Мікалай Фёдаравіч Бліадухо
Мікалай Фёдаравіч Бліадухо́ | |
---|---|
Дата нараджэння | 10 (22) снежня 1878 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 студзеня 1935 (56 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | геолаг |
Навуковая сфера | геалогія |
Месца працы | |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мікалай Фёдаравіч Бліадухо́ (да русіфікацыі Блёдуха[1]; 10 снежня 1878, Ігумен — 13 студзеня 1935) — беларускі геолаг, акадэмік Акадэміі навук БССР, прафесар (1926). Арганізатар геалагічнай службы БССР, складальнік першай геалагічнай карты Беларусі, адзін з заснавальнікаў сістэмнага вывучэння выкапняў у Беларусі. Рэпрэсіраваны ў 1930-я[2].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Мікалай Блёдуха нарадзіўся ў мястэчку Ігумен (цяпер Чэрвень у Мінскай вобласці Беларусі) у сям’і настаўніка. Скончыў Дзвінскае рэальнае вучылішча. У 1896—1903 гадах навучаўся ў Горным інстытуце ў Пецярбургу, дзе зацікавіўся петраграфіяй і мінералогіяй рудных радовішчаў. Яшчэ студэнтам браў удзел у палявых працах у Сібіры.
Істотную ролю ў станаўленні Мікалая Блёдухі геолагам адыгралі экспедыцыйныя даследаванні Далёкага Усходу, дзе ў 1903—1907 гг. пад камандаваннем вядомага ў той час прафесара Якава Эдэльштэйна ён вывучаў радовішчы золата і серабра на рацэ Амуры, а таксама Манчугайскае радовішча вуглю.
Далейшая геалагічная дзейнасць Мікалая Блёдухі звязаная з Сібірру, дзе ён загадваў залатасплаўнай і аналітычнай лабараторыяй у Томску (1903—1911), узначальваў Енісейскую горную акругу ў Краснаярску (1911—1917), кіраваў горна-пошукавымі партыямі на Алтаі (1917—1922). З яго ўдзелам у Сібіры былі адкрыты радовішчы мармуру, даламіту, пірыту, бурага вуглю, каляровых металаў.
Быў старшынёй Беларуска-ўкраінскага камітэта помачы ахвярам вайны (Барнаул), а пасля арганізацыі Беларускай грамады і Міжнароднага камітэта бежанцаў у Сібіры стаў у апошнім адным з беларускіх прадстаўнікоў. У 1920 годзе выбраны і старшынёй Беларускай грамады[1].
У 1922 годзе Блёдуха ачоліў горны аддзел Упраўлення Савета народнай гаспадаркі Беларускай ССР. З 1923 года выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, загадваў кафедрай геалогіі. У 1926 годзе атрымаў званне прафесара.
У горным аддзеле Мікалай Блёдуха кіраваў геалагічнымі даследаваннямі, ладзіў палявыя партыі, складаў кадастар нярудных карысных выкапняў на тэрыторыі Беларусі. Першая карта іх залягання ў БССР маштабам 1 : 800 000 скончаная ў 1926 годзе. З улікам новых геалагічных звестак карта няруднай мінеральнай сыравіны была выдадзена Акадэміяй навук БССР (1933).
Дзеля вывучэння прыродных рэсурсаў рэспублікі ў 1926 годзе па рашэнні СНК БССР у складзе Інстытута беларускай культуры створаная Камісія па вывучэнні натуральных вытворчых сіл Беларусі. У 1927 годзе на базе гэтай камісіі і часткі навукова-тэхнічных кадраў геолага-глебазнаўчай падсекцыі Інбелкульту створаны Інстытут геалогіі АН БССР. Мікалай Фёдаравіч стаў першым дырэктарам інстытута, у той жа час кіруючы кафедрай геалогіі БДУ. У 1928 годзе атрымаў званне акадэміка АН БССР.
З 1929 года — старшыня Прадстаўніцтва геалагічнага камітэта ў БССР. У 1929—1935 — дырэктар Інстытута геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР.
Пахаваны на Ваенных могілках Мінску[3].
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Арганізатар работ па геалагічнай здымцы і выведцы карысных выкапняў у Беларусі[2]. Узначальваў экспедыцыі па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адкладанні і фасфарыты на паўднёвым усходзе рэспублікі. З яго непасрэдным удзелам былі адкрыты новыя радовішчы мергеляў, крэйды, фасфарытаў, даламітаў, шкляных пяскоў, торфу, сапрапеляў, будаўнічых матэрыялаў. Вынікі даследаванняў з’явіліся падставай для будаўніцтва Крычаўскага цэментавага завода[4].
Абгрунтаваў пастаноўку геафізічных даследаванняў і глыбокага свідравання ў Мінску, Полацку, Бабруйску, Даманавічах і інш[4]. Асаблівую вядомасць набыла прабітая ў 1928—1929 гадах на прапанову Блёдухі свідравіна № 4 ў цэнтры Мінска. Яе глыбіня складала 353,8 м, што дазволіла не толькі вырашыць праблему водазабеспячэння горада, але і даведацца яго геалагічную будову, давесці прысутнасць уласных мінеральных водаў[5].
Па выніках геамагнітнай здымкі даў прагноз выяўлення жалезных руд. Упершыню склаў геалагічныя карты дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, карысных выкапняў Беларусі.
Блёдуха падараваў Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту вялікую калекцыю горных парод і мінералаў, якія сабраў у розных раёнах Савецкага Саюза. Гэтая калекцыя стала пачаткам кабінета мінералогіі і крышталографіі, а пазней — Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ[6].
Напісаў каля 200 навуковых прац, звязаных з вывучэннем розных пытанняў геалогіі і геамарфалогіі тэрыторыі Беларусі. Апублікаваў каля 20 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфіі. У сваіх творах Блёдуха паказваў цяжкасць геалагічнага вывучэння тэрыторыі Беларусі ў сувязі з рэдкай аголенасцю карэнных (мезазойскіх і палеазойскіх, збольшага дэвонскіх) адкладаў пры магутным развіцці парод чацвярцічнага ўзросту. Ён лічыў неабходным правядзенне ў рэспубліцы геафізічных даследаванняў і прабіцця глыбокіх свідравінаў дзеля вызначэння тэктонікі і выяўлення магчымых карысных выкапняў, у тым ліку падземных водаў як крыніц водазабеспячэння. Звярнуў увагу на істотнасць вывучэння і картаграфавання чацвярцічнах адкладаў з мэтай выяўлення розных відаў мінеральнай сыравіны. Характарызуючы рэльеф зямной паверхні, ён паказваў на цесную повязь яго формаў з геалагічнай будовай. Мікалай Блёдуха першым даў класіфікацыю рэльефу Беларусі, заснаваную на генетычных замалёўках даліны ракі Сож.
На геалагічнай карце БССР маштабу 1 : 2 000 000 (1933), складзенай М. Блёдухам, адлюстраваныя асноўныя геалагічныя фарміраванні, за выняткам памылкова вылучанага карэннага залягання парод кембрыю і сілуру ля вёскі Раванічы (пазней свідраваннем выяўлены буйны ледавіковы адорвень). У раёне Глушкавічаў паказаныя выхады на зямную паверхню гранітаў. Выказаная Мікалаем Фёдаравічам думка пра тое, што крышталічны падмурак Рускай пліты разбіты шчылінамі на асобныя блокі, далей была пацверджана дэтальнымі геафізічнымі даследаваннямі і глыбокім свідраваннем.
Навуковыя ідэі Блёдухі ў галіне геалогіі Беларусі атрымалі далейшае развіццё ў работах беларускіх геолагаў, якія адкрылі ў другой палове XX стагоддзя ў рэспубліцы радовішчы калійных і каменных соляў, нафты, вуглю, сланцаў, жалезных рудаў, даўсаніту, фасфарытаў, рэдкіх і каляровых металаў, будаўнічных матэрыялаў, лекавых і пітных падземных водаў, прамысловых расолаў і іншых карысных выкапняў.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]- У Мінску на будынку Інстытута геалагічных навук НАН Беларусі (вул. Акадэміка Купрэвіча, 7) у 1979 г. ўстаноўлена мемарыяльная дошка[7].
Сачыненні
[правіць | правіць зыходнік]- Да геалагічнага вывучэння тэрыторыі г. Мінска (на матэрыялах свідравіны № 4 Эльвода і некаторых іншых // Матэрыялы па вывуч. геалогіі карысных выкапняў Беларусі. — Мн., 1933. — Т. 6.
- Схематычная геалагічная карта дачацвярцёвых адкладаў БССР маштаба 1:420 000 // Запіскі БелАН. — Мн., 1935. — Кн. 4.
- Сборник трудов по геологии и полезным ископаемым. БССР. — Мн., 1952.
- Исследование академиком Н. Ф. Блиодухо геологии и полезных ископаемых Белоруссии. — Мн., 1979. — 76 с.
Зноскі
- ↑ а б Успамін аб М. Ф. Блёдухо // Biełaruskaja krynica. — 1935. — № 12.
- ↑ а б Блиодухо Николай Фёдорович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 60. — 737 с.
- ↑ Минское Военное кладбище (руск.)
- ↑ а б Блиодухо Николай Федорович Архівавана 4 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ Блиодухо Николай Федорович (10.12.1878—13.01.1935) (руск.)(недаступная спасылка). История БГУ. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2018. Праверана 12 ліпеня 2019.
- ↑ Музей землязнаўства(недаступная спасылка). Факультэт. Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Архівавана з першакрыніцы 12 ліпеня 2019. Праверана 12 ліпеня 2019.
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Исследования академиком Н. Ф. Блиодухо геологии и полезных ископаемых Белоруссии / ред. Р. Г. Гарецкий. Мн., Наука и техника, 1979.
- Малярэвіч С. С. Акадэмік Мікалай Фёдаравіч Бліядухо (некралог) // Запіскі БелАН. Мн., 1935. Кн. 4.
- Махнач А. С., Голубцов В. К. Николай Фёдорович Блиодухо — выдающийся белорусский геолог (к 90-летию со дня рождения) // Весці АН БССР, серыя хім. навук. 1969. № 1.
- Республика Беларусь: Энциклопедия в 7 т. Т. 2: А — Герань / редкол. Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2006. — 912 с : ил. — ISBN 985-11-0341-1. — ISBN 985-11-0371-3 (Т. 2).
- Бліадухо Мікалай Фёдаравіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 119. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Календарыюм // «Czasopis» № 12/2003
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Мікалай Фёдаравіч Бліадухо на Вікісховішчы |
- Мікалай Фёдаравіч Бліадухо ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Гісторыя БДУ Архівавана 13 жніўня 2018. (руск.)
- Памяці вучонага // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 22 снежня
- Нарадзіліся ў 1878 годзе
- Нарадзіліся ў Чэрвені
- Памерлі 13 студзеня
- Памерлі ў 1935 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Вайсковых могілках (Мінск)
- Выкладчыкі БДУ
- Супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага геолагаразведачнага інстытута
- Акадэмікі Акадэміі навук Беларускай ССР
- Прафесары
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Нарадзіліся 10 снежня
- Геолагі СССР
- Геолагі Беларусі
- Супрацоўнікі Інстытута геахіміі і геафізікі НАНБ
- Выпускнікі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага горнага ўніверсітэта