Касцёл езуітаў (Львоў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Храм
Касцёл езуітаў
Костел єзуїтів / Церква святих апостолів Петра й Павла
49°50′29″ пн. ш. 24°01′45″ у. д.HGЯO
Краіна  Украіна
Горад Львоў, вул. Тэатральная, 13.
Канфесія уніяцтва
Ордэнская прыналежнасць езуіты
Тып будынка базіліка
Архітэктурны стыль барока
Архітэктар Giacomo Briano[d]
Дата заснавання 1630
Сайт petrapavla.org.ua
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл езуітаў, сёння — Царква Святых апосталаў Пятра і Паўла, таксама вядомы як Гарнізонны храм — дзеючы храм, які знаходзіцца ў карыстанні Украінскай грэка-каталіцкай царквы, помнік гісторыка-культурнай спадчыны нацыянальнага значэння, адно з найбольш значных культавых збудаванняў і першы помнік барочнай архітэктуры ў Львове, збудаваны ў 1610-1630 гадах італьянскім архітэктарам Джакама Брыяна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фундатарка сучаснага храма Эльжбета Люцыя Сеняўская ў 1607 годзе для будаўніцтва касцёла езуітаў у Львове ахвяравала 40 тысяч злотых. 31 ліпеня 1610 года адбылося асвячэнне краевугольнага каменя каталіцкім арцыбіскупам Янам Замойскім.

Аўтар першапачатковага праекта невядомы. У 16131614 гадах будаўніцтвам кіраваў Себасцьян Ламхіўс. Калі ў 1618 годзе Джакама Брыяна прыбыў у Львоў, сцены касцёла ўжо былі выведзеныя на тры локці. Ён не распрацоўваў новага праекта, а толькі дэталёва прапрацаваў існуючы і перайначыў інтэр’ер. Ён, выхаваны на узорах італьянскай архітэктуры, унёс у будынак касцёла формы, якія ўпершыню склаліся ў схеме фасада царквы Іль Джэзу ў Рыме. Гэтая схема распаўсюдзілася ў еўрапейскай архітэктуры XVII стагоддзя і стала характэрнай для стылю барока.

З паўднёвага боку апсіды ў 1702 годзе была збудаваная чатырохгранная вежа, якая стала самай высокай у горадзе. Яна была разабрана ў 1830 годзе за страху разбурэння пасля падзення 14 ліпеня 1826 года вежы Львоўскай ратушы. Скульптар Томас Гутэр сумесна з Конрадам Кутшэрайтэрам ў 17361737 гадах рабіў алтары для касцёла.

У 1740 годзе праведзена грунтоўная рэканструкцыя, сродкі для якой надалі каронны канюшы Юрый Станіслаў Дзідушынскі і яго жонка Мар’яна Тэрэза з Замойскіх. Уласна тады на месцы бакавых капліц з’явіліся нефы, сцены і скляпенні атрымалі фрэскавы роспіс, які выканалі мастакі Францыск і Себасцьян Экштайны — выхадцы з Брно ў Маравіі.

У 1773 годзе касцёл стаў гарнізонным. У 17751848 гадах у касцёле езуітаў праходзілі пасяджэнні Галіцкага сейма. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай у касцёле часам адпраўляў набажэнствы львоўскі грэка-каталіцкі біскуп Пётр Білянскі. У 1836 годзе касцёл вярнулі езуітам. Помнік архітэктуры рэстаўраваўся ў 1842, 1879 і 1896 гадах.

У 19462011 гадах касцёл выкарыстоўваўся як сховішча для кніг і належаў бібліятэцы імя В. Стэфаныка. 6 снежня 2011 года былы касцёл Пятра і Паўла ордэна езуітаў адкрылі для набажэнстваў. Цяпер ён з’яўляецца ўніяцкай царквою Пятра і Паўла і належыць УГКЦ. У 20162017 гадах пачалася маштабная рэстаўрацыя фасада і ўнутраных скульптур і роспісаў, якую запланавана завяршыць у 2022 годзе.