Талышы
| Талышы (толышон, tolışon, تالش) | |
| Агульная колькасць | каля 236400 тыс. (2022 г.) |
|---|---|
| Рэгіёны пражывання |
|
| Мова | талышская |
| Рэлігія | іслам |
| Блізкія этнічныя групы | гілянцы, мазендэранцы, белуджы |
Талышы (саманазвы: толышон, tolışon), або талешы ( تالش) — народ на поўдні Азербайджана і паўночным захадзе Ірана. Агульная колькасць (2013 г.) — каля 236 400 тыс.[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Большасць даследчыкаў гісторыі і мовы талышоў лічаць іх нашчадкамі старажытных кадусіяў, аўтахтоннага насельніцтва паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Каспійскага мора[2][3]. Згодна з гэтай гіпотэзай, талышы маюць адзінае паходжанне з гілянцамі. Часам продкамі талышоў таксама называюцца старажытныя мідзяне[4].
Вывучэнне генетыкі азербайджанскіх талышоў[5] паказала іх першасную блізкасць да індаеўрапейскіх народаў Каўказа і Блізкага Усходу — курдаў, персаў і асецінаў, у крыху меншай ступені — да іншых суседзяў: азербайджанцаў, армян, горскіх народаў, туркменаў.
Праблема ўзнікнення назвы народа «талышы» выклікае шмат спрэчак. Яна з’явілася толькі ў эпоху сярэднявечча. Большасць вучоных тлумачаць яе або рознымі формамі маўлення назвы «кадусіі», або арабскім тэрмінам, якім першапачаткова пазначалі жыхароў сучаснага паўночна-заходняга Ірана[6].
Асаблівасці традыцыйнай культуры
[правіць | правіць зыходнік]У сучаснасці талышы насяляюць пераважна памежныя прыморскія і часткова перадгорныя раёны Ірана і Азербайджана. Асновай традыцыйнай гаспадаркі з’яўляецца земляробства. Талышы вырошчваюць рыс, кукурузу, тытунь, чай, садавіну і гародніну. Важнымі заняткамі таксама лічацца пчалярства, шаўкаводства, рыбалоўства, збор дзікіх яблыкаў, вінаграду, часныку і інш. Жывёлагадоўля адыгрывае другарадную ролю. Трымаюць кароў, зебу, авечак і коз. У мінулым талышы-горцы займаліся сельскай гаспадаркай толькі ў цёплы сезон, а ўзімку працавалі на раўнінах дробнымі гандлярамі, носчыкамі, вугальшчыкамі. Сярод традыцыйных рамёстваў асаблівае месца займаюць ткацтва і пляценне.

Асноўны тып паселішча — вёска. Забудова залежыць ад геаграфічных уласцівасцяў населеных пунктаў. На ўзбярэжжы пераважае раскіданая планіроўка, у перадгор’ях — скучаная. Сялянская сядзіба ўключае хаціну, свіран, падобны да альтанкі на па́лях лям. Раней жыхары ўзбярэжжа будавалі хаціны з чароту і гліны, горцы — з дрэва. Часцяком пад адным дахам з чатырма пахіламі месцілася жытло і хлеў. Хаціны ацяпляліся з дапамогай адкрытага агменю.
Традыцыйная вопратка складаецца з баваўнянай кашулі, шырокіх штаноў і невялікага лямцавага капялюшыка ў мужчын, доўгай кашулі па-над спадніцай, кофты і хусткі ў жанчын. Існуе спецыяльны жаночы строй для працы на рысавых палетках. Ён складаецца з кароткіх штаноў, кашулі і нарукаўнікаў. Талышскія жанчыны любяць разнастайныя ўпрыгожванні — каралі, падвескі, старадаўнія манеты.
Талышская народная кухня дастаткова разнастайная. Штодзённай стравай лічыцца вараны дробны рыс, які часцяком замяняе пшанічны хлеб. Акрамя таго, з рысу гатуюць плоў, разнастайнае начынне для мяса і рыбы, куды таксама дадаюць спецыі, арэхі, гародніну. Мяса і рыбу ўжываюць з гароднінай і рознымі падлівамі. Супы не вельмі распаўсюджаны, часцей гатуюцца з трыбухаў. Папулярныя напоі — кісламалочны айран і чай.

Традыцыйныя сем’і малыя нуклеарныя. У Азербайджане да 1920-х гадоў, а ў Іране і ў наш час практыкуецца палігінія. Мужчыны часцяком жэняцца двойчы, што важна для вядзення гаспадаркі. Асноўную працу на рысавых палетках выконваюць жанчыны. Згодна са звычаёвым правам, спадчына перадаецца па мужчынскай лініі.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Талышская мова належыць да паўночна-заходняй іранскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і. У 1928 г. была распрацавана пісьмовасць на аснове лацінкі. На ёй у савецкім Азербайджане было надрукавана 19 выданняў, што з’явілася важным для фарміравання літаратурнай мовы. У канцы 1930-х гг. сталы друк на талышскай мове перарваўся. У пасляваенны перыяд азербайджанскія талышы карысталіся кірыліцай, з 1991 г. таксама пішуць на азербайджанскай лацініцы. У Іране выкарыстоўваюць пісьмо на аснове фарсі. Талышская мова не мае афіцыйнага статусу ні ў Азербайджане, ні ў Іране. У Іране выкладаецца ў асобных школах.
Літаратура прадстаўлена паэзіяй і прозай. Перакладам талышскай паэзіі на беларускую мову займаўся Рыгор Барадулін.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Большасць вернікаў сярод талышоў Азербайджана — мусульмане-шыіты, сярод талышоў Ірана — суніты.
Талышы ў Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Паводле перапісу 2009 г. толькі 11 жыхароў Беларусі назвалі сябе талышамі. З іх 7 чал. вызначылі талышскую мову як родную[7]. У Мінску дзейнічае аддзяленне Міжнароднага фонда адраджэння талышскай культуры[8].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Talysh, Talish
- ↑ Дьяконов И. М. История Мидии: от древнейших времен до конца IV века до н. э. — М.: Изд-во Академии наук СССР, 1956. — С. 92.
- ↑ Алиев И., Гошгарлы Г. Юго-запад Прикаспия в древности и в эпоху средневековья // Толыши садо, 1992, № 4 — 1993, № 24.
- ↑ Для прыкладу: Иранская группа
- ↑ Асадова Первин Шамсаддия кызы. Генетическая характеристика талышей Азербайджана по данным о полиморфизме митохондриальной ДНК, Y-хромосомы и иммунно-биохимических маркеров
- ↑ Гл.: Гусейн-Заде М. Г., ВОЗНИКНОВЕНИЕ ЭТНОНИМА «ТАЛЫШ» Архівавана 29 чэрвеня 2013.
- ↑ belstat.gov.by
- ↑ talish.info Архівавана 5 сакавіка 2016.