Перайсці да зместу

Кніга Левіт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Левіт (וַיִּקְרָא)

Першае цэласпаленне Аарона. Малюнак Сімяона Саламона.
Раздзел: Пяцікніжжа
Мова арыгінала: яўрэйская
Мясцовасць: Егіпет, Сінайскі паўвостраў
Папярэдняя (праваслаўе): Кніга Выхад
Наступная: Кніга Лічбаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кніга «Левіт» (іўр.: ויקרא, Ва-ікра — «І прызваў»; лац.: Leviticus; стар.-грэч.: Λευϊτικόν) — кніга Бібліі, цалкам прысвечаная апісанню шматлікіх абрадавых інструкцый і настаўленняў. Галоўнае месца сярод іх займаюць настаўленні, якія адносяцца да багаслужэння і культу. У прыватнасці, даюцца дакладныя ўказанні, як здзяйсняць абрад ахвярапрынашэння, прычым па кожнаму з відаў ахвяр. Далей ідуць прадпісанні, якія адносяцца да ежы: што і калі можна есці, а чаго нельга. Дазваляецца есці толькі мяса жвачных і парнакапытных жывёл. Вялікая колькасць відаў жывёл аб’яўляецца нячыстымі, і ўжыванне іх мяса ў ежу прызнаецца перад Богам цяжкім грахом. Апавяданне пра падзеі далёкага мінулага яўрэяў у кнізе «Левіт», як і ў іншых кнігах Пяцікніжжа Майсея, увесь час пераплятаецца з павучаннямі, як паводзіць сябе, каб заваяваць і захаваць прыхільнасць Бога. Падаюцца павучэнні на санітарна-гігіенічныя, гаспадарчыя, юрыдычныя, маральна-этычныя і іншыя тэмы. Апрача гэтага, у ёй змяшчаецца багата пазнаваўчага матэрыялу этнаграфічнага характару з жыцця старажытнаяўрэйскага народа.[1]

Кніга «Левіт» у выданні Ф. Скарыны захавалася ў 15 асобніках. На тытульным аркушы змешчана тэматычная гравюра, зверху якой надпіс: «Господь бог глаголеть к Моисею у храму Свѣдення». Прадмова пачынаецца на адваротным баку тытульнага аркуша і заканчваецца на а. 6 віньеткай, а на л. 6 адв. зноў паўторана гравюра Трэбніка. Пад ёй тлумачальны тэкст: «То ест образ требнинка, на нем же приношаше Арон жертвы господу богу. Он же стоиваше во притворе храмове. И на той крате, еже висить посреди его, паляху жертвы; огнь же всегда горяше зысподу на огнищи его».[1]

Перад пачаткам тэксту кнігі «Левіт» паўтараецца застаўка з кнігі «Песня песняў». На а. 42 адв. паўтораны і гравюрны партрэт Аарона з надпісам: "Сей ест Аарон, архиерей найвышший сынов ізраилевых, брат Моисеев, правнук Леувиев. От него же называется книга сня — «Леувит». Сама гравюра тут адрозніваецца ад першага варыянта, змешчанага ў кнізе «Выхад», светлымі прасветамі паміж рукамі Арона і слупамі аркі, а таксама чорна-белымі квадратамі падлогі, на якой ён стаіць.[1]

Зноскі

  1. а б в Скарына Ф. Творы:… С. 164—165.