Перайсці да зместу

Фонд салідарнасці BYSOL

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Байсол)
Фонд салідарнасці BYSOL
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр
Тып арганізацыі некамерцыйная арганізацыя
Заснаванне
Дата заснавання 14 жніўня 2020
Колькасць супрацоўнікаў
  • 15 чал. (8 лістапада 2021)
bysol.org

Фонд салідарнасці BYSOL ― некамерцыйная няўрадавая арганізацыя, створаная 14 жніўня 2020 года ў адказ на масавыя арышты пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Фонд арганізуе збор сродкаў для падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій у Рэспубліцы Беларусь. Станам на канец 2023 года Фонд працуе ў кірунку падтрымкі палітычных зняволеных, дваровых ініцыятыў, перанавучання звольненых па палітычных матывах, экстраннай рэлакацыі людзей за межы Беларусі і персанальных збораў.

Фонд пачаў сваю працу 14 жніўня 2020 года ў Кіеве. Першапачаткова ідэя стварэння фонду належала Андрэю Стрыжаку, таксама ён выступіў заснавальнікам арганізацыі.[1] Для запуску персанальнага збору сродкаў на Facebook фонду трэба было мець рэзідэнта ў адной з краін Паўночнай і Заходняй Еўропы або Паўночнай Амерыкі. Таму першы збор сродкаў запусціў сябра каманды BYSOL Аляксей Кузьмянкоў у Нідэрландах. Пасля ў Нідэрландах фонд зарэгістраваў юрыдычную асобу[2]. 4 студзеня 2021 года Фонд салідарнасці атрымаў афіцыйны статус дабрачыннай арганізацыі на Facebook, што дазволіла арганізоўваць зборы без стандартнай камісіі.[3]

Рашэннем МУС Беларусі 3 снежня 2021 года BYSOL прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Супраць заснавальніка фонду Андрэя Стрыжака ўзбуджана крымінальная справа. Прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі заявіў, што BYSOL «фінансуе страйкамы прадпрыемстваў, дэструктыўныя дваровыя супольніцтва, гэтак званыя фонды медыцынскай, спартыўнай і культурнай салідарнасці».[4] Паводле Андрэя Стрыжака, экстрэмісцкім быў прызнаны не сам фонд, а яго сайт, сацыяльныя сеткі, а таксама асабовыя старонкі Стрыжака, Марыі Забары і Аляксандры Зверавай. Таксама Стрыжак запэўніў, што рашэнне МУС ніяк не адаб’ецца на працы Фонду, ахвяры рэпрэсій па-ранейшаму змогуць атрымаць дапамогу, а донары здзяйсняць пералічэнні сродкаў.[5]