Адвечная песня (лялечны спектакль)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Адвечная песня»
Жанр лялечны спектакль
Заснаваны на паэмы Янкі Купалы
«Адвечная песня»
Рэжысёр Аляксей Ляляўскі
Працягласць 55 хв.
Краіна Беларусь
Мова беларуская
Год 2004
Пастаноўкі Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
Узнагароды гран-пры фестывалю «Белая вежа» (Брэст),
прыз за найлепшую рэжысуру міжнароднага форуму PIF (Заграб)

«Адве́чная пе́сня» — лялечны спектакль, пастаўлены ў 2004 годзе рэжысёрам Аляксеем Ляляўскім у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек па матывах аднайменнай паэмы Янкі Купалы.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Пастаўлены спачатку як дыпломная праца студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў, спектакль быў неўзабаве перанесены на сцэну Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, але граўся часцей не на роднай пляцоўцы, а на замежных фестывалях.[1] Неаднаразова паказваўся ў Германіі, Нідэрландах, Польшчы, Швейцарыі, Расіі, Харватыі, Бельгіі і іншых краінах[2]. На вялікай сцэне тэатру з’явіўся ў студзені 2011 года.[3]

Наватарскі, насычаны як сучаснымі алюзіямі, так і гістарычнымі экскурсамі спектакль. У адрозненне ад драматычнай пастаноўкі паэмы, у якой услед за аўтарам паказваецца жыццё Селяніна ў дарэвалюцыйнай вясковай рэчаіснасці, прасякнутай міфалагічнымі ўяўленнямі і каляндарна-абрадавымі рытуаламі, А. Ляляўскі смела пераносіць дзеянне твора ў савецкую эпоху, цалкам адмаўляецца ад міфалагічнай вобразнасці і фальклорнага арнаменту на сцэне, пакідаючы яе толькі ў гукавым суправаджэнні (этнатрыё «Троіца»).[1]

" За аснову была ўзятая ідэя, што ёсць адныя людзі, якія жывуць, працуюць на зямлі, і існуюць іншыя, якія іх не заўважаюць. На гэту тэму я напісаў п'есу, якая называлася «Біяграфія», усяго чатыры старонкі. Пасля было вырашана сумясціць яе з «Адвечнай песняй» Купалы, якія па сутнасці маюць агульную тэму. Так мы ўзялі фрагменты і паспрабавалі перавесці паэтычны рад у карцінкі.
Рэжысёр Аляксей Ляляўскі аб гісторыі стварэння спектаклю[2]
"

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

" Перачытваючы радкі Купалы, Ляляўскі мысліць стратэгічна: штораз перакідвае гледачоў з эпохі ў эпоху, прымушае думаць і пра тое, што было і быллём прарасло, і пра нас — сённяшніх. Хтосьці схамянецца нечакана: а хіба змянілася што? Гумавыя боты на авансцэне; трактары, якія аруць зямлю ў цемры; расада, якую прыбіваюць да ляхаў малатком; сабор, узведзены на горцы зерня і складзены з пустых бутэлек… Мільгаюць побытавыя карцінкі… Трэба ведаць і разумець сваю гісторыю, каб паспяваць счытваць падзеі… А. Ляляўскі ў сваім спектаклі слізгае праз стагоддзі. Уздоўж сюжэту Купалавай паэмы. Проста па спрадвечным коле жыцця. Вясна, мары, вяселле, пахаванне… Не «як жыць?» і не «што рабіць?», а «ці застанецца нешта пасля нас?» найбольш турбуе яго.
Тэатральны крытык Людміла Грамыка[4]
"

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Сяргей Кавалёў Рэцэпцыя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры // Год беларускі 2011 : Штогоднік / Сакрат Яновіч. — Крынкі: Villa Socrates, 2011. — Т. 12. — С. 157-167. — ISSN 1640-3320.(недаступная спасылка)
  2. а б «Адвечная песня» на вялікай сцэне Тэатра лялек (фотарэпартаж). Будзьма разам! (31 студзен 2011). Праверана 25 сакавіка 2016.
  3. Спектакль «Адвечная песня» па пэме Янкі Купалы вяртаецца на сцэну лялечнага тэатра. Мінск-Навіны. Праверана 28 кастрычніка 2012.(недаступная спасылка)
  4. Л.Грамыка. Дэзынфекцыя снегам / Часопіс «Мастацтва». — 2008. — №9. — С. 21.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]