Ілья
Аграгарадок
Ілья
| ||||||||||||||||||||||||
Ілья на Вікісховішчы
|
І́лья[1] (трансліт.: Iĺja, руск.: Илья) — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Ільянскага сельсавета. Насельніцтва 1458 чал. (2010). Знаходзіцца за 37 км на паўднёвы ўсход ад Вілейкі, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Уша; на аўтамабільнай дарозе Р58 (Сосенка — Краснае).
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Існуе некалькі меркаванняў пра паходжанне тапоніму «Ілья». Паводле аднаго з іх, ён утварыўся ад назвы ракі Ілія і спярша выглядаў як Іля. Пазней назва мястэчка змянілася на Ілью, нібыта ў гонар хрысціянскага прарока. Згодна з іншай версіяй, паселішча атрымала сваю назву ад Ільінскай царквы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы пісьмовы ўспамін пра Ілью як двор маршалка дворнага Багдана Саковіча датуецца 1475 годам. Пазней паселішчам валодалі Забярэзінскія, Збаражскія.
У 1564 годзе Ілья ўпершыню згадваецца як мястэчка («место»), таксама існавалі аднайменныя двор і воласць. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства ВКЛ. З 1582 года да канца XVII стагоддзя Ілья знаходзілася ў валоданні Глябовічаў. Паводле інвентару (1650) мастэчка складалася з рыначнага пляца і 3 вуліц, тут было 93 двары, 10 корчмаў, новазбудаваны касцёл (царква згарэла незадоўга да складання інвентару). У 1692 годзе Крысціна Глябовіч разам з мужам, гетманам вялікім Казімірам Янам Сапегам змянялі маёнтак велятыцкаму старосту князю К. Друцкаму-Сакалінскаму. У XVIII стагоддзі ўладальнікамі Ільі былі: дачка Друцкага-Сакалінскага Барбара і яе муж ковенскі харунжы А. Скарульскі, Савіцкія (графы на Ільі), каралеўскі ад’ютант, потым Я. М. Салагуб, за якім у маёнтку існавала вялікая гута. У 1792 годзе апошні прадаў Ілью падскарбію вялікаму, кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ілья апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце Віленскай губерні. За ўдзел у паўстанні Т. Касцюшкі (1794) расійскія ўлады канфіскавалі мястэчка. У 1795—1804 гадах уладальнікам Ільі быў фельдмаршал М. Салтыкоў, у 1804—1806 гадах — генерал-маёр Л. Здзяхоўскі, потым — мінскі губернскі маршалак (1804—1806) Юзаф Міхалавіч Валадковіч (1761—1822) і С. Радзішэўскі, які ў часы вызваленчага паўстання (1830—1831) быў ваенным начальнікам Вілейскага павета і камандзірам палку. Расійскія карныя войскі разрабавалі Ільінскую сядзібу, а маёнтак канфіскавалі. Станам на 1886 год у мястэчку было 40 двароў, 2 праваслаўныя царквы, школа, таргі ў нядзелі, рэгулярныя кірмашы 6 студзеня і 20 чэрвеня.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ілья апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. У гэты час існавалі аднайменныя мястэчка (236 дамоў) і калонія (30 дамоў).
У 1939 годзе Ілья ўвайшла ў склад БССР, статус паселішча панізілі да вёскі. З 15 студзеня 1940 года цэнтр Ільянскага раёна, з 12 кастрычніка 1940 года цэнтр Ільянскага сельсавета. Пасля скасавання Ільянскага раёна 24 ліпеня 1957 года ў Вілейскім раёне[2]. Станам на 1971 год тут было 530 двароў, на 1995 год — 600 двароў.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVIII стагоддзе: 1798 год — 170 чал.
- XIX стагоддзе: 1860 год — 141 чал.; 1866 год — 522 чал.[3]; 1886 год — 318 чал.
- XX стагоддзе: 1905 год — 1525 чал.; 1921 год — 1333 чал. у мястэчку Ілья і 162 чал. у калоніі Ілья; 1971 год — 2179 чал.; 1995 год — 1865 чал.[4]; 1999 год — 1671 чал.
- XXI стагоддзе: 2010 год — 1458 чал.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]У вёсцы знаходзіцца адна з дзвюх сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Вілейскага раёна — Ільянскі аграрны каледж. Установа адкрылася 26 жніўня 1957 года пад назвай Ільінскі ветэрынарны тэхнікум. 20 верасня 1990 года саўгас-тэхнікум пераўтварыўся ў асобны саўгас «Абадоўцы» і Ільінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. За час свайго існавання да 2008 года навучальная ўстанова падрыхтавала 7061 спецыяліста, з якіх 2928 заатэхнікаў і 4133 фельчары ветэрынарнай медыцыны.
У Ільі размяшчаецца дзіцячая музычная школа, заснаваная 25 жніўня 1975 года. Першым рэктарам быў Раман Мізула. За час існавання да 2008 года музычную школу скончыла больш за 270 навучэнцаў. У школе праходзіць навучанне на наступных музычных інструментах: баян, акардэон, цымбалы, фартэпіяна. У 2004 годзе ў Ільінскай музычнай школе адкрыліся харэаграфічнае аддзяленне, старэйшы і малодшы харавыя ансамблі, а таксама змяшаныя дзіцячыя ансамблі.
Таксама ў вёсцы дзейнічае агульнаадукацыйная сярэдняя школа з краязнаўчым ухілам імя акадэміка Адама Антонавіча Грымаця. Паводле звестак на 2008 год у ёй навучаюцца 360 вучняў і працуюць 40 настаўнікаў (7 з іх маюць вышэйшую катэгорыю, 20 — першую).
Медыцына
[правіць | правіць зыходнік]Медыцынскія паслугі надае бальніца.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічаюць дом культуры і бібліятэка.
У Ільінскай школе дзейнічаюць 2 музеі: «Ільянскія далягляды» і «Вілейшчына літаратурная».
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Помнік археалогіі — рэшкі гуты (канец XVIII — пачатак XIX стагоддзяў).
- Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (пачатак XX стагоддзя).
- Свята-Ільінская царква (каля 1827).
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]У 1772 годзе па фундацыі Брыгіты з Радзівілаў Салагуб у Ільі пабудаваны Касцёл Маці Божай Ружанцовай, знішчаны ў часы Другой сусветнай вайны.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]Мястэчка Ілья — радзіма продкаў Лізы Кудрау[5].
- Святлана Марозава (Палуцкая) (нар. 1954) — беларускі гісторык
- Дзмітрый Леанідавіч Піневіч (нар. 1967) — беларускі ўрач, спецыяліст у галіне арганізацыі аховы здароўя.
- Пётр Міхайлавіч Шаранговіч (1893—1938) — савецкі ваенны дзеяч
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ілля́, Ілья́
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідаванні Ільянскага раёна, Маладзечанскай вобласці ад 24 ліпеня 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 7.
- ↑ SgKP 1882, s. 258.
- ↑ ЭГБ 1996.
- ↑ Кіназорка плакала на месцы пахавання іллянскіх яўрэяў(недаступная спасылка)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Брэгер Г. Ілья // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 481. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Ilia // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. — S. 258—259.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ілья
- Ілья на сайце Radzima.org