Заходняе Палессе
Захо́дняе Пале́ссе або Берасцейшчына, таксама Брэсцка-Пінскае Палессе — гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Беларуская частка аднайменнага трансгранічнага рэгіёна Заходняе Палессе.
Займае большую частку Брэсцкай вобласці. На поўначы па вярхоўях рэк Нараў і Ясельда мяжуе з Панямоннем, на паўночным усходзе і ўсходзе па лініі на поўнач ад Целяхан і Лунінца і далей па міжрэччы Гарыні і Сцвігі — з Усходнім Палессем.
Паўночныя межы суадносяцца з зонай размежавання мясцовых этніконаў — палешукоў, ці багнавікоў (у зоне Заходняга Палесся), і літвінаў (у межах Панямоння). Прыкладна па той жа занальнай паласе на сярэдневяковых картах пазначаліся межы паміж Палессем і Панямоннем (гістарычнай Літвой або Чорнай Руссю).
На тэрыторыі Заходняга Палесся вылучаліся мясцовыя этнаграфічныя групы пінчукоў і падлясян (падляшан) з самабытнымі рысамі традыцыйнай культуры і побыту.
Межы рэгіёна ў асноўным супадаюць з арэалам заходнепалескіх гаворак.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]На думку некаторых даследчыкаў, Заходняе Палессе было часткай славянскай прарадзімы або адной з зон старажытнай міграцыі славян. Старажытнае славянскае насельніцтва гэтай вобласці было, відаць, цясней звязана з паўднёва-заходнімі славянскімі групамі, чым са ўсходнімі, бо старадаўняя мяжа ў зоне рассялення славян праходзіла па рацэ Гарынь. Пазней гэта мяжа перамясцілася на Заходні Буг. У 2-й палове I тысячагоддзя н. э. археалагічныя комплексы Брэсцка-Пінскага і Валынскага Палесся не былі ні тыпова дрыгавіцкімі, ні тыпова валынянскімі, ні тыпова драўлянскімі. Не выключана, што тут знаходзілася асобнае ўсходнеславянскае племя. Відаць, на рубяжы VII—VIII ст. асноўныя групы мясцовага насельніцтва Заходняга Палесся ўвайшлі ў валынянскі саюз. 3 канца X ст. узмацняецца дрыгавіцкі ўплыў, асабліва ў паўночна-заходняй частцы рэгіёна. 3 X ст. мелі месца перасяленні асобных груп ятвягаў з паўночнага захаду. Відаць, быў прыліў насельніцтва з Валыні ў XIII—XV ст.
Насельніцтва Заходняга Палесся этнагенетычна склалася на славянскай аснове (валыняне, бужане, дрыгавічы, драўляне) з удзелам асіміляваных яцвягаў, асобных груп мазаўшан і інш.
Ва ўмовах адзінай старажытнарускай дзяржавы культурна-бытавыя адрозненні паміж асобнымі групамі плямён паступова сціраліся, дамінаваў працэс этнічнай кансалідацыі.
Сучасныя дыялектныя тыпы заходнепалескіх гаворак, магчыма, адлюстроўваюць пэўныя моўныя асаблівасці старых міграцыйных рухаў. Наклалі адбітак на дыялектны ландшафт Заходняга Палесся і пазнейшыя дзяржаўныя і адміністрацыйныя межы. Так, відаць не выпадкова мяжа паміж заходне- і ўсходнезагародскай дыялектнымі зонамі супадае з мяжой паміж сярэдневяковымі Берасцейскай і Пінскай землямі, мяжа радастаўскай мікразоны — з участкам літоўска-польскай граніцы ў XIV—XVIII ст., мяжа сярэднепагарынскіх гаворак — з мяжой Дубровіцкага княства ў XII—XV ст.
У складзе ВКЛ Заходняе Палессе складала Берасцейскую зямлю, якая захоўвала абласную аўтаномію, мела свае прадстаўнічыя органы (мясцовы сейм).
Пасля далучэння да Расіі (1793, 1795) землі Заходняга Палесся ўваходзілі ў склад Гродзенскай і Мінскай губерняў, у 1921—1939 — пад уладай Польшчы (Палескае ваяводства).
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]На матэрыяльную і духоўную культуру жыхароў накладвалі адбітак прыродна-кліматычныя ўмовы (шматлікія балоты, рэкі, мяккі клімат), геаграфічнае суседства і даўнія культурна-эканамічныя сувязі з Украінай і Польшчай. Найбольш асвоеныя і густанаселеныя часткі Заходняга Палесся — Загароддзе і раён Падляшша (Пабужжа).
Самабытны куток Пінскага Палесся — Зарэчча, дзе шматлікія рэкі ўпадаюць у Прыпяць на невялікай адлегласці, утвараючы мноства рукавоў, праток, «гнілых» рэчышчаў.
Заняткі
[правіць | правіць зыходнік]Абмежаванасць ворных зямель, багатая азёрная і рачная фаўна абумовілі спецыфіку гаспадарчых заняткаў жыхароў Пінскага Палесся (побач з земляробствам, жывёлагадоўляй важнае значэнне мелі рыбалоўства і збіральніцтва).
Паселішчы
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйная сядзібная забудова Заходняга Палесся — аднарадная (пагоннага тыпу), радзей — не звязаная паміж сабой (скучаная). Двары цесна прымыкалі адзін да аднаго, утвараючы вулічную ці гнездавую сістэмы забудовы. Часам 2—3 дваровыя комплексы, што належалі розным гаспадарам (звычайна сваякам), размяшчаліся ў адзін рад на агульнай сядзібе. Найбольш характэрная структура традыцыйнага жылля: хата + сенцы + камора; хата + сенцы. У 2-й палавіне 19 — пачатку 20 ст. яна ўскладнялася вылучэннем у сенцах кухні. У раёне Пабужжа сустракаліся хаты з падсенямі.
Зруб жылля рабілі з расколатых ці распілаваных уздоўж бярвён (дыль), якія злучаліся ў своеасаблівы вугал — «у ка́ню» (на поўначы арэал абмяжоўваўся лініяй Драгічын—Хомск—Бяроза). У будаўніцтве гаспадарчых памяшканняў выкарыстоўвалі шула-слупавую канструкцыю з плятнёвымі сценамі, якія на зіму абкладвалі снапамі трыснягу ці саломы.
Клець, свіран, сырнік будавалі на высокіх штандарах або па́лях. Канструкцыйнай асновай тыповых для Заходняга Палесся паўвальмавых з прычолкам стрэх з’яўляліся кроквы, што замацоўваліся па канцах бэлек. Стрэхі крылі саломай, трыснягом, чаротам, звязанымі ў невялікія снапкі («астрыжкі»).
Адзенне
[правіць | правіць зыходнік]Народнае адзенне вызначалася самабытнасцю і маляўнічасцю аздаблення жаночага касцюма (гл. Дамачаўскі строй, Кобрынскі строй, Маларыцкі строй, Мотальскі строй, Пінска-Івацэвіцкі строй).
Толькі ў Заходнім Палессі сустракаліся спадніцы з валенай воўны (буркі), блізкія да панёвы фартухі (затулкі), старасвецкія наміткі (хусты) з тонкіх адбеленых нітак, рытуальныя галаўныя ўборы.
Найбольш распаўсюджаныя спосабы дэкарыравання адзення — узорыстае ткацтва, аплікацыя, гафрыраванне. Арнаментальным вырашэннем блізкія да адпаведных строяў мотальскія ручнікі і пінска-івацэвіцкія ручнікі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Заходняе Палессе // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. С. 390—391.
- Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX ст. Мн., 1978.
- Цітоў В. С. Народная спадчына: Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці. Мн., 1994.
- Цітоў В. С. Этнаграфічная спадчына. Беларусь: краіна і людзі. 2 выд. Мн., 2001.
- Гражына Рушчык пры супрацоўніцтве Галіны Энгелькінг. Палессе: Фотаздымкі з дваццатых і трыццатых гадоў. — Варшава : Ін-т мастацтва Польскай акадэміі навук, Кафедра бел. культуры Ун-та ў Беластоку, 1999. — 254 с. — ISBN 83-85938-58-3.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх