. сфарміравалася серыя юрыдычных зборнікаў, якія падрыхтоўвалі глебу для выкарыстання медыцынскай экспертызы ў судовых справах: яны паклалі пачатак стварэнню Бамбергскага кодэкса(руск.) бел. (1507 г.).

Працы А. Парэ, Кандрохі (1597 г.), Ф. Фідэліса (1601 г.), П. Закхіаса (1621 г.) і іншыя заклалі падмурак для наступнага развіцця навуковай судовай медыцыны. Упершыню сістэматызаваў і вылучыў судовую медыцыну як самастойны раздзел медыцынскай навукі Іаган Бон, які ў 1690 г. апублікаваў сачыненне пад назвай «Судовая медыцына». Гэта назва канчаткова замацавалася за судовай медыцынай як за навукай і спецыяльнасцю.

У канцы XVIII ст. судова-медыцынскае анатаміраванне трупаў было ўведзена ў большасці дзяржаў і рэгулявалася спецыяльнымі інструкцыямі і дапаможнікамі.

Прагрэсіўнае значэнне ў гісторыі судовай медыцыны мела ўвядзенне галоснага суда замест тайнага інквізіцыйнага: у заканадаўцаў і суддзяў паявілася разуменне даказальнай значнасці навукова абгрунтаваных судова-медыцынскіх заключэнняў у пытаннях, якія датычацца здароўя і жыцця чалавека.

У XIX ст. поспехі прыродазнаўства і медыцынскіх навук спрыялі далейшаму развіццю і ўзнікненню судова-медыцынскіх школ. Сярод замежных вучоных у галіне судовай медыцыны павінны быць названы І. Каспер (Германія), А. Тэйлар (Англія), П. Бруардэль і А. Лакасань (Францыя), І. Машка і Э. Гофман (Аўстрыя). Вялікі інтарэс маюць «Атлас судовай медыцыны» Э. Гофмана і яго падручнік па судовай медыцыне, які неаднаразова перавыдаваўся.

Савецкая судовая медыцына[правіць | правіць зыходнік]

Савецкая судова-медыцынская экспертыза вядзе свой пачатак ад заснавання Народнага камісарыята аховы здароўя РСФСР 11 ліпеня 1918 г. У ім быў арганізаваны аддзел грамадзянскай медыцыны з пададдзелам медыцынскай экспертызы, задачамі якога былі распрацоўка законапалажэнняў і інструкцый па медыцынскай экспертызе, скліканне з'ездаў судовых медыкаў і адкрыццё лабараторый, канчатковае вырашэнне спрэчных і складаных спраў, што датычацца медыцынскай экспертызы. Пры пададдзеле была створана дарадчая камісія з аўтарытэтных спецыялістаў. У 1919 г. былі выдадзены «Палажэнні аб правах і абавязках дзяржаўных медыцынскіх экспертаў», «Правілы аб парадку анатаміравання трупаў асоб, якія памёрлі ў бальніцах і лячэбных установах», «Часовыя правілы класіфікацыі цялесных пашкоджанняў», «Часовая пастанова для медыцынскіх экспертаў аб парадку правядзення доследу трупаў» і «Палажэнне аб лабараторыях судова-медыцынскай экспертызы для хімічных, мікраскапічных і біялагічных даследаванняў». Такім чынам, усе асноўныя віды і формы судова-медыцынскай экспертызы былі рэгламентаваны ўжо ў 1919 г.

У 1920 г. адбыўся I Усерасійскі з'езд судова-медыцынскіх экспертаў, на якім былі абмеркаваны актуальныя пытанні арганізацыі судова-медыцынскай экспертызы, заслуханы шэраг навуковых дакладаў.

У рабоце II Усерасійскага з'езда судова-медыцынскіх экспертаў у 1926 г. прыняў удзел народны камісар аховы здароўя М. А. Сямашка(руск.) бел., які падкрэсліў важнае значэнне судова-медыцынскай экспертызы пры ажыццяўленні сацыялістычнага правасуддзя.

У гэты ж перыяд ва ўніверсітэцкіх гарадах, у якіх у складзе медыцынскіх факультэтаў універсітэтаў былі кафедры судовай медыцыны, па ініцыятыве відных вучоных — П. А. Мінакова, А. І. Крукава, Ф. Я. Чыстовіча, Г. У. Шора, М. І. Іжэўскага, А. І. Шыбкова і інш. — сталі стварацца рэгіянальныя судова-медыцынскія таварыствы (Паўночна-Каўказскае, Ленінградскае, Маскоўскае). На пасяджэннях таварыстваў абмяркоўваліся вынікі выказаных навуковых работ і экспертных назіранняў, а таксама пытанні арганізацыйнага характару; пры гэтым адной з формаў дзейнасці было сумеснае абмеркаванне сумежных навуковых пытанняў з таварыствамі патолагаанатамаў, псіхіятраў і інш.

У 1921 г. судова-медыцынская экспертыза была выдзелена з сацыяльна-працоўнай і стала самастойнай службай у сістэме аховы здароўя. У 1924 г. была вызначана арганізацыйная структура судова-медыцынскай экспертызы. У Народным камісарыяце аховы здароўя РСФСР устанавілася пасада галоўнага судова-медыцынскага эксперта. Пры арганізацыі Народнага камісарыята аховы здароўя СССР у 1937 г. у яго структуру была ўведзена пасада галоўнага судова-медыцынскага эксперта, на якую быў назначаны прафесар М. У. Папоў. У 19411979 гг. гэту пасаду займаў прафесар В. І. Празароўскі.

У судова-медыцынскай экспертызе СССР пастаянна дзейнічала сістэма распрацоўкі і выдання правілаў, інструкцый, метадычных указанняў. Гэта спрыяла ўдасканаленню судова-медыцынскіх даследаванняў і выкананню іх на сучасным навуковым узроўні.

У 19251930 гг. быў выдадзены шэраг дакументаў, якія вызначалі ўмовы дзейнасці судова-медыцынскіх экспертаў, а таксама правілы арганізацыйна-метадычнага характару ў адносінах даследавання трупаў, устанаўлення ступені цяжкасці пашкоджанняў і інш. У 1934 г. распрацавана «Палажэнне аб правядзенні судова-медыцынскай экспертызы», якое дзейнічала да 1952 г. У названы перыяд вынікі навукова-даследчай і навукова-практычнай работ кафедр судовай медыцыны, таварыстваў судовых медыкаў і судова-медыцынскіх экспертаў рэгулярна публікаваліся ў зборніках «Судова-медыцынскай экспертызы».

Важнае значэнне для развіцця судова-медыцынскай навукі ў СССР мела арганізацыя ў 19311932 гг. у сістэме Народнага камісарыята аховы здароўя РСФСР Навукова-даследчага інстытута судовай медыцыны на базе Цэнтральнай судова-медыцынскай лабараторыі Народнага камісарыята аховы здароўя РСФСР і кафедр судовай медыцыны I і II Маскоўскіх медыцынскіх інстытутаў.

Дзейнасць Навукова-даследчага інстытута судовай медыцыны, кафедр судовай медыцыны вышэйшых медыцынскіх навучальных і практычных судова-медыцынскіх устаноў (у абласцях і краях) спрыяла развіццю навуковых даследаванняў у галіне судовай танаталогіі, таксікалогіі, экспертызы рэчавых доказаў і вырашэнню сумежных праблем крыміналістыкі.

Важнае значэнне для развіцця судовай медыцыны ў СССР мела пастанова Савета Народных Камісараў СССР ад 4 ліпеня 1939 г. «Аб мерах па ўмацаванні і развіцці судова-медыцынскай экспертызы», у якой былі ўказаны парадак арганізацыі і змест судова-медыцынскай экспертызы, колькасць гадзін на выкладанне судовай медыцыны, арганізацыі падрыхтоўкі кадраў, павелічэнне кантынгенту аспірантуры, пашырэння сеткі кафедр судовай медыцыны пры інстытутах удасканалення ўрачоў і інш.

Вялікая роля ў распаўсюджванні інфармацыі аб стане навуковых даследаванняў у галіне судовай медыцыны, абмене вопытам, правядзенні навуковых дыскусій і г. д. належыць Усесаюзнаму навуковаму таварыству судовых медыкаў, арганізаванаму ў 1946 г. Многія гады (да 1981 г.) навуковае таварыства ўзначальваў заслужаны дзеяч навукі РСФСР, прафесар У. М. Смальянінаў, які многа зрабіў для падрыхтоўкі судова-медыцынскіх кадраў.

На рэгулярных усесаюзных і рэспубліканскіх канферэнцыях, пленумах і з'ездах (1976 г., 1982 г., 1988 г.) таварыства абмяркоўваліся актуальныя пытанні траўматалогіі, танаталогіі, таксікалогіі; шляхі і перспектывы выкарыстання сералагічных, фізіка-тэхнічных і іншых лабараторных метадаў пры даследаванні судова-медыцынскіх аб'ектаў; патагенез, марфалагічныя асаблівасці і прафілактыка хуткай смерці. У пастановах гэтых канферэнцый былі дадзены рэкамендацыі для ўкаранення навуковых дасягненняў у судова-медыцынскую практыку. У гэтым жа напрамку дзейнічаюць рэспубліканскія, абласныя, краявыя, гарадскія навуковыя таварыствы, якія функцыянуюць на базе былога СССР.

Прадмет, мэты, задачы і аб'екты судовай медыцыны[правіць | правіць зыходнік]

Прадмет судовай медыцыны — навуковая тэорыя і практыка судова-медыцынскіх даследаванняў. Змест прадмета наступны:

  • Арганізацыйна-працэсуальныя палажэнні судова-медыцынскай экспертызы;
  • Судова-медыцынская танаталогія (вучэнне пра смерць і трупныя з'явы, пытанні ўстанаўлення даўнасці надыходу смерці);
  • Судова-медыцынскае вучэнне пра пашкоджанні — механізмы іх утварэння, цячэння, станы, якія імі выклікаюцца, магчымыя зыходы, вывучэнне дзеяння пашкоджваючых фактараў;
  • Судова-медыцынская ацэнка стану здароўя;
  • Пытанні спрэчных палавых станаў, палавых злачынстваў, судовыя акушэрска-гінекалагічныя даследаванні;
  • Судова-медыцынская таксікалогія (пытанні дыягностыкі, цячэння і прафілактыкі атручэнняў);
  • Даследаванні рэчавых доказаў біялагічнага паходжання;
  • Сумежныя з крыміналістыкай пытанні ідэнтыфікацыі асобы, прылад нанясення пашкоджанняў;
  • Устанаўленне сваяцтва;
  • Судова-медыцынскія даследаванні па матэрыялах крымінальных і грамадзянскіх спраў, а таксама ў выпадках прафесійных правапарушэнняў медыцынскіх супрацоўнікаў.

Мэта судова-медыцынскіх экспертыз — устанаўленне фактычных дадзеных на падставе ўжывання спецыяльных ведаў пры выкананні ўсіх патрабаванняў закону.

Задачы судовай медыцыны:

  • Ідэнтыфікацыйныя:
    • Устанаўленне групавой прыналежнасці аб'екта;
    • Устанаўленне індывідуальнай прыналежнасці аб'екта;
  • Неідэнтыфікацыйныя:
    • Дыягностыка і рэканструкцыя падзеі і яе параметраў;
    • Дыягностыка агульных уласцівасцей аб'екта і высвятленне прычын, па якіх аб'ект мае пэўныя ўласцівасці;
    • Устанаўленне часу падзеі;
    • Устанаўленне прычын і ўмоў падзеі, прычынных сувязей паміж падзеямі.

Аб'екты судова-медыцынскай экспертызы:

  • Трупы людзей;
  • Жывыя асобы;
  • Рэчавыя доказы;
  • Матэрыялы крымінальных, грамадзянскіх спраў і спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]