Перайсці да зместу

Земляробства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Земляроб)

Земляробства — навука і галіна сельскай гаспадаркі, заснаваная на выкарыстоўванні зямлі для вырошчвання раслінных культур.

Земляробства — гэта навука пра вырошчванне сельскагаспадарчых раслін, павелічэнне іх ураджайнасці, пра рацыянальнае выкарыстанне зямлі, павышэнне ўрадлівасці глебы. У яго аснове ляжаць фундаментальныя навукі пра прыроду: фізіка, хімія, біялогія, глебазнаўства, фізіялогія раслін, аграметэаралогія, аграхімія і інш. У аснову сучаснага земляробства пакладзены нарматыўна-тэхналагічны прынцып вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі[1].

Узнікненне земляробства

[правіць | правіць зыходнік]

Земляробства як тып забеспячэння чалавека пачало развівацца ў Малой Азіі і на Блізкім Усходзе каля 9 тысячагоддзя да н. э. Прычыны пераходу ад збіральніцтва да гэтага віду дзейнасці застаюцца да канца не высветленымі. Паколькі першабытныя земляробы яшчэ не мелі дастаткова ўраджайных сартоў раслін, а іх ручная праца патрабавала значных высілкаў, то тэзіс аб большай прадукцыйнасці земляробства ў параўнанні з ужо існуючымі на той момант тыпамі забеспячэння (рыбалоўства, паляванне, збіральніцтва) з'яўляецца спрэчным. Мяркуюць, што пераход да земляробства адбыўся ў сувязі з ростам насельніцтва на канкрэтных тэрыторыях, калі магчымасці для вядзення форм гаспадаркі, заснаваных на прысвойванні прыродных багаццяў, значна скараціліся, або, што гэта адбылося ў выніку кліматычных зменаў, калі ўрадлівасць дзікарослых зёлкавых і бабовых зменшылася з-за пахаладання і недахопу вільгаці.

Археалагічныя раскопкі на ўсходзе Турцыі, у Сірыі, Ізраілі, Іарданіі і Ліване (гл. Урадлівы паўмесяц) выявілі, што мясцовае насельніцтва перайшло да земляробства ў друг. пал. 9 тысячагоддзя да н. э., вырошчвала зёлкавыя культуры (пшаніцу, ячмень, проса, авёс) і бабовыя, багатыя бялкамі. Старажытнымі земляробчымі культурамі таксама з'яўляюцца аліва і фінікавая пальма. З Малой Азіі і Блізкага Ўсходу земляробства распаўсюдзілася ў Месапатамію, Еўропу, Паўночную Афрыку, Закаўказзе і г. д. У Еўропе найстаражытнейшымі цэнтрамі земляробства былі ўзбярэжжа Міжземнага мора, рачныя даліны Дуная, Роны, рэк на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы. Да самых ранніх еўрапейскіх земляробчых культур належалі культура лінейна-стужкавай керамікі, культура кардыяльнай керамікі і Старчава-Крышская культура.

Даволі працяглы час земляробства заставалася экстэнсіўным і перамяжалася з іншымі формамі здабычы ежы. Так, у Еўропе некалькі тысячагоддзяў паселішчы земляробаў перамяжаліся з паселішчамі паляўнічых, рыбакоў і збіральнікаў. Паміж імі існаваў сталы абмен. Цікава, што даследаванні шкілетаў старажытных земляробаў у Заходняй Еўропе выявілі тое, што яны стала пакутавалі ад голаду і практыкавалі канібалізм, у той час як паляўнічыя і збіральнікі забяспечвалі сябе ежай адносна добра.

Акрамя найстаражытнейшага цэнтра ўзнікнення земляробства ў Малой Азіі і Блізкім Усходзе, вылучаюць і іншыя — рачныя даліны Кітая, Анды ў Паўднёвай Амерыцы, Цэнтральная Амерыка, даліна ракі Інд, Паўднёва-Усходняя Азія, Эфіопія, Новая Гвінея, Заходняя Афрыка.

Развіццё тэхналогій

[правіць | правіць зыходнік]

Найстаражытнейшай з вядомых форм земляробства з'яўляецца падсечна-агнявая або лядная, якая суправаджалася ачысткай пэўных тэрыторый ад дзікіх раслін і дзёрну з дапамогай высякання дрэў і хмызнякоў, а таксама выпальвання. Першымі прыладамі працы для апрацоўкі зямлі былі завостраны кол і матыка. Аднак такая форма адрознівалася значнымі працаёмкасцю і экстэнсіўнасцю. Глебы хутка бяднелі, і палеткі гублялі ўраджайнасць.

Ужо на старажытным Блізкім Усходзе ўзніклі ірыгацыя і селекцыя, якія дапамагалі павялічыць прыбытковасць. Асаблівы поспех мелі земляробы Месапатаміі, якія з 4 тысячагоддзя да н. э. акрамя ірыгацыі карысталіся севазваротам розных культур, плугам і цяглавымі жывёламі (асламі і быкамі).

У сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. у Кітаі быў вынайдзены плуг з жалезным адвалам, а крыху пазней — трубкавая сеялка.

Адно з першых дэталёвых апісанняў працы земляроба пакінуў Гесіёд у дыдактычнай паэме «Дні і турботы». У Старажытнай Грэцыі і Рыме з'явіліся першыя трактаты аб вядзенні сельскай гаспадаркі, вывучаліся і класіфікаваліся расліны.

На мяжы 1 і 2 тысячагоддзяў н. э. на Блізкім Усходзе, Егіпце, Еўропе пачаў шырока ўводзіцца трохпольны севазварот.

Развіццё тэхналогій апрацоўкі зямлі, з'яўленне новых культурных раслін, новых метадаў перапрацоўкі і захавання ўраджаяў садзейнічалі інтэнсіфікацыі земляробства. У выніку, у XIV — XVI стст. у Паўночнай Італіі, а потым у Нідэрландах узнікла так званая «высокая сельская гаспадарка», для якой былі характэрныя меліярацыя, разумнае спалучэнне земляробства і жывёлагадоўлі, увядзенне ўраджайных або прыбытковых культур, абавязковая селекцыя, выкарыстанне розных відаў угнаенняў і сучаснага тэхнічнага абсталявання, у тым ліку ветракоў, цяпліц, парнікоў. Эпоха вялікіх геаграфічных адкрыццяў спрыяла распаўсюджванню новых ураджайных культур, перш за ўсё кукурузы, бульбы, тытуню. Шырэй пачалі вырошчвацца камерцыйныя культуры — цукровы трыснёг, кава, бавоўна, перац і інш.

У XIX ст. з'явілася механізаваная сельская гаспадарка, сталі развівацца як самастойныя земляробчыя навукі — аграномія, глебазнаўства, эналогія (вывучэнне розных аспектаў развіцця вінаробства) і г. д. Узніклі спецыялізаваныя навуковыя і вучэбныя ўстановы. Прычым, адна з першых, Горы-Горацкі земляробчы інстытут, быў адчынены ў 1836 г. на Беларусі.

З 1930 г. для патрэб земляробства выкарыстоўваецца аэрафатаграфаванне, якое ў наш час хутка выцяснецца фатаздымкамі з касмічных спадарожнікаў.

Фарміраванне сучаснага земляробства

[правіць | правіць зыходнік]

У 1943 г. у Мексіцы быў распрацаваны комплекс мер для пераўладкавання земляробства на аснове навуковых тэхналогій для павышэння ўраджайнасці і прыбытковасці. Пазней ён пашырыўся на іншыя краіны і атрымаў назву Зялёнай рэвалюцыі. Яна адыграла значную ролю ў інтэнсіфікацыі земляробства, палепшыла забеспячэнне харчам і тэхнічнымі культурамі насельніцтва Зямлі, але пагоршыла агульны стан экалогіі.

З канца XX ст. у земляробстве шырока распаўсюджваюцца генетычна мадыфікаваныя расліны, але разам з гэтым клопат пра навакольнае асяроддзе садзейнічаў узнікненню пермакультуры і адраджэнню арганічнай сельскай гаспадаркі.

Асноўныя галіны земляробства

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Асновы аграноміі / Пад рэд. Л. Верамейчык. — Мн., 1999.
  • Апанасенка І. П. Ваш прысядзібны ўчастак — Мн.: Полымя, 1993. - 432 с.: іл. ISBN 5-345-00651-2
  • Горны А. У. Земляробства // Асновы аграноміі: Падручнік / Пад рэд. Л. А. Верамейчык. — Мн.: Ураджай, 1999. - 416 с.: іл. ISBN 985-04-0122-2