Перайсці да зместу

Лужасна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Лужасна
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 1 850 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 212
Паштовыя індэксы
211311
Аўтамабільны код
2
Лужасна на карце Беларусі ±
Лужасна (Беларусь)
Лужасна
Лужасна (Віцебская вобласць)
Лужасна

Лу́жасна[1] (трансліт.: Lužasna, руск.: Лужесно) — вёска ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Мазалаўскага сельсавета. Размешчана за 12 км ад Віцебска (ад цэнтра горада), за 2 км ад чыгуначнай станцыі Лужасна пры ўпадзенні ракі Лужаснянка ў Заходнюю Дзвіну.

Назва балцкага паходжання, ад назвы ракі Лужасны (цяпер Лужаснянка).

Корань Lūž- у літоўскім гідроніме Lūž-upis, ён звязаны з літоўскім lūžti «ламацца, ірвацца, гнуцца» і мае канфігурацыйнае значэнне[2].

Адпачатная балцкая форма *Lūžā пастулюецца і для сожскага прытока ракі Лыза[3].

У назве Лужасна корань пашыраны тыповым балцкім гідранімічным пашыральнікам -sn-, які таксама ў азёрнай назве Мядзесна недалёка ад Лужасны, у дняпроўскіх балцкіх гідронімах Апісна, Нерасна, Турасна, Дабасна[4].

Гэты пашыральнік прысутны і ў літоўскім назва- і словаўтварэнні: upė «рака» — upėsnis «рачулка; месца, дзе цекла рэчка або дзе рэчка ўцякае ў возера»[5].

Значэнне назвы Лужасна можна перадаць як «Звілістая (рака)» (рака, рэчышча якой «ламанае»).

Археалагічныя помнікі паблізу вёскі (гарадзішча і селішча) сведчаць, што гэтая мясцовасць была заселена ў глыбокай старажытнасці. У XV—XVI стст. вёска вядома як велікакняжацкае ўладанне Вялікага Княства Літоўскага. У 1530 г. вёска — цэнтр воласці, належала памешчыку Віцебскага ваяводства Маладзеню. У Лужасне да Паўночнай вайны — праваслаўная царква Святога Мікалая, двор уладальніка. У вёсцы 100 жыхароў, у іх ліку 20 плытагонаў, 15 стругавых цесляроў. Падчас вайны пастоямі і праходамі войск, эпідэміяй Лужасна было спустошана, тут застаўся 1 селянін, а навокал, як пісаў відавочца, толькі магілы і сляды былых сядзіб, якія зараслі быльнягом. У 1717 г. Лужасна — каралеўшчына, дзе больш за 30 гаспадароў-сялян, якія мелі 1/8—1/3 службы. Яны плацілі 150 злотых чыншу, апрача гэтага аддавалі ўладальніку 90 салонак збожжа, 10 пудоў мёду, урадніку — 24 салонкі збожжа. Мелася карчма. У 1740 г. тут заснавана мукамольная вытворчасць.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Лужасна ў складзе Расійскай імперыі. У 1815 г. тут пабудавана мураваная праваслаўная царква Узвіжання Крыжа Гасподня. У 1834 г. у вёсцы 374 рэвізскія сялянскія душы. У 1846 г. маёнтак, у склад якога ўваходзіла 17 вёсак, прыватная ўласнасць памешчыка маёра і кавалера Мікалая Енькі, які меў 696 сялян і 3188 дзесяцін зямлі. Сялянам належала 1187 дзесяцін зямлі. У вёсцы размяшчаўся збожжазапасны магазін. Штогод 14 верасня тут адбываўся кірмаш. У 1863 г. на мукамольнай вытворчасці ў Лужасне працавала 10 рабочых, выраблялася мукі на 27 тыс. руб.

У 1900 г. пры царкоўнапрыходскай школе, якая існавала з 1863 года, адкрыты інтэрнат на 30 месц. У 1903 г. ў Лужасне быў вятрак. У 1905 г. маёнтак (1 двор, 7 жыхароў) належаў Віцебскаму сельскагаспадарчаму таварыству, якое валодала 13 дзесяцінамі зямлі. Засценак (3 двары, 9 жыхароў) меў 39 дзесяцін зямлі. Цвінтар (3 двары, 9 жыхароў) належаў царкве, якая мела 38 дзесяцін зямлі. У 1909 г. у Лужасна адкрыта земляробчая школа.

У 1920 г. у маёнтку арганізавана сельскагаспадарчая арцель, у 1922 г. саўгас «Лужасна». Працавала кузня, сталярная майстэрня. З 20 жніўня 1924 г. вёска ў Бараўлянскім сельсавеце Лосвідскага, з 29 кастрычніка 1924 г. — Кузняцоўскага, з 26 сакавіка 1927 г. — Віцебскага раёна і акругі, з 20 лютага 1938 г. — Віцебскага раёна і вобласці. У 1928 г. на сукнавалцы працавала двое рабочых.

З ліпеня 1941 па чэрвень 1944 гг. вёска акупіравана нямецкімі войскамі, якія ў 1941—1943 гг. знішчылі тут многія сотні ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў. На фронце загінула 12 вяскоўцаў, у партызаназ 3. Пасля вайны вёска адбудавалася. Да 20 снежня 1960 г. вёска ў складзе Біцялёўскага сельсавета, пасля — у Мазалаўскім сельсавеце[6], цэнтр вучэбна-доследнай гаспадаркі «Лужасна». 14 ліпеня 1967 г. з вёскай аб’яднаўся асфальтабетонны завод.

Царква
Памятны знак на месцы знішчэння савецкіх грамадзян

Установы адукацыі

[правіць | правіць зыходнік]
Ваеннае вучылішча
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 200.
  3. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. C. 530.
  4. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 198.
  5. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 291—292.
  6. Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 22 снежня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1961, № 4 (924).
  7. а б Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. В 5-ти т. т.1 / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 1. — 768 с. — 50 000 экз. (руск.)