Перайсці да зместу

Чалавек умелы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чалавек умелы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Homo habilis Leakey et al, 1964


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
EOL  4454111
FW  83082

Чалавек умелы (Homo habilis) ці Прэзінджантрап (Prezinjanthropus; ад лац.: prae — перад + зінджантрап) — выкапнёвы прымат, высокаразвіты аўстралапітэк ці першы прадстаўнік рода Homo. Першы экзэмпляр быў знойдзены археолагамі Мэры і Луісам Лікі ў лістападзе 1960 года[1] ў цясніне Алдувай у Танзаніі. Лікі разам з косткамі шаблязубага тыгра сміладона знайшлі ступню, пятачную костку і абломкі чэрапа новага гамініда. Чэрап, як вызначылі пазней, належаў дзіцяці 11—12 гадоў. мяркуючы па будове ступни, новы гаминід меў прамую хаду. Знаходка была апісана ў 1964 годзе як новы род гамінідаў — прэзінджантрап (Prezinjanthropus). Потым класіфікацыя была перагледжана на карысць відавога статуса ў родзе Homo. Пазней аналагічныя знаходкі былі зроблены ў Каобі-Фора, Сварткрансе і іншых месцах Усходняй і Паўднёвай Афрыкі.

Вучоныя з універсітэта Саймана Фрэйзерса робяць вывад, што чалавек умелы выйшаў з Афрыкі да з’яўлення Homo erectus, стаўшы продкам Homo floresiensis[2].

Чалавек умелы, мяркуючы па знойдзеным рэшткам, якія датуюцца 2,6—2,5 млн гадоў таму, існаваў больш за паўміліёна гадоў. Маса галаўнога мозга гэтага гамініда была ацэнена ў 650 грамаў, што было значна больш, чым у тыповых аўстралапітэкаў. Ён таксама адрозніваецца ад аўстралапітэкаў будовай таза, які забяспечваў больш дасканалы біпедалізм і нараджэнне дзіцянятаў з большай галавой. Эндакран акруглы і кропак росту не мае. Але ў чалавека ўмелага адбываецца пераразмеркаванне доляў мозга — патылічная доля памяншаецца на карысць павелічэння больш прагрэсіўных доляў — лобнай, цемянной, скроневай з асацыятыўнымі далямі. Адрозніваўся ён ад аўстралапітэкавых і будовай чэрапа — чэрап пашыраны ў падвочннай і цемянна-патылічнай абласцях. Памер зубоў памяншаецца, але большы, чым у Homo naledi, зубная эмаль робіцца менш тоўстай. Структура кісці Homo habilis мазаічная і спалучае ў сябе як прагрэсіўныя рысы, так і сляды адаптацыі лазання па дрэвам. Пашырэнне ногцевых фалангаў — прагрэсіўная рыса, якая сведчыць аб фармаванні падушачкаў пальцаў як датыкальнага кінэстэтычнага апарату. Фармаваўся сілавы захоп, з дапамогай якога магчыма было вырабляць прылады працы. Ад нагі хабіліса засталося толькі пяць фалангаў пальцаў, пяць костак ступні, пятачная костка і шчыкалатка. Гэта была прымітыўная нага паводле злучэння костак, але ўсё ж такі — нага чалавека. У Чалавека ўмелага першы палец ступні не быў адведзены ўбок, а таксама, як і ва ўсіх наступных прадстаўнікоў рода Homo, у тым ліку і Homo sapiens, размяшчаўся побач з іншымі пальцамі. Гэта значыла, што яго нага была цалкам прыстасавана да двухногага перамяшчэння.

Аб’ём мозга чалавека ўмелага — 600—700 см³[3]. Рост складаў да 1,2 м[1][4], маса цела — каля 40—50 кг[1]. Галава чалавека ўмелага мела больш круглявую форму, чым у аўстралапітэкаў; мозг таксама стаў буйнейшы, хаця складаў усяго толькі палову мозга сучаснага чалавека. Рэльефнасць унутры танкасценнага чэрапа сведчыць аб наяўнасці ў іх цэнтра Брака́ — цэнтра мовы, але гартань, верагодна, не была здольна ўтвараць столькі ж гукаў, колькі нашая гартань. Сківіцы былі менш масіўнымі, чым у аўстралапітэка; косткі рук і сцёгнаў здаюцца больш сучаснымі, а ногі мелі больш «сучасную» форму. Асобіны чалавека ўмелага мелі прыкметны палавы дымарфізм — самкі мелі больш шырокія сцёгны, чым самцы.

Першыя яшчэ груба апрацаваныя каменныя галькі (прылады алдувайскай культуры) шмат разоў знаходзілі разам з рэшткамі гэтай істоты. Верагодна, менавіта Чалавек умелы пераступіў нябачную мяжу, якая падзяляе род Homo ад усіх іншых біялагічных істот — ён зрабіў першы шаг на шляху падначальвання сябе навакольнага асяроддзя. Прылады, якія рабіў Чалавек умелы, амаль усе былі з кварцу, а кварц у месцах стаянак гэтых людзей не сустракаўся, яны прыносілі яго з адлегласці ад 3 да 15 км. Але ў адрозненні ад больш позніх відаў Homo, хабілісы не вельмі беражліва адносіліся да вырабленых імі прылад працы, і часта, пасля кароткачасовага выкарыстання проста выкідвалі іх. Кісць чалавека ўмелага ўжо магчыма назваць чалавечай, але пытанне было ў тым, ці быў дастаткова развіты іх мозг, каб скарыстацца магчымасцямі такой рукі, застаўся адкрытым[5]. Яны валодалі сілавым захопам вялікай магутнасці. Ніводная малпа не мае такіх здольнасцяў.

У 1967 годзе вялікая міжнародная экспедыцыя ў даліне ракі Ома ў Эфіопіі адкрыла касцяныя рэшткі, якія адносяцца да аўстралапітэкавых. Разам з імі былі знойдзены прылады працы. Пазней, каменныя прылады працы ўзростам 2,6 млн гадоў былі знойдзены ў эфіопскім месцазнаходжанні Гона (Kada Gona) і ўзростам 3,3 млн гадоў каля возера Туркана, паблізу ад месца знаходкі кеніантрапа[6]. Такім чынам, пытанне ўзнікнення дзейнасці звязанай з вырабленнем прылад працы застаецца адкрытым.

Палеміка з нагоды відавой прыналежнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Выдзяленне Homo habilis у самастойны від рода Homo выклікала шмат пярэчанняў. Праблема класіфікацыі чалавека ўмелага была ў тым, што шмат якія рысы ў яго будове былі архаічнымі і набліжалі яго да аўтралапітэкаў. Лікі, Нейпье і Тобаес былі ўпэўнены ў прыналежнасці новага гамініда да рода Homo. Яны ўказвалі на наступныя рысы: мозг у гамініда значна большы, чым у аўстралапітэкаў; зубы — бліжэй да чалавечых, таксама як і форма чэрапа; астатнія косткі былі вельмі падобныя да шкілета сучаснага чалавека. Згодна з меркаваннем шматлікіх апанентаў, аб’ём мозга хабіліса, вылічаны Табаесам (642 см³), быў вельмі прыблізным з-за дрэннай захаванасці знаходак. Яны крытыкавалі вывады адносна зубной сістэмы і ўказвалі на тое, што ведаў аб астатнім шкілеце Homo habilis яўна недастаткова для нейкага вырашэння дылемы.

Зноскі

  1. а б в Елинек, Ян Большой иллюстрированный атлас первобытного человека. / Пер. Е. Финштейна под ред. В. П. Алексеева. Прага: Атрия, 1973, третье издание 1985, с. 55.
  2. Bayesian analysis of a morphological suprematrix light on controversial fossil hominin relatioships
  3. Елинек Ян Большой иллюстрированный атлас первобытного человека. / Пер. Е. Финкельштейна под ред. В. П. Алексеева. Прага: Атрия, 1972, третье издание 1985. С. 64.
  4. Елинек Ян Большой иллюстрированный атлас перобытного человека. / Пер. Е. Финкельштейна под ред. В. П. Алексеева. прага: Артия, 1972, третье издание 1985. С. 55
  5. Елинек, Ян Большой иллюстрированный атлас первобытного человека. / Пер. Е. Финкельштейна под ред. В. П. Алексеева. Прага: Атрия, 1972, третье изд. 1985.
  6. Word’s oldest stone tools discovered in Kenya(недаступная спасылка)
  • Елинек Ян. Большой иллюстрированный атлас первобытного человека / пер. Е. Финштейна под ред В. П. Алексеева. — Прага: Артия, 1972. — 560 с.: ил. (3-е изд. — 1985).