Браціслава з'яўляецца адзінай сталіцай свету, якая непасрэдна мяжуе з дзвюма іншымі дзяржавамі. Браціслаўская вуліца Копчанская пераходзіць у вуліцу Альтэ-Нордзюд-Ландэсштрасэ суседняй аўстрыйскай вёскі Кітзэе, а Венская дарога пераходзіць у Прэсбург-штрасэ, якая праходзіць праз аўстрыйскую камуну Вольфсталь. Да 1936 года з Браціславы ў Вену можна было даехаць на гарадскім трамваі.
Да 1919 года горад называўся Прэ́шпарак (Prešporok, Prešporek). Нямецкая назва: Pressburg (Прэ́сбург), венг.: Pozsony (По́жань). У Сярэднявеччы горад называўся лац.: Posonium, лац.: Istropolis (Істрапо́ліс).
У II ст. да н.э. тут было старажытнае паселішча кельтаў. У I ст. — рымскі ваенны лагер. У V ст. на тэрыторыі сучаснай Браціславы з'явіліся славянскія плямёны. У X ст. Браціслава згадваецца як крэпасць Вялікамараўскай дзяржавы. У 907 годзе каля сцен горада венгры разграмілі чэшскае войска і Браціслава ўвайшла ў склад Венгерскага каралеўства пад назвай Пажонь. У XIII ст. атрымала статус свабоднага каралеўскага горада. Пачалася актыўная нямецкая каланізацыя, і ў горада з'явілася новая назва — Прэсбург. У 1541—1784 гадах горад — сталіца Венгерскага каралеўства, рэзідэнцыя караля і архібіскупа. У 1541—1848 гадах у Браціславе праводзіліся паседжанні венгерскага дзяржаўнага сходу і каранаванне каралёў. У 1805 годзе паблізу Прэсбурга адбылася Аўстэрліцкая бітва, у якой Напалеон I разбіў войскі Аўстрыі і Расіі. Тут быў заключаны Прэсбургскі мір паміж Францыяй і Аўстрыяй (1805). Са студзеня 1919 года Браціслава — сталіца Славакіі ў складзе Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939—1945 гадах — сталіца Славацкай дзяржавы. З 1993 года Браціслава — сталіца незалежнай Славацкай Рэспублікі.
Клімат — кантынентальны, сярэднегадавая тэмпература +10,5 °C, сярэднегадавая колькасць ападкаў — 565 мм. Сярэдняя тэмпература студзеня — прыблізна −0,4 °C, а сярэдняя тэмпература ліпеня — 21,3 °C. Зімовы перыяд халодны і вільготны са снежным покрывам. Лета цёплае, часта з моцнымі ветрамі.