ФК Лакаматыў Гомель
Лакаматыў Гомель | ||||
---|---|---|---|---|
Заснаваны | 2008 | |||
Горад | Гомель, Беларусь | |||
Стадыён |
«Лакаматыў» Умяшчальнасць: 750 |
|||
Галоўны трэнер | Андрэй Марозаў | |||
Чэмпіянат | Першая ліга | |||
2023 | 4 месца | |||
|
«Лакаматыў» — беларускі футбольны клуб з горада Гомель, заснаваны ў 2008 годзе. У цяперашні час выступае ў Першай лізе чэмпіянату Беларусі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]З 2010 года клуб пад назвай «Гомельчыгунтранс» гуляў у Другой лізе чэмпіянату Беларусі.
Пасля сезона 2012 (які прынёс чыгуначнікам 4 месца) «Гомельчыгунтранс» меў магчымасць апынуцца ў Першай лізе, але вырашыў не пераходзіць на прафесійны ўзровень і застацца ў якасці аматарскага ў Другой лізе.
2013
[правіць | правіць зыходнік]Застаўшыся ў Другой лізе, чыгуначнікі сталі галоўнымі фаварытамі сезона 2013. У выніку яны хутка адарваліся ад канкурэнтаў і за 7 тураў да фінішу гарантавалі выхад у Першую лігу. Клуб заняў першае месца, а нападнік «Гомельчыгунтранса» Ілья Федарэнка стаў найлепшым бамбардзірам турніру (23 галы).
У Першай лізе
[правіць | правіць зыходнік]Атрымаўшы месца ў Першай лізе, чыгуначнікі доўга не маглі вызначыцца — пераходзіць на больш высокі ўзровень ці заставацца ў Другой лізе. У выніку, атрымаўшы некаторыя ільготы ад БФФ[1], «Гомельчыгунтранс» у сакавіку 2014 года канчаткова пацвердзіў свой удзел у Першай лізе[2].
Пасля ўдалага пачатку сезона 2014 каманда стала атрымліваць паражэнні, і ў канцы першага круга апынулася недалёка ад зоны вылету. Другі круг атрымаўся значна лепш, і ў выніку каманда атрымала 11 месца. У сезоне 2015 «Гомельчыгунтранс» ужо быў трывалым серадняком Першай лігі і скончыў чэмпіянат на 8-м месцы.
Перад сезонам 2016 лідары каманды — Яўген Барсукоў і Дзмітрый Гомза — перайшлі ў «Гомель». Аднак, нават нягледзячы на страту лідараў, «Гомельчыгунтранс» паспяхова пачаў сезон, хутка замацаваўся ўверсе табліцы і доўгі час прэтэндаваў на выхад у Вышэйшую лігу. Улетку некалькі ігракоў каманды перайшлі ў клубы Вышэйшай лігі, аднак чыгуначнікі працягвалі барацьбу за трэці радок супраць мінскага «Промня». З-за шэрагу няўдач у канцы сезона «Гомельчыгунтранс» саступіў трэці радок і заняў выніковае чацвёртае месца, аднак ужо па заканчэнні сезона, у сувязі з ануляваннем вынікаў шэрагу матчаў «Промня» і прысуджэння тэхнічных паражэнняў, «Гомельчыгунтранс» павысіўся да трэцяга месца.
У снежні 2016 года стала вядома, што з наступнага сезона каманда пачне выступаць пад назвай «Лакаматыў»[3]. У сезоне 2017 «Лакаматыў», як і ў папярэднім годзе, знаходзіўся сярод лідараў турніру, аднак у выніку заняў чацвёртае месца.
У сезоне 2018, нягледзячы на неблагі старт, «Лакаматыў» хутка саступіў асноўным канкурэнтам і ўжо не прэтэндаваў на выхад у Вышэйшую лігу. У ліпені замест Паўла Крэчына, які кіраваў камандай на працягу чатырох гадоў, новым трэнерам стаў яго памочнік Андрэй Гараўцоў. Пад яго кіраўніцтвам «Лакаматыў» атрымаў некалькі перамог і выйшаў у чвэрцьфінал Кубка Беларусі, у чэмпіянаце каманда паднялася ў верхнюю палову табліцы, аднак сезон скончыла на шостым месцы.
У сезоне 2019 каманду ўзначаліў новы трэнер Аляксей Шубянок. «Лакаматыў» з самага пачатку апынуўся ў верхняй частцы табліцы, доўгі час каманда вяла барацьбу за трэцяе месца з брэсцкім «Рухам», у выніку саступіла толькі пасля апошняга тура па асабістым сустрэчам і стала чацвёртай. У пачатку 2020 года Аляксей Шубянок памяняўся пасадамі са сваім памочнікам Андрэем Гараўцовым, які такім чынам зноў узначаліў каманду. Каманда добра пачала сезон 2020, ідучы сярод лідараў, аднак у другой палове сезона выключылася з барацьбы за найвышэйшыя месцы і стала пятай. Пры гэтым ігрок чыгуначнікаў Андрэй Салавей з 20 галамі стаў найлепшым бамбардзірам турніру.
У пачатку сезона 2021 каманда страціла лідараў, якіх запрасілі іншыя клубы, але здолела выставіць баяздольны склад. Добра выступаючы супраць аўтсайдараў, «Лакаматыў» тым не менш не здолеў скласці істотнай канкурэнцыі лідарам і знаходзіўся пераважна ў сярэдзіне табліцы. Замест Андрэя Салаўя асноўным нападнікам каманды стаў Дзяніс Казлоўскі, які хутка выбіўся ў лідары па забітым галам і з 29 мячамі стаў найлепшым бамбардзірам Першай лігі. «Лакаматыў» жа скончыў сезон на шостым месцы з 12.
Чыгуначнікі добра пачалі сезон 2022, але пазней саступілі асноўным канкурэнтам, а шматлікія нічыі адкінулі каманду ў сярэдзіну табліцы. Толькі пад канец чэмпіянату «Лакаматыў» здолеў уключыцца ў барацьбу за магчымы выхад у Вышэйшую лігу, але фінішаваў шостым. У сезоне 2023 «Лакаматыў» хутка апынуўся ў лідарах табліцы, доўгі час знаходзіўся на другім радку і навязваў канкурэнцыю дзяржынскаму «Арсеналу» за першы радок. У жніўні 2023 года галоўны трэнер чыгуначнікаў Андрэй Гараўцоў узначаліў «Гомель», яго ў якасці выканаўцы абавязкаў замяніў памочнік Андрэй Марозаў. У верасні 2023 года АБФФ патлумачыла, што «Лакаматыў» не зможа прэтэндаваць на выхад у Вышэйшую лігу[4]. Пасля гэтага вынікі каманды сталі пагаршацца, яна прапусціла наперад магілёўскі «Дняпро» і «Віцебск», скончыла турнір на чацвёртым месцы з 17.
Эмблемы
[правіць | правіць зыходнік]-
да 2016 года
-
з 2017 года
Гісторыя назваў
[правіць | правіць зыходнік]- 2010: «Гомельчыгунтранс-НОД-4»
- 2011—2016: «Гомельчыгунтранс»
- з 2017: «Лакаматыў»
Дасягненні
[правіць | правіць зыходнік]- Пераможца Другой лігі: 2013
Цяперашні склад
[правіць | правіць зыходнік]Станам на жнівень 2024 года[5].
|
|
Трэнерскі штаб
[правіць | правіць зыходнік]- Андрэй Марозаў (нар. 1979) — галоўны трэнер
- Павел Крэчын (нар. 1980) — трэнер
- Аляксандр Янчанка (нар. 1995) — трэнер па фізпадрыхтоўцы
- Сяргей Шалай (нар. 1974) — трэнер брамнікаў
Статыстыка выступленняў
[правіць | правіць зыходнік]Чэмпіянат і Кубак Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Сезон | Ліга | М | Г | В | Н | П | Галы | Ачкі | Кубак | Заўвагі |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2010 | Другая (Д3) | 7 | 34 | 16 | 4 | 14 | 63–58 | 52 | 1/16 фіналу | |
2011 | Другая (Д3) | 6 | 30 | 14 | 9 | 7 | 49–28 | 51 | 1/16 фіналу | |
2012 | Другая (Д3) | 4 | 36 | 20 | 9 | 7 | 64–27 | 69 | 1/16 фіналу | |
2013 | Другая (Д3) | 1 | 24 | 20 | 3 | 1 | 60–17 | 63 | 1/16 фіналу | Выхад у Першую лігу |
2014 | Першая (Д2) | 12 | 30 | 9 | 9 | 12 | 33–38 | 36 | 1/8 фіналу | |
2015 | Першая (Д2) | 8 | 30 | 12 | 8 | 10 | 45–39 | 44 | 1/16 фіналу | |
2016 | Першая (Д2) | 3 | 26 | 12 | 8 | 6 | 33–24 | 44 | Чвэрцьфінал | |
2017 | Першая (Д2) | 4 | 30 | 17 | 6 | 7 | 49–36 | 57 | 1/16 фіналу | |
2018 | Першая (Д2) | 6 | 28 | 10 | 10 | 8 | 44–29 | 40 | Чвэрцьфінал | |
2019 | Першая (Д2) | 4 | 28 | 17 | 5 | 6 | 60–24 | 56 | 1/8 фіналу | |
2020 | Першая (Д2) | 5 | 26 | 13 | 7 | 6 | 56–38 | 45 | 1/16 фіналу | |
2021 | Першая (Д2) | 6 | 33 | 15 | 9 | 9 | 56–39 | 54 | 1/8 фіналу | |
2022 | Першая (Д2) | 6 | 24 | 10 | 9 | 5 | 39–24 | 39 | 1/16 фіналу | |
2023 | Першая (Д2) | 4 | 32 | 19 | 5 | 8 | 55–40 | 62 | 1/16 фіналу |
Галоўныя трэнеры
[правіць | правіць зыходнік]- Генадзь Шабуня (да 2013)
- Павел Крэчын (2014 — ліпень 2018)
- Андрэй Гараўцоў (в. а. у ліпені — снежні 2018)
- Аляксей Шубянок (снежань 2018 — снежань 2019)
- Андрэй Гараўцоў (студзень 2020 — жнівень 2023)
- Андрэй Марозаў (в. а. у жніўні — снежні 2023; са студзеня 2024)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ АБФФ разрешила «Гомельжелдортрансу» обходиться без пресс-секретаря, врача, массажиста и специалиста по безопасности (руск.). by.tribuna.com (7 сакавіка 2014). Праверана 4 снежня 2023.
- ↑ Всем 16 командам первой лиги сегодня были выданы лицензии для участия в чемпионате Беларуси (руск.). football.by (26 сакавіка 2014). Праверана 4 снежня 2023.
- ↑ Место «Гомельжелдортранса» в первой лиге займет гомельский «Локомотив» (руск.). football.by (24 снежня 2016). Праверана 4 снежня 2023.
- ↑ Гомельский "Локомотив" точно не выступит в следующем сезоне высшей лиги (руск.). football.by (11 верасня 2023). Праверана 4 снежня 2023.
- ↑ От "Энергетика-БГУ" и "Белшины" до дублей. Заявки команд первой лиги (сезон-2024) (руск.). football.by (5 красавіка 2024). Праверана 9 красавіка 2024.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Профіль на сайце globalsportsarchive.com (англ.)
- Профіль на сайце wildstat.ru (руск.)