Група перыядычнай сістэмы
Група перыядычнай сістэмы — паслядоўнасць хімічных элементаў з аднатыпнаю электроннаю будоваю, упарадкаваная па ўзрастанню зараду ядра. Інакш кажучы, група — гэта слупок у перыядычнай табліцы хімічных элементаў.
Нумар групы вызначаецца колькасцю электронаў на вонкавай абалонцы атама (валентных электронаў) і, як правіла, адпавядае найвышэйшай валентнасці атама.
У кароткаперыядным варыянце перыядычнай сістэмы групы падзяляюцца на падгрупы — галоўныя (ці падгрупы A), якія пачынаюцца з элементаў першага і другога перыядаў, і пабочныя (падгрупы В), якія ўключаюць d-элементы. Падгрупы таксама маюць назвы па элементу з найменшым зарадам ядра (як правіла, па элементу другога перыяду для галоўных падгруп і элементу чацвёртага перыяду для пабочных падгруп). Элементы аднае падгрупы валодаюць падобнымі хімічнымі ўласцівасцямі.
З нарастаннем зараду ядра ў элементаў аднае групы з-за павелічэння ліку электронных абалонак павялічваюцца атамныя радыусы, у выніку адбываецца зніжэнне электраадмоўнасці, узмацненне металічных і аслабленне неметалічных уласцівасцей элементаў, узмацненне аднаўленчых і аслабленне акісляльных уласцівасцей утвораных імі рэчываў.
Нумарацыя груп
[правіць | правіць зыходнік]З 1989 года Міжнародны саюз тэарэтычнай і прыкладной хіміі (IUPAC) у якасці асноўнага варыянта перыядычнай сістэмы зацвердзіў доўгаперыядычную форму[1]. У сувязі з гэтым IUPAC рэкамендуе суцэльную нумарацыю груп: арабскімі лічбамі ад 1 да 18.
Нягледзячы на гэта, працягваюць ужываць традыцыйныя сістэмы нумарацыі з выкарыстаннем рымскіх лічбаў і лацінскія літары, розныя для Амерыкі і Еўропы.
Сучасная сістэма нумарацыі ўтрымлівае наступныя групы (старыя сістэмы, еўрапейская і амерыканская, прыведзены ў дужках):
- Група 1 (IA, IA): шчолачныя металы
- Група 2 (IIA, IIA): шчолачназямельныя металы
- Група 3 (IIIB, IIIA): падгрупа скандыю
- Група 4 (IVB, IVA): падгрупа тытану
- Група 5 (VB, VA): падгрупа ванадыю
- Група 6 (VIB, VIA): падгрупа хрому
- Група 7 (VIIB, VIIA): падгрупа марганцу
- Група 8 (VIIIВ, VIIIA): падгрупа жалеза
- Група 9 (VIIIВ, VIIIA): падгрупа кобальту
- Група 10 (VIIIВ, VIIIA): падгрупа нікелю
- Група 11 (IB, IB): падгрупа медзі
- Група 12 (IIB, IIB): падгрупа цынку
- Група 13 (IIIA, IIIB): падгрупа бору
- Група 14 (IVA, IVB): падгрупа вугляроду
- Група 15 (VA, VB): падгрупа азоту
- Група 16 (VIA, VIB): падгрупа кіслароду (халькагены)
- Група 17 (VIIA, VIIB): галагены
- Група 18 (VIIIA, VIIIB)[2]: інертныя газы
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Сайфуллин Р. С., Сайфуллин А. Р. Новая таблица Менделеева // Химия и жизнь.— 2003.— № 12.— С. 14—17.
- ↑ Падгрупа гелію (інертныя газы) часам, асабліва ў старых выданнях, абазначаецца лічбай 0.