Перайсці да зместу

Касцёл Святога Антонія Падуанскага (Віцебск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касцёл
Касцёл Святога Антонія Падуанскага
55°11′42″ пн. ш. 30°12′25″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Віцебск
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Віцебская дыяцэзія
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Будаўніцтва 17371768 гады
Дата скасавання 1952
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Антонія — каталіцкі храм з кляштарам, знаходзіўся ў Віцебску на Ратушнай плошчы праз дарогу ад Ратушы.

Комплекс Віцебскага бернардынскага кляштара складаўся з касцёла і кляштарнага корпуса, якія ўтваралі замкнёны ўнутраны двор. У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі касцёл і кляштар (захаваліся падмуркі).

Кляштар быў фундаваны ў 1676 годзе ваяводам віцебскім Янам Антоніем Храпавіцкім, у 1685 г. пастаўлены першыя драўляныя будынкі. Праз кароткі час ён згарэў і быў наноў адбудаваны з дрэва ў 1700 г. Падчас пажару 1733 г. касцёл зноў згарэў. У 1737 г. пачалося будаўніцтва мураванага касцёла і кляштара на сродкі Казіміра і Тэклі (з Ларскіх) Саковічаў. У 1768 г. касцёл быў асвечаны ў імя Св. Антонія беларускім біскупам-суфраганам Феліксам Тавянскім.

У 1832 г. кляштар бернардзінцаў скасаваны. У 1843 г. касцёл стаў парафіяльным і дзейнічаў да 1920-х гадоў. Спустошаны кляштарны корпус у 1855 г. перайшоў да дзяржаўных устаноў.

У 1920-х гадах касцёл закрылі, некалькі гадоў тут працаваў «Музей атэізму», дзе захоўваліся мошчы Еўфрасінні Полацкай. У 1940-я гады спецыяльнай пастановай кляштар быў зруйнаваны.

Будынак касцёл пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны, але асноўныя канструкцыі знаходзіліся ў задавальняючым стане. Будынак лічыўся помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Тым не менш, 7 красавіка 1958 г. намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Мікалай Сабельнікаў аддаў загад трэсту добраўпарадкавання “здзейсніць абрушэнне скрыні былога касцёла па вул. Леніна ў г. Віцебску 15 красавіка 1958 г. з 5 гадзін да 6 гадзін раніцы”. Што і было выканана[1].

У канцы 2017 года Міністэрства культуры Беларусі ўхваліла эскізную прапанову па аднаўленні касцёла. Архітэктары Яўген Калбовіч і Ігар Рацько (навуковы кіраўнік праекта) выканалі прадпраектныя работы і ўстанавілі дакладнае месца размяшчэння старога падмурка касцёла, раскапаўшы яго частку. Касцёл прапануецца аднавіць, ссунуўшы яго на некалькі метраў ад першапачатковага месца, улічваючы сучаснае становішча і загружанасць вул. Леніна, адной з галоўных магістралей горада[2]. Супраць гэтай прапановы выступіла Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Паводле старшыні таварыства Антона Астаповіча, пераносіць помнік з яго гістарычнага месца недапушчальна, бо гэта будзе «псеўдааднаўленне», якое «парушае і міжнародныя методыкі, і прынцыпы, закладзеныя ў нацыянальных нарматыўна-прававых актах і ў тэхнічных нарматыўных дакументах»[3].

Трохнефавы будынак меў толькі чатыры ўнутраныя апоры, дзякуючы чаму яго вонкавы контур плана блізкі да квадрата (без рызніц абапал галоўнага алтара). У адрозненне ад большасці касцёлаў Беларусі вонкавы фасад гэтага касцёла мае абрысы, якія развіваюцца ў шырыню. Магчыма, што гэтая шырокасць была выклікана вялікай працягласцю самой Ратушнай плошчы, для якой быў неабходны расцягнуты па гарызанталі фасад.

Фасад меў трохчасткавае чляненне: дзве вежы і шырокая паласа паміж імі, якая адпавядала сярэдняму нефу. Кожная частка стылістычна блізкая да пануючага ў той час віленскага барока, для якога характэрны стройныя, выцягнутыя па вертыкалі ажурныя сілуэты. Бернардзінскі касцёл дзякуючы свайму расцягнутаму агульнаму абрысу гарманаваў з распасцёртай па гарызанталі масай кляштара.

Паўкруглую апсіду ў інтэр'еры запаўняў магутны 2-ярусны барочны алтар, падсвечаны 2 высокімі бакавымі арачнымі аконнымі праёмамі. Першы ярус алтара быў вырашаны карынфскай каланадай, што несла крапаваны прафіляваны антаблемент, другі ўяўляў сабой прамавугольны шчыт з ляпным пано «Глорыя» і бакавымі валютамі з фігуркамі анёлаў. Ідэнтычна, але ў меншым маштабе, былі вырашаны кулісныя алтары. Падлога была выкладзена тэракотавай пліткай. Сярод касцельнага начыння вылучаўся абраз-палатно «Св. Іасафат» у фігурнай разной раме ў стылі ракако.

Зноскі

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыклапедычны даведнік — Мн.: БелЭн, 2000. — 216 с. — ISBN 985-11-0187-7
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 240—241. — 287 с.: іл. — ISBN 985-04-0499-X