Авіяцыя Кот-д’Івуара падчас грамадзянскай вайны
Падчас грамадзянскай вайны ў Кот-д’Івуары (2002—2007) немалаважную ролю адыгралі ваенна-паветраныя сілы краіны. За першыя два гады канфлікту ўлады абнавілі авіяпарк, закупіўшы вялікую колькасць верталётаў і самалётаў. Пры падтрымцы замежных ваенных спецыялістаў і наймітаў праведзены шматлікія паветраныя рэйды супраць антыўрадавых сіл, якія часта прыводзілі да ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Падчас лістападаўскіх падзей 2004 года ВПС Кот-д’Івуара былі амаль цалкам знішчаны французскай арміяй.
Напярэдадні
[правіць | правіць зыходнік]Да моманту пачатку грамадзянскай вайны ў лётным стане, акрамя прэзідэнцкага самалёта Gulfstream III, знаходзіліся: лёгкі самалёт Cessna 421, чатыры з шасці наяўных самалётаў Біч-F.33C, два верталёты AS.365C «Дафін II» і SA.330 «Пума». Акрамя таго, у Буаке на захоўванні былі некалькі штурмавікоў Dassault/Dornier Alpha Jet[1].
У канцы лета 2002 года кіраўніцтва краіны вылучыла неабходныя сродкі на абнаўленне авіяпарку. У жніўні былі падпісаны кантракты на пастаўку чатырох штурмавікоў Су-25 і двух баявых верталётаў Мі-24В з Беларусі, пары франтавых знішчальнікаў МіГ-23МЛД і трох верталётаў Мі-24 з Балгарыі[1].
Пераўзбраенне
[правіць | правіць зыходнік]У верасні 2002 года мяцежнікі ўзялі пад свой кантроль большую частку паўночы краіны. Таксама была захоплена авіябаза Буаке, на якой грунтаваліся шэсць лёгкіх штурмавікоў Alpha Jet. Лідары баевікоў пагражалі ўжыць самалёты супраць урадавых войск, якія апынуліся пазбаўленыя касцяка сваёй авіяцыі. У сувязі з гэтым прэзідэнт Ларан Гбагбо паспяшаўся завяршыць абнаўленне ВПС[2].
Акрамя вышэй згаданых беларускіх і балгарскіх машын, набыты два самалёты BAC Strikemaster з рэгістрацыйнымі нумарамі TU-VRB і TU-VRA[3], якімі кіраваў французскі прыватны ваенны падрадчык. Тэхніку ён атрымаў з Батсваны праз Мальту. Румынія паставіла чатыры верталёты IAR-330, а Ізраіль — два БПЛА Aeronautics Aerostar. Для перавозкі ўрадавых ваенных і абсталявання прыцягнуты Ан-12 з украінскім альбо беларускім экіпажам[2][1]. У канцы кастрычніка ў Балгарыі былі ўзяты ў лізінг два ваенна-транспартныя верталёты Мі-8, зарэгістраваныя як LZ-CAE і LZ-CAF і дастаўленыя ў снежні[3]. Дадаткова закуплены яшчэ адзін Мі-8Т за нумарам TU-VHT[3]. Усе тры верталёты выкарыстоўвалася для перакідання вайсковых падраздзяленняў, а таксама ўзбраення і боепрыпасаў. Па некаторых даных, іх пілатавалі балгарскія лётчыкі[1].
Першыя тры Мі-24 прыбылі ў лістападзе 2002 года, атрымаўшы рэгістрацыйныя нумары TU-VHL, TU-VHO і TU-VH?[3]. Гэта былі два Мі-24В з Беларусі і адзін Мі-24П з Балгарыі. Спачатку іх пілатавалі найміты з Францыі і ПАР, якія раней удзельнічалі ў баявых дзеяннях у Сьера-Леонэ. Інжынерна-тэхнічны склад прадстаўлялі беларусы і ўкраінцы[1]. У лютым 2003 года прыбыла яшчэ пара верталётаў Мі-24Д, набытая ў Балгарыі. У красавіку ў аэрапорце Абіджана былі адгружаны два МіГ-23МЛД (у ВПС Балгарыі эксплуатаваліся пад бартавымі нумарамі «204» і «219», першы зарэгістраваны як TU-VHC; набыты ў кампаніі «Металіка» і дастаўлены з Сафіі на Іл-76 канторы «Атлант Саюз»[3]). У маі прыбылі верталёты IAR.330L (нумар аднаго з іх — TU-VHE[3]), двухмесныя штурмавікі Су-25УБ і Ан-12[4].
23 чэрвеня івуарыйскія СМІ паведамілі аб пачатку правядзення трэніровачных палётаў знішчальнікаў-перахопнікаў МіГ-23МЛД. Абодва знішчальнікі па чарзе аблятваў балгарскі пілот. Але, па незразумелых прычынах, у кастрычніку 2004 года[4], самалёты былі загружаны ў транспартнік Ан-124 і перададзены Тога[2]. У тым жа кастрычніку 2004 года авіяцыя краіны атрымала аднамесныя Су-25, зборку якіх на месцы праводзілі беларускія спецыялісты[5].
На 2004 год урадавая авіяцыя мела два аднамесных Су-25 і два двухмесных Су-25УБ, якія паступілі непасрэдна са складоў ВПС Беларусі. Першыя машыны атрымалі серыйныя нумары «02» і «03», а другія — «20» і «21». Усе чатыры штурмавікі былі ўпрыгожаны маркіроўкай у выглядзе пашчаў акул, якая ўжывалася амаль на ўсіх урадавых баявых самалётах і верталётах з пачатку 2000-х гадоў. «Пашчы» ўпершыню пачалі маляваць на некаторых беларускіх Мі-24 яшчэ ў 1990-х гадах, а затым перавандравалі ў Кот-д’Івуары. Цікава, што борт «21» быў абсталяваны бронелістамі па баках задняй кабіны, падобнымі на МіГ-23БН і МіГ-27. Дадзеныя элементы з’яўляюцца ўнікальнай асаблівасцю двух мадэрнізаваных Беларуссю штурмавікоў (іншая машына пастаўлена ў Перу) і ніколі не сустракаліся ні на адным іншым Су-25 у свеце[2].
На працягу амаль двух гадоў актыўнай эксплуатацыі беларускія штурмавікі ў асноўным ляталі ў раёне Ямусукра, а іх пілатаваннем і тэхнічным абслугоўваннем займаліся як івуарыйцы, так і беларусы[2].
У дапамозе ўрадавай авіяцыі таксама ўдзельнічала Украіна, у навучальных цэнтрах якой прайшлі падрыхтоўку шэсць івуарыйскіх лётчыкаў і наземны тэхнічны персанал[4].
Баявыя вылеты
[правіць | правіць зыходнік]Вонкавыя выявы | |
---|---|
Фотаздымкі з часопіса «История авиации» | |
Баец Французскага замежнага легіёна ля Мі-24В. | |
Су-25 (борт «02») у ангары. | |
Мі-24В (воддаль) і Мі-24П. Першая машына абсталявана блокамі НУР УБ-32-57 з 57-мм снарадамі С-5, а другая — НУР Б8М з 80-мм С-8. |
Вонкавыя выявы | |
---|---|
Фотаздымкі з «Oryxspioenkop». | |
Выгрузка аднаго з Су-25. | |
Пашкоджаны французамі борт «21» | |
Івуарыйцы і беларусы побач з штурмавіком. | |
Беларускія лётчыкі ў Ямусукра. |
Вонкавыя выявы | |
---|---|
Фотаздымкі з часопіса ACIG. | |
Беларускія Су-25 над Ямусукра. | |
Мі-24 за нумарам TU-VHO. | |
Мі-24 над Абіджанам. | |
МіГ-23 (борт «204») загружаецца ў Іл-76 кампаніі «Атлант Саюз» перад адпраўкай у Кот-д’Івуар. |
Мі-24
[правіць | правіць зыходнік]У канцы лістапада 2002 года, калі баі паміж паўстанцамі і ўладамі дасягнулі апагею, авіямашыны ўпершыню прынялі ўдзел у ваенных дзеяннях. 27 лістапада каля 18:00 верталёт Мі-24 нанёс удар па лагеры апазіцыі ў цэнтры Вавуа. У выніку атакі баевікі не панеслі страт, аднак загінулі трое мірных жыхароў. У другой палове дня 28-га чысла Мі-24 аказвалі падтрымку армейскім падраздзяленням, якія абаранялі горад Данане. У наступны раз прымяненне авіяцыі было адзначана 15 снежня. У гэты дзень Мі-24 атакаваў адну з вёсак на поўначы краіны, дзе меркавана знаходзіліся паўстанцы. У выніку гэтага ўдару зноў зафіксаваны ахвяры сярод мірных жыхароў[4].
На працягу снежня верталёты таксама наносілі ўдары па пазіцыях паўстанцаў у вёсках Пелезі і Даніа, якія размешчаны ў заходняй частцы краіны. Усяго, як лічыцца, падчас гэтых удараў загінулі як мінімум 10 мірных жыхароў, многія атрымалі раненні. Пра страты паўстанцаў дакладна невядома. 25 снежня каля 13:00 адна з машын абстраляла рынак і мячэць у вёсцы Махапле падчас чаго загінулі дзевяць мірных жыхароў. 27 снежня два Мі-24 атакавалі і знішчылі каля Вавуа паўстанцкія склады боепрыпасаў і гаручага. З 28 па 30 снежня машыны наносілі ўдары па пазіцыях праціўніка ў раёне гарадоў Буаке, Ман і Вавуа. Нарэшце, 31 снежня Мі-24 двойчы абстралялі вёску Менакра, дзе былі сканцэнтраваны буйныя падраздзяленні баевікоў. Ахвярамі атак зноў сталі цывільныя асобы, якіх паўднёваафрыканскія найміты прынялі за праціўніка. У рэшце рэшт камандаванне французскага ваеннага кантынгенту абвінаваціла івурыйскіх вайскоўцаў у выкарыстанні авіяцыі для забойства мірных жыхароў. Тым не менш, урадавыя верталёты на працягу студзеня 2003 года працягвалі наносіць удары па атрадам апазіцыі ў горадзе Данане, а таксама ў пасёлках Тулепле і Бінхуе паблізу мяжы з Ліберыяй[4].
У пачатку красавіка 2003 года баі ўспыхнулі з новай сілай. Асноўныя сутыкненні вяліся ў раёне пасёлка Зуан-Луніен. 6 красавіка верталёты нанеслі ўдар па селішчы. На наступны дзень пара Мі-24 зноў атакавала гэтую вёску, пасля чаго вайсковыя падраздзяленні ўрада Гбагбо ўвайшлі ў яе. Аднак 13 красавіка паўстанцам удалося выбіць праціўніка. На наступны дзень авіямашыны на працягу 15 хвілін наносілі ўдары па Зуан-Луніен. Асабліва пацярпеў медцэнтр. Па ім было выпушчана каля 50 НУРСаў. Налёт прывёў да гібелі чатырох чалавек[4]. Яшчэ больш за 20 мірных жыхароў паранены[5].
16 красавіка Мі-24 абстралялі некалькі будынкаў у Данане і Махапле. Пацярпелі 50 грамадзянскіх асоб. Прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій асудзілі падобныя дзеянні івуарыйскай арміі і заклікалі ўлады спыніць прымяненне верталётаў у баявых дзеяннях. У перыяд з 6 па 16 красавіка Мі-24 таксама наносілі ўдары па Вавуа і Бінхуе. 9 чэрвеня 2004 года верталёты нанеслі некалькі ўдараў па пазіцыях паўстанцаў у паўночнай і заходняй частках краіны. Ад дзеянняў авіяцыі ў вёске Мамігу загінула 15 баевікоў і пяцёра вайскоўцаў урадавай арміі[5].
БПЛА
[правіць | правіць зыходнік]Раніцай 6 лістапада 2004 года над лагерам французскіх часцей пад Буаке з’явіўся ўрадавы дрон Aeronautics Aerostar. Выканаўшы паветраную разведку, ён вярнуўся ў пункт дыслакацыі[5].
Су-25
[правіць | правіць зыходнік]4 лістапада 2004 года прэзідэнт Гбагбо аддаў распараджэнне вырабіць серыю удараў па паўстанцам[6][7].
У той жа дзень штурмавая авіяцыя ажыццявіла першы баявы вылет на гарады Буаке і Караго[5]. На заданне выйшлі два змешаных беларуска-івуарыйскіх экіпажа Су-25УБ: на борце «21» ляцелі адстаўны палкоўнік ВПС РБ Юрый Сушкін і капітан урадавай авіяцыі Анж Гнандует, а на «20» — Барыс Смахін з іншым афрыканцам. Падпалкоўнік Патрыс Уэй быў каардынатарам аперацыі[8]. Удары былі нанесены па складах боепрыпасаў і хованках лідараў паўстанцаў. У выніку паветранага налёту пацярпела і мірнае насельніцтва[2].
На наступны дзень штурмавікі нанеслі серыю ракетна-бомбавых удараў па пазіцыях баевікоў у паўночнай частцы краіны. У Буаке ў выніку бомба-штурмавога ўдару быў знішчаны штаб паўстанцаў. Экіпажы ўжывалі фугасныя авіябомбы ФАБ-250, разавыя бомбавыя касеты РБК-250-275, а таксама НУРСы С-5. Пры з’яўленні ў паветры Су-25 мяцежнікі пачыналі адразу панікаваць і разбягаліся нярэдка кідаючы зброю[5].
6 лістапада экіпажы здзейснілі яшчэ адзін вылет. На гэты раз, меркавана памылкова, пад налёт трапіла база французскіх міратворцаў у Буаке. Пад бомбамі загінулі дзевяць вайскоўцаў[9]. Сярод ахвяр быў адзін грамадзянін ЗША, які працаваў па гуманітарнай місіі[10].
У адказ на авіяўдар французы, па загаду прэзідэнта Жака Шырака, у Абіджане і Ямусукра знішчылі амаль усе ўрадавыя верталёты і самалёты, у тым ліку 9 на зямлі (Strikemaster, 2 Су-25, 2 Мі-24Д, Мі-24В, Мі-24П, Мі-8Т і IAR.330L)[5] і 2 у паветры[6].
Пасля 2004 года
[правіць | правіць зыходнік]Пасля спецыяльнага дазволу ААН 24 студзеня 2005 года ВПС зноў падняліся ў паветра. У гэты і на наступны дзень адзін з ацалелых Мі-24 і адзіны Strikemaster здзейснілі некалькі выпрабавальных і патрульных палётаў над Ямусукра. Пасля машыны былі адпраўлены самалётам у Абіджан. ААН таксама дазволіла ўраду аднавіць да лётнага стану абодва Су-25уб, аднак уладам не дазволілі дакупіць новую тэхніку[3]. У лістападзе, нягледзячы на эмбарга Савета Бяспекі на аказанне ваеннай дапамогі і пастаўкі зброі ў Кот-д’Івуар, для аднаўлення ваенна-паветраных сіл краіны таемна прыбыла група з 10 авіятэхнікаў з Беларусі і Украіны[11].
На 2007 год, паводле інфармацыі Aviation Week & Space Technology, у эксплуатацыі знаходзіліся шэсць лятальных апаратаў: адзін Ан-32, адзін Cessna 421, два верталёта Eurocopter SA-365 Dauphin, адзін VIP-самалёт Gulfstream IV і адзін верталёт Мі-24. Аднак не ўсе лятальныя апараты былі ў спраўным стане[12].
Падобны стан урадавай авіяцыі захоўваўся да пачатку другой грамадзянскай вайны (2010—2011).
Верталётны скандал
[правіць | правіць зыходнік]27 лютага 2011 года офіс Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна ад яго імя распаўсюдзіў заяву аб пастаўках Беларуссю трох верталётаў Мі-24 для арміі Гбагбо ў абыход зброевага эмбарга, уведзенага ў 2004 годзе. Паводле яго даных, першая машына з «адпаведнымі матэрыяламі» на борце меркавана была дастаўлена ў Ямусукра самалётам у ноч з 26 на 27 чысла. Пры гэтым прыбыццё яшчэ як мінімум двух бартоў запланавана нібыта на 29-га. Ён запатрабаваў ад міратворчага кантынгенту «пільна сачыць за сітуацыяй і прыняць усе неабходныя меры ў рамках наяўнага мандата, накіраваныя на тое, каб забяспечыць немагчымасць выкарыстання дастаўленага абсталявання»[13][14].
Інфармацыю аб пастаўках генеральнаму сакратару падала група экспертаў міжнароднай арганізацыі. Пра гэта ў інтэрв’ю аднаму з беларускіх інфармагенцтваў распавёў прэс-сакратар дэпартамента аперацый па падтрыманні міру — падраздзяленні сакратарыята ААН Нік Бірнбэк[15].
У той жа дзень[15] прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных у інтэрв’ю БелаПАН абверг гэтую заяву. Афіцыйны прадстаўнік Дзяржкамваенпрама Уладзімір Лаўранюк адзначыў, што беларускі бок актыўна супрацоўнічае з групай экспертаў па Кот-д’Івуары ў рамках выканання палажэнняў адпаведных рэзалюцый Савета Бяспекі ААН. Паводле яго слоў інфармацыя з абвінавачваннямі ў парушэннях эмбарга не адпавядае рэчаіснасці і выклікае поўнае здзіўленне. Як было заяўлена, у Беларусі створана Нацыянальная сістэма экспартнага кантролю, якая адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням[14].
З аспрэчаннем выступіў і афіцыйны прадстаўнік адміністрацыі Гбагбо Дона Мэла, назваўшы гэта «змовай супраць Кот-д’Івуара» і «хлуснёй для апраўдання атакі на ўрад Гбагбо»[14].
Праўдзівасць абвінавачвання падвергнулі пад сумнеў палітолаг Андрэй Фёдараў і ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін[16]. Апошні адзначыў, што верталёты, пастаўленыя ў краіну, досыць старой зборкі, і іх продаж у абыход зброевага эмбарга мог б негатыўна адбіцца на больш буйных кантрактах, якія ў такім выпадку Беларусь страціла. На думку эксперта, гэты скандал можа быць часткай інфармацыйнай вайны, якая праводзілася Захадам супраць урада Аляксандра Лукашэнкі[17].
Першая спроба праверыць падазрэнні члены групы экспертаў ААН, уключаючы прадстаўніка яе міратворчай місіі, распачалі 28 лютага. Яны накіраваліся ў аэрапорт Ямусукра, аднак верныя Гбагбо салдаты абстралялі іх, і экспертам давялося рэціравацца[18].
2 сакавіка на брыфінгу ў штаб-кватэры ААН у г. Нью-Ёрк намеснік генеральнага сакратара па аперацыях па падтрыманні міру Ален Леруа прынёс прабачэнні Беларусі за інцыдэнт, паколькі высветлілася яе недатычнасць да паставак[13].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Авіяцыя Лівіі падчас грамадзянскай вайны
- Авіяцыя эфіопа-эрытрэйскай вайны
- Авіяцыя грамадзянскай вайны ў Нігерыі
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д Франчук 2005, p. 64.
- ↑ а б в г д е Stijn Mitzer and Joost Oliemans 2021.
- ↑ а б в г д е ё Tom Cooper and Alexander Mladenov 2004.
- ↑ а б в г д е Франчук 2005, p. 65.
- ↑ а б в г д е ё Франчук 2005, p. 66.
- ↑ а б Ann Talbot, «Ivory Coast: protests erupt vs. French military strikes» Архівавана 27 кастрычніка 2012., World Socialist Web Site, 9 November 2004.
- ↑ Грамадзянская вайна ў Кот-д’Iвуар Архівавана 14 ліпеня 2018. (руск.)
- ↑ Дмитрий Гусев. Тайны Су-25 и Юрия Сушкина: в Париже вынесли приговор по делу об убийстве французских военных в Кот-д’Ивуар // RFI, 16 апреля 2021
- ↑ Trafics d'armes(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2020. Праверана 4 верасня 2022.
- ↑ Bombardement à Bouaké : Robert J. Carsky, l’Américain oublié . Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2022. Праверана 25 студзеня 2022.
- ↑ Украина и Белоруссия тайно восстанавливают ВВС Кот-д’Ивуара // Лента.ру 14 ноября 2005
- ↑ Cote d'Ivoire . www.deagel.com. Праверана 30 ліпеня 2018.
- ↑ а б ООН извинилась за информацию о самолете РБ в Кот-д'Ивуаре // Delfi : интернет-портал. — 3 марта 2011.
- ↑ а б в Кот-д'Ивуар опроверг информацию о поставках вертолетов из Белоруссии . Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка 2022. Праверана 13 красавіка 2022.
- ↑ а б Евгений Кононович. Слова на ветер. ООН официально извинилась перед Беларусью за клевету. // СБ.Беларусь сегодня : газета. — 10 марта 2011.
- ↑ Валер Карбалевіч. Якія наступствы могуць мець скандалы з пастаўкамі зброі? // Радыё Свабода : радыёвяшчальная арганізацыя. — 1 сакавіка 2011.
- ↑ Андрей Александрович. Летало ли белорусское оружие в Ливию и Кот-д'Ивуар? // TUT.BY : интернет-портал. — 2 марта 2011.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Tom Cooper and Alexander Mladenov Western & Northern Africa Database: Cote d'Ivoire, since 2002 // ACIG : journal. — 2004. — 5 жніўня Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2012.
- Франчук, Сергей (2005). "По следам наших птиц: Война в стране какао". История авиации : журнал. № 3: 63–68.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка) - Stijn Mitzer and Joost Oliemans. Ivory Coast’s Su-25s — The Sharks Won’t Bite Again // Oryxspioenkop : defence analysis website. — 2021. — 31 сакавіка