Цімкавіцкі народны тэатр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цімкавіцкі народны тэатр
Афіша Цімкавіцкага народнага тэатра
Афіша Цімкавіцкага народнага тэатра
Заснаваны 1917
Будынак тэатра
Месцазнаходжанне Мінская вобласць
Кіраўніцтва
Мастацкі кіраўнік З. І. Раманенка

Map

Цімкавіцкі народны тэатр — адзіны сельскі тэатр Беларусі, адзін з найстарэйшых тэатраў Мінскай вобласці. Тэатр знаходзіцца ў в. Цімкавічы Капыльскага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сваю дзейнасць ён пачаў з драматычнага гуртка, які ў снежні 1917 года паставіў свой ​​першы спектакль па п’есе М. Гогаля «Жаніцьба  (руск.)».

У першым складзе гуртка ўдзельнічаў будучы вядомы пісьменнік Кузьма Чорны).

З 1939 года арганізатарам і нязменным кіраўніком стала заслужаная настаўніца БССР Зінаіда Іосіфаўна Раманенка.

24 мая 1967 года калектыву было прысвоена найменне «народны» аматарскі калектыў (спектакль «Ганка» У. Галубка). Калектыў быў лаўрэатам Першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці (1975—1977 гг.), дыпламантам рэспубліканскага агляду аматарскага тэатральнага мастацтва (1982 г.).

Рэпертуар[правіць | правіць зыходнік]

У тэатры шырокая рэпертуарная палітра. У ёй — п’есы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх драматургаў («Ірынка» К. Чорнага, «Партызаны» К. Крапівы, «Прымакі» Я. Купалы, «Ляцяць гусі» А. Сафронава, «Адалень трава» Ю. Томіна  (руск.), «Назар Стадоля» Т. Шаўчэнкі.

Пры тэатры была створана дзіцячая студыя.

Вялікі поспех у гледачоў мела прэм’ера спектакля па п’есе Івана Шамякіна «Дзеці аднаго дома», на якой прысутнічаў сам аўтар. З 1972 па 1976 гады былі пастаўлены спектаклі: «Мы вясёлыя рабяты» Ю. Томіна, «Пунсовенькая кветачка» Л. Брасевіча, «Гаўрош Брэсцкай крэпасці» А. Махнача, «Прыгоды Нязнайкі».

У снежні 2002 года тэатр заявіў пра сябе камедыяй «Грэшнікі» па матывах п’есы С. Лабазерава «Сямейны партрэт з грашовымі знакамі». Пастаноўку п’есы ажыццявіў малады рэжысёр Віктар Шулешка, у ролі перакладчыка выступіла А. Острыкава. 3а гэтую пастаноўку калектыў узнагароджаны дыпломам 4-га Абласнога фестывалю народных тэатраў «Бярэзінская рампа» (28-30 лістапада 2003 г.).

У 2006 годзе пад кіраўніцтвам рэжысёра А. Голубева і памочніка рэжысёра С. Лазоўскай тэатр працаваў над пастаноўкай спектакля па п’есе Аляксея Вінакура «Олд і сада-маза». 25 мая 2008 года тэатр з поспехам пацвярдзіў званне «народны» самадзейны калектыў.

У пачатку красавіка 2010 года тэатр пачаў працаваць над пастаноўкай спектакля па п’есе А. Дударава «Не пакідай мяне» і 4 лютага 2011 года ажыццёўлены яго паказ на сцэне Цімкавіцкага сельскага Дома культуры.