Чырвоны Кастрычнік (газета)
«Чырвоны Кастрычнік» | |
---|---|
Тып | газета |
Заснавана | 1939 |
Мова | беларуская, руская[1] |
Перыядычнасць | Двойчы ў тыдзень, па серадах і суботах[1] |
Галоўны офіс | вул. Бумажкова, 10, 247319, г. п. Акцябрскі, Гомельская вобласць, Беларусь[1] |
Тыраж | 2600[1] |
Вэб-сайт | ch-smi.gomel-region.by |
Чырвоны Кастрычнік — раённая газета Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. Першы нумар выйшаў 29 снежня 1939 года.
Першы рэдактар — Юрый Бенціонавіч Шляфер. Наборшчыцай газеты стала мясцовая жыхарка Ніна Кандратовіч. Першапачаткова рэдакцыйна-паліграфічны калектыў складаўся з сямі чалавек. Пачатак гісторыі газеты быў даволі ўдалым: газета адлюстроўвала жыццё раёна, расказвала пра складанасці працы землякоў і іх дасягненні, карысталася павагай у насельніцтва. У накірунках працы даваеннай газеты старажылы падкрэслівалі станоўчую ролю ва ўладкаванні жыцця мясцовых жыхароў. Атрымаўшы ад слаўнага партызанскага атрада сваю назву, газета «Чырвоны Кастрычнік» па тону выкладання тэм адпавядала яе баявому духу і настрою, садзейнічала палітычнай актыўнасці сялян.
Напачатку вайны газета ўзяла на сябе не толькі прапагандысцкія, але і арганізатарскія функцыі — весці за сабой[крыніца?]. Выходзіла зменшаным фарматам. Рэдагаваць газету было даручана былому работніку райкома партыі Філімону Камоцкаму. Газета-партызанка нагадвала лістоўку. Увесну, прыкладна ў красавіку 1942 года, «раёнка» выйшла пад назвай «Народны мсцівец» як орган падпольнага райкама КП(б)Б і райсавета дэпутатаў працоўных.
Адразу пасля вызвалення раёна адрадзілася і рэдакцыя, якую ўзначаліла былая настаўніца і партызанка Вольга Гарасімаўна Яраш.
З верасня 1948 г. па верасень 1953 г. рэдактарам газеты «Чырвоны Кастрычнік» быў Сямён Цімафеевіч Малаковіч. На змену яму прыйшоў Аляксандр Міхайлавіч Ярмаліцкі, які працаваў на гэтай пасадзе з верасня 1953 па кастрычнік 1954 года. Далей па верасень 1958 рэдактарам газеты быў Амялян Іванавіч Карклін.
Пасляваенная газета насіла трохі змененую назву «Чырвоны Окцябр». Раёнка мела аб'ём у палову фармата «Праўды». З 1946 года ў эфіры загучала раённае радыё, якое праз два гады было рэарганізавана. Цікавым фактам у гісторыі друку раёна стала з'яўленне ў пачатку 1958 шматтыражнай газеты «Савецкай Парэчча» як органа партыйнай, прафсаюзнай і камсамольскай арганізацыі саўгаса «Парэчча». Газета выходзіла два разы на месяц накладам 1000 асобнікаў. Раённая газета таксама мела наклад каля тысячы асобнікаў.
З кастрычніка 1958 па люты 1962 рэдакцыяй раённай газеты «Чырвоны Кастрычнік» кіраваў Іван Віктаравіч Анкудовіч. З канца 1966 года газета пачала выходзіць пасля кароткага перапынку пад рэдактарствам Вадзіма Трыфанавіч Цішкевіча.
З 1970 года да пачатку 1999 года рэдактар газеты — Віктар Аляксандравіч Лоўгач, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Са студзеня 1999 года да верасня 2002 года на пасадзе выконваючага абавязкі рэдактара газеты «Чырвоны Кастрычнік» працаваў Георгій Кірылавіч Кундас. Пасля яго сыходу на заслужаны адпачынак з 2002 года па 2007 год рэдакцыю ўзначаліла Ала Сямёнаўна Фядосенка. У жніўні 2007 года яе змяніла Валянціна Уладзіміраўна Шлапакова.
На 2012 год газета «Чырвоны Кастрычнік» выходзіць два разы на тыдзень накладам больш за 2,5 тысячы асобнікаў. У склад рэдакцыі ўваходзіць і раённае радыёвяшчанне.
Зноскі
- ↑ а б в г Афіцыйны сайт (руск.)
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |