Грамадзянская супольнасць
Грамадзянская супольнасць (у акадэмічных выданнях — грамадзянскае грамадства) — гэта сфера самавыяўлення свабодных грамадзян і добраахвотна сфармаваных некамерцыйна накіраваных асацыяцый і арганізацый, агароджаных ад прамога ўмяшання і адвольнай рэгламентацыі з боку дзяржаўнай улады і бізнэсу, а таксама іншых вонкавых фактараў. Паводле класічнай схемы Дэвіда Істана, грамадзянская супольнасць выступае як фільтр патрабаванняў і падтрымкі грамадства да палітычнай сістэмы[1].
Грамадзянская супольнасць — гэта некамерцыйная арганізацыя трэці сектар, адзін з гарантаў выканання правоў чалавека, сукупнасць грамадскіх дачыненняў па-за рамкамі ўладна-дзяржаўных і камерцыйных структур, але не па-за рамкамі дзяржавы як такой. Развітая грамадзянская супольнасць з’яўляецца найважнейшай перадумовай пабудовы прававой дзяржавы і яе раўнапраўным партнёрам[2].
Сучаснае разуменне грамадзянскай супольнасці асацыяюецца пераважна з ліберальна-дэмакратычным бачаннем грамадства і адпаведным успрыманнем адносін соцыума з асобай і дзяржавай. Пры гэткім разуменні акцэнт робіцца на «грамадства як самарэгуляваную сферу, апошні прыстанак асабовых правоў і свабод, поле, якое трэба абараняць ад уварванняў дзяржавы»[3]. Грамадзянская супольнасць уважаецца за ключ да ўмацавання дэмакратыі, эфектыўнага кіравання і паляпшэння грамадства[4].
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Тэрмін «грамадзянская супольнасць» паходзіць ад фразы Арыстоцеля koinōnía politikḗ, якая сустракаецца ў яго працы «Палітыка», дзе гаворыцца пра «палітычную грамадскасць», якая сувымерна грэчаскаму гораду-дзяржаве (полісу), які характарызуецца агульным наборам норм і этасаў, у якім жылі вольныя грамадзяне на аднолькавых умовах.
Умовы існавання грамадзянскай супольнасці
[правіць | правіць зыходнік]- наяўнасць дэмакратыі ў сацыяльнай сферы;
- прававая абароненасць грамадзян;
- пэўны ўзровень грамадзянскай культуры;
- высокі адукацыйны ўзровень і высокая грамадзянская актыўнасць насельніцтва;
- найболей поўнае забеспячэнне правоў і свабод чалавека;
- самакіраванне;
- канкурэнцыя структур, якія яе ўтвараюць, і розных груп людзей;
- грамадскія меркаванні, якія свабодна фармуюцца, і плюралізм;
- моцная сацыяльная палітыка дзяржавы;
- шматукладная эканоміка;
- вялікая ўдзельная вага ў грамадстве сярэдняга класа.
Канцэпцыя грамадзянскай супольнасці
[правіць | правіць зыходнік]У грамадскіх навуках вылучаюць наступныя асноўныя падыходы да вызначэння сутнасці грамадзянскай супольнасці: як проціпастаўленне анархіі; як супрацьлегласць царкве; як комплекс грамадскіх дачыненняў, процілеглых дзяржаве; як пэўны феномен заходняй цывілізацыі. Пра цяжкасці станаўлення грамадзянскай супольнасці сведчыць гісторыя распрацоўкі яе канцэпцыі ў заходняй грамадска-палітычнай думцы.
— Томас Гобс, англійскі філосаф:
Грамадзянская супольнасць — гэта саюз індывідуальнасцей, калектыў, у якім усе яго члены атрымліваюць вышэйшыя чалавечыя якасці. Дзяржава пераважае над грамадзянскай супольнасцю.
— Джон Лок, англійскі філосаф:
Грамадзянская супольнасць — гэта супольнасць палітычная, гэта значыць грамадская сфера, у якой дзяржава мае свае інтарэсы.
— Шарль Мантэск'ё, французскі філосаф:
Грамадзянская супольнасць — гэта грамадства варожасці людзей адзін да аднога, якое для яе спынення пераўтворыцца ў дзяржаву.
— Томас Пейн, амерыканскі асветнік:
Грамадзянская супольнасць — дабро, а дзяржава — непазбежнае зло. Чым дасканалей грамадзянская супольнасць, тым меней яна мае патрэбу ў рэгуляванні з боку дзяржавы.
— Георг Гегель, нямецкі філосаф:
Грамадзянская супольнасць — сфера рэалізацыі найперш прыватных мэт і інтарэсаў індывідуальнай асобы. Сапраўднай свабоды ў грамадзянскай супольнасці няма, бо ў ёй увесь час прысутнічае супярэчнасць паміж прыватнымі інтарэсамі і ўладай, якая носіць усеагульны характар.
— Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс, нямецкія эканамісты і сацыёлагі:
Грамадзянская супольнасць — сфера матэрыяльнага, эканамічнага жыцця і дзейнасці людзей. Менавіта яна з’яўляецца першаснай у адносінах да дзяржавы, грамадзянскае жыццё як сума разнастайных інтарэсаў змацоўвае дзяржаву.
Філасофскія пастулаты
[правіць | правіць зыходнік]- Грамадзянская супольнасць — гэта супольнасць недзяржаўнага тыпу[5]. У сучасным разуменні грамадзянская супольнасць — гэта грамадства з развітымі эканамічнымі, палітычнымі, прававымі і культурнымі дачыненнямі паміж людзьмі, незалежная ад дзяржавы, але якая ўзаемадзейнічае з ёй.
- Грамадзянская супольнасць — гэта гарызантальна структураваная сетка некамерцыйных арганізацый, якая функцыянуе дзеля рэалізацыі грамадскіх інтарэсаў, але без мэты дасягнення палітычнай ці камерцыйнай выгады і аб’ядноўвае грамадзян-валанцёраў, што ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці без мэты матэрыяльнай выгады.
- Грамадзянская супольнасць засноўваецца на адносінах сацыяльнай салідарнасці ў адрозненне ад дзяржавы, пабудаванай на аснове ўладных адносін і бізнэсу, які функцыянуе ў рамках эгаістычнай маралі і адносін канкурэнцыі.
- Грамадзянская супольнасць — гэта грамадства людзей высокага сацыяльнага, культурнага, маральнага эканамічнага статусу, якія ствараюць разам з дзяржавай развітыя прававыя дачыненні.
- Грамадзянская супольнасць мае складаную структуру, якая складаецца з: гаспадарчых, эканамічных, этнічных, рэлігійных і прававых адносін. Грамадзянскія сувязі ўяўляюць сабою адносіны канкурэнцыі і салідарнасці паміж юрыдычна раўнапраўнымі партнёрамі.
- Умовай узнікнення грамадзянскай супольнасці ёсць з’яўленне ў грамадзян эканамічнай самастойнасці на базе прыватнай уласнасці, а таксама грамадзянскіх свабод. Грамадзянская супольнасць — гэта грамадства цывілізаваных рынкавых адносін.
- Важнай характарыстыкай грамадзянскай супольнасці з’яўляецца дасягненне высокага ўзроўня самаарганізацыі і самарэгуляцыі грамадства.
- Грамадзянская супольнасць арганізуецца пасля падзелу сфер уплыву паміж дзяржавай і грамадзянінам. Звужэнне татальнай улады дзяржавы ажыццяўляецца праз увядзенне неад’емных правоў чалавека па пэўных непалітычных катэгорыях. Катэгорыямі неад’емных правоў лічацца права на працу (эканоміка), на нацыянальныя культурныя каштоўнасці (культура), на выкананне рэлігійных абрадаў, на свабоду абмену інфармацыяй, свабоду самарэалізацыі. Усе спрэчныя пытанні паміж грамадзянамі вырашаюцца незалежным судом.
- Грамадзянская супольнасць — становіцца глабальным феноменам.
Функцыі грамадзянскай супольнасці
[правіць | правіць зыходнік]- Абарона прыватных сфер жыцця людзей;
- Стрымліванне палітычнай улады ад абсалютнага панавання шляхам кантролю за выкананнем канстытуцыйных прынцыпаў прававой дзяржавы і падзелу ўлад;
- Стабілізацыя грамадскіх адносін і працэсаў, забеспячэнне балансу паміж дзяржаўнай і камерцыйнай сферамі грамадства;
- Абарона і прасоўванне грамадскіх інтарэсаў;
- Сталая мірная барацьба за ўкараненне ў жыццё канстытуцыйнага прынцыпу прававой дзяржавы.
Структура грамадзянскай супольнасці
[правіць | правіць зыходнік]Грамадзянская супольнасць ўяўляе сабою гарызантальна структураваную сукупнасць незалежных грамадскіх арганізацый і асацыяцый, якія дыстанцыраваліся ад дзяржаўных і камерцыйных структур і якія функцыянуюць у адпаведнасці са сваімі мэтамі і задачамі дзеля рэалізацыі грамадскіх інтарэсаў.
Грамадскія арганізацыі аб’ядноўваюцца ў адпаведнасці са сваімі мэтамі і задачамі, а таксама ў рамках ажыццяўляемых праектаў. Напрыклад, па ахове навакольнага асяроддзя ў рамках якой-небудзь рэгіянальнай праблемы. Шматлікія адукацыйныя арганізацыі, напрыклад, грамадскія ўніверсітэты і бібліятэкі арганізаваны як некамерцыйныя арганізацыі, што дазваляе ім атрымліваць гранты ад розных дабрачынных фондаў і мець падатковыя палёгкі ад дзяржавы.
Фінансуюцца такія арганізацыі ў рамках заяўленых праектаў на конкурснай аснове з боку мноства розных урадавых і няўрадавых нацыянальных і міжнародных дабрачынных фондаў, якія таксама маюць сваю спецыялізацыю: ахова навакольнага асяроддзя, прасоўванне дэмакратыі ў пэўнай краіне, абарона правоў чалавека і г.д. Напрыклад, фонд Ракфелера падтрымлівае розныя адукацыйныя праекты па ўсім свеце, праекты ў сферы аховы здароўя і г.д. ці найбуйнейшы ў свеце дабрачынны фонд Біла і Мелінды Гейтс, падтрымлівае праекты ў вобласці аховы здароўя і барацьбы з беднатой.
Дабрачынныя фонды пасродкам сваёй палітыкі вылучэння грантаў у значнай ступені кіруюць дзейнасцю некамерцыйных арганізацый, ажыццяўляючы маніторынг, курыруючы рэалізацыю праектаў, а таксама вызначаючы гуманітарныя тэхналогіі, якія ўжываюцца ў праектах.
Гістарычная роля
[правіць | правіць зыходнік]Ацэнкі ролі грамадзянскай супольнасці неадназначныя.
Пазітыўная ацэнка
[правіць | правіць зыходнік]- Грамадзянская супольнасць з’яўляецца найважнейшым элементам у сістэме стрымак і проціваг сучаснага грамадства, якія дазваляюць кантраляваць і абмяжоўваць дзейнасць інстытутаў дзяржаўнай улады і бізнэсу, прадухіляючы парушэнні закона і іх празмернае ўмяшанне ў прыватнае жыццё грамадзян.
- Грамадзянская супольнасць дазваляе эфектыўна прасоўваць інтарэсы розных сацыяльных груп, абараняць іх правы, у тым ліку пасродкам вылучэння заканадаўчых ініцыятыў.
- Інстытуты грамадзянскай супольнасці, якія функцыянуюць на аснове супрацоўніцтва і кааперацыі розных сацыяльных груп, згладжваюць сацыяльныя супярэчнасці і гарманізуюць грамадскія дачыненні.
Негатыўная ацэнка
[правіць | правіць зыходнік]- Грамадзянская супольнасць можа служыць эфектыўнай прыладай для маніпуляцыі масавай свядомасцю і делегітымізацыі ўладных інстытутаў.
- Фінансавая палітыка дабрачынных фондаў часта змяняецца, іх падтрымка грамадскіх арганізацый абмежавана кароткім часавым прамежкам, што часта прыводзіць да імітацыі рашэння сацыяльных праблем і распаду сапраўды незалежных грамадскіх арганізацый.
- Ільготнае падаткаабкладанне грамадскіх арганізацый стварае шырокае поле магчымасцяў для розных карупцыйных схем сыходу ад падаткаў і не мэтавага выдаткоўвання сродкаў дабрачынных фондаў.
- Фінансаванне з вонкавых крыніц стварае магчымасць уплыву на дзейнасць некамерцыйнай арганізацыі ў кірунку, які супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны, у якой дадзеная арганізацыя знаходзіцца.
Зноскі
- ↑ Easton D. A. Framework for Political Analysis. London; Sydney; Toronto; New Delhi; Tokyo, 1965
- ↑ Баренбойм П. Д. Правовое государство как партнер гражданского общества: к 150-летию опубликования концепции «Государство как произведение искусства», Законодательство и экономика, № 9, 2010
- ↑ Seligman, A. The Idea of Civil Society. — New York: The Free Press, 1992. — P. 11.
- ↑ Diamond, L. Rethinking Civil Society: Towards Democratic Consolidation // Journal Developmental State: Political and Institutional Design. OUP Oxford, 1998; Edwarda, M. Civil Society. — Cambridge: Polity Press, 2005.
- ↑ Філасофія права напачатку 21-га стагоддзя праз прызму канстытуцыяналізму і канстытуцыйнай эканомікі — Выданне Маскоўска-Пецярбургскага філасофскага клуба, М., 2010, з. 29. ISBN 978-5-98856-119-4
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Анатоль Уладзіміравіч Птушэнка. Сістэмная парадыгма права. — М: Московский издательский дом, 2004. — 458 с. — 300 экз. — ISBN 5-85167-052-5.
- Віктар Уладзіміравіч Бурак. Глабальная грамадзянская супольнасць і сеткавыя рэвалюцыі. — Сімферопаль:2011. — 152 з. ДИАЙПИ Архівавана 8 сакавіка 2016.
- Robert D. Putnam. Bowling Alone: The Collapse and Revival of American Community. — N.Y., 2000.
- Anheier, Helmut K., Civil society: Measurement, Evaluation, Policy, London, 2004.
- Fleurbaey, Marc, «Economics and Economics Justice(недаступная спасылка)», The Stanford Encyclopedia of Philosophy, (Winter 2014, Edition), Edward N. Zalta (ed)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Матэрыялы Міжнароднай моладзевай навуковай канферэнцыі «Грамадзянская супольнасць ў эпоху глабальнай інфарматызацыі» // Электронны інфармацыйны партал «Рускі інтэлектуальны клуб»
- Фельдблюм В.. Грамадзянская супольнасць з пазіцый сучаснай агульнаэканамічнай тэорыі (артыкул). Веснік CIVITAS (25 снежня 2008). Архівавана з першакрыніцы 9 лютага 2012. Праверана 9 верасня 2010.