Перайсці да зместу

Вальдэмар II Пераможца

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вальдэмар II)
Вальдэмар II Пераможца
манарх Даніі
1202 — 1241
Папярэднік Кнуд VI
Пераемнік Эрык IV Плужны Грош
герцаг Шлезвіга[d]
1183 — 1216
Папярэднік Крыстаф Ютландскі[d]
Пераемнік Эрык IV Плужны Грош

Нараджэнне 1170[1][2][…]
Смерць 28 сакавіка 1241(1241-03-28)[1][3][…]
Месца пахавання
Род Эстрыдсены
Бацька Вальдэмар I Вялікі[5]
Маці Сафія Валадараўна[5]
Жонка Дагмара Багемская[6], Берэнгарыя Партугальская[d][6], Інгіб’ёрга Саксонская[d][6], Helena Guttormsdatter[d] і NN[d]
Дзеці Вальдэмар Малады[d], Эрык IV Плужны Грош, Абель, Крыстафер I, Сафія Дацкая[d], Кнуд Вальдэмарсан[d] і Нільс Вальдэмарсан[d]
Грамадзянства
Веравызнанне хрысціянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ва́льдэмар II Пераможца (лац.: Valdemarus, дацк.: Valdemar Sejr; 9 мая або 28 чэрвеня 1170 — 28 сакавіка 1241) — кароль Даніі ў 1202—1241 гг.

З дынастыі Эстрыдсенаў, малодшы сын дацкага караля Вальдэмара I і Сафіі, наймаверней, дачкі менскага князя Валадара Глебавіча[7]. Па лініі бацькі Вальдэмар быў прапраўнукам князя смаленскага і вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха.

Пасля смерці бацькі ў 1182 годзе атрымаў герцагства Шлезвіг. Аднак у маладым узросце справамі герцагства кіраваў біскуп Вальдэмар Кнудсан. Апошні меў свае ўласныя ўладныя амбіцыі, заснаваныя на тым, што быў незаконнанароджаным сынам караля Канута V. Пасля таго, як Кнудсан стаў прынцам-архібіскупам Брэмена, ён вырашыў, абапіраючыся на падтрымку Свяшчэннай Рымскай імперыі, захапіць дацкі трон. У гэтым супрацьстаянні малады герцаг Вальдэмар падтрымаў свайго брата, караля Даніі Канута VI. У рэшце рэшт Вальдэмар Кнудсан быў пераможаны і зняволены. У той жа час граф Адольф Рэндсбургскі выступіў супраць Шлезвіга. Вайна з ім працягвалася да 1201 года, калі будучы кароль Вальдэмар разбіў ворага, захапіўшы яго сталіцу Рэндсбург. У абмен на сваю свабоду граф Адольф адмовіўся ад сваіх зямель на поўнач ад Эльбы.

У 1202 годзе памёр кароль Кнут VI, і новым каралём Даніі стаў Вальдэмар. Ён абвесціў сябе «каралем данаў і славян» і ажаніўся з дачкой чэшскага караля Дагмар. З самага пачатку палітыка Вальдэмара II была накіравана на пашырэнне ўплыву Даніі ў Прыбалтыцы і на свежазахопленых саксонскімі князямі землях абадрытаў і люцічаў з якімі супрацоўнічалі чэшскія каралі супраць Пястаў і немцаў. Таму ён актыўна ўмешваўся ў барацьбу паміж прэтэндэнтамі на карону Свяшчэннай Рымскай імперыі — Філіпам Гогенштаўфенам і Атонам II Вельфам, падтрымліваючы апошняга. Скарыстаўшыся разладамі ў імперыі, Вальдэмар II у 1203 годзе захапіў графства Гальштэйн і горад Любек.

У 1204 годзе ён умяшаўся ва ўнутраныя міжусобіцы ў Нарвегіі, аказаўшы дапамогу каралю Эрлінгу I. Да 1207 года дацкі кароль змог значна ўмацаваць свой уплыў у Нарвегіі.

У 1207 годзе ён умяшаўся ў абранне новага архібіскупа Брэмена, якім зноў стаў звольнены Вальдэмар Кнудсан (які таксама займаў пасаду біскупа Шлезвіга). Гэта прывяло да працяглай барацьбы з папствам, паўночнагерманскімі князямі і Філіпам Гогенштаўфенам. Толькі ў 1209 годзе паміж Папам Інакенціем III і каралём Вальдэмарам II было дасягнута пагадненне, згодна з якім апошні прызнаў Кнудсана архібіскупам. Назамен новым біскупам Шлезвіга стаў сябар караля, канонік Мікалай. Аднак супрацьстаянне паміж архібіскупам Брэмена і каралём Даніі працягвалася. У 1209 годзе Вальдэмар II захапіў горад Штадэ, які належаў архібіскупу. Нарэшце, у 1210 годзе быў заключаны новы дагавор, згодна з якім новым архібіскупам Брэмена стаў Герхард I, граф Ольдэнбург-Вільдэсхаўзен. Аднак Вальдэмар Кнудсан з дапамогай Берхарда, графа Анхальта, здолеў утрымаць Брэмен. Акрамя таго, яму дапамагаў імператар Отан IV, які пасварыўся з Папам. У адказ Вальдэмар II зноў захапіў Штадэ. Але ў 1213 годзе Генрых V Вельф, граф Пфальца Рэйнскі, вярнуў яго для архібіскупа. Гэтая вайна працягвалася да 1216 года, калі дацкі кароль нарэшце захапіў Гамбург і Брэмен для архібіскупа Герхарда I Ольдэнбург-Вільдэсхаўзена. За дапамогу Фрыдрыху II Гогенштаўфену ў барацьбе за ўладу ў Германіі Вальдэмар II атрымаў прызнанне дацкімі уладаннямі герцагства Шлезвіг, графства Гальштэйн, венедскіх зямель і Памераніі.

У 1210 годзе Вальдэмар II адправіўся ў паход на дапамогу Тэўтонскаму ордэну, дапамагаючы ў вайне з прускімі плямёнамі. Гэты паход скончыўся паспяхова для дацкага караля. Аднак ён ня прынёс ніякіх зямельных набыццяў для Даніі.

У 1217 годзе ён адправіў у Эстонію свайго пляменніка Альбрэхта, графа Орламюндэ. Апошні здзейсніў рабаўніцкі і разведвальны паход у заходнюю Эстонію зімой 1217—1218 гадоў. Той вярнуўся дадому з вялікай здабычай. У 1219 годзе па просьбе рыжскага біскупа Альбрэхта фон Апельдэрна Вальдэмар II адправіўся ў крыжовы паход у Эстонію з мэтай навяртання язычнікаў у хрысціянства. Вырашальная бітва адбылася ў горадзе Лінданіс 19 чэрвеня 1219 года. пачаткова эсты моцна прыціснулі датчан і немцаў і ўжо амаль выйгралі. На шчасце, яго васал- Віцлаў Ругенскі сабраў сваіх людзей у другім лагеры і атакаваў эстонцаў з тылу. Дацка — крыжацкае войска цалкам разбіла ворага. Падчас гэтага бою ў вечаровым небе з’явіўся крыж — вобраз якога стаў сцягам Даніі — самым старым сцягам Еўропы. Вальдэмар пабудаваў у гэтым горадзе форт, дзе размясціў дацкі гарнізон. Форт і горад вакол атрымаў назву Рэвель (Талін)[8].

Манета Вальдэмара ІІ
Тэрытарыяльны рост Даніі (1168—1227)

Пасля заваявання Эстоніі падчас Лівонскіх крыжовых паходаў Вальдэмар II быў абвешчаны князем Эстоніі ў 1220 годзе.

У 1223 годзе падчас палявання і піра на возеры Лі кароль Вальдэмар II і яго сын Вальдэмар былі падступна захоплены ў палон Генрыхам I, графам Шверына. Імператар Фрыдрых II угаварыў яго зрабіць гэта. Генрых Шверынскі запатрабаваў вяртання графства Гальштэйн і прызнання Даніі васалам імперыі. Аднак дацкія ўлады адхілілі гэтыя патрабаванні.

Вырашальная бітва паміж датчанамі на чале з Альбрэхтам, графам Орламюндэ, і Генрыхам, графам Шверынскім, адбылася ў 1225 годзе пры Мёльне ў Гальштэйне. Дацкае войска было разбіта. Гэта прымусіла Вальдэмара II пагадзіцца з патрабаваннямі ворагаў. Ён абавязаўся выплаціць 45 тысяч сярэбраных марак, вярнуць Гальштэйн імперыі і не спрабаваць адпомсціць графу Шверынскаму.

Пасля вызвалення Вальдэмар II звярнуўся да Папы Ганорыя III з просьбай вызваліць яго ад прысягі, што Папа і зрабіў. Затым дацкі кароль рушыў на поўдзень, каб вярнуць страчаныя землі. 22 ліпеня 1227 года пад Борнхеведам адбылася вырашальная вялікая бітва супраць кааліцыі паўночнанямецкіх гарадоў і герцагаў, у якой Вальдэмар II быў цалкам разбіты[9]. Гэта вайсковая катастрофа прымусіла яго адмовіцца ад планаў па пашырэнні дацкіх уладанняў. Гальштэйн і Мекленбург Памеранія, апроч княства Руген былі страчаны. Ганзейскія гарады пачалі свой шлях да манапалізацыі гандалю на Балтыцы.

Далей Вальдэмар ІІ правіў мірна.

Унутраная палітыка

[правіць | правіць зыходнік]
Пячатка Вальдэмара ІІ

Няўдачы ў барацьбе са знешніх ворагаў падштурхнулі Вальдэмара II засяродзіцца на ўнутраных справах. Адной са змен, якія ён увёў, была феадальная сістэма, дзе ён даваў маёмасць мужчынам з разуменнем таго, што яны павінны яму служыць узамен. Сваімі ўказамі кароль даў шэраг прывілеяў знаці, адначасова ўмацоўваючы ўплыў каралеўскай улады. Таксама гэта павялічыла і ўладу дваранскіх сем’яў (højadelen) і прывяло да з’яўлення меншай шляхты (lavadelen'), якая кантралявала большую частку Даніі. Свабодныя сяляне страцілі традыцыйныя правы і прывілеі, якімі яны карысталіся з часоў вікінгаў. Па яго загадзе былі праведзены ўлік існуючых зямельных уладанняў: былі зафіксаваныя іх структура, памеры, прыналежнасць і падаткі, якімі яны абкладаліся. Гэты звод «Кніга перапісаў Даніі» называюць «Зямельнай кнігай караля Вальдэмара».

Кароль Вальдэмар II правёў астатнюю частку свайго жыцця, складаючы кодэкс законаў для Ютландыі, Зеландыі і Сконе. Гэтыя кодэксы выкарыстоўваліся ў якасці юрыдычнага кодэкса Даніі да 1683 года. Гэта было істотным адрозненнем ад мясцовага заканатворчасці на рэгіянальных сходах (landting), якое было даўняй традыцыяй. Некалькі метадаў вызначэння віны або невінаватасці былі абвешчаныя па-за законам, у тым ліку суд праз выпрабаванне і суд боем. «Кодэкс Ютландыі» (Jyske Lov) быў зацверджаны на сходзе дваранства ў замку Вардынгборг у 1241 годзе, непасрэдна перад смерцю Вальдэмара там. Вальдэмар быў пахаваны побач са сваёй першай жонкай, каралевай Дагмар, у Рынгстэдзе ў Зеландыі.

Шлюбы і нашчадкі

[правіць | правіць зыходнік]

Перад сваім першым шлюбам Вальдэмар быў заручаны з Рыксай Баварскай, дачкой герцага Саксонскага. Калі гэтыя заручыны былі скасаваныя, ён у 1205 годзе ажаніўся з Дагмар Чэшскай (таксама вядомай як Маргарыта Багемская). Яна была дачкой чэшскага караля Атакара I і яго першай жонкі, Адэлаіды Мейсенскай, і неўзабаве заваявала любоў дацкіх падданых. У гэтым шлюбе нарадзіўся сын — Вальдэмар Малады, якога ў 1218 годзе ў Шлезвігу бацька ўзвёў у ранг суправіцеля (сукараля). У 1231 годзе, падчас палявання ў Рэфснесе (Паўночная Ютландыя), Вальдэмар Малады загінуў ад выпадковага стрэлу. Каралева Дагмар памерла ў 1212 годзе падчас родаў. Згодна са старадаўнімі народнымі баладамі, на смяротным ложы яна прасіла Вальдэмара ажаніцца з Кірстэн — дачкой Карла фон Рызэ, — а не з «прыгожай кветкай» Берэнгарыяй Партугальскай (Бенг’ерд). Іншымі словамі, яна прадказала, што барацьба сыноў Берэнгарыі за прастол прынясе Даніі бяду.

Пасля смерці Дагмар, жадаючы наладзіць добрыя адносіны з Фландрыяй, Вальдэмар у 1214 годзе ажаніўся з Берэнгарыяй Партугальскай. Яна была дачкой партугальскага караля Саншу I і Дульсы Арагонскай; пасля смерці бацькоў яна жыла ў сям’і свайго брата Фердынанда, графа Фландрскага. Каралева Берэнгарыя была прыгожай, але настолькі жорсткай, што даны яе моцна не любілі — аж да самай яе ранняй смерці падчас родаў у 1221 годзе. Дзве жонкі Вальдэмара адыгрываюць значную ролю ў дацкіх баладах і паданнях: Дагмар паўстае як лагодная, набожная і ўсеагульна любімая ідэальная жонка, а Берэнгарыя — як прыгожая, але ганарыстая жанчына.

З першай жонкай, Дагмарай Багемскай, з якой ён ажаніўся ў 1205 годзе, у Вальдэмара было двое сыноў[10]:

  • Вальдэмар Малады Дацкі (1209 — 28 лістапада 1231), быў жанаты з Элеанорай Партугальскай.
  • Сын, які нарадзіўся мёртвым (1212)

З другой жонкай, Берэнгарыяй Партугальскай, з якой ён ажаніўся ў 1214 годзе, у яго было пяцёра дзяцей:

  • Эрык IV, кароль Даніі (1216 — 10 жніўня 1250)
  • Сафія Дацкая (1217—1247), у 1230 годзе выйшла замуж за Яна I, маркграфа Брандэнбургскага
  • Абель, кароль Даніі (1218 — 29 чэрвеня 1252)
  • Крыстафер I, кароль Даніі (1219 — 29 мая 1259)
  • Дзіця, якое нарадзілася мёртвым (1221)

Вальдэмар займае цэнтральнае месца ў дацкай гісторыі дзякуючы свайму статусу «караля Данеброга» і ролі заканадаўца. У вачах нашчадкаў, з прычыны грамадзянскіх войнаў і распаду дзяржавы, якія рушылі ўслед за яго смерцю, ён паўстае як апошні кароль «залатога веку». З 1912 года 15 чэрвеня афіцыйна называецца «Днём Вальдэмара» (Valdemarsdag). Цяпер гэтая дата ўваходзіць у лік 33 штогадовых дацкіх дзён, калі ўрачыста ўздымаецца дзяржаўны сцяг — Данеброг.

  1. 1 2 Valdemar II // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. ↑ King of Denmark Valdemar II // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. ↑ Lundy D. R. Valdemar II 'the Victorious' Valdemarsson, King of Denmark // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. ↑ Store norske leksikon — 1978. — ISSN 2464-1480 Праверана 18 кастрычніка 2026.
  5. 1 2 Deutsche Nationalbibliothek Record #119523531 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 5 лістапада 2026.
  6. 1 2 3 (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  7. ↑ Waldemar I. der Große
  8. ↑ Книга 4 «Хроника Ливонии Генриха Латвийского».
  9. ↑ Petersen, Leif Inge Ree (2010). "Battle of Bornhöved". In Rogers, Clifford J. (ed.). The Oxford Encyclopedia of Medieval Warfare and Military Technology. Vol. 1. Oxford University Press. р.160.
  10. ↑ Line, Philip (2007). Kingship and State Formation in Sweden: 1130 – 1290. Brill. с.581.