Язэп Нарцызавіч Драздовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Язэп Драздовіч)
Перайсці да: рух, знайсці
Язэп Драздовіч
Язэп Нарцызавіч Драздовіч
Язэп Драздовіч (1928)
Язэп Драздовіч (1928)
Дата нараджэння:

13 кастрычніка 1888({{padleft:1888|4|0}}-{{padleft:10|2|0}}-{{padleft:13|2|0}})

Месца нараджэння:

Сцяг Расійскай імперыі Пунькі, Дзісенскі пав., Віленская губ., Расійская імперыя

Дата смерці:

15 верасня 1954({{padleft:1954|4|0}}-{{padleft:9|2|0}}-{{padleft:15|2|0}}) (65 гадоў)

Месца смерці:

Сцяг БССР Падсвілле, Глыбоцкі раён,
Віцебская вобласць,
Беларуская ССР

Грамадзянства:

Flag of Russia.svg Расійская імперыя
Flag of the Soviet Union.svg СССР

Жанр:

жывапісец, графік, скульптар

Вучоба:

Віленская рысавальная школа Трутнева

Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

Язэп Нарцызавіч Драздовіч (1 кастрычніка 1888, засц. Пунькі Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер Глыбоцкі р-н) — 15 жніўня 1954, Падсвілле; Псеўданімы: Я. Нарцызаў), беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і збяднелага шляхціца-арандатара. У два гады застаўся без бацькі, яго і пяцёра братоў выхоўвала маці Юзэфа, неўзабаве сям'я засталася без зямлі і дома. Вучыўся ў прыватнай настаўніцы, пасля скончыў Віленскую школу малявання (1908). У 1910—1914 служыў у арміі, дзе скончыў фельчарскія курсы, у 1-ю сусветную вайну — на Заходнім фронце. Пасля звальнення з арміі з-за стану здароўя жыў у родных, сваякоў на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля в. Германавічы, пасылаў у «Нашу Ніву» допісы пра клопаты хлебаробаў-землякоў. У 1919 працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы БССР. У 1919—1920 у Мінску: мастак-дэкаратар у «Беларускай хатцы», Беларускім дзяржаўным тэатры; у 1919 арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка», якое адкрывала школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. Пасля вяртання на Дзісеншчыну, якая паводле Рыжскага дагавора (1921) адышла да Польшчы, у 1921—1924 — кааператар, у 1921—1922 спрабаваў арганізаваць на радзіме беларускія школы. У 1924—1926 выкладаў маляванне ў Глыбоцкай польскай школе, актыўна супрацоўнічаў з ТБШ. Працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны. У 1926—1927 супрацоўнічаў у сатырычным часопісе «Маланка». У 1927 заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі. У 1927—1929 выкладаў маляванне ў Навагрудскай беларускай гімназіі, вёў работу па зборы экспанатаў для Віленскага беларускага музея. У 1931—1939 — вандроўны мастак. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і ў 1940—1941 працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках. Памёр Я. Драздовіч у Падсвільскай бальніцы 15 верасня 1954. У музеі-пакоі народнай творчасці, што створаны ў мясцовай сярэдняй школе — яго карціны, дываны, графічныя работы, матэрыялы пра жыццё і творчасць майстра. Пахаваны ён на могілках паміж вёскамі Ліпляны і Малыя Давыдкі. У 1982 на магіле ўстаноўлена стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка» (скульптар А. Шатэрнік). На радзіме мастака ў в. Пунькі Глыбоцкага раёна штогод праводзяцца міжнародныя пленэры яго імя.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Язэп Драздовіч. «Усяслаў Полацкі», 1923
Касцёл у Задарожжы на дыване працы Я. Драздовіча

Кола інтарэсаў Язэпа Драздовіча было надзвычай шырокім: гісторыя, археалогія, этнаграфія, літаратура, астраномія. Ён запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны, склаў зборнік «Песні Дзісеншчыны». Пісаў вершы, прозу, вёў дзённікі. У 1923 у Вільні была надрукавана першая частка яго аповесці «Вар'ят без вар'яцтва». Большасць яго твораў, у т.л. паэма «Трызна мінуўшчыны», прысвечаная старажытнай Полаччыне, і гістарычная аповесць «Гарадольская пушча», апавяданне «Сон Гараноса» з яго ілюстрацыямі засталіся ў рукапісах. Падзеі ў аповесці «Гарадольская пушча» адбываюцца на роднай яму Дзісеншчыне ў 13 ст. У Вільні пад псеўданімам Я. Нарцызаў выдаў кніжку «Пабрацімцы і вялікая шышка» (1923). У Свіры, пазней у родных мясцінах праводзіў археалагічныя даследаванні. У ненадрукаванай працы «Дзісенская дагістарычная старына» апісаў 30 археалагічных помнікаў. Адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, шмат каменных крыжоў, сабраў калекцыю каменных сякер. У выніку археалагічных пошукаў напісаў працу «Дзе знаходзяцца Дудуткі і Гародня». Дзённікі Я. Драздовіча, якія ён вёў у 1930-1950-я, надрукаваны ў 1991 («Маладосць» № 5-12). Аўтар навукова-папулярнай брашуры па астраноміі «Нябесныя бегі» (1931). Але найбольш Я. Драздовіч вядомы як мастак.

Першыя малюнкі Я. Драздовіча — «Трызна мінуўшчыны», «Брама будучыні» зробленыя ў 1907 пад уплывам М. Чурлёніса. Сімвалічны сэнс мелі і зробленыя мастаком вокладкі «Беларускага календара на 1910», кнігі К. Буйло «Курганная кветка» (1914), «Школьнага спеўніка» А. Грыневіча (1920), і інш. 3 самага пачатку сваёй творчай дзейнасці выкарыстоўваў гістарычныя рэаліі і матывы. Намаляваў у рэалістычным характары серыю графічных краявідаў «Дзісеншчына» з сялянскімі сядзібамі і палеткамі, у карцінах гэтай серыі мастак даў паэтычны вобраз роднага краю («Стадолішча», «Вёска Лаўрынаўка», «Гараватка», «Пунькі», «Александрыя», «Стары вадапуск», «Над Дзісёнкай» і інш.). У кан. 1910 — пач. 1920-х графічныя серыі «Старажытны Мінск», «Заслаўе», «Старажытная будоўля на Беларусі», «Вежа Празор», «Мінск, Высокае месца», «Месца ўпадзення Нямігі ў Свіслач». Графічныя малюнкі Я. Драздовіча ўпрыгожылі падручнік геаграфіі А. Смоліча. На мяжы 1910—1920-х зрабіў графічныя партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, у т.л. Усяслава Чарадзея, жывапісныя карціны «Спаленыя сядзібы», «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя», «Пагоня Ярылы», альбом графікі «Глыбокае». У гэты час Я. Драздовіч склаўся як мастак гістарычнай тэмы. У 2-й пал. 1920-х стварыў вялікія графічныя серыі (па 14—16 лістоў) «Глыбокае», «Піншчына», «Мір», «Любча», «Шчорсы», «Навагрудак і Навагрудчына», «Ліда», «Крэва», «Гальшаны», «Баруны», «Трокі», «Меднікі», «Кушляны», «Жупраны», прысвечаныя гарадзішчам, замкам і культавым збудаванням, жывапісныя партрэты Ф. Скарыны і Ф. Багушэвіча. Шэраг твораў гэтай серыі вызначаюцца мастацкай завершанасцю, пранікнёнасцю. У гэты час шмат вандраваў па Дзісеншчыне, Піншчыне, дзе рабіў графічныя замалёўкі, збіраў этнаграфічныя матэрыялы для «Беларускага этнаграфічнага слоўніка». У 1927 і 1-й пал. 1940-х напісаў некалькі карцін і акварэлей, прысвечаных Ф. Скарыне. Па матывах «Слова пра паход Ігаравы» напісаў карціну «Песня Баяна». У 1940—1946 натхнёны гераічнай барацьбой народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны вяртаецца да матываў мінулага — карціны «Палачане выганяюць накінутага ім князя», «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Пярсцёнак Усяслава Чарадзея». Я. Драздовіч — пачынальнік (у пач. 1930-х) касмічнай тэмы ў выяўленчым мастацтве: серыі «Жыццё на Марсе», «Артаполіс», «Жыццё на Венеры» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (1932), «Космас» (1940). Маляваў насценныя дываны, адметныя арыгінальнай пабудовай кампазіцыі (сюжэтны малюнак у цэнтры з расліннай абмалёўкай). Працаваў у галіне скульптуры: бюст Ф. Скарыны (1916), «Плач Гарыславы» (выява полацкай княжны Рагнеды, 1916), партрэты-барэльефы М. Машары, А. Грыневіча, Я. Пачопкі, сваёй маці.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Я. Драздовіч на паштовай марцы
«Вечны вандроўнік», помнік Язэпу Драздовічу

У Мінску на вуліцы Багдановіча Я. Драздовічу ўстаноўлены помнік (скульптар I. Голубеў). Яго імем названы Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркоўшчынскі раён Віцебскай вобласці). У гонар Я. Драздовіча названа вуліца ў Мінску. У красавіку 2013 года ў Маладзечне была праведзеная навукова-краязнаўчая канферэнцыя "Шляхамі Язэпа Драздовіча". [1][2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Багданава Г. Касмічныя хронікі Язэпа Драздовіча / Г. Багданава // Бярозка. — 2002. — № 2. — С. 24-25.
  • Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мн., 1988. — Т. 6. — С. 194—195.
  • Габрусь Т. Зорны шлях вечнага вандроўніка : да 120-годдзя Язэпа Драздовіча / Т. Габрусь // Роднае слова. — 2008. — № 10. — С. 98-101.
  • Ліс А. Вечны вандроўнік: нарыс / А. С. Ліс; [маст. М. Купава]. — Мн., 1984. — 253 с.
  • Ліс А. Вечны вандроўнік // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага раёна. — Мн.: БелЭн, 1995. — 454 с.: іл.
  • Коўрык А. Праламленне мастацкіх традыцый у маляванках Язэпа Драздовіча / А. Коўрык // Мастацтва. — 2003. — № 3. — С. 19-20.
  • Кулажанка Л., Мальдзіс А., Сачанка С. Літаратурныя мясціны Беларусі: Краязн. даведнік: У 3 кн. Кн. 1.: Брэсц., Віцеб. і Гомел. вобл. — Мн.: БелЭн, 2000. — 288 с.
  • Ляхоўскі У. Мінскі перыяд жыцця Язэпа Драздовіча (1919—1921 гг.): у адлюстрванні новых архіўных дакументаў // Знакамтыя мінчане ХІХ-ХХ стст. Матэрыялы беларуска-польскай навук. канферэнцыі, Мінск, 12 лістапада 2008 г. — Мінск: Польскі інстытут у Мінску, 2010. — С. 92—101.
  • Малаш Ю. Язэп Драздовіч — вандроўнік, мастак, гісторык / Ю. Малаш // Беларускі гістарычны часопіс. — 1999. — № 2. — С. 78-82.
  • Мяснікоў А. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. — Мн., 2008. — С. 205—207.
  • Русецкі А. Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. — Мн., 2005. — С. 294—297.
  • Усава Н. Матывы і вобразы графікі Язэпа Драздовіча / Н. Усава // Роднае слова. — 1998. — № 10. — С. 160—165.
  • Энцыклапэдыя гісторыі Беларусі, т 3. — Мн., 1996. С. 275—277.
  • Язэп Драздовіч. Альбом. Мн., 1993.
  • Язэп Драздовіч. Альбом-манаграфія / уклад. М. Купава; рэд. рада У. Басалыга і інш. — Мн., 2002. — 179 с.
  • Язэп Драздовіч — асоба, творчасць. Мастацтва — інсітус / уклад. В. Лабачэўскай. — Мн., 1997. — 86 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]