Васіль Уладзіміравіч Быкаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Васіль Быкаў
бел.: Васіль Уладзіміравіч Быкаў
Vasil Bykov.jpg
Васіль Быкаў у Румыніі. 1944
Імя пры нараджэнні:

Васіль Уладзіміравіч Быкаў

Дата нараджэння:

19 чэрвеня 1924({{padleft:1924|4|0}}-{{padleft:6|2|0}}-{{padleft:19|2|0}})

Месца нараджэння:

Бычкі, БССР, СССР

Дата смерці:

22 чэрвеня 2003({{padleft:2003|4|0}}-{{padleft:6|2|0}}-{{padleft:22|2|0}}) (79 гадоў)

Месца смерці:

Бараўляны, Беларусь

Грамадзянства:

Flag of the Soviet Union.svg СССРFlag of Belarus.svg Беларусь

Род дзейнасці:

пісьменнік, грамадскі дзеяч

Гады творчасці:

з канца 1940-х гадоў і да смерці

Кірунак:

проза, пераважна ваенная

Жанр:

аповесць, апавяданне, публіцыстыка, эсэ

Прэміі:
Ленінская прэмія Дзяржаўная прэмія СССР — 1974
Узнагароды:
Герой Сацыялістычнай Працы  — 1984
Ордэн Сяброўства, Расія Ордэн Леніна  — 1984 Ордэн Айчыннай вайны I ступені Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» 20 years of victory rib.png 30 years of victory rib.png
Юбілейны медаль «Сорак гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Медаль «50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
Medal of Francis Skorina rib.png
http://www.bykau.info

Васіль Уладзіміравіч Быкаў (19 чэрвеня 1924, в. Бычкі, Ушацкі раён[1][2] — 22 чэрвеня 2003, Бараўляны, Беларусь) — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, капітан.

Большасць твораў — аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства і маладыя гады[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. З дзяцінства захапляўся маляваннем. У 1939 скончыў 8 класаў Кубліцкай СШ, паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Аднак восенню 1940 ў сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям'і і адменай дзяржаўных стыпендый вымушаны быў пакінуць вучобу[3]. Паступіў у Віцебскую школу ФЗН № 5, дзе вучыўся да мая 1941. У чэрвені 1941 экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас.

Вялікая Айчынная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Вайна заспела яго ва Украіне, дзе ён удзельнічаў у абаронных работах. Падчас адступлення, у Белгарадзе, адстаў ад сваёй калоны і быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён[4].

Быў мабілізаваны на абарончыя работы. У якасці байца інжынернага батальёна будаваў розныя ваенныя аб'екты ад Гомеля да Варонежа. У зіму 19411942 жыў на ст. Салтыкоўка(руск.) бел. і ў г. Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча (з 80 выпускнікоў у вайну ацалела толькі чацвёра). Увосень 1943 года прысвоена званне малодшага лейтэнанта. Ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знаменку(руск.) бел..

Падчас Кіраваградскай аперацыі(руск.) бел. паранены ў нагу і жывот (па памылцы быў запісаны як загінулы); падзеі пасля ранення паслужылі асновай аповесці «Мёртвым не баліць». Бацькі В. Быкава атрымалі паведамленне, што іх сын мужна загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля Кіраваграда (гэта было засведчана на абеліску).

У пачатку 1944 года тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі.

В. Быкаў выжыў і ваяваў далей, удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі(руск.) бел., вызваленні Румыніі. 3 дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю — старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Служыў на Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе. Пра вайну ў кнізе ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» (2003) успамінаў так:

" Прадчуваю сакраментальнае пытанне пра страх: баяўся ці што? Вядома, баяўся, а, можа, часам і збаяўся. Але страхаў на вайне шмат, і яны ўсе розныя. Страх перад немцамі - што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх з-за агню, асабліва артылерыйскага або бамбёжак. Калі выбух побач, так, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатова разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакут. Але быў жа і страх, які ішоў з-за спіны - ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было не менш, чым у мірны час. Нават больш.[4] "

Пасляваенныя гады[правіць | правіць зыходнік]

Пасля дэмабілізацыі В. Быкаў жыў у Гродне (з 1947), працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда» (1947—49). У 1949—55 зноў служыў у Савецкай Арміі. Канчаткова дэмабілізаваўшыся (маёр запаса), працаваў літаратурным супрацоўнікам, літаратурным кансультантам газеты «Гродзенская праўда» (1956—72). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1959. Выступаў як журналіст. У абласным і рэспубліканскім друку пачалі з'яўляцца яго замалёўкі, фельетоны, нарысы. Быў абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення СП БССР (1972—78). У 1978-м пераехаў на сталае жыццё ў Мінск. 3 гэтага часу займаўся выключна творчай працай.

Уваходзіў у састаў праўлення СП СССР, Рады СП БССР, рэспубліканскага Савета Фонда міру. Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

У 1988 годзе стаў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978—89). Народны дэпутат СССР (1989).

Бескампраміснасць прозы Быкава часта станавілася прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменніка ў ачарненні савецкага ладу.

Адзін з аўтараў «Рыжскага звароту» (1990). Быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра(руск.) бел.. У 1990 абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

У кастрычніку 1993 года падпісаў адкрыты «ліст сарака двух(руск.) бел.».

Нападкі на Васіля Быкава, якія зноў пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х гг., і стан здароўя сталі прычынай выезду за мяжу.

Магіла Быкава на Усходніх могілках Мінска.

У снежні 2002 Васіль Быкаў пераехаў на жыхарства ў Чэхію, перад гэтым некалькі гадоў жыў у Германіі, а да гэтага ў Фінляндыі. У 2002 апублікаваў кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дадому». У Чэхіі перанёс аперацыю, пасля пагаршэння здароўя вярнуўся на Беларусь. Памёр 22 чэрвеня 2003 года ў 20 гадзін 30 хвілін у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнага шпіталю ў Бараўлянах, пад Мінскам[5].

Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Падчас пахавання быў адпеты ўніяцкімі святарамі, труну пісьменніка накрылі бел-чырвона-белым сцягам[6].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Творчая біяграфія пісьменніка пачынаецца ў пасляваенныя гады. Першыя апавяданні Васіля Быкава былі надрукаваны ў часопісе «Вожык» (1947, «Дапякло»), газеце «Гродзенская праўда» (1949, «У першым баі»).

Тэматыка ранніх апавяданняў, як і многіх далейшых твораў Васіля Быкава, прысвечана падзеям вайны.

Сам В. Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік». Іх ён паслаў на водгук М. Лынькову. Нягледзячы на ўвогуле ўдалы творчы дэбют, В. Быкаў не быў перакананы ў тым, што літаратура — яго жыццёвае прызванне. 3 героя апавядання «У першым баі» Мікалая Беражнога пачаліся быкаўскія героі — маладыя афіцэры і салдаты з трагічным франтавым лёсам.

Першы зборнік «Ход канём» (1960) раскрывае пасляваеннае жыццё савецкіх людзей, іх узаемаадносіны ў працы, побыце, паказвае нараджэнне новых якасцей у характары чалавека, асабліва моладзі.

Канец 1950-х — пачатак 1960-х гадоў для В. Быкава — час пошукаў самога сябе. Ён піша сатырычныя мініяцюры, гісторыка-прыгодніцкую аповесць «Апошні баец», серыю навел на маральна-этычныя тэмы, другі цыкл ваенных апавяданняў, нарысы, рэцэнзіі. Гэтыя творы сведчаць пра тое, што іх аўтар ішоў да свайго адкрыцця свету, да аналітычнага даследавання чалавечага быцця, рашуча адмаўляючыся ад дробнатэмнасці, апісальнасці. Кожны твор быў для яго своеасаблівай школай майстэрства, пяро пісьменніка сталела, почырк набываў большую індывідуальную афарбоўку, мова — выразнасць і дакладнасць. В. Быкаў набліжаўся да раскрыцця тых трагічных падзей 1941—45, з якімі сутыкаецца галоўны герой яго аповесцей.

У «Жураўліным крыку» (1959) пісьменнік звярнуўся да ваеннай тэмы, каб застацца ёй верным амаль увесь час. Паводле зместу, шэсць ваенных, кожны з якіх - жывая чалавечая індывідуальнасць, гінуць у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. У наступных яго аповесцях паўстае перад чытачом гранічна праўдзівае адлюстраванне вайны. Яго творы нязменна нясуць у сабе моцны зарад маральнай энергіі, неабходнай чалавеку сёння.

Шырокая вядомасць прыйшла да Быкава пасля публікацыі аповесці «Трэцяя ракета» (1961).

Тэма чалавека на вайне таксама праходзіць праз аповесці «Пастка» (1962), «Альпійская балада» (1963), «Праклятая вышыня» (1968).

Аднак у застойныя гады афіцыйная крытыка непрыймальна ставілася да бескампрамісных аповесцей В. Быкава пра вайну. Адзін з самых вострапраўдзівых яго твораў «Мёртвым не баліць» (1965) убачыў свет на той час толькі ў часопісах «Маладосць» і «Новый мир(руск.) бел.», дзякуючы грамадзянскай мужнасці іх рэдактараў П. Панчанкі і А. Твардоўскага. В. Быкава абвінавачвалі ў тым, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, ачарняе гераічных савецкіх воінаў. Па камандзе галоўных тады партыйных ідэолагаў (М. Суслава, М. Зімяніна і так званага «спецыяліста» па беларускай літаратуры ў Аддзеле прапаганды ЦК КПСС У. Сяўрука) былі арганізаваны калектыўныя пісьмы «незадаволеных» быкаўскім адлюстраваннем падзей вайны. Нягледзячы на тое, што многія творчыя саюзы, выдавецтва «Мастацкая літаратура» і яго дырэктар М. Дубянецкі, шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць «Мёртвым не баліць» у збор твораў В. Быкава, М. Суслаў, а пасля М. Зімянін загадалі ніколі яе не друкаваць і ўсякія размовы пра выданне спыніць, хоць у многіх краінах гэты твор ужо тады выйшаў асобнай кнігай. I ўсё ж грамадская думка перамагла: аповесць была ўключана ў 4-ы том збору твораў пісьменніка.

У 1970-я гады В. Быкаў працягвае цыкл аповесцей на ваенную тэму: «Сотнікаў(бел. (тар.)) бел.» (1970), «Абеліск» (1971), «Дажыць да світання» (1972), «Воўчая зграя» (1974), «Яго батальён» (1975).

Ваенныя аповесці В. Быкава — гэта высокамастацкія творы, з якіх складаецца гераічны эпас пра Вялікую Айчынную вайну. У іх аўтар сцвярджае выпрабаваныя ў полымі барацьбы з фашызмам ідэйныя і маральныя якасці: вернасць адвечным агульначалавечым каштоўнасцям, інтэрнацыяналізм, любоў да роднай зямлі, высокую годнасць чалавека-працаўніка і воіна. У творчасці В. Быкава прасочваюцца ідэйна-эстэтычныя пошукі савецкай літаратуры апошняга часу, далейшае развіццё такіх яе неад'емных якасцей, як філасафічнасць, аналітычнасць, псіхалагізм, глыбокае раскрыццё ўнутранага свету чалавека, яго паводзін у экстрэмальных умовах ваенных гадоў. У партызанскім цыкле аповесцей («Круглянскі мост» (1968), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды(руск.) бел.» (1982) з асаблівай сілай выявілася праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупіраванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы народа супраць фашыстаў. Не менш востра паказаў пісьменнік і падзеі калектывізацыі, да якіх упершыню звярнуўся ў аповесці «Знак бяды». У беларускай літаратуры ніхто так аголена-праўдзіва, з болем, абгрунтавана не паказаў бессэнсоўнасць, жорсткасць сталінскіх метадаў абагульнення сялянскіх гаспадарак, вытручвання ў селяніне-працаўніку любові да зямлі-карміцелькі, вынішчэння яго гаспадарчых традыцый. Гэту тэму пісьменнік працягвае даследаваць і ў аповесці «Аблава», дзе, асвятляючы падзеі калектывізацыі, упершыню ў беларускай літаратуры паказвае спецперасяленца, працавітага, гаспадарлівага селяніна Хведара Роўбу, які быў высланы з сям'ёй на Поўнач, а потым, пры спробе вярнуцца ў родную вёску, загінуў пакутніцкай смерцю.

Міхась Скобла расказвае, як Рыгор Барадулін за пераклад на беларускую мову паэтаў Каўказа (Дагестана, Чачні і інш.) атрымаў у падарунак бурку, папаху і сертыфікат на валоданне пляцам зямлі ў вёсцы (ауле) Карата Ахваскага раёна Рэспублікі Дагестан, а таксама пра лісты Барадуліна да Васіля Быкава ў Германію. 28 сакавіка 2014 г., Мінск

Пераасэнсаванне мінулага стала галоўным напрамкам, па якім рухалася быкаўская думка ў 1980-я гады. Пісьменнік пераасэнсоўвае і прыкметна ўдакладняе многае з таго, што ўпэўненна сцвярджаў у сваіх творах. У рамане «Кар'ер» (1985) паяднаны сучаснасць і вайна. Складаны лёс чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі пісьменнік паказвае ў аповесці «У тумане» (1988). «Аблава» (1989) мае рэальную жыццёвую аснову. В. Быкаў акцэнтуе ўвагу на злавесна-разбуральнай сутнасці часу і гаворыць пра катастрафізм духоўнага быцця ў цэлым. З суровым рэалізмам у адлюстраванні падзей напісана быкаўская «Сцюжа» (1969, 1991).

У 1990-я В. Быкаў бярэ на ўзбраенне апавяданне. «На чорных лядах», «Бедныя людзі» (абодва — 1994), «Жоўты пясочак», «Зенітчыца», «Палкаводзец», «Палітрук Каламіец», «Падоранае жыццё» (усе — 1995).

Аповесць «Пакахай мяне, салдацік» (1996) тэматычна звязана з цыклам «ваенных» апавяданняў. Аповесць «Ваўчыная яма» (1999) расказвае пра жыццё ў чарнобыльскай зоне. Надзвычай складаныя рэаліі ваеннай рэчаіснасці паўстаюць з аповесці «Балота» (2001).

Яшчэ адна іпастась пісьменніка — аўтар «баек жыцця» з філасофска-алегарычным зместам: «Сцяна(бел. (тар.)) бел.» (1995), «Музыка», «Народныя мсціўцы» (абодва — 1997), «Ваўчыная яма», «Мальбара», «Тры нявымаўленых словы», «Труба» (усе — 1998), «Галоўны крыгсман», «Хутаранцы», «Апалагетыка „нагана“», «Кошка і мышка» (усе — 1999). Выходзяць кнігі прозы «Сцяна» (1997), «Пахаджане» (1999). Быкаўскія прыпавесці ўвайшлі ў супольную кнігу Р. Барадуліна і В. Быкава «Калі рукаюцца душы» (2003). Працягвае тэму сяброўства кніга «Дажыць да зялёнай травы» (2008). Кнігу пад такой назвай В. Быкаў і Р. Барадулін пісалі 43 гады. Складаецца яна з сяброўскага ліставання двух выдатных творцаў, якое пачалося ў 1960.

У гады перабудовы В. Быкаў актывізаваўся як грамадскі дзеяч, публіцыст. Яго выступленні, артыкулы, інтэрв'ю склалі зборнікі «На крыжах» (1992) і «Крыжовы шлях» (1998). Пісьменнік падсумаваў вынікі свайго жыцця і творчасці кнігай успамінаў «Доўгая дарога дадому» (2002).

Адной з апошніх прац В. Быкава сталі аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 «Цярновы шлях», якія пазней увайшлі ў кнігу «Грамадзянін свету» (2004). Кожны з 12 аповедаў пачынаецца лірычна-белетрыстычным уступам самога В. Быкава, які пры гэтым каларытна характарызуе нямецкія рэаліі і апавядальніка.

Але і пасля смерці Васіля Быкава з'яўляюцца на старонках друку невядомыя беларускаму чытачу творы. У кнігу «Бліндаж» (2007) увайшлі аповесці «Бліндаж» (1987) і «Апошні баец» (1958), якія раней не ўключаліся аўтарам у ніводзін свой зборнік.

Экранізацыі і інсцэнізацыі твораў[правіць | правіць зыходнік]

Па творах В. Быкава пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета(руск.) бел.» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), «Узыходжанне(руск.) бел.» (1977, паводле «Сотнікава», рэжысёр Ларыса Шапіцька(руск.) бел.) «Знак бяды(руск.) бел.» (1985), «У тумане» (2012), кароткаметражны фільм «Пастка(руск.) бел.», тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны(руск.) бел.» (1976, паводле аповесці «На ўсходзе сонца»). В. Дашуком створаны фільм пра В. Быкава «Узыходжанне» (1985). У 1981 годзе быў зняты фільм «Фруза(руск.) бел.», а ў 1989 годзе — фільм «Круглянскі мост(руск.) бел.». У 2008 годзе выйшаў фільм «Асуджаныя на вайну(руск.) бел.» паводле аповесці «Пайсці і не вярнуцца»

П'еса «Апошні шанц» ставілася ў тэатрах. Былі інсцэніраваны яго аповесці «Абеліск», «Альпійская балада», «Дажыць да світання» (усе — Масква), «Знак бяды» (Гомель, Ленінград, Мінск), «Пайсці і не вярнуцца» (Кастрама, Масква, Чарнігаў), «Сотнікаў» (Ленінград, Магілёў), «Трэцяя ракета» (Кіеў, Масква) і інш. У 1990 пастаноўка радыёспектакляў па аповесцях В. Быкава «У тумане» і «Кар'ер» адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.

Балет «Альпійская балада» (1967) напісаў Яўген Глебаў, на яго ж аснове стварыў «Сюіту з балета „Альпійская балада“». Оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, паводле «Воўчай зграі») стварыў Генрых Вагнер. Да творчасці пісьменніка звярталіся мастакі А. Кашкурэвіч, I. Немагай.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964, за аповесць «Трэцяя ракета»), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, за аповесці «Абеліск», «Дажыць да світання»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1978), за аповесці «Воўчая зграя», «Яго батальён»), Ленінскай прэміі (1986, за аповесць «Знак бяды»). У 1980 атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі, Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.

Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2003, пасмяротна).

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродне, Беластоку і пасёлку Ждановічы[7].

У г. Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка па вуліцы Суворава, 15, на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1 (у гэтым будынку з 1923 па 1941 знаходзілася Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе з 1939 па 1940 вучыўся Васіль Быкаў)[3]. Мемарыяльная дошка вырабленая з бронзы і ўяўляе сабой стылізаваную рамку ў выглядзе аркі, усярэдзіне якой змешчаны партрэт пісьменніка і бусел, як сімвал Беларусі. На дошцы надпіс на беларускай мове: «У гэтым будынку з 1939 па 1940 год вучыўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў». Аўтарамі кампазіцыі з'яўляюцца віцебскія скульптары, члены Беларускага саюза мастакоў Валерый Магучы і Аляксандр Гвоздзікаў.

Музей Васіля Быкава[правіць | правіць зыходнік]

У 2012 была пачата работа па стварэнні музея Васіля Быкава. Музей адкрыты на базе дачы пісьменніка, размешчанай у пасёлку Ждановічы-6 Мінскага раёна. У гэтых мэтах 27 ліпеня 2012 года была прынята пастанова ўрада Беларусі, у адпаведнасці з якой дача бязвыплатна перададзена Ірынай Міхайлаўнай Быкавай ва ўласнасць дзяржавы. Музей створаны як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Ажыццёўлены капітальны рамонт дачы з яе прыстасаваннем пад музейную ўстанову, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, створаны камфортныя ўмовы для наведвальнікаў. Супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры правялі навуковую апрацоўку архіва і асабістых рэчаў Васіля Быкава, якія склалі аснову экспазіцыі. У ёй прадстаўлены асноўныя этапы жыцця і творчасці пісьменніка, яго ўзаемаадносіны з сябрамі, блізкімі і калегамі, адлюстраваны асаблівы ўклад ва ўвасабленне тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай і сусветнай літаратуры, міжнароднае прызнанне яго твораў. Музей Васіля Быкава адыкрылі ў чэрвені 2014 да яго 90-годдзя.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Поўны збор твораў. — Мн., 2005.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Афанасьеў, І. Будзем садзіць сад: літаратурна-крытычныя артыкулы. — Мн., 1994.- 92 с.
  • Бугаеў, Д. Я. Праўда і мужнасць таленту: Выбранае: Кніга пра Васіля Быкава. Артыкулы. Дыялог. — Мн., 1995—415 с.
  • Быкаў, В. Пункціры жыцця: далітаратурная біяграфія // Дзеяслоў. — 2005. — № 2-5.
  • Васіль Быкаў // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік. — Мн., 1994. — С. 77-78.
  • Залоска, Ю. І. Дыялогі з Васілем Быкавым: Інтэрв'ю, эсэ. — Мн., 1995. — 95 с.
  • Корань (Сінькова) Л. Д. Цукровы пеўнік: літ.-крыт. арт. — Мн.: Маст.літ., 1996. — С. 114—142; 180—190.
  • Локун, В. І. Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры. — Мн., 2005. — 227 с.
  • Лявонава, Е. «Не адзінокі востраў…» // Полымя. — 2005. — № 8. — С. 166—182.
  • Наш Быкаў: Кніга ўспамінаў / уклад. Г. Бураўкін. — Мн., 2004. — 496 с.
  • Шапран, С. Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. У 2 ч. Частка II. — Мінск-Гародня, 2009. — 774 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons