Давыд, цар ізраільска-іудзейскі
З пляцоўкі Вікіпедыя.
| Цары ізраільскія |
|---|
|
Давы́д (11 ст. да н.э.), цар іудзейскі, потым другі цар ізраільска-іудзейскі, малодшы сын Іясея з Віфлеема. У ісламскай традыцыі Дауд.
Паводле Старога запавету, у юнацтве пасвіў авечак і вылучаўся добрай ігрой на арфе, дзякуючы гэтаму трапіў да двара цара Саула для суцяшэння яго сваёй ігрой у час царскага сумнага настрою. Пасля Давыд стаў царскім збраяносцам, а неўзабаве і зяцем цара Саула. Перамога, атрыманая Давыдам у адзінаборстве з філістымлянскім асілкам Галіяфам, зрабіла яго героем, але стала прычынай варожых да яго адносін цара Саўла, які быў схільны бачыць у ім свайго ворага і некалькі разоў хацеў забіць. Гэта вымусіла Давыда хавацца ад праследаванняў Саула ў Паўднёвай Палесціны, дзе ён стаў на чале вольніцы, а потым паступіць на службу да філістымлянаў.[1]
Пасля гібелі ў бітве з філістымлянамі Саула і яго сыноў Давыд быў абвешчаны царом Іудзеі, да якой ён потым далучыў тэрыторыю ізраільскіх плямёнаў, захапіў хананейскі горад Іерусалім, куды перанёс з Хеўрона сваю сталіцу, і стварыў моцнае цэнтралізаванае Ізраільска-Іудзейскае царства, якая дасягнула межаў Егіпту. У выніку краіна і яе сталіца значна ўзмацнелі і ўзбагаціліся. У мэтах павялічэння аўтарытэту сталічнага горада Давыд перанёс у Іерусалім г.зв. каўчэг запавету і ўвёў пры ім правільнае богаслужэнне. Ён правёў перапіс насельніцтва (каля 973 до н.э., не завершаны), ўстанавіў падаткі, апроч народнага апалчэння стварыў атрады целаахоўнікаў з іншаземцаў (крыцян і філістымлян).[1]
Давыд меў намер пабудаваць у сталіцы храм у гонар Іегавы (гл.далей: Першы іерусалімскі храм), аднак міжусобіцы паміж яго шматлікімі шлюбнымі і пазашлюбнымі нашчадкамі перашкодзілі яму ажыццявіць да канца гэтую задуму. Пры жыцці Давыд толькі паспеў сабраць у Іерусалім для пабудовы храма вялізныя сумы грошай у золаце і срэбры, рабочых і каменячосаў, нарыхтаваць шмат жалеза, медзі і кедравай драўніны. Пабудаваў жа гэты храм яго сын Саламон, які нарадзіўся ад Вірсавіі, якую Давыд забраў у аднаго са сваіх воінаў – Урыя.[1]
У яўрэйскім фальклоры Давыд паказваецца смелым пераможцам асілка Галіяфа. Біблеістыка адмаўляе прыпісваемае Давыду рэлігіёзнай традыцыяй складанне псалмоў.[1]
Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.128—129. ISBN 5-343-00151-3.