Армянская архітэктура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Культура Арменіі
Літаратура
Архітэктура
Музыка
Тэатр
Танец
Адзенне
Дыван
Мініяцюра
Выяўленчае
мастацтва
Міфалогія
Кнігадрукаванне
Адукацыя
Кіно
Каляндар
Сістэма злічэння
Права
Кулінарыя

Армянская архітэктура — архітэктурная культура армянскага народа, створаная на тэрыторыі ўсёй гістарычнай Арменіі

VI да н.э. — III н.э.[правіць | правіць зыходнік]

Гарні, I стагоддзе н.э. Надпіс цара Трдата абвяшчае: «Геліяс! Трдат Вялікі, Вялікай Арменіі (Μεγαλη Αρμενια) цар, калі валадар пабудаваў агарак царыцы (і) гэту непрыступную крэпасць у год адзінаццаты свайго валадарання…»[1]

У VI стагоддзі да н.э. галоўным чынам завяршаецца працэс складання армянскага народа[2]. З VI ст. да н.э. архітэктура і горадабудаўніцтва на Армянскім нагор'і ўступаюць у новы этап развіцця, праяўляючы новыя якасныя асаблівасці. Ксенафонт у працы «Анабасіс» прыводзіць першую згадку пра народнае жыллё армян — глхатун[3]. У III—I стст. да н.э. узнікаюць і развіваюцца гарады ранняй армянскай дзяржаўнасці — Армавір, Ервандашат, Арташат, Вагаршапат, Тыгранакерт, Зарышат і іншыя. У вялікіх гарадах значнае развіццё атрымліваюць металургія, ганчарная вытворчасць, мастацкая апрацоўка каменя і дрэва, будаўнічая справа[4]. Гэтыя гарады, гэтак жа як і буйныя крэпасці (Гарні, Артагерс, Ані-Камах, Даруйк), язычніцкія святыні (Багаван, Багрэванд, Аштышат і іншыя), становяцца асноўнымі звёнамі развіцця старажытнаармянскай архітэктуры і горадабудаўніцтва. Паводле пісьмовых крыніц і часткова матэрыялаў раскопак Гарні, Армавіра і Арташата, традыцыйныя горадабудаўніцтва і архітэктура Арменіі пачынаючы з IV ст. да н.э. развіваліся пад уплывам грэка-эліністычнай, а з I ст. да н.э. — рымскай культуры, фарміруючы «армянскі элінізм»[5]. Горадабудаўнічыя фактары, уключаючы асаблівасці абароны гарадоў, былі шмат у чым падобныя на эліністычныя. Для будаўніцтва гарадоў выбіраліся мясцовасці каля рэк (Аракс, Арацані), якія, акрамя забеспячэння жыццядзейнасці гарадоў, складалі частку іх абарончай сістэмы.

Шэдэўрам антычнай архітэктуры Арменіі з'яўляецца Гарні, пабудаваны армянскім царом Трдатам I (54—88 гг.) у 76 г., пра што сведчыць выяўлены там жа яго надпіс на грэчаскай мове.

Паводле сведчання Плутарха ў Арташаце[6] і Тыгранакерце[7] існавалі тэатры, якія меркавана былі пабудаваны паводле тыпу антычных амфітэатраў. У выніку раскопак Гарнійскай крэпасці былі выяўлены рэшткі царскага палаца і лазні з мазаічнымі падлогамі. У Арташаце былі знойдзены лазні, сістэмы водазабеспячэння, архітэктурныя і скульптурныя фрагменты будынкаў.

IV—VII стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

Талінскі сабор, VII ст.
Аручаванк, VII ст.

З самага пачатку ўтварэння феадальных адносін архітэктура і горадабудаўніцтва Арменіі ўступілі ў новы этап. Антычныя армянскія гарады перажывалі эканамічны заняпад, сваё значэнне захоўвалі толькі Арташат і Тыгранакерт. На гістарычную змену прыходзілі Двін і Карын (Эрзурум). Будаўніцтва горада Аршакаван царом Вялікай Арменіі Аршакам II не было скончана цалкам. Хрысціянства прынесла новую архітэктуру рэлігійных збудаванняў, якая першапачаткова грунтавалася на ранейшых традыцыях, антычнай архітэктуры.

Цэрквы IVV стагоддзяў галоўным чынам з'яўляюцца базілікамі (Касах, IV—V стст., Аштарак, V ст., Ахц, IV ст., Егвард, V ст.). Некаторыя базілікі армянскай архітэктуры адносяцца да так званага «заходняга тыпу» базілікальных цэркваў. З іх найбольш вядомыя цэрквы Тэкора (V ст.), Ерэруйка (IV—V стст.), Двіна (470 г.), Цыцэрнаванка (IV—V стст.). Трохнефная Ерэруйкская базіліка стаіць на на 6-ступеньчатым стылабаце, пабудавана меркавана на месцы больш ранняга дахрысціянскага храма. Захаваліся таксама базілікі Карнута (V ст.), Егварда (V ст.), Гарні (IV ст.), Завуні (V ст.), Цахкаванка (VI ст.), Двіна (553—557 гг.), Таліна (V ст.), Танаата (491 г.), Джарджарыса (IV—V стст.), Лернакерта (IV—V стст.), і г.д..

З V стагоддзя базілікі пачынаюць змяняцца купальнымі цэрквамі з рознымі архітэктурнымі рашэннямі. З іх купальныя залы (Птхні, VI—VII стст., Аручаванк, 661666 гг.), купальныя базілікі (рэстаўраваны Тэкор, 478—490 гг., Адзун, VI ст., Мрэн, 613640 гг., Гаянэ, 630 г., Багаван, 631—639 гг.) а таксама трохапсідныя купальныя базілікі (рэстаўраваны Св. Грыгор Двіна, 608615 гг., вялікі храм Таліна, VII ст.) узыходзяць да трохнефных базілік. Больш разнастайныя крыжападобныя цэнтральнакупальныя храмы VI—VII стагоддзяў, калі армянская архітэктура імкнулася да цэласнасці ўнутранай прасторы[8]. Гэта архітэктурная ідэя развіта ў цэрквы 588—597 гг. Аване і дасягнула класічнай дасканаласці ў царкве Св. Рыпсімэ (618 г.) і ў шэрагу іншых падобных цэркваў (Гарнаавіт, VI—VII стст., Таргманчац, VII ст., Арамус, VII ст., Сісаван, VII ст., Арцваберд, VII ст.). У іх з максімальнай выразнасцю і лаканічнасцю вырашаны задачы ўзаемасувязі архітэктурнага плана, формаў і перспектывы, адзінства архітэктурнай ідэі. Мастара (V—VI стст.), Артык (VII ст.), Васкепар (VI—VII стст.) Св. Тадэос Багарана (624—631), уяўляюць сабой тып чатырохапсідных крыжападобных цэнтральнакупальных цэркваў. Імкненне да стварэння новых тыпаў крыжападобных цэнтральнакупальных цэркваў прыводзіць да з'яўлення ў VII стагоддзя шэдэўра армянскай архітэктуры эпохі — Звартноца (641—652 гг.). Звартноц адрозніваецца таксама дэкаратыўным прынцыпам архітэктурнай пабудовы. Сярод першачарговых помнікаў армянскай архітэктуры VII стагоддзя вылучаецца таксама Аручаванк, дзе некаторыя час знаходзіўся армянскі прастол. У царкве захаваліся сляды старажытных фрэсак. Аручаванк асабліва цікавы сваёй купальнай залай (16,95 м.—34,6 м.). Да канца VI-пачатку VII стагоддзя адносіцца адзін з найбольш дасканалых помнікаў[9] армянскай раннесярэдневяковай архітэктуры — царква Мастара. Мастара ўяўляе сабой варыянт крыжова-купальнага храма: цэнтрычны будынак, які мае падкрэслена пластычную выразнасць, з шырокім купалам (дыяметр 11,2 метра) на тромпах і з 4 апсідамі, які выступаюць звонку.

У другой палове VII стагоддзя фарміруецца шматалтарны тып цэркваў (царква Заравара ў Егвардзе, 661—685 гг., цэрквы Ірында, VII ст., Арагаца, VI ст.). Адначасова ў V—VI стст. распрацоўваецца стыль маленькіх цэркваў з крыжападобным планам. Удасканальваючыся ў VI—VII стс., гэты стыль праявіўся ў цэлым шэрагу храмаў і цэркваў, з якіх найбольш вядомыя аштаракскі Кармравор (VI ст.), Св. Стэпаноса ў Кашы (VII ст.), малы храм Таліна (VII ст.), Св. Саркіса ў Бджні (VII ст.) а таксама цэрквы ў Агараку (VII ст.), Алмана (637 г.), Арзні (VI ст.), Св. Ншана ў Дзагаванку (VII ст.), Манканоц Св. Сіён у Ашакане (VII ст.), Св. Стэпаноса Лмбатаванка (VI ст.) і г.д.. Апошні — крыжападобная купальная базіліка з васьмігранным барабанам і тромпавым пераходам. У царкве захаваліся таксама найкаштоўныя фрагменты раннесярэдневяковага армянскага фрэскавага жывапісу.

Інтэр'ер Аручаванка, 660-гг

Архітэктура свецкіх будынкаў развівалася самастойна. Два палацы Двіна (V і VII стагоддзя), палац Звартноца (VII ст.) і два палацы Аруча (VII ст.) адрозніваюцца адзінствам кампазіцыйнага рашэння плана — цэнтральнае месца ў іх займаюць калонныя залы. Розныя тыпы свецкіх будынкаў прадстаўлены выяўленымі ў Двіне жылымі дамамі, грамадскімі і іншымі будынкамі. Манументальныя помнікі VI—VII стст. — хачкары — прыходзяць на змену драўляным крыжам, якія былі распаўсюджаны ў Арменіі ў раннехрысціянскі перыяд. Каменныя «крылападобныя» хачкары характэрны для ранняга перыяду развіцця малой архітэктуры хачкарнага мастацтва.

У Эчміядзінскім саборы, у царкве Св. Грыгора ў Двіне, у Звартноцы выяўлены помнікі мазаічнага мастацтва. Цалкам захавалася мазаіка VI стагоддзя ў армянскай царкве Св. Якава  (руск.) ў Іерусаліме (з армянскімі надпісамі). Раннесярэдневяковыя фрэскі выяўлены ў маўзалеі Ахца, у базіліках Касаха, Ерэруйка  (руск.), Цыранавор і г.д.

Архітэктурная традыцыя будаўніцтва маўзалеяў узыходзіць да ўрарцкай і эліністычнай эпох. Сярод найстаражытных маўзалеяў гэтай эпохі вядомыя маўзалей Аршакідаў у Ахцку (IV ст.) і Грыгорыса (489 г.) у Арцаху. Пахавальні ў маўзалеі Аршакідаў — падземныя, пахавальня Грыгорыса — пад галоўным алтаром царквы. Падобную будову маюць маўзалеі Св. Рыпсімэ і Св. Гаянэ (VII ст.). Завунійскі маўзалей (V ст.) размешчаны каля сцен невялікай капліцы Св. Вардана. Прыёмы мастацкай выразнасці архітэктуры IV—VII стагоддзяў адпавядаюць архітэктурным і мастацка-эстэтычным уяўленням, якія панавалі ў тую эпоху. У аснове вобразнага рашэння ляжалі ўзаемазлучаныя рашэнні архітэктурнага плана і перспектывы, ясная дасканаласць формаў і фасадаў, прапарцыйная гармонія, архітэктоніка. Узвядзенне сцен з рознакаляровых камянёў, што, акрамя канструкцыйнага, мела таксама мастацкае значэнне, з'яўлялася адной з характэрных рыс архітэктуры гэтай эпохі. Імкненнем да знешняй і ўнутранай лаканічнасці абумоўлена абмежаванае выкарыстанне дэкаратыўных элементаў. Яны былі закліканы галоўным чынам падкрэсліваць формы вокнаў і ўваходаў, пластычна ўзбагачаць некаторыя часткі сцен і чляніць плоскасці фасадаў.

Галерэя. IV—VII стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

VIII—XIV стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

Царква Святога Крыжа, Ахтамар, 915—921 гг.

У пачатку VIII стагоддзя ў сувязі з арабскімі нашэсцямі будаўніцтва ў Арменіі часова перажывае параўнальны заняпад. Будаўніцтва працягвалася ў асобных княжацкіх уладаннях (падземны маўзалей Артавазда Камсаракана), развівалася свецкая архітэктура. Каталікосы Арменіі, нягледзячы на цяжкія палітычныя ўмовы, усяляк спрыялі будаўніцтву новых царкоўных будынкаў (Давід I Араманецы будуе царкву і палац). У Двіне быў узведзены палац у цэнтральнай гарадской крэпасці. У эпоху ранняга Сярэднявечча фарміруецца мастацтва хачкараў — помнікаў малой архітэктуры.

У 885 годзе, пасля аднаўлення армянскай дзяржаўнасці, архітэктура Арменіі перажывае новае адраджэнне. У галоўных гарадах будуюцца новыя значныя архітэктурныя будынкі, якія развіваюць архітэктурныя метады IVVII стагоддзяў. На аснове гістарычнага-стылістычнага адзінства развіваюцца архітэктурныя школы Ані-Шырака, Ташыр-Дзарагета, Сюніка, Васпуракана.

Акрамя ўласна гарадоў, архітэктура развівалася таксама ў асобных княжацкіх уладаннях, крэпасцях і асабліва царкоўных комплексах, якія, перажываючы хуткае развіццё, становяцца культурнымі цэнтрамі свайго часу. У нядаўна вызваленай ад арабаў краіне спачатку будаваліся параўнальна невялікія будынкі, самыя раннія з якіх вядомыя ў горным Сюніку, на ўзбярэжжы Севана.

Званіца Ахпата, 1245 г.

Першыя пабудаваныя ў IX стагоддзі цэрквы капіравалі кампазіцыі трохапсідных і чатырохапсідных крыжападобных у плане цэнтральнакупальных храмаў VII стагоддзя (пабудаваныя ў 874 годзе дзве цэрквы на востраве Севан[10] — Севанаванк і Айраванк). Аднак у астатніх збудаваннях таго ж тыпу назіраецца прыбудова вуглавых прыдзелаў (манастыр Шагакаванк, 877888 гг.), а таксама тэндэнцыя ўключэння гэтых прыдзелаў у агульную кампазіцыю збудаванняў (манастыры Катаванк, Макеняц). Купальная кампазіцыя VII стагоддзя з чатырма асобна стаячымі пілонамі была выкарыстана пры ўзвядзенні храма Пагоса-Петраса ў Татэве (895—906 гг.), прычым вуглавыя сцены двух дадатковых прыдзелаў замянілі пілоны, якія нясуць купал. Вынікам падобнага творчага падыходу да кампазіцыйнай задачы і стала ўзвядзенне галоўнай царквы манастыра Каракоп у Ваёц-дзоры (911 г.), у якой няма пілонаў, якія нясуць купал, і купал абапіраецца на вуглавыя сцены чатырох прыдзелаў[11]. У 903 г. будуецца царква Катаванк, да першай чвэрці X стагоддзя адносіцца царква Бюракана, у 936 годзе будуецца купальны храм Гндэванк у гавары Ваёц-Дзор, у канцы X стагоддзя — царква Макеняц.

У X стагоддзі фарміравалася Васпураканскае царства, цэнтрам якога становіцца востраў Ахтамар на возеры Ван. Таўма Арцруні апісвае будаўніцтва цэнтральнай крэпасці, палаца і іншых збудаванні Ахтамара[8]. Цяпер захавалася толькі царква Св. Крыжа архітэктара Мануэла, якая была пабудавана ў 915921 гг. Сваім планам царква нагадвае храм Св. Эчміядзіна Дзарадыра, пабудаваны ў VI стагоддзі. Царква асабліва вядомая найбагацейшай разьбой па камені, разнастайнымі па сюжэтах рэльефамі, а таксама фрэскамі.

Шырока распаўсюдзіліся армянскія тэхналогіі будаўніцтва і аздаблення; матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў армянскім архітэктурным будаўніцтве, набылі папулярнасць па-за межамі Арменіі. Яны былі настолькі спецыфічныя, што іх называлі армянскімі. Так, арабскі гісторык і падарожнік Аль-Масудзі X стагоддзя ў сваёй працы «Залатыя капальні і россыпы самацветаў», апісваючы адзін з дамоў, які ён наведаў у Багдадзе, казаў: «Увайшоў я да яго аднойчы зімовым вельмі халодным днём, у Багдадзе, і знайшоў яго ў прасторнай зале, абмазанай чырвонай армянскай глінай, і яна зіхацела падобна маланцы»[12]

Больш плённым становіцца архітэктурная школа Ані-Шырака, якая развівалася на ўладаннях Баграцідаў (цэнтральнае ўладанне гавара Шырак). Сталіцай Анійскіх Баграцідаў першапачаткова з'яўлялася Багаран, пазней — Шыракаван, дзе ў канцы IX стагоддзя па прыкладзе Аруцкага храма (VII ст.) цар Смбат I узвёў новы храм[13]. Пазней у Карсе ў 940-гг. цар Абас будуе цэнтральнакупальны храм[14]. Адзін з класічных узораў Ані-Шыракскай школы дойлідства — царква Мармашэн, будаўніцтва якой была пачата ў 988-м і завяршылася ў пачатку наступнага стагоддзя.

У XXI стст. з распаўсюджаннем ветразевай канструкцыі гранёная форма барабана купала саступае месца круглай; пры гэтым купалы часта ўвенчваюцца пакрыццём парасонавай формы. У гэты ж перыяд пад уплывам народнага жылля — глхатуна — атрымлівае развіццё арыгінальная цэнтрычная форма пакрыцця манастырскіх будынкаў-гавітаў — своеасаблівых царкоўных прытвораў, якія выконвалі розныя функцыі: пахавальняў, месцаў для вернікаў, зал для сходаў і заняткаў.

Крэпасці
Крэпасць Амберд, 1026 г. Гарадскія крапасныя сцены Ані, X—XI стагоддзя

У сярэдзіне X стагоддзя развіваецца Ташыр-Дзарагецкая школа дойлідства: у 957966 гг. будуецца манастыр Санаін, у 976991 гг. царыца Хасравануйш і яго малодшы сын Гурген засноўваюць манастыр Ахпат — адзін з найбуйнейшых архітэктурных і духоўных цэнтраў Арменіі. Амаль усе архітэктурныя тыпы VII стагоддзі былі рэалізаваны ў храмах X стагоддзі[15], але асабліва часта армянскія архітэктары звярталіся да структуры купальных зал[15]. У архітэктуры X стагоддзя пачынае фарміравацца кампазіцыя прытвораў — гавітаў[15]. Армянскія архітэктары X стагоддзі мелі міжнароднае прызнанне[16].

Да сярэдзіны XI стагоддзя армянская архітэктура бурна развіваецца ў Ані. Сярод помнікаў іншых абласцей краіны, асоба вылучаюцца манастыр Кечарыс (1033), царква Св. Багародзіцы ў Бджні (1031), Ваграмашэн (1026), Бхено Нараванк (1062), Варатнаванк (1007) і некаторыя інш. У пачатку XI стагоддзі будаваліся манастыр Варагаванк[17] і Хцконк (1029 г.) у Заходняй Арменіі.

Развіццё каменных будынкаў грамадзянскага прызначэння цесна звязана з развіццём манастырскіх комплексаў, выдатных узораў архітэктурных ансамбляў. Значнае месца ў іх адводзілася жылым і гаспадарчым пабудовам, а таксама такім свецкім будынкам, як трапезныя, школы, кнігасховішчы, гасцініцы, гавіты (манастыры ў Санаіне, XXIII стст., у Ахпаце (XXIII стст.).

Нараванк, Сурб Аствацацын — дэталі фасада, 1339 г.
Інтэр'ер Гегарда, пачатак XIII стагоддзя

Асабліва моцны ўплыў на армянскую архітэктуру аказваюць свецкія будынкі ў XIIXIV стст. Вылучаюцца арыгінальныя чатырохслупныя залы і бясслупныя памяшканні з перакрыццем на арках, якія перасякаюцца, асабліва характэрныя для шырока гавітаў, якія будаваліся ў манастырах. Чатырохслупныя гавіты часцей за ўсё былі квадратнымі ў плане з аркамі, перакінутымі паміж калонамі і сценамі. У цэнтры на чатырох калонах робіцца купал або шацёр з круглым праёмам у вяршыні (гавіт у Санаіне 1181 г.).

У 1188 годзе на месцы старой царквы Гетык Мхітар Гош засноўвае новы будынак — крыжовакупальную царкву Нор Гетык або Гашаванк. Будаўніцтва галоўнай царквы Св. Аствацацын (Багародзіцы) ажыццяўляецца ў 11911196 гг. архітэктарам Хюсн.

Разам з будаўніцтвам добраўпарадкаваных магістраляў шырокае распаўсюджанне атрымала будаўніцтва мастоў, пра што можа сведчыць будаўніцтва аднааркавага моста ў Санаіне праз р. Дэбед у 1192 г.

Бясслупныя залы з перакрыццем на перакрыжваных арках — выдатнае вынаходства армянскіх дойлідаў, у якім арыгінальная канструктыўная сістэма дазволіла пабудаваць інтэр'ер новага тыпу. Яркая пластыка і асноўныя чляненні тут утвараюцца выключна канструктыўнымі элементамі, якія ствараюць ясную і лагічную тэктанічную структуру цэнтрычнага нервюрнага скляпення; што з'яўляўся асноўнай канструкцыяй і галоўным упрыгажэннем прасторнай залы. Светлавы барабан з завяршэннем у выглядзе купала ці шатра, які ўзводзілі над перакрыжванымі аркамі, узбагачаў кампазіцыю, надаючы ёй складнасць і вертыкальную накіраванасць. Характэрным прыкладам можа служыць Вялікі гавіт манастыра Ахпат (1209 г.). У яго кампазіцыі завяршальны «купал» сам уяўляе сабой сістэму перакрыжваных арак, якія нясуць светлавы ліхтар.

Нароўні з манастырамі ў гэты перыяд у Арменіі інтэнсіўна забудоўваліся і добраўпарадкоўваліся гарады. Атрымалі развіццё грамадска-камунальныя будынкі: караван-адрыны, лазні, вытворчыя і інжынерныя збудаванні: вадзяныя млыны, арашальныя каналы, дарогі і інш.

Новы ўздым армянскай архітэктуры пачынаецца з апошняй чвэрці XII стагоддзя[15] пры кіраванні Закаранаў. Помнікі канца XII — першай пачацвярай XIII стагоддзі паказваюць бесперапыннасць развіцця архітэктурных традыцыі, нягледзячы на больш чым векавую сельджукскае валадарства. Новыя стылявыя асаблівасці, распрацаваныя ў X—XI стст. цалкам захоўваюцца, дэкаратыўныя спосабы становяцца больш вытанчанымі[8]. Царкоўныя комплексы з XIII стагоддзі пачынаюць пашырацца. Сярод найбольш буйных і вядомых архітэктурных помнікаў пачатку XIII стагоддзя Арычаванк (1201), Макараванк (1205), Тэгер (1213—1232), Дадыванк, (1214), Гегард (1215), Сагмасаванк (1215—1235), Аванаванк (1216), Гандзасар (1216—1238) і г.д. Элементамі пабудовы царкоўных ансамбляў, акрамя ўласна гавітаў, з'яўляліся таксама гавіты-маўзалеі, бібліятэкі, званіцы, трапезныя, вадаёмы і іншыя мемарыяльныя будынкі[8].

Да сярэдзіны XIII стагоддзі адносяцца Гтчаванк (1241—1246), Харакерт (1251), да канца XIII стагоддзя Танадэ (1273—1279) і Агарцын (1281).

Асаблівае развіццё ў XIII стагоддзі атрымала менавіта архітэктура манастыроў. Існавалі вельмі разнастайныя прынцыпы планіроўкі манастырскіх комплексаў[15]. Пры захаванні тыпалогіі храмаў, былі зменены іх прапорцыі, у прыватнасці значна павялічыліся барабан, шчыты на фасадах і шацёр[15]. Гавіты будуюцца з вельмі разнастайнымі прасторавымі рашэннямі[15]. Прачэрчаная схема збору цэнтральнай ячэйкі, якая захавалася на паўднёвай сцяне гавіта манастыра Аствацнкал лічыцца ранняй сярод вядомых сярэдневяковых архітэктурных рабочых чарцяжоў[15].

У XIII стагоддзі сярод архітэктурных школ асоба вылучаюцца Ларыйская, Арцахская і Сюнікская, у канцы таго ж стагоддзя ўзнікае Ваёц-Дзорская[15]. Ваёц-Дзор становіцца адным з цэнтраў армянскай культуры ў канцы XIII — першай палове XIV стагоддзя. Тут дзейнічаў таксама Гладзорскі ўніверсітэт і дзе развіўся асобны кірунак армянскай мініяцюрнай школы. У Ваёц-Дзоры будуюцца такія помнікі архітэктуры як Нараванк (1339 г.), царква Арэні (1321 г.), Зарац (не пазней 1303 г.) і інш.. Уздым Ваёц-Дзорскай школы архітэктуры звязаны з дзейнасцю княжацкага дому Арбелян.

Выдатнымі архітэктарамі, майстрамі па камені і мастакамі гэтага часу з'яўляюцца Мамік, Пагос, Сіранес (гавіт царквы Аратэс (1262), пахавальня Арбелянаў (1275)) і іншыя.

У XII—XIV стст. развіваюцца будынкі княжацкіх маўзалеяў-цэркваў (царква Егварда, 1301, Нараванк, 1339, Капутан, 1349). У той жа час іншаземнае валадарства прывяла эканоміку краіны ў катастрафічнае становішча, узмацнялася эміграцыя насельніцтва, амаль прыпынілася манументальнае будаўніцтва. У XII—XIV стст. квітнела архітэктура ў Кілікійскім царстве, дзе традыцыі класічнай армянскай архітэктуры спалучаліся з асаблівасцямі візантыйскага, італьянскага, французскага мастацтва і архітэктуры. Развіццё архітэктуры большай часткай было абумоўлена развіццём армянскіх гарадоў, якія сталі цэнтрамі развіцця свецкай гарадской архітэктуры. Для армянскай архітэктуры новай з'явай становіцца будаўніцтва партовых гарадоў. Прынцыпы будаўніцтва горных гарадоў і сёлаў было галоўным чынам такім жа, як і ва ўласна Арменіі.

Уплыў на культуру іншых народаў[правіць | правіць зыходнік]

Армянская архітэктура аказала ўплыў на культуру іншых народаў. Так форма і стыль «сельджукскай» манументальнай архітэктуры па сутнасці былі абавязаны свайму з'яўленню армянскаму дойлідству і яго творцам. Акрамя таго, шэраг формаў «сельджукскай» архітэктуры з'яўляліся прамым капіраванне формаў армянскіх помнікаў[18]. Шэраг мусульманскіх маўзалеяў у дакладнасці капіруюць формы армянскай архітэктуры. Іх кампазіцыя ўяўляе сабой, як бы зрэзаную і пастаўленую на зямлю, верхнюю частку армянскага храма — яго барабан з конусам[18]. Сярод армянскіх дойлідаў, якія ўзводзілі мусульманскія пабудовы ў XIII стагоддзі, вылучаецца дойлід Галуст, які быўшы армянінам, жыў і дзеяў у Коньі[18]. У 1251 годзе ім быў пабудаваны адзін з лепшых сельджукскіх помнікаў архітэктуры[19] — «Медрэсэ Інджэ Мінарэт», на якім ён пакінуў свой надпіс[20]. У гэту ж эпоху тварыў дойлід Калаян. У VII стагоддзі ў Грузіі тварыў архітэктар Тадос, будаўнік Атэнскага Сіёна.

Як адзначаюць аўтары «Глабальнай гісторыі архітэктуры» важкі ўплыў візантыйская архітэктура зведала з боку Арменіі[21]. Уплыў армянскай архітэктуры на візантыйскую і еўрапейскую падрабязна разгледжана ў працы вядомага польска-аўстрыйскага мастацтвазнаўца Юзафа Стржыгоўскага «Архітэктура армян і Еўропа»[22]. Таксама на пераважна на Арменію арыентавалася манументальнае раннесярэдневяковае дойлідства Каўказскай Албаніі [23].

Архітэктура Ані[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер галоўнага сабора Ані, 989—1001 гг.

У IX—XI стст. на тэрыторыі Арменіі ўзнікае незалежная дзяржава Баграцідаў са сталіцай у Ані. Архітэктура гэтага часу працягвае развіваць прынцыпы дойлідства VII ст. У культавых будынках працягваюць распрацоўвацца цэнтрычныя і базілікальныя структуры. У цэнтрычных будынках становіцца ўсё больш вызначанай тэндэнцыя аб'яднання інтэр'ера вакол цэнтральнай восі, панаванне падкупальнай прасторы ў традыцыйных схемах крыжова-купальнага храма і купальнай залы. Прапорцыі храма выцягваюцца. Вялікае значэнне набывае дэкаратыўнае ўбранне, разьба па камені (царква Рыгора ў Ані, канец X ст.; царква Аракелоц у Карсе, сярэдзіна X ст.).

Пра развіццё купальнай базілікі дае ўяўленне кафедральны сабор Ані, пабудаваны выдатным армянскім дойлідам Трдатам. Яго будаўніцтва было пачата пры Смбаце II у 989 г. і завяршылася ў перыяд кіравання Гагіка I у 1001 г. У структуры храма вылучана крыжападобнасць, што гаворыць пра ўплыў на кампазіцыю крыжова-купальнай сістэмы. Сярэдні і папярочны нефы значнай вышыні (20 м) дамінуюць у інтэр'еры і на фасадах. Імкненне да пластычнага багацця выявілася на фасадах — у вытанчанай дэкаратыўнай аркатуры, а ў інтэр'еры — у складаным профілі пучкападобных калон, якія падкрэсліваюць вертыкальную накіраванасць дзяленняў, якой адказвае і спічастая форма асноўных арак. Названыя дэталі (спічастасць, вертыкальная расчлянёнасць асноў, аркатура і інш.) у некаторай ступені апярэджваюць прыёмы раманскіх і раннегатычных будынкаў, якія развіліся трохі пазней у краінах Еўропы.

Першапачаткова, у V—IX стст. Ані ўяўляў сабой адну з найважнейшых крэпасцей цэнтральнай Арменіі, у X—XI стагоддзя Ані — сталіца Арменіі, у IX—XIV стагоддзя — найбуйнейшы культурна-эканамічны цэнтр. У гады росквіту насельніцтва Ані дасягнула 100 тыс.[8][24]. У гістарычным развіцці Ані вылучаюць тры этапы: 1) перыяд Камсараканаў (IV—VII стст.), 2) Баграцідаў (X—XI стст.), 3) Закаранаў (1-я палова XIII ст.). Да эпохі Камсараканаў адносяцца старажытныя сцены горада і храм для знаці (VII ст.), на сценах якога выразаны выявы чатырох евангелістаў, а таксама біблейская сцэна прынясення ў ахвяру Ісака Аўраамам. Сярод ранніх пабудоў вядомыя гарадскія сцены («Ашаташэн») 963—964 гг., пабудаваныя Ашотам II. У сувязі з хуткім развіццём горада цар Смбат будуе новыя сцены, так званыя «Смбаташэн», вышыня якіх у некаторых месцах дасягала 8-10 м. У розныя часы сцяны былі рэканструяваны Закаранамі і інш. Сцены Ані мелі да 40 варот, у кожных з якіх была ласная назва.

Архітэктура сярэдневяковай сталіцы Арменіі Ані
Карта архітэктурных помнікаў Ані Анійскі сабор, 989—1001 гг. фатаграфія 1905 года

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. К. В. Тревер. Очерки по истории культуры древней Армении (II в. до н.э. — IV в. н.э.). — М. Л., 1953. — С. 187.
  2. Армяне — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі (3 выданне)
  3. Ксенафонт, Анабасіс
  4. Вялікая савецкая энцыклапедыя(недаступная спасылка)
  5. Армянская советская энциклопедия. — Т. 6. — С. 338. (арм.)
  6. Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы, Крас, § 33
  7. Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы, Лукул, § 29
  8. а б в г д е ё ж В. В. Шлеев. Всеобщая история искусств / Под общей редакцией Б. В. Веймарна и Ю. Д. Колпинского. — М.: Искусство, 1960. — Т. 2, кн. 1.
  9. Армянская советская энциклопедия. — Т. 7. — С. 276. (арм.)
  10. Скарбы армянскіх гор — Севанаванк
  11. М. Акапян. Армянская архітэктура скрозь стагоддзі Архівавана 26 лютага 2009.
  12. Аль-Масудзі «Залатыя капальні і россыпы самацветаў» стар 303
  13. Armenian Architecture — VirtualANI — The church at Shirakawan
  14. Armenian Architecture — VirtualANI — The Cathedral of Kars
  15. а б в г д е ё ж з Армения // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2001. — Т. III. — С. 286—322. — 752 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-89572-008-0.
  16. Cyril Toumanoff. Armenia and Georgia // The Cambridge Medieval History. — Cambridge: 1966. — Т. IV: The Byzantine Empire, part I chapter XIV. — С. 593—637.:

    Armenian architects enjoyed an international reputation; thus Odo the Armenian took part in the construction of the Palatine chapel at Aix and Tiridates of Ani restored the church of Holy Wisdom at Constantinople after the earthquake of 989.

  17. Armenian Architecture — VirtualANI — The Monastery of Varagavank
  18. а б в А. Л. Якобсон. Сельджукские отклики на темы армянский средневековой архитектуры.(недаступная спасылка). № 4 . стр-цы. 126-130. ISSN 0135-0536. Историко-филологический журнал (15 сакавіка 1983). Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2013. Праверана 17 лістапада 2012.
  19. О. Х. Халпахчьян. Средневековое зодчество Армении и его значение в истории мировой архитектуры. № 4 . стр-цы. 51-60. Историко-филологический журнал (15 сакавіка 1968). Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2013. Праверана 17 лістапада 2012.
  20. Р. М. Бартикян. О византийской аристократической семье Гаврас.. № 1 . стр-цы. 163-178. ISSN 0135-0536. Историко-филологический журнал (15 сакавіка 1988). Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2013. Праверана 17 лістапада 2012.
  21. Francis D. K. Ching, Mark M. Jarzombek, Vikramaditya Prakash. A Global History of Architecture. — John Wiley & Sons, 2011.
  22. Стржиговский Й. Архитектура армян и Европа / Пер. Павла Амбургера. — Ер., 2011. — Т. 1, кн. I.
  23. А. Л. Якобсон. Архитектурные связи Кавказской Албании и Армении // Ист.-филол. журн. — 1977. — № 1. — С. 82.
  24. Армянская советская энциклопедия. — Т. 1. — С. 407—412. (арм.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]