Будынак Гродзенскага акруговага суда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Будынак Гродзенскага акруговага суда
Будынак № 31 па вуліцы Савецкая
Будынак № 31 па вуліцы Савецкая
53°40′56″ пн. ш. 23°49′56″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Гродна
Архітэктурны стыль эклектыка
Аўтар праекта В. Ф. Нябольсін
Дата пабудовы 1884 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000665шыфр 412Г000665

Будынак Гродзенскага акруговага суда (Гродна)
Будынак Гродзенскага акруговага суда
Будынак Гродзенскага акруговага суда

Будынак Гродзенскага акруговага суда — будынак у гістарычным цэнтры Гродна, размешчаны па адрасе вул. Савецкая, 31.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў 1884 г. па праекце архітэктара Нябольсіна. Пад акруговы суд прыстасавалі частку палаца князёў Масальскіх 18 ст. Архітэктар В. Ф. Нябольсін падышоў да перабудовы з высокай адказнасцю і аб’яднаў рознастылявыя рысы будынка. Падвалы цяперашняй крамы — гэта падвалы палаца Масальскіх, а сутарэнні кавярні — былыя склады і гаспадарскія пакоі акруговага суда.

Будынак акруговага суда злева. Фота зроблена са скрыжавання з вул. Ажэшка ў 1930 гг.

У будынку акруговага суда ў час міжваеннай Польшчы праводзіліся палітычныя працэсы над удзельнікамі рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі: у красавіку 1925 адбыўся «працэс 72-х» — суд над беларускімі партызанамі, якія дзейнічалі ў 1922-23 гг. ва ўсходніх паветах Беластоцкага ваяводства і ў раёне Белавежскай пушчы; 9-21 чэрвеня ішоў закрыты «працэс 75-ці» над сябрамі КПЗБ, арыштаванымі ў Косаўскім павеце Палескага ваяводства. У лютым 1938 г. тут адбыўся працэс над Ф. Д. Кавалеўскім, сакратаром Слонімскага раённага і акруговага камітэтаў КПЗБ[1].

У будынку таксама знаходзіліся аптэчны склад Д. Гурвіч, тытунёвая крама І. Астрынскага, цырульня Данілеўскага, крама галантарэі і бялізны «Геркулес» І. Гаруты, вінаводачная крама Ф. Кжаміньскай.

У 1958 ва паўпадвальным памяшканні будынка адчынілася спажывецкая крама, у якой упершыню ў Гродне былі ўсталяваны аўтаматы па продажы газаванай вады. У 1970 будынак займалі абласная пракуратура, абласны камітэт Чырвонага Крыжа, бюро па працаўладкаванні насельніцтва. У 1982 — таварыства «Ураджай», абласны «Савет таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў»[2].

У 1986 у падвальным памяшканні адчынена крама «Верасок», пры якой дзейнічаў цэх па выпечцы кандытарскіх вырабаў[3]. У 1989 г. будынак адрэстаўраваны па праекце С. Шэйна.

У наш час у будынку знаходзіцца Гродзенскае абласное аддзяленне ГА «Беларускі саюз пісьменнікаў», турыстычная арганізацыя «Спутнік Гродна», кафейня «КафеМанія» (надпіс на шкле — «Час піць каву»), бар «РэтраПіцца». Прымыкае да Г-падобнага будынка па вуліцы Ажэшка, 1.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Трохпавярховы цагляны будынак з цокальным паверхам. Кампазіцыя галоўнага фасада асіметрычная: з паўднёвага боку да яго прымыкае двухпавярховае крыло. Пластыка фасада насычаная: руст, прафіляваныя філёнгі з гірляндамі, лучковыя сандрыкі, арнамент — меандр і дубовыя галінкі. Будынак завершаны атыкам. Бакавая лесвічная клетка вылучана неглыбокім рызалітам з балконам. На дваровым фасадзе — рызаліты лесвічнай клеткі і тарцовых залаў. Планіроўка калідорная. Архітэктура будынка мае стылізатарскі характар, у ёй выкарыстаны формы і прыёмы розных будаўнічых эпох[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1986.- 371 с., іл.
  2. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 302. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  3. Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 112. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]