Лос-Анджэлес
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Лос-А́нджэлес (англ.: Los Angeles) — горад у ЗША, на поўдні штату Каліфорнія, на беразе Ціхага акіяна. Насельніцтва 3849 тыс. чал. (сам горад), 13 131 тыс. чал. (уключаючы прыгарады) (2014). Лос-Анджэлес быў заснаваны ў 1781 годзе іспанскімі асаднікамі. Пасля абвяшчэння незалежнасці Мексікі ўваходзіў у яе склад. У 1847 годзе падчас амерыкана-мексіканскай вайны горад перайшоў да ЗША. Горад мае мянушкі: Л. А. (L.A.), Горад Анёлаў (The City of Angels), Вялікі Апельсін (The Big Orange) і іншыя. Жыхароў Лос-Анджэлеса называць «Angelenos». Першым еўрапейцам, які ступіў на бераг паблізу Лос-Анджэлеса ў 1542 годзе быў Хуан Радрыгес Кабрылья.
Лос-Анджэлес з’яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных культурных, навуковых, эканамічных, адукацыйных цэнтраў[8], а таксама займае важнае месца на рынку забаў, як вытворчасць кіно, музыкі, тэлебачання, камп’ютарных гульняў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]На прыбярэжных тэрыторыях ля сучаснага Лос-Анджэлеса, у XVI стагоддзі жылі індзейцы тонгва і чумаш. Першым еўрапейцам, які прыстаў да берага ў раёне цяперашняга Лос-Анджэлеса ў 1542 годзе на двух караблях «Сан Сальвадор» і «Ла Вікторыя» (водазмяшчэннем па 50 тонаў кожны), стаў мараплавец Хуан Радрыгес Кабрылья. Адплыўшы з Ла Навідад у Мексіцы 27 ліпеня 1542 года, Кабрылья высадзіўся ў бухце Сан Дыега 28 верасня. У той час на беразе існавала індзейская вёска Янг-На. Сам першаадкрывальнік памёр 3 студзеня 1543 года і быў пахаваны на востраве Сан-Мігель, названым пасля яго імем «Хуан Радрыгес». Аб сваім плаванні Кабрылья запісаў у часопісе, які прывёз яго лоцман, і цяпер ён захоўваецца ў адным з архіваў Севільі ў Іспаніі)[9].
Толькі праз 227 гадоў тут высадзілася наступная экспедыцыя, ачоленая Гаспарам дэ Партолам, у якой удзельнічаў францысканскі місіянер Хуан Крэспі, які адзначыў у сваіх цыдулках прыдатнасць мясцовасці для паселішча. У 1771 годзе іншы місіянер, Хуніпера Сера, заснаваў на гэтым месцы місію, названую ў гонар арханёла Гаўрыіла. Да таго часу на тэрыторыі сучаснага Лос-Анджэлеса існавала каля 30 паселішчаў індзейцаў тонгва, дзе пражывала каля 3 тысяч чалавек. 4 верасня 1781 года, па патрабаванні губернатара абедзвюх Каліфорній Феліпэ дэ Невэ, побач з місіяй групоўкі іспанскіх каланістаў, якая складалася з 46 чалавек, было заснавана сяло пад назвай Паселішча Паны Марыі, царыцы анёлаў, на рацэ Парсьюнкула (ісп.: El Pueblo de Nuestra Señora la Reina de los Ángeles sobre El Río Porciúncula)[10]. Праз некалькі дзесяцігоддзяў новае паселішча заставалася ўсяго толькі маленькім гарадком, але да 1820 года яно ператварылася ў найбуйнейшае свецкае паселішча ў Каліфорніі: тут жыло 650 чалавек. Пасля абвяшчэння незалежнасці Мексікі Лос-Анджэлес нядоўга ўваходзіў у яе склад, але ў выніку паражэння Мексікі ў амерыкана-мексіканскай вайне горад перайшоў у склад ЗША паводле мірнага дагавора 1848 года. Праз два гады пасля гэтага, у 1850 годзе, Лос-Анджэлес атрымаў афіцыйны статус горада.
У 1876 годзе кампанія Southern Pacific завяршыла будаўніцтва чыгункі да Лос-Анджэлеса[11]. Цытрусавыя пладаводства, асабліва вырошчванне апельсінаў, хутка стала асновай мясцовай гаспадаркі. За апошнія сорак гадоў XIX стагоддзя насельніцтва вырасла з 2,3 тыс. да 100 тыс. жыхароў. У 1892 годзе ў раёне гораду былі выяўлены месцы залягання нафты і да 1923 года на раён Лос-Анджэлеса прыходзілася чвэрць усёй сусветнай вытворчасці вуглевадародаў з нафты[12]. У 1913 годзе Уільям Малхоланд скончыў будаўніцтва акведука, які забяспечыў вадой хутка пашыраючыся Лос-Анджэлес. З 1920-х гадоў у Лос-Анджэлесе хуткімі тэмпамі сталі развівацца авіяцыйная прамысловасць і адчыняцца кінастудыі. У 1932 годзе горад прыняў X летнія Алімпійскія гульні.
Пачатак Другой сусветнай вайны надаў новы штуршок развіццю горада. У гэты перыяд у горад перасяліўся шэраг нямецкіх дзеячаў навукі, культуры і мастацтва, якія ўцякалі ад нацысцкага рэжыму, сярод іх Ліён Фейхтвангер, Томас Ман, Фрыц Ланг, Бертольт Брэхт. У 1942 годзе тысячы жыхароў Лос-Анджэлеса японскага паходжання былі выселены ў зачыненыя лагеры, якія знаходзіліся за межамі горада. Інтэрнаванне праводзілася ў адпаведнасці з урадавым распараджэннем № 9066, якое падпісаў прэзідэнт ЗША Франклін Дэлана Рузвельт[13]. У пасляваенныя гады горад хутка развіваўся і пашыраўся, будаваліся шматлікія транспартныя развязкі, небаскробы. У 1984 годзе ў Лос-Анджэлесе ізноў былі праведзены летнія Алімпійскія гульні, у якіх не ўзялі ўдзел спартсмены з краін сацыялістычнага лагера.
У канцы XX — пачатку XXI стагоддзя многія кварталы горада, як Галівуд, Сільвер-Лэйк, цэнтральная частка горада, Карэйскі квартал, былі падвергнуты джэнтрыфікацыі[14].
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Горад размешчаны ў прыбярэжнай нізіне, прылеглай да заліва Санта-Моніка, і акаймаваны гарамі Сан-Габрыель, Санта-Моніка і Санта-Анна. Паводле дадзеных бюро перапісу насельніцтва ЗША, агульная плошча Лос-Анджэлеса складае 1290,6 км², у тым ліку 1214,9 км² — суша і 75,7 км² — водныя прасторы (5,86 %). Максімальная працягласць гораду з поўначы на поўдзень складае 71 км, з усходу на захад — 47 км, працягласць гарадскіх меж складае 550 км. Гарадская тэрыторыя з’яўляецца дзявятай па плошчы ў кантынентальнай частцы ЗША, гэта значыць выключаючы Джуна, штат Аляска і Ганалулу, штат Гаваі).
Агламерацыя Вялікі Лос-Анджэлес працягваецца амаль на 200 км паміж гарадамі Вентура і Сан-Бернардзіна. Найвышэйшая кропка горада — пік Сёстры Элсі (1548 м)[15]. Самая буйная рака — рака Лос-Анджэлес, якая бярэ пачатак у даліне Сан-Фернанда, яна па большай частцы працякае ў штучным бетонным рэчышчы, а ў засушлівы час практычна перасыхае.
Багацце прыродных зон у раёне горада, як існасць паблізу пляжаў, выдмаў, балотаў, гор, пагоркаў, рэк, стварае ўмовы для існавання разнастайнасці біялагічных супольнасцей. Лос-Анджэлес у асноўным атачаюць засушлівыя субтрапічныя рэдкалессі з багаццем яскрава квітнеючых раслін. Разам з тым, надзвычайная ўрбанізацыя ландшафту прыводзіць да памяншэння распаўсюджвання і знікнення многіх біялагічных відаў у межах горада і яго наваколлях. Вуліцы, сады і скверы Лос-Анджэлеса засаджаны шматлікімі рэдкімі і экзатычнымі дэкаратыўнымі раслінамі, сярод якіх існуюць розныя віды пальм, камеліі і іншых.
Геалогія
[правіць | правіць зыходнік]Лос-Анджэлес знаходзіцца ў актыўнай сейсмічнай зоне з-за сваёй блізкасці да разлому Сан-Андрэас, і разлому Пунта-Гілс, які праходзіць праз сам горад[16]. Апошнім буйным землетрасеннем стаў разбуральны землетрасенне 1994 года, эпіцэнтр якога знаходзіўся ў паўночнай частцы даліны Сан-Фернанда. Гэтая праява стыхіі, якая адбылася менш чым праз два гады пасля масавых пагромаў у Лос-Анджэлесе, стала сапраўдным шокам для жыхароў Каліфорніі, прычыніўшы матэрыяльны страты на многія мільярды долараў.
Іншыя буйныя землетрасенні ў XX стагоддзі мелі месца ў гэтым рэгіёне ў 1933, 1971 і 1987 гадах. Як бы тое ні было, большасць землетрасенняў, якія адбываюцца ў раёне горада, адчуваюцца толькі як слабыя штуршкі, невялікія ваганні рэгіструюцца сейсмометрамі практычна штодня.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Горад размешчаны ў зоне субтрапічнага міжземнаморскага клімату, дзякуючы гэтаму рэгіёна характэрна мяккая, даволі вільготная зіма і цёплае, нават спякотнае, часцяком засушлівае лета. Брызы, што дзьмуць з Ціхага акіяна, робяць клімат у раёнах горада, прылеглых да берагавой лініі, больш прахалодным летам і больш цёплым зімой, у параўнанні з такімі «кантынентальнымі» раёнамі горада, як, напрыклад, даліна Сан-Фернанда. Дзённая тэмпература летам можа перавышаць 32 °C, пры тым што сярэдняя максімальная звычайна трымаецца ў рэгіёне 29 °C; сярэдняя мінімальная начная — звычайна ў раёне 18 °C. Узімку днём сярэдняя максімальная тэмпература складае 21 °C, сярэдняя мінімальная начная — каля 8 °C. Зафіксаваны за час назіранняў тэмпературны максімум складае 48,33 °C (22 ліпеня 2006), мінімальная тэмпература назіралася зімой 1989: −7,8 °C[17].
Дажджы найбольш характэрныя для зімовых і вясновых месяцаў, люты з’яўляецца самым вільготным месяцам. У сярэднім у Лос-Анджэлесе за год выпадае 355,6 мм ападкаў, сярэдняя колькасць дзён з ападкамі складе 35. Снег у межах горада выпадае рэдка, у той жа час горы, якія атачаюць Лос-Анджэлес, досыць рэгулярна пакрываюцца снегам. Дзякуючы кліматычным умовам, у некаторыя дні ў Лос-Анджэлесе магчыма ў адзін і той жа дзень займацца гарналыжным спортам і сёрфінгам[18][19].
Клімат Лос-Анджэлесу | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 32,8 | 33,3 | 35,0 | 38,9 | 41,1 | 43,0 | 46,1 | 46,7 | 45,3 | 44,1 | 38,3 | 34,4 | 46,7 |
Сярэдні максімум, °C | 18,7 | 18,8 | 18,6 | 22,7 | 25,6 | 27,2 | 31,1 | 30,8 | 29,8 | 26,6 | 21,3 | 18,8 | 21,3 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 13,9 | 14,4 | 14,6 | 16,0 | 18,3 | 21,1 | 26,7 | 25,5 | 23,2 | 21,4 | 18,4 | 14,2 | 17,4 |
Сярэдні мінімум, °C | 8,8 | 9,6 | 10,3 | 11,6 | 13,5 | 15,3 | 17,1 | 17,9 | 17,3 | 15,1 | 11,6 | 8,8 | 13,1 |
Абсалютны мінімум, °C | −2,8 | 1,1 | 1,7 | 5,6 | 7,2 | 8,9 | 11,1 | 12,8 | 10,6 | 6,1 | 3,3 | 0,6 | −2,8 |
Норма ападкаў, мм | 61,0 | 63,8 | 50,3 | 18,3 | 3,6 | 0,8 | 0,3 | 3,8 | 7,9 | 8,6 | 44,7 | 42,2 | 305,3 |
Крыніца: Надвор'е і клімат, World Weather |
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Лос-Анджэлес — найбуйнейшы прамысловы і эканамічны цэнтр Захаду ЗША[20]. Асноўнымі прамысловымі галінамі, якія забяспечваюць эканамічнае развіццё горада, з’яўляюцца міжнародны гандаль, тэле- і кінавытворчасць, ваенная, авіяцыйна-касмічная, нафтаперапрацоўчая, электратэхнічная, аўтазборачная, прыборабудаўнічая, харчовая прамысловасці. Актыўна развіваюцца біятэхналогіі. Добра развіта нафтаздабыча, а сярод іншых значных галін эканомікі: фінансы, тэлекамунікацыі, медыцына, транспарт, турызм, а таксама індустрыя забаў і культуры.
У Лос-Анджэлесе размешчаны штаб-кватэры трох кампаній, якія ўваходзяць у спіс 500 найбуйнейшых кампаній ЗША, як ваенная і авіяцыйна-касмічная Northrop Grumman, нафтавая Occidental Petroleum і будаўнічая кампанія KB Home. Акрамя таго ў горадзе размяшчаюцца штаб-кватэры такіх вядомых карпарацый, як 20th Century Fox, Guess?, Paramount Pictures, Health Net, 21st Century Insurance і іншыя. Яшчэ большая колькасць штаб-кватэр буйных кампаній размяшчаюцца ў гарадах-спадарожніках, дзе больш нізкія стаўкі падаткаабкладання спалучаюцца з перавагамі блізкасці мегаполісу; сярод такіх кампаній ёсць Hilton Hotels у Беверлі-Хілз, The Walt Disney Company і Warner Bros. у Бербанку, DreamWorks SKG у Глендэйле, Sea Launch у Лонг-Біч, Activision у Санта-Моніцы. Цікавы той факт, што нягледзячы на тое, што Лос-Анджэлес лічыцца сталіцай сусветнага кінематографу, толькі адна з найбуйнейшых студый здымае фільмы ў Галівудзе. Асноўныя здымачныя пляцоўкі іншых кампаній вынесеныя ў прыгарады Лос-Анджэлеса, як Бербанк, Калвер і Глендэйл.
Лос-Анджэлес з’яўляецца месцам правядзення шэрагу буйных міжнародных выстаў, сярод якіх Electronic Entertainment Expo («E3») і Greater Los Angeles Auto Show. Адным з найбуйнейшых выстававых комплексаў горада з’яўляецца Los Angeles Convention Center.
Злачынства і бяспека
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаючы з сярэдзiны 1990-х гадоў Лос-Анджэлес адчуў значнае зніжэнне ўзроўню злачыннасцi. У 2009 годзе было зарэгiстравана 314 забойстваў, што з’яўляецца пяцідзесяцігадовым мiнiмумам і складае менш за 7,85 забойстваў на 100 тысяч жыхароў[21].
У 2016 годзе было зафіксавана 227 забойстваў. У параўнанні з 2012 годам гэта на 20 % менш[22].
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Аўтамабільны транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Лос-Анджэлес з’яўляецца найбольш аўтамабілізаваным горадам у свеце: у ім зарэгістравана на 1,8 млн аўтамабіляў больш, чым ліцэнзіраваных кіроўцаў. Штодня аўтамабілі ў сукупнасці праязджаюць па вуліцах горада 160 млн кіламетраў. Лос-Анджэлес валодае адной з самых развітых у свеце сістэмў аўтамагістралей, многія з якіх пабудаваны на эстакадах. Перасячэнні магістраляў суправаджаюцца грандыёзнымі шматузроўневымі транспартнымі развязкамі. У цэлым горад мае ў асноўным прамавугольную планіроўку, вуліцы выцягнутыя з поўначы на поўдзень і з усходу на захад, шэраг найбольш буйных і вядомых вуліц носяць назвы бульвараў.
У сувязі з недастатковым фінансіраваннем, многія вуліцы Лос-Анджэлеса пакрытыя асфальтам невысокай якасці, у якім бываюць выбоіны. Але асноўнай праблемай гарадскога руху з’яўляюцца аўтамабільныя «пробкі»: па стане на 2009 год, Транспартны інстытут Тэхаса назваў Лос-Анджэлес горадам з найбольш загружанымі дарогамі. Галоўнай прычынай затораў з’яляецца непрыстасаванасць забудовы да абслугоўвання грамадскім транспартам, вялікая колькасць прыватных аўтамабіляў, адсутнасць абмежаванняў на іх выкарыстанне ў межах горада.
Варта адзначыць, што насуперак распаўсюджанай памылцы, што ў Лос-Анджэлесе нібыта ніхто не ходзіць пешшу, многія вуліцы цэнтра горада, а таксама лакальных цэнтраў раёнаў Лос-Анджэлеса поўныя хадакоў. У такіх раёнах перамяшчэнне пешшу часцяком значна хутчэйшае за перамяшчэнне аўтатранспартам з-за аўтамабільных затораў і цяжкасцей з паркоўкай. Гарадская адміністрацыя пры ўзгадненні праектаў новага будаўніцтва зараз патрабуе абавязковага ўключэння ў іх інфраструктуру аўтапарковак.
Грамадскі транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі сістэмамі грамадскага транспарту ў горадзе служаць аўтобусная сетка, а таксама сетка рэйкавага транспарту, якая ўключае лініі метрапалітэна і легкарэйкавага транспарту агульнай працягласцю каля 120 км. Гэтая структура знаходзіцца пад кіраваннем дзяржаўнай кампаніі Los Angeles County Metropolitan Transportation Authority (звычайна званай Metro альбо MTA). Рэйкавая сістэма ўключае «чырвоную» і «пурпурную» лінію падземкі, «залатую», «сінюю» і «зялёную» лініі надземнай легкарэйкавай сістэмы, у будаўніцтве знаходзіцца таксама лінія «экспа» легкарэйкавай сістэмы. Таксама вылучаецца «аранжавая» лінія хуткаснай аўтобуснай сістэмы. Агульная колькасць пасажыраў ацэньваецца ў 1,7 млн штодня[23].
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]Выбітныя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Maroon 5 — музычны гурт
Зноскі
- ↑ Global LEI index Праверана 17 верасня 2024.
- ↑ а б https://mayor.lacity.gov/about-mayor-karen-bass Праверана 12 лютага 2023.
- ↑ а б United States. Bureau of the Census 2016 U.S. Gazetteer Files — Washington, D.C.: U.S. Census Bureau, 2016.
- ↑ а б https://it-ch.topographic-map.com/map-qqbkl/Los-Angeles/?zoom=19¢er=34.05369%2C-118.2428&popup=34.05379%2C-118.24289
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #4036361-2 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 6 чэрвеня 2021.
- ↑ https://data.census.gov/cedsci/table?q=United%20States&tid=DECENNIALPL2020.P1 Праверана 21 верасня 2021.
- ↑ 2020 United States Census / пад рэд. Бюро перапісу насельніцтва ЗША Праверана 1 студзеня 2022.
- ↑ The World According to GaWC 2008 Архівавана 11 жніўня 2016.. Globalization and World Cities Study Group and Network, Loughborough University.
- ↑ In memory of Juan Rodriguez Cabrillo who gave the world California. — Chula vista, California, 1913.
- ↑ The History of Los Angeles County California Архівавана 25 верасня 2007.. laavenue.com
- ↑ Mulholland, Catherine, «William Mulholland and the Rise of Los Angeles». Berkeley: University of California Press, 2000): ст. 15.
- ↑ «The Story of Oil in California» Архівавана 4 верасня 2011.. Priweb.org (1921-06-25)
- ↑ Transcript of Executive Order 9066: Resulting in the Relocation of Japanese (1942)". ourdocuments.gov
- ↑ David Zahniser. Welcome to Gentrification City Архівавана 20 жніўня 2011.. laweekly.com
- ↑ Mount Lukens, or Sister Elsie Peak (mountain, Los Angeles, California, United States) Архівавана 24 жніўня 2011.. Britannica Online Encyclopedia
- ↑ San Andreas Fault Set for the Big One. Physorg.com
- ↑ Weatherbase: Historical Weather for Los Angeles, California, United States of America Архівавана 11 студзеня 2012.. weatherbase.com
- ↑ We’re Not in Kansas, but We Do Get Twisters — Los Angeles Times. Articles.latimes.com
- ↑ Burt, Christopher. Extreme Weather: A Guide and Record Book. New York: Norton, 2004: 100.
- ↑ Los Angeles: Economy. city-data.com
- ↑ Los Angeles Crime Rate Lowest in 50 Years
- ↑ Crime is down in Los Angeles for the first time in five years
- ↑ Apta transit ridership report Архівавана 24 кастрычніка 2007.. apta.com
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Лос-Анджэлес на Вікісховішчы |
- Ангелес // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Афіцыйны сайт горада
- Альманах Лос-Анджэлеса Архівавана 4 лютага 2012.
- Фота З Лос-Анджэлеса Архівавана 5 чэрвеня 2016.
- Фотагалерэя архітэктуры Лос-Анджэлеса
- Лос-Анджэлес // Электронная еврейская энциклопедия — eleven.co.il
- Лос-Анджэлес у кінахроніцы 1898 года Архівавана 19 студзеня 2012.
- «Рускі Лос-Анджэлес». Сайт рускамоўных жыхароў горада