Беларускі нацыянальны камітэт (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Беларускі нацыянальны камітэт (г. Мінск)
Місія аўтаномія Беларусі ў складзе дэмакратычнай федэратыўнай Расійскай рэспублікі; падрыхтоўка выбараў у Беларускую Краёвую Раду (плануемага найвышэйшага органа ўлады аўтаномнай Беларусі); арганізацыя дзейнасці па падтрымцы і развіцці беларускамоўнай культуры і асветы
Сфера дзейнасці палітычная і культурная
Дата заснавання 27.03.1917
Дата роспуску 10.07.1917
Тып нацыянальны камітэт
Колькасць удзельнікаў некалькі соцен (рознілася ў розныя часы); 18 членаў прэзідыума
старшыня Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939)

Беларускі нацыянальны камітэт (г. Мінск), БНК — орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху ў г. Мінску з 27 сакавіка па 10 ліпеня 1917 г. На чале камітэта ўвесь час быў яго старшыня Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939).

Камітэт прэтэндаваў на ўладу на той тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася пад кантролем Часовага ўрада Расіі і яго органаў у Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях, а таксама імкнуўся дабіцца стварэння аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі; аб'яднаць на аснове салідарнасці пад сваім крылом усе беларускія партыі і арганізацыі дзеля агульнанацыянальных беларускіх інтарэсаў; арганізаваць у Беларусі развіццё беларускамоўнай культуры і асветы.

Склад БНК і мэты дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

Утвораны ў Мінску 27 сакавіка 1917 г. З'ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для рэалізацыі пастаноў з'езда — выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам Расіі асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Беларускую Краёвую Раду (плануемага найвышэйшага органа ўлады аўтаномнай Беларусі). Гэта быў максімум, чаго можна было патрабаваць у тагачасных умовах ад Часовага ўрада Расіі, які кантраляваў тэрыторыю цэнтральнай і ўсходняй Беларусі (з Мінскам) і адкладваў пытанне аб дзяржаўным уладкаванні Расіі да склікання Устаноўчага сходу Расіі, аднак неафіцыйна стаяў на прынцыпе «адзінай і недзялімай Расіі»[1][2].

На з'ездзе ў склад БНК былі выбраны 18 членаў: 10 асоб ад БСГ, а астатнія ад іншых партый і арганізацый: Раман Скірмунт, Павел Аляксюк, Усевалад Фальскі, Браніслаў Тарашкевіч, Лявон Заяц, Аркадзь Смоліч, Эдвард Будзька, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, Яўсей Канчар, Іван Краскоўскі, Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі, Бабарыкін, Фабіян Шантыр, Міхаіл Кахновіч, Вацлаў Іваноўскі, Лявон Дубейкаўскі, Зміцер Жылуновіч[3]. Быў абраны і прэзідыум БНК: Раман Скірмунт (старшыня), Павел Аляксюк (намеснік старшыні), Усевалад Фальскі (намеснік старшыні), Лявон Заяц (скарбнік), Браніслаў Тарашкевіч (пісар-сакратар)[4]. З'езд выбраў і дэлегацыю (на чале са Скірмунтам) для перагавораў з Часовым урадам Расіі аб аўтаноміі Беларусі[5].

Большасць членаў БНК належалі да сацыялістычнай партыі БСГ, аднак кірунак дзейнасці з'езда і новастворанага БНК вызначала невялікая група палітыкаў (Раман Скірмунт, Павел Аляксюк і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі), якая мела цесныя стасункі з лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і прытрымлівалася не сацыялістычных, а ліберальна-дэмакратычных поглядаў — блізкіх да поглядаў расійскіх лібералаў — «кадэтаў», якія пераважалі ў складзе Часовага ўрада Расіі[6]. Яшчэ да сакавіцкага З'езду беларускіх нацыянальных арганізацый (1917) буйныя маянткоўцы Эдвард Вайніловіч (старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі), князь Станіслаў Радзівіл і даўняя мецэнатка беларускамоўнага друку княгіня Магдалена Радзівіл ахвяравалі на патрэбы Рамана Скірмунта і будучага БНК значныя фінансавыя сродкі[7].

Раману Скірмунту пачаткова ўдавалася стрымліваць радыкальныя патрабаванні сацыялістаў у БНК па той прычыне, што ў Расіі тады панавала ўлада Часовага ўрада Расіі (дзе дамінавалі лібералы), таму многія прыхільнікі сацыялізма лічылі ў той час, што лібералы са сваёй праграмай утрымаюцца ва ўладзе новай Расіі, і не думалі, што лібералы хутка выпусцяць уладу, а рэвалюцыя ў Расіі будзе «паглыбляцца штораз далей, аж да камунізму»[8].

Практычна ўсе партыі і арганізацыі ў Мінску і на падкантрольнай Часоваму ўраду тэрыторыі Беларусі (за выключэннем хіба што беларускіх нацыянальных) негатыўна аднесліся да ўзнікнення БНК і апублікавання яго праграмных дакументаў; выказаліся супраць права БНК на выступленне ад імя насельніцтва Беларусі[9].

БНК меў права кааптацыі іншых членаў і новых арганізацый[10]. Адзін з лідараў БНК Павел Аляксюк пазней адзначаў, што «камітэт толькі рэгістраваў закладзеныя арганізацыі і ўваходзіў у зносіны з імі»[11]. Акрамя прадстаўнікоў БСГ і БПНС да складу БНК з цягам часу далучаліся прадстаўнікі іншых беларускіх партый і арганізацый, якія ў значнай колькасці ўзнікалі ў тыя часы ў розных гарадах Беларусі і за яе межамі: Беларуская народная грамада (г. Масква), Саюз беларускай дэмакратыі (г. Гомель), Беларускі нацыянальны камітэт (г. Магілёў), каталіцкая Беларуская хрысціянская дэмакратыя (г. Петраград), Беларускі народны саюз (г. Віцебск)[12].

Спробы распаўсюдзіць уплыў на сялянства Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Імкнучыся рэалізаваць сваю палітычную праграму (аўтаномія Беларусі), БНК спрабаваў заручыцца падтрымкай сялянства і выканаць пастанову З'езда беларускіх нацыянальных арганізацый (1917) аб арганізацыі сялянства. БНК склікаў 4 красавіка 1917 г. краёвы сялянскі з'езд, на які прыехалі прадстаўнікі сялян Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў, на якім пачалося абмеркаванне не толькі палітычнага пытання, але і аграрнага, што не планавалася арганізатарамі з'езда і лідарамі БНК[13]. Сялянскія дэлегаты выказаліся ў падтрымку аграрнай праграмы БСГ (якая адпавядала поглядам не лібералаў, а расійскіх меншавікоў — канфіскацыю ўсёй зямлі ў Беларусі без кампенсацыі былым уласнікам і перадачу ўсёй зямлі органам мясцовага самакіравання, якія б здавалі яе сялянам у арэнду) і выказаўся за стварэнне пад эгідай БНК сялянскіх арганізацый на месцах[14].

Напады сацыялістаў-рэвалюцыянераў на БНК[правіць | правіць зыходнік]

Асаблівае абурэнне дзейнасці камітэта выказалі ў Мінску рускія эсэры (сацыялісты-рэвалюцыянеры), якія лічылі сябе выразнікамі інтарэсаў сялянства ўсёй былой Расійскай Імперыі і негатыўна паставіліся да імкнення БНК устанавіць кантроль над беларускім сялянствам, яго арганізацыямі і наладжваннем асветы беларускай вёскі на роднай мове[15]. Нягледзячы на супрацоўніцтва з БНК у «Камітэце прапаганды новага дзяржаўнага ладу», эсэры пачалі займацца дыскрэдытацыяй БНК і разгарнулі супраць БНК асабліва актыўную і паклёпніцкую агітацыю пасля сялянскага з'езда 4 красавіка з асуджэннем (у тым ліку ў сваім друку) рашэнняў БНК[16]. У першую чаргу гэта рабіў мінскі камітэт Усерасійскага сялянскага саюза, які быў пад кантролем эсэраў і па сутнасці з'яўляўся філіялам партыі эсэраў у Мінску[17]. У сваім друку мінскія эсэры адмаўлялі Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту ў праве прадстаўляць інтарэсы сялян і рабочых і абвінавацілі БНК у тым, што ён прадстаўляе ў першую чаргу інтарэсы памешчыкаў Беларусі: «Беларускі Нацыянальны Камітэт ні ў якім разе не можа быць прызнаны выразнікам думак усяго беларускага народа і не мае ніякіх правоў гаварыць ад яго імя, бо беларускі народ у асобе сваіх працоўных класаў (сялян і рабочых) у рабоце "Нацыянальнага з'езду" ніякага ўдзелу не браў. Па-другое, Беларускі Нацыянальны Камітэт, з'яўляючыся па свайму складу арганізацыяй маёмасных пластоў беларускага народа і асабліва памеснага землеўладання, а па характару сваіх выступленняў чыста нацыяналістычным, пагражае інтарэсам сялян і рабочых імкненнем адарваць іх на глебе ўзмоцнена падаграваемага нацыяналізму ад працоўных мас усёй Расіі і падпарадкаваць ідэйнаму кіраўніцтву памешчыкаў. Па-трэцяе, мінскі камітэт Усерасійскага сялянскага саюза, які стаіць на варце інтарэсаў сялянства, будзе весці з гэтымі спробамі бязлітасную барацьбу»[18]. Дагэтуль ні на водную іншую буржуазна-памешчыцкую партыю ці арганізацыю мінскія эсэры не накідваліся так злосна, як на БНК, заявы якога аб патрабаванні аўтаноміі Беларусі былі неўзабаве кваліфікаваны рускімі эсэрамі як «буржуазны сепаратызм»[19].

Повады для таго былі. Асаблівасць сітуацыі была ў тым, што на чале БНК стаў Раман Скірмунт, які ў 1907—1917 гг. быў віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) пры Эдвардзе Вайніловічу, якое было галоўнай арганізацыяй кансерватыўных буйных і сярэдніх земельных уласнікаў Мінскай губерні і мела ўплывы значна шырэй меж Мінскай губерні. У пачатку 1917 г. Раман Скірмунт для блізіру выйшаў са складу МТСГ і, з'яўляючыся буйным маянткоўцам, уступіў у склад Беларускай народнай партыі сацыялістаў, а пазней узначаліў БНК. Раман Скірмунт, далучаючыся да шэрагаў беларускіх сацыялістаў, паабяцаў (па настойлівым патрабаванні сацыялістаў), што адмовіцца ад свайго маёнтка[20], аднак у сапраўднасці Раман Скірмунт і не думаў адмаўляцца ад маёнтка, увесь час трымаў сувязь з лідарам МТСГ Эдвардам Вайніловічам (і зрупаванымі вакол яго заможнымі зямельнымі ўласнікамі)[21] і, наадварот, рабіў у 1917—1918 гг. усе высілкі ў шэрагах беларускіх сацыялістаў, каб прадухіліць радыкальныя аграрныя рэформы ў Беларусі (у першую чаргу, прадухіліць скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю) і пашырыць у грамадстве ідэю палітычнай суб'ектнасці Беларусі. Пазней, у ліпені 1918 г. Раман Скірмунт, калі стане на 10 дзён прэм'ер-міністрам БНР, будзе беспаспяхова спрабаваць адмяніць сёмы пункт Другой Устаўной граматы БНР, які тычыўся аграрнага пытання (скасавання прыватнай уласнасці на зямлю)[22]. У канечным выніку, у сярэдзіне 1918 г. Раман Скірмунт вернецца ў склад членаў МТСГ і будзе зноў лёгка абраны буйнымі маянткоўцамі на пасаду віцэ-старшыні МТСГ пры Эдвардзе Вайніловічу, а ў 1922 г. адзін з лідараў беларускіх сацыялістаў Браніслаў Тарашкевіч будзе прасіць менавіта Эдварда Вайніловіча (а не Рамана Скірмунта) стаць лідарам беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху ў міжваеннай Польшчы, хоць Вайніловіч ветліва адмовіцца[23].

8 красавіка 1917 г. БНК выступіў у друку з карэктным абвяржэннем папрокаў мінскага камітэта Усерасійскага сялянскага саюза і даў тлумачэнні, што дзеля ўвядзення аўтаноміі Беларусі імкнецца аб'яднаць усе беларускія сілы[24].

Паводле назіранняў Зміцера Жылуновіча, зафіксаваных у пазнейшых успамінах, пасада старшыні БНК «вельмі імпанавала» Раману Скірмунту, «і трэба прызнацца, ён працаваў у ім старанна, хілючы, вядома, умела і здатна сваю буржуазную лінію»[25]. Пасля ўтварэння БНК (якому з'езд надаў права кааптацыі) на яго паседжаннях часта бывалі Эдвард Вайніловіч, князь Станіслаў Радзівіл, князь Геранім Друцкі-Любецкі і іншыя заможныя маянткоўцы[26].

Місія ў Петраград да Часовага ўрада Расіі[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне красавіка 1917 г. БНК адправіў у Петраград дэлегацыю з 18 чалавек на чале са старшынёй БНК Раманам Скірмунтам для перагавораў з Часовым урадам Расіі аб статусе Беларусі. Упершыню ў найвышэйшых уладных інстанцыях Расіі было афіцыйна заяўлена пра нацыянальна-палітычныя інтарэсы беларускага народа[27].

Яшчэ па дарозе ў Петраград дэлегацыя БНК вырашыла звярнуцца ў Літоўскі нацыянальны савет (які прадстаўляў у Петраградзе інтарэсы літоўскага насельніцтва краіны), каб выступіць за супольную адміністрацыйна-тэрытарыяльную аўтаномію беларускіх і літоўскіх зямель (у межах шасці губерняў былога Паўночна-Заходняга краяВіцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай). У якасці падстаў для гэтага супрацоўніцтва беларускія дэлегаты ўказвалі: «а) даўнейшую супольную лучнасць у форме дзяржавы — гістарычнай Літвы[28]; в) цяперашнюю адміністрацыйную супольнасць у форме "Северо-Западного края"; с) лучнасць палітычных і эканамічных інтарэсаў Літвы і Беларусі»[29]. Гэта была галоўная ідэя «краёвасці» — захаванне адзінства беларуска-літоўскіх зямель (былых зямель ВКЛ) і вяртанне палітычнай суб'ектнасці гэтых зямель[30]. Гэта была галоўная ідэя «краёвасці»[31]. Такім чынам, яшчэ не зусім была адкінута ідэя непадзельнасці беларуска-літоўскіх зямель кіраўнікамі беларускага руху на ўсход ад лініі руска-нямецкага фронту, які падзяляў беларускія землі на часткі[32]. (У выпадку атрымання Беларуссю статусу самастойнай дзяржавы найбольш важным для самастойнага эканамічнага існавання ў тагачасных умовах быў выхад сухапутнай дзяржавы да мора, каб сплаўляць сваю прадукцыю па рэках і чыгунках). Аднак кіраўнікі літоўскага руху (як у Вільні, так і Петраградзе) адхілілі прапанову БНК (на чале са Скірмунтам) аб узаемадзеянні на платформе «краёвасці», бо гэта супярэчыла курсу літоўскіх палітыкаў на пабудову ўласна літоўскай дзяржавы выключна на монаэтнічнай аснове[33].

У выніку дэлегацыя БНК у Петраградзе самастойна перадала старшыні Часовага ўрада Расіі князю Георгію Львову дакладную запіску з пераказам рэзалюцый з'езда беларускіх нацыянальных арганізацый (пра неабходнасць абвясціць Расію федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясцовага самакіравання, увесці ў школах краю беларускую мову, гісторыю Беларусі і іншыя краязнаўчыя дысцыпліны, кампенсаваць насельніцтву страты, прычыненыя ваеннымі дзеяннямі). Дэлегаты БНК былі прыняты і міністрам народнай асветы Часовага ўрада Аляксандрам Мануйлавым (якому дэлегацыя выказала свае пажаданні адкрыцця ў Мінску ўніверсітэта і сельскагаспадарчага інстытута, а таксама дапасавання школьных праграм да мясцовага беларускага жыцця і перадачы кіравання сістэмай адукацыі ў рукі ўраджэнцаў Беларусі[34]), намеснікам міністра ўнутраных спраў Лявонцевым, обер-пракурорам Сінода Уладзімірам Львовым (якому дэлегаты скардзіліся на палітычныя выступы асобных высокіх прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ў Беларусі, якія, на іх думку, распальвалі міжнацыянальную і міжрэлігійную варожасць у краі[35]), каталіцкім архіепіскапам Янам Цеплякам(якому дэлегаты выказалі пажаданні ўвядзення беларускай мовы ў каталіцкае набажэнства, адкрыцця беларускай каталіцкай духоўнай семінарыі і інш.[36])[37]. У кабінетах Часовага ўраду Расіі адразу ж запыталі ў дэлегатаў БНК: «Якая рэальная сіла стаіць за дэлегацыяй?». Адказ прадстаўніка беларускай дэлегацыі Паўла Алексюка[38], што «за ёй стаіць вялікая маральная сіла», натуральна, не быў вельмі пераканаўчым для кіраўнікоў Часовага ўраду Расіі пайсці насустрач пажаданням беларусаў[39].

У Петраградзе дэлегаты БНК таксама зайшлі ў Выканаўчы камітэт Петраградскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які знаходзіўся пры Часовым урадзе Расіі ў тым жа будынку, бо салдаты былі важнай сілай, ад якой залежаў поспех палітыкаў[40].

Аднак перамовы беларускай дэлегацыі з Часовым урадам Расіі вынікаў не далі, бо ён стаяў на пазіцыях адзінай і непадзельнай Расіі. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК пастаянны кантакт, для чаго былі прызначаны ўпаўнаважаныя асобы — Эдвард Будзька і Аляксандр Ярэміч[41], але не прызнаў БНК у якасці прадстаўнікоў беларускага народа і нават выказаўся, што не прызнае беларусаў за асобны ад рускіх народ[42]. І па сутнасці Часовы ўрад Расіі адхіліў прэтэнзіі БНК на ўладу на той тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася пад кантролем Часовага ўрада Расіі і яго органаў у Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Часовы ўрад Расіі заявіў, што пастаўленыя беларускай дэлегацыяй пытанні можа вырашыць толькі Усерасійскі ўстаноўчы сход, які запланаваны на восень 1917 г.

Сялянскі з'езд Мінскай і Віленскай губерняў 20-24 красавіка 1917 г.[правіць | правіць зыходнік]

20-24 красавіка 1917 г. у Мінскі адбыўся яшчэ адзін з'езд беларускіх сялянскіх дэлегатаў (толькі ад Мінскай і Віленскай губерняў), дзе праявілася ўся вастрыня ўзаемаадносін паміж ліберальнымі і сацыялістычнымі поглядамі, групоўкай Рамана Скірмунта і прадстаўнікамі мінскага камітэта Усерасійскага сялянскага саюза[43]. Раман Скірмунт са сваімі прыхільнікамі ўдзельнічаў у з'ездзе, але тон там задавалі мінскія эсэры і бальшавікі на чале з Міхаілам Фрунзэ. Старшыня прэзідыума з'езда М. Міхайлаў абвінаваціў БНК у супрацоўніцтве з памешчыкамі. Гучалі рэплікі, што БНК — гэта «памешчыцкая інтрыжка»[44]. Дэлегату з'езда Петрусевічу, які імкнуўся выступіць з прамовай па-беларуску, проста не далі слова. У канечным выніку сялянскі з'езд адхіліў рашэнні БНК аб наданні Беларусі аўтаноміі ў складзе Расіі і ў рэзалюцыі «Па пытанні аб аўтаноміі Беларусі» адзначыў: «З'ездам прызнаецца права народнасцей на нацыянальнае і культурнае самавызначэнне, але з адмовай ад аўтаноміі. З'езд лічыць неабходным захаваць непадзельнасць з Расіяй, а таксама прадаставіць Беларусі шырокае абласное самакіраванне з дэмакратычным строем»[45].

На думку беларускага гісторыка Мікалая Сяменчыка, не трэба перабольшваць уплыў эсэраў і бальшавікоў на працэс ухвалы сялянскімі дэпутатамі рэзалюцыі аб адхіленні галоўнага праграмнага палажэння БНК (аўтаномія Беларусі), а ўлічваць сукупнасць фактараў — як слабую нацыянальную свядомасць, так і сацыялістычныя настроі, якія шырыліся ў сялянскіх колах[46]. Сялян турбавалі ў першую чаргу праблемы зямлі і сканчэння мірам Першай сусветнай вайны[47]. Усё гэта вяло да страты Беларускім Нацыянальным Камітэтам свайго аўтарытэта сярод сялянскага насельніцтва, бо кіраўніцтва БНК на першы план ставіла праблемы стварэння палітычнай аўтаноміі і задачы культурнага развіцця Беларусі, а не вырашэнне аграрнага пытання, адносна якога кіраўніцтва БНК на чале са Скірмунтам ставілася кансерватыўна[48].

Пасля сялянскага з'езда прэса мінскіх эсэраў адзначыла, што з'езд «даў зусім здавальняючыя вынікі»[49]. У адказ прадстаўнікі БНК надрукавалі адкрыты ліст у абарону свайго гонару, дзе расказалі аб ініцыятарах антыбеларускай кампаніі: «Абмеркаваўшы паасобку заяву сп. Міхайлава аб "бязлітаснай барацьбе" з беларускім рухам, якая была ім зроблена не толькі на з'ездзе, але і ў друку, БНК прызнаў, што дзейнасць яго як чалавека чужога і незнаёмага з гістарычнымі ўмовамі нашага краю, з'яўляецца ў найвышэйшай ступені шкодным для культурнага развіцця Беларусі і яе народаў»[50]. Адзіная арганізацыя ў Мінску, якая падтрымала ў той сітуацыі БНК, была мінская рада Украінскай Грамады. Яна афіцыйна звярнулася да Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, мінскага прадстаўніцтва РСДРП, мінскага гарадскога і губернскага камісараў з асуджэннем антыбеларускай пазіцыі Міхайлава і шкоднасцю «антынацыянальных падкопаў», якія ўносяць раскол у беларускі народ тыя людзі, якія не з'яўляюцца мясцовымі і якія з канцом Першай сусветнай вайны пакінуць беларускі край[51]. Аднак усё ж з той пары тон у грамадскай думцы Мінска задавалі Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, мінскі камітэт Усерасійскага сялянскага саюза, а выканаўчы камітэт Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў па сутнасці стаў асяродкам, які непрыхільна ставіўся да беларускай аўтаноміі і беларускага руху ўвогуле[52].

Культурная работа[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, БНК працягнуў сваю дзейнасць, галоўным сэнсам якой стала абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларускага сялянства — у першую чаргу праз стварэнне культурных асяродкаў[53]. Так, у маі 1917 г. Беларускім Нацыянальным Камітэтам у Мінску было заснавана «Таварыства беларускай культуры» з адукацыйным, агранамічным, тэатральным і іншымі аддзеламі. Функцыі тэатральнага аддзела выконвала Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, гастролі якога па Беларусі сталі моцным імпульсам для абуджэння нацыянальнай самасвядомасці[54]. 13 мая 1917 г. быў скліканы сход членаў БНК з Мінска, Масквы, Петраграда і іншых гарадоў для каардынацыі дзеянняў[55].

БНК таксама імкнуўся прыцягнуць на свой бок шырокія пласты настаўнікаў Мінскай губерні. 15 мая 1917 г. у Мінску адбыўся з'езд каля 1200 прадстаўнікоў настаўніцтва Мінскай губерні[56]. Аднак ідэя аўтаноміі Беларусі не атрымала на з'ездзе падтрымкі. Рэзалюцыя з'езда настаўнікаў на гэты конт адзначыла: «Беларусь і ў будучым складзе з астатняй Расіяй адзінае палітычнае цэлае, для вырашэння гаспадарчых краёвых пытанняў павінна карыстацца земскім самакіраваннем»[57]. Такім чынам, настаўнікі выказаліся нават супраць абласнога самакіравання, а падтрымалі толькі «земскае», г.зн. — губернскае самакіраванне. За беларускім народам з'езд настаўнікаў прызнаў толькі «права на нацыянальна-культурнае развіццё»[58]. На пасаду ганаровых старшынь з'езда настаўнікаў выбралі Сяргея Каваліка і галоўнакамандуючага Заходнім фронтам Васіля Гурко[59]. З'езд настаўнікаў таксама выказаў падтрымку Часоваму ўраду Расіі і яго палітыцы (устанаўлення новага грамадскага ладу) і негатыўна аднёсся да спроб некаторых дэлегатаў абмеркаваць пытанне беларускай нацыянальнай школы[60]. Паводле пастаноў настаўніцкага з'езда, 26 мая 1917 г. у Мінску быў створаны настаўніцкі саюз (узначаліў А. Сцепуржынскі), у склад якога ўвайшлі ўсе гарадскія і павятовыя настаўніцкія суполкі і які стаў ўплывовай грамадскай арганізацыяй. Да беларускамоўнай асветы, аднак, гэты саюз ставіўся непрыхільна і, хутчэй, варожа[61].

Важным (хоць і запозненым) крокам БНК быў пачатак друку з 28 мая 1917 г. сваёй газеты «Вольная Беларусь», што значна паляпшала інфармацыйнае асвятленне мэт, задач і дзейнасці БНК. Так, у другім нумары газета надрукавала праграму БНК, якая была прынята З'ездам беларускіх нацыянальных арганізацый 25-27 сакавіка, г.зн. падзеі, якая адбылася 2 месяцы таму[62]. Падкрэслівалася аб жаданні аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, а аграрнае пытанне прапаноўвалася разглядзець на Устаноўчым сходзе Расіі, які павінен быў адбыцца праз некалькі месяцаў (восенню 1917 г.)[63]. Прынцып размеркавання зямлі павінна была вырашыць будучая Беларуская Краёвая Рада. Падкрэслівалася патрабаванне непадзельнасці Беларусі, г.зн. вяртання да аўтаномнай Беларусі заходняй тэрыторыі Беларусі, занятай у той час нямецкімі войскамі, і падпісання міра без анэксій і кантрыбуцый на аснове самавызначэння народаў[64]. Яшчэ раз заклікалася, што працоўныя Беларусі без адрознення канфесій павінны сумесна дзейнічаць для стварэння беларускай нацыянальнай школы і адзінай культуры[65]. Адкідваліся ўсялякія чуткі аб планах далучэння Беларусі да Польшчы[66].

15 мая 1917 г. у Мінску, пры падтрымцы БНК, узнікае Ваенная Беларуская Арганізацыя (ВБА), якая ставіла сваёй мэтай: «злучыць ваенных беларусаў, што жывуць у Мінску, як людзей аднаго краю, звычаю і мовы і маючых агульныя патрэбы, каб падрыхтавацца да Устаноўчага Сойму[67] і выставіць там сваю праграму»[68]. У газеце «Вольная Беларусь» за 11 чэрвеня 1917 г. быў надрукаваны Статут ВБА[69]. Па палітычным, нацыянальным, культурным, аграрным і іншым пытанням ВБА абапіралася на праграму БСГ, партыйная дзейнасць і папулярнасць якой у Мінску была параўнальна слабой, нягледзячы на наяўнасць уласнага друку[70]. У той час дзеячы БСГ сваю асноўную дзейнасць вялі за межамі Беларусі — у беларускіх бежанскіх і рабочых арганізацыях Петраграда і Масквы[71]. Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС), дзе ўплыў мелі Раман Скірмунт і Павел Аляксюк, абмяжоўвалася патрабаваннямі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, увядзення Беларускай Краёвай Рады, імкнулася пашыраць культурна-асветніцкую работу сярод беларусаў, патрабавала паляпшэння становішча рабочых, але не ўзнімала аграрнага пытання, максімальна адкладаючы яго разгляд і лічачы, што аграрнае пытанне павінна вырашацца з улікам асаблівасцей Беларусі і мясцовых умоў жыцця[72].

Менавіта БНПС у той час імкнулася пашырыць кола сваіх прыхільнікаў і падтрымаць беларускую асвету і культуру. У Мінску 22 мая, 9 чэрвеня і 24-25 чэрвеня 1917 г. партыя правяла культурныя акцыі («беларускія дні») па збору грашовых ахвяраванняў на культурна-асветніцкія патрэбы беларускага народа: Купальскі вечар, спектакль, латарэя і інш., што дазволіла сабраць 2906 рублёў[73]. БНК таксама прыняў удзел у канцы чэрвеня 1917 г. у «беларускіх днях» і арганізаваў распаўсюджанне лістовак БНК, лекцыі па гісторыі Беларусі, экспазіцыі нацыянальнага мастацтва і інш.[74] Павел Аляксюк у друку з абвяржэннем паклёпніцкага артыкула «сацыяліста-эканаміста» Пратасевіча, які займаўся дыскрэдытацыяй «дня беларускага збору» (24-25 чэрвеня) і БНПС увогуле[75]. 24 чэрвеня ў Мінску прайшоў і каталіцкі з'езд ксяндзоў-беларусаў ад Мінскай, Магілёўскай і Віленскай губерняў, які абмеркаваў культурна-рэлігійныя аспекты развіцця Беларусі[76].

Раскол у БНК і ліквідацыя арганізацыі[правіць | правіць зыходнік]

13-15 мая 1917 г. на сесіі БНК у Мінску разгарнулася вострая палеміка паміж прыхільнікамі ліберальных і сацыялістычных поглядаў[77]. Многія прадстаўнікі БСГ дабіваліся дэмакратызацыі Камітэта, а таксама настойвалі спалучаць у праграме БНК не толькі палітычныя і нацыянальна-культурныя патрабаванні, але і пункты сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў (у першую чаргу, пераход усёй зямлі ў агульнародную ўласнасць). Аднак Раман Скірмунт і буйныя землеўласнікі (Эдвард Вайніловіч, князь Станіслаў Радзівіл, князь Геранім Друцкі-Любецкі і інш.), прыцягнутыя Скірмунтам да ўдзелу ў сесіі БНК на падставе права кааптацыі, блакіравалі прыняцце пастаноў адносна скасавання прыватнай уласнасці на зямлю[78][79]. Як засведчыў у сваіх успамінах ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, стваралася ўражанне, што «буйныя землеўласнікі на Беларусі пачынаюць пазнаваць самі сябе і варочацца да таго народу, з каторага яны выйшлі», а ідэя палітычнай суб'ектнасці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе Расіі атрымлівае ў маянткоўцаў шчырую падтрымку[80][81]. Як сведчыць ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, у прыватнасці князь Геранім Друцкі-Любецкі ў сваёй прамове на сесіі адзначыў, што паходзіць з роду беларускіх князёў і заявіў, «што ён не вінаваты, што над яго калыскай пяялі не беларускія, а польскія песні»[82]. У прынятай сесіяй дэкларацыі БНК зноў пацвердзіў сваё жаданне аб аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі; адхіліў ілжывыя чуткі аб польскай арыентацыі і жаданні злучэння Беларусі з Польшчай ці іншай дзяржавай; выказаўся за мір без анэксій і кантрыбуцый на аснове права нацыянальнасцей на самавызначэнне; за непадзельнасць тэрыторыі Беларусі і патрабаванне далучэння занятай нямецкімі войскамі заходняй Беларусі да беларускай аўтаноміі ў складзе Расіі; аб'явіў права на свабоду за кожнай рэлігіяў і заклікаў усіх беларусаў (без розніцы веры) да супольнай працы над стварэннем адзінай беларускай культуры; і нацыяналізацыю (беларусізацыю) беларускай школы. Вырашэнне аграрнага пытання для Беларусі, якога чакалі сяляне, было адкладзена да кампетэнцыі Устаноўчага сходу Расіі і Беларускай Краёвай Рады[83].

Гэта была часовая перамога ліберальнага крыла (на чале з Раманам Скірмунтам) над сацыялістычным (на чале з лідарамі левага крыла БСГ Зміцерам Жылуновічам і Аляксандрам Бурбісам) у БНК, бо ў Мінску, як і ў цэлым у Расіі, праходзіла радыкалізацыя палітычных настрояў — у бок пашырэння сацыялістычных лозунгаў і ўзмацнення сацыялістычных партый і арганізацый[84]. Як засведчыў ва ўспамінах Вінцэнт Гадлеўскі, большасць членаў БНК вельмі крытычна паставілася да ўдзелу землеўласнікаў у арганізацыі, бо «надыходзіў такі час, што ад князёў і буйных земляўласнікаў трэба было быць як найдалей, і прыхільнікі Скірмунта, адчуўшы гэты настрой да іх сяброў сесіі Б.Нац.Камітэту, вышлі, каб болей ужо не вярнуцца. Спужала іх радыкальнасць беларускага руху»[85].

Прадстаўнікі левай плыні ў БНК (Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Бурбіс) настаялі на скліканні новага з'езда беларускіх нацыянальных арганізацый. 4-6 чэрвені 1917 г. у Петраградзе на II з'ездзе БСГ страшынёй цэнтральнага камітэта БСГ быў абраны Зміцер Жылуновіч, які пераймаў лозунгі бальшавікоў і ўжо наладжваў сувязі з рускімі эсэрамі і бальшавікамі, а сацыялістычны лад у Беларусі было вырашана ўводзіць шляхам «развіцця класавай барацьбы і сацыяльнай рэвалюцыі»[86].

Гэта ўсё прывяло да скасавання БНК падчас 2-га з'езда беларускіх партый і арганізацый, які прайшоў 8-10 ліпеня 1917 г. у Мінску[87]. На з'ездзе былі прадстаўнікі ўсіх плыняў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, у тым ліку лідары правага і левага крыла БСГ, дэлегаты ад Усерасійскага сялянскага саюза, Беларускай народнай грамады; прадстаўнікі мінскіх рускіх эсэраў, меншавікоў, кадэтаў; прадстаўнікі розных нацыянальных арганізацый (украінскіх, польскіх і яўрэйскіх); а таксама ліберальна-дэмакратычных партый — Беларуская народная партыя сацыялістаў, Саюз беларускага народа, Саюз беларускай дэмакратыі[88]. Левае крыло БСГ, якое было найболей радыкальнай часткай з'езду, прадстаўляў асабіста кіраўнік Петраградскай арганізацыі БСГ Зміцер Жылуновіч[89]. І менавіта гэтае крыло вызначала лінію з'езда.

Цэнтральным пытаннем з'езда стала пытанне аб статусе беларускіх зямель у складзе Расіі і аб форме гэтага статусу. Большасць дэлегатаў выказалася за нацыянальна-тэрытарыяльную аўтаномію ў складзе Расіі, але разуменне аўтаноміі ў іх рознілася[90].

Так, Раман Скірмунт са сваімі прыхільнікамі на з'ездзе выступаў «за шырокую краёвую аўтаномію краёў і народаў» і выказаўся, што тэрмін «палітычная аўтаномія», на яго погляд, не азначае, што Беларусі трэба мець сваё ўласнае войска, грошы і мытні з Расіяй. Такія погляды падтрымалі і рускія канстытуцыйныя дэмакраты (кадэты) на чале з Уладзімірам Самойлам, які паведаміў, што новае кааліцыя ў Часовым урадзе Расіі ў нядаўняй сваёй дэкларацыі прызнае прынцып краёвай аўтаноміі ў Расіі, таму само пытанне аб краёвай аўтаноміі ўжо прынцыпова вырашана Часовым урадам Расіі, а патрэбна толькі выпрацаваць праект аўтаномнай Беларусі[91].

Прадстаўнік жа Беларускай народнай грамады Аляксандр Цвікевіч імкнуўся на з'ездзе даказаць непатрэбнасць «палітычнай аўтаноміі», якую прапаноўваў Скірмунт, а задаволіцца толькі мясцовай гаспадарчай аўтаноміяй Беларусі, што азначала па сутнасці больш нізкі статус Беларусі ў складзе Расіі, чым прапаноўваў Скірмунт[92].

У канечным выніку з'езд прыняў рэзалюцыю аб нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, але не канкрэтызаваў яе форму і не выпрацаваў практычных мер па яе рэалізацыі. Галоўным жа вынікам з'езда стала адсоўванне ліберальнага крыла беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху (на чале якога стаяў Раман Скірмунт і БНПС) ад кіраўніцтва — праз ліквідацыю Беларускага Нацыянальнага Камітэта і стварэнне замест яго Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, куды ўвайшлі галоўным чынам прадстаўнікі БСГ[93]. У выканаўчы камітэт Цэнтральнай рады ўвайшлі Язэп Лёсік (старшыня), Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі, В. Лявіцкі і Уладзіслаў Галубок[94]. Цэнтральная рада беларускіх арганізацый павінна была ўжо прадстаўляць арганізацыі толькі «поўнасцю дэмакратычныя», што па тагачаснай тэрміналогіі і рэаліях азначала крайне левыя (сацыялістычныя) — з іх ідэяй нацыяналізацыі ўсёй зямлі без грашовай кампенсацыі ранейшым уласнікам[95][96].

На думку беларускага гісторыка Алега Латышонка, у пераломны момант гісторыі, калі ўзнікалі рэальныя перспектывы атрымання Беларуссю доўгачаканай палітычнай суб'ектнасці ў форме палітычнай аўтаноміі і калі патрэбна было кансалідаваць сілы ўсіх беларускіх арганізацый на аснове салідарнасці і кампрамісу, быў скасаваны кансерватыўны БНК, а рыторыка «класавай барацьбы» і «класавых інтарэсаў» узяла верх над інтарэсамі агульнанацыянальнымі[97]. З высновамі Алега Латышонка пагадзілася і Дарота Міхалюк, якая ў сваім даследаванні адзначыла: «Складана пазбавіцца ўражання, што прыхільнікі сацыяльнага радыкалізму ў патрэбны момант не здолелі падняць беларускія палітычныя інтарэсы над сацыяльнымі»[98].

Зноскі

  1. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  2. Яскравым прыкладам таго была катэгарычная адмова Часовага ўрада Расіі прадаставіць у маі 1917 г. аўтаномію Украіне і крайне негатыўная рэакцыя на абвяшчэнне Украінай сваёй аўтаноміі паводле Універсала Украінскай Цэнтральнай рады ад 10 (23) чэрвеня 1917 г.
  3. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 30.
  4. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 30.
  5. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 23.
  6. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 9.
  7. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 24.
  8. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 23.
  9. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 31.
  10. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст... С. 130.
  11. Вольная Беларусь. — 1917. — № 8. — 21 ліпеня.
  12. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст... С. 130.
  13. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 31.
  14. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 12.
  15. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 31.
  16. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 31.
  17. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 31.
  18. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 31.
  19. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 31, 32.
  20. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)... С. 181.
  21. Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa, 1998. — С. 185.
  22. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох... С. 42.
  23. Chmielewska, G. Cierń… С. 212.
  24. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 32.
  25. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 24.
  26. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 24.
  27. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  28. У публіцыстыцы «Гістарычнай Літвой» з пачатку XX ст. пачалі называць землі былога ВКЛ (галоўным чынам, у межах напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г.).
  29. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  30. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  31. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  32. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  33. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  34. Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868–1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў. — С. 296.
  35. Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868–1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў. — С. 296.
  36. Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868–1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў. — С. 296.
  37. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 12.
  38. Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868–1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў. — С. 296.
  39. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 25.
  40. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 12.
  41. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 12.
  42. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст... С. 130; Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa, 1998. — С. 185.
  43. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 32.
  44. Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa, 1998. — С. 185; Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 12.
  45. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 10.
  46. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 32.
  47. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 12.
  48. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 12.
  49. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 33.
  50. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 33.
  51. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 33.
  52. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 33.
  53. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 46.
  54. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 26.
  55. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 47.
  56. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 47.
  57. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 10.
  58. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 10.
  59. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 47.
  60. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 47.
  61. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 47.
  62. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 47.
  63. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 47.
  64. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 48.
  65. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 48.
  66. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 47.
  67. Меўся на ўвазе Устаноўчы сход Расіі, выбары ў які планаваліся на восень 1917 г.
  68. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 60, воп. 3, спр. 276. арк. 29.
  69. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 48.
  70. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 48.
  71. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 48.
  72. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 48, 49.
  73. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 49.
  74. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 26.
  75. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 49.
  76. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 49.
  77. Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг... С. 145.
  78. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 13; Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг... С. 145.
  79. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 24.
  80. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 24.
  81. Пазней (у 1925 г.) прадстаўнікі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў сваёй газеце «Krynica» будуць беспадстаўна папракаць буйных маянткоўцаў Беларусі, што іх прыхільнасць да палітычнай суб'ектнасці Беларусі і падтрымка беларускай мовы і культуры ў той час былі выкліканы не патрыятычнымі памкненнямі, а выключна жаданнем захаваць за сабой маёнткі («выслужыцца перад беларускім народам, каб ён пакінуў ім маёнткі»). Гл.: Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 24.
  82. Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868–1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў. — С. 299.
  83. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 13, 89.
  84. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст... С. 130, 131.
  85. Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868–1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў. — С. 300.
  86. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст... С. 130; Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)... С. 183.
  87. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 13.
  88. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 11.
  89. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 11.
  90. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 11.
  91. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 11; Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 13.
  92. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 11; Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 13.
  93. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)... С. 183; Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 77.
  94. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 11; Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 13.
  95. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст... С. 131.
  96. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 27.
  97. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст... С. 131.
  98. Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг... С. 141.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.) / Е.Г. Богданович // Гуманітарна-эканамічны веснік. — 1996. — №1. — С. 9—15.
  • Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У.Ф. Ладысеў, П.І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня–Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 368 с.
  • Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 496 с.
  • Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта / С. Рудовіч // Гістарычны альманах. — Гродна, 1999. — Т. 2. — С. 14—37. [1]
  • Смалянчук, А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі / А. Смалянчук // Спадчына. — 1994. — № 6.
  • Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868–1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — С. 289—303.
  • Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М.Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.
  • Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.
  • Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa etc.: Ossolineum, 1998. — T. XXXVIII/2. — Zesz. 157: Skimbrowicz Hipolit — Skowroński Ignacy. — S. 184—187.
  • Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska. — Łomianki : LTW, 2011. — 369 s.