Перайсці да зместу

Ян-Маен

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Гісторыя Ян-Маена)
Ян-Маен
нарв. Jan Mayen
Вулкан Беерэнберг
Вулкан Беерэнберг
Характарыстыкі
Плошча377 км²
Найвышэйшы пункт2 277 м
Насельніцтва18 чал.
Шчыльнасць насельніцтва0,05 чал./км²
Размяшчэнне
71°02′47″ пн. ш. 8°13′49″ з. д.HGЯO
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
Ян-Маен (Паўночны Атлантычны акіян)
Ян-Маен
Ян-Маен
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ян-Маен (нарв.: Jan Mayen) – невялікі вулканічны востраў у Арктыцы, на ўсход ад Грэнландыі, знаходзіцца ў Грэнландскім моры. Плошча 380 км².

Плошча 380 км², працягласць — 55 км. Востраў складаецца з дзвюх частак: большай паўночна-ўсходняй, якая носіць назву Паўночны Ян, і меншай пад назвай Паўднёвы Ян. Гэтыя дзве часткі злучаны перашыйкам даўжынёю 2,5 км.

Дзеючы вулкан Берэнберг (вышыня 2277 м) з кратарам дыяметрам 1,2—1,4 км фарміруе паўночна-ўсходнюю частку вострава. Паўночны Ян мае круглую форму, кратар і схілы вулкана вышэй за 500 м укрыты ледавікамі, асобныя вывадныя ледавікі зніжаюцца да мора.

У паўднёва-заходняй частцы размяшчаецца ступеньчатае плато з вулканічнымі кратэрамі. Вышыня тут дасягае 769 м. Востраў складзены з базальтаў, туфаў, попелу. Частыя землетрасенні. Зафіксавана шэсць вывяржэнняў Берэнберга.

Сярэднегадавая тэмпература на Ян-Маене складае -1,4 °C. Клімат вызначаецца малымі перападамі тэмператур дзякуючы стабілізуючаму ўплыву мора, а таксама адносна высокімі для гэтых шырот сярэднімі тэмпературнымі значэннямі, што выклікана ўплывам паўночных адгалінаванняў Гальфстрыма. Сярэдняя тэмпература паветра на востраве летам складае +5 °C, максімальная зарэгістраваная +18 °C. Сярэдняя тэмпература зімой каля -5 °C, зрэдку апускаецца ніжэй за -20 °C. Пераважае воблачнае надвор’е, частыя туманы, асабліва восенню і вясной. Часта назіраецца моцны вецер пераменных напрамкаў. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 690 мм, большая колькасць ападкаў назіраецца восенню, хоць увогуле яны даволі раўнамерна размеркаваны па сезонах года.

Плошча зледзянення складае каля 1/3 вострава. На схілах Берэнберга можна выдзеліць 20 асобных вывадных ледавікоў. Найбольшым з іх з'яўляецца Сёрбрэен плошчай 15 км² і даўжынёю 8,7 км. Пяць ледавікоў спускаюцца наўпрост у мора — два на ўсходнім узбярэжжы і тры на паўночна-заходнім, аднак працягласць ледзяных берагоў невялікая — каля 2,5% агульнай даўжыні.

На перашыйку знаходзяцца два буйных вадаёмы: Паўднёвая лагуна і Паўночная лагуна. Абедзве яны маюць змешаную ваду з дзвюх крыніц: салёную, якая прасочваецца з мора і час ад часу заносіцца хвалямі ў выніку штормаў, і прэсную, што сцякае пад час таяння снегу і лёду са схілаў. Пры гэтым салёная вада назапашваецца на дне вадаёмаў, а прэсная, прыдатная для піцця — на паверхні. Трэцяе, значна меншае возера знаходзіцца сярод скал паўднёвай часткі вострава.

Пераважаюць мохава-лішайнікавыя тундры і акіянічныя лугі. На востраве няма сапраўдных дрэў і кустоў — сасудзістыя расліны прадстаўленыя травяністай расліннасцю і карлікавымі палярнымі івамі некалькіх відаў. У цэлым сасудзістых раслін налічваецца 76 відаў, сярод іх 5 відаў дзьмухаўцоў, 3 з якіх з'яўляюцца эндэмікамі. Таксама ў складзе флоры Ян-Маена больш за 100 відаў імхоў і лішайнікаў.

На востраве налічваецца 98 відаў птушак, з якіх каля 20 гняздуюцца. Сустракаюцца птушыныя базары. З млекакормячых назіраюцца белы мядзведзь, белы і блакітны пясцы — яны заходзяць на востраў пры ўсталяванні доўгачасовага лядовага покрыва або іх заносіць на ільдзінах. У прыбярэжных водах сустракаецца грэнландскі цюлень.

Адкрыты Вільямам Хадсанам у 1608 г. Названы ў гонар галандскага мараплаўца Я. Маена, у час плавання якога ў 1614 было вызначана яго дакладнае размяшчэнне.

З 1930 года востраў знаходзіцца пад нарвежскім кіраваннем. На ім месцяцца метэаралагічная станцыя, узлётна-пасадачная паласа і станцыя навігацыі, служачыя якіх складаюць усё насельніцтва вострава.