Хіндустанцы
Хіндустанцы (हिन्दुस्तानी) | |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя |
Мова | хіндустані |
Рэлігія | індуізм, іслам, сікхізм |
Блізкія этнічныя групы | гуджаратцы, раджастханцы, канвар |
Хіндуста́нцы (дэванагары: हिन्दुस्तानी) — агульная назва індаарыйскага насельніцтва Індыі, якое карыстаюцца мовай хіндустані. Жывуць пераважна ў штатах Утар-Прадэш, Хар’яна, нацыянальным сталічным рэгіёне Дэлі, на поўначы штата Мадх’я-Прадэш. Паколькі ў навуковай літаратуры і статыстыцы статус хіндустані канчаткова не вызначаны, яны не вылучаюцца як асаблівая група пры падліке насельніцтва. Агульная колькасць складае некалькі сот мільёнаў чалавек.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Хіндустанцы з'яўляюцца нашчадкамі адначасова насельніцтва старажытнай паўночнай Індыі і прадстаўнікоў Ямнай культуры, якія мігрыравалі ў Паўднёвую Азію каля 3500 гадоў таму. Генетыкі сцвярджаюць, што сучасныя паўночныя індыйцы ўспадкавалі індаеўрапейскае паходжанне пераважна па мужчынскай лініі[1]. Перасяленне суправаджалася распаўсюджваннем ведыйскай мовы і рэлігіі. У старажытных творах Рыгведа і Артхашастра неіндаеўрапейскае насельніцтва звалася словам даса (санскрыт: दास). Яно значыла адначасова ворагаў і слугаў. Аднак з сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. гэтае слова не ўжывалася ў дачыненні да насельніцтва верхняй і сярэдняй плыні ракі Ганг і яго прытокаў[2]. Вызначаная тэрыторыя стала месцам фарміравання хіндустанцаў.
Першапачаткова нашчадкі індаеўрапейскіх мігрантаў стварылі каля 16 дзяржаў. У 317 - 180 гг. да н. э. усе яны ўвайшлі ў склад імперыі Маур’яў[3], цэнтрам якой стала Інда-Гангская раўніна. У імперыі распаўсюджваліся адзіныя прыклады культуры, мовы санскрыт і пракрыт, супольная рэлігія будызм. Моцныя культурныя кантакты захоўваліся нават пасля яе знікнення. Адным з галоўных культурных цэнтраў на поўначы Індыі стаў Варанасі[4]. У ім сфарміравалася некалькі рэлігійна-філасофскіх школ, якія аказалі моцны ўплыў на распаўсюджанне індуізму. З 1000 г. распаўсюджвалася літаратурная форма хіндустані — хіндзі.
Мусульманскія заваяванні XII - XVI стст. суправаджаліся перасяленнем новых груп мігрантаў з Цэнтральнай Азіі і Ірана. Цвярскі купец Афанасій Нікіцін заўважыў наступнае[5]:
У Індыйскай зямлі княжаць усе харасанцы, і баяры ўсе харасанцы. А гундустанцы ўсе пешыя і ходзяць перад харасанцамі, якія на конях...
Пачынаючы з эпохі Дэлійскага султаната вышэйшыя колы насельніцтва шырока выкарыстоўвалі персідскую мову[6]. Уплыў мусульманскай культуры асабліва адчуваўся на паўночным ўсходзе, дзе ўзнікла мова ўрду як стандартызаваны варыянт хіндустані.
Да сярэдзіны XX ст. хіндустанцы вылучыліся як асаблівая група з супольнай гісторыяй, многімі агульнымі рысамі прафесійнай і пабытовай культуры, але істотнымі моўна-дыялектнымі разыходжаннямі, тэрытарыяльна-адміністрацыйным падзелам, рэгіянальнымі, рэлігійнымі і каставымі асаблівасцямі.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя, населеная хіндустанцамі, — старажытны развіты рэгіён земляробства[7]. Кліматычныя і геаграфічныя ўмовы дазваляюць атрымоўваць багатыя ўраджаі на працягу ўсяго года, але патрабуюць значных намаганняў для паляпшэння меліярацыі і ірыгацыі. Большасць земляробчых гаспадарак маюць малую плошчу і развіваюцца як комплексныя. Важную ролю ў побыце сялян мае жывёлагадоўля. Прычым, з часоў міграцыі старажытных арыяў галоўнай свойскай жывёлай застаецца карова. Таксама трымаюць буйвалаў, зебу, хатнюю птушку, на пашавых землях — авечак і коз.
Рамесніцкая дзейнасць узнікла ў старажытнасці. Характэрна вылучэнне прафесійных каст, якія спецыялізуюцца на пэўнай вытворчасці. Асабліва развіты ганчарства, ткацтва, апрацоўка металаў, ювелірная справа[8]. Паўночная Індыя — радзіма некалькіх архітэктурных стыляў[9]. З XX ст. інтэнсіўна развіваецца прамысловасць.
Паселішчы
[правіць | правіць зыходнік]Для сельскай мясцовасці характэрны адносна невялікія вёскі да 300 двароў. Яны месцяцца ўздоўж дарог або папросту на неўрадлівых землях, часцяком далёка ад крыніц вады. Гэта тлумачыцца высокай шчыльнасцю насельніцтва і каштоўнасцю зямлі, прыдатнай для сельскай гаспадаркі. Жытлы будуюцца кварталамі шчыльна адно да іншага. На поўдні ад Дэлі вёскі часцяком не маюць планіроўкі, аднак для іх характэрны прысядзібныя надзелы з садамі і агарожай. Найбольш старыя вёскі належаць прадстаўнікам адной касты, іх жыхары спецыялізуюцца на пэўнай дзейнасці. Традыцыйныя вясковыя жытлы ўзводзяцца з дрэва, камянёў і гліны. Каля 200 - 100 гадоў таму распаўсюдзіліся цагляныя будынкі, змацаваныя гразевым растворам, з пляскатымі дахамі. У 1991 г. яны складалі 17% ад жыллёвага фонда Індыі[10]. Дамы простых сялян і сельскагаспадарчых рабочых аднапакаёвыя[11].
Гарадскія паселішчы вядомы з ведычнага перыяда. У 1 тысячагоддзі н. э. былі складзены правілы індуісцкай архітэктуры Васту Шастра. Яны ўключалі 5 розных форм планавання горада[12]. У эпоху Вялікіх Маголаў планаванне гарадоў стала абавязковым. Вылучаліся сталічныя гарады з умацаваннямі, знутры якіх будаваліся сталыя рэзідэнцыі імператара і вярхоўных вяльмож, з шырокімі плошчамі перад галоўнай брамай, гарады вакол крэпасцяў, часовыя гарады-рэзідэнцыі. Іх жыхары былі служачымі, гандлярамі і рамеснікамі, займаліся сельскай гаспадаркай. У 1629 - 1643 гг. насельніцтва Агры складала 660 тысяч чалавек[13] (для параўнання ў Лондане жыло каля 350 - 400 тысяч чалавек, у Мінску — 4-5 тысяч чалавек). У XX ст. з'явіліся інавацыйныя формы планавання сучасных гарадоў, прыкадам чаму з'яўляюцца Новы Дэлі і Чандыгарх.
Кухня
[правіць | правіць зыходнік]Кухня хіндустанцаў адрозніваецца рэгіянальнымі і рэлігійнымі асаблівасцямі. Так, індуісты не ўжываюць ялавічыну, а мусульмане — свініну. Наогул, мясныя стравы прадстаўлены ў мусульманскай кухне лепей, чым у індуісцкай. У Хар'яне пераважаюць простыя сельскія стравы на аснове збожжавых, бабовых і вяршковага масла. У мінулым хлебныя аладкі році пяклі з 3 розных відаў мукі, хаця ў нашы дні пераважаюць аладкі з пшаніцы[14]. У штаце Утар-Прадэш вылучаюць 3 рэгіёны з рознымі традыцыямі кулінарыі[15]. Тут папулярны стравы з гародніны, сыра і яек. Наваколлі Агры славяцца цукеркамі з сока гарбуза. Хіндустанская кухня вядома шырокім выбарам спецый, якія дадаюць у стравы ў змяшаным выглядзе (т.з. масала).
Зноскі
- ↑ Aryan Invasion May Have Transformed India's Bronze-Age Population
- ↑ Гл: Ṭi. Ecc. Pi Centāraśśēri, History of the Indigenous Indians
- ↑ Mauryan Empire
- ↑ The History and Antiquity of Kasi or Varanasi
- ↑ Афанасий Никитин. Хождение за три моря
- ↑ Ali Akbar Khansir, The Impact of Persian Language on Indian Languages
- ↑ HISTORY OF INDIAN AGRICULTURE
- ↑ India’s Craft Traditions Архівавана 20 кастрычніка 2020.
- ↑ Indian Architecture
- ↑ Unreinforced brick masonry with flat roof Архівавана 12 красавіка 2018.
- ↑ REGIONAL DISTRIBUTION OF RURAL HOUSE TYPES IN INDIA
- ↑ Ancient Indian Town Planning and Architectural Paradigms
- ↑ SPATIAL CHARACTERISTICS OF MUGHAL CITIES
- ↑ Cuisine of Haryana
- ↑ Uttar Pradesh Cuisine