Вуліца Леніна (Мінск)
Вуліца Леніна Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён |
Ленінскі раён Цэнтральны раён |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Першамайская Купалаўская Кастрычніцкая |
Аўтобусныя маршруты | 1, 69, 127 |
Назва ў гонар | Уладзіміра Леніна |
Помнікі |
|
Установы культуры | Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вуліца Леніна, ранейшыя назвы Лошыцкая, Францысканская, Губернатарская, Карла Маркса, Ленінская — магістральная вуліца ў Ленінскім і Цэнтральным раёнах Мінска ад плошчы Свабоды да вуліцы Аранскай. Названая ў гонар Уладзіміра Леніна.
На вуліцы размяшчаецца Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (№ 20), міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь (№ 19), 3-я гарадская клінічная бальніца імя Клумава (№ 30-32).
Агульныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]У XVI—XVII стст. называлася Лошыцкай, потым, у XVIII—XIX стст. — Францысканскай, з XIX ст. і да 1919 года — Губернатарскай, у 1919—1922 — Карла Маркса, 1922—1945 — Ленінскай, з 1945 — Леніна[1]. Працягласць каля 2,5 км раней працягласць складала 950 метраў (да вуліцы Ульянаўскай). Нумарацыя дамоў — ад Плошчы Свабоды. Забудоўвалася з XVI стагоддзя, але практычна ўсе сучасныя будынкі — першых паваенных гадоў[1]. У 1948—1950 гадах у цэнтральнай частцы вуліцы ўладкаваны бульвар[1].
Праходзіць ад плошчы Свабоды як працяг праспекта Пераможцаў на паўднёвы ўсход. Перасякае Рэвалюцыйную і Інтэрнацыянальную вуліцы на плошчы Свабоды, затым — праспект Незалежнасці, вуліцу Карла Маркса, вуліцу Кірава, вуліцу Ульянаўскую, вуліцу Смаленскую, і заканчваецца развязкай з Партызанскім праспектам і вуліцай Аранскай. Працяг — вуліца Трасцянецкая.
На розных участках вуліца мае ад адной да трох палос у кожны бок. Да 1980-х гадоў вуліца завяршалася скрыжаваннем з вуліцай Ульянаўскай[1], пасля быў пабудаваны мост праз Свіслач і працяг вуліцы, што дазволіла звязаць цэнтр горада з Партызанскім праспектам. Да пачатку 2000-х у канцы вуліцы дзейнічалі аднаўзроўневы чыгуначны пераезд з ажыўленым Аршанскім (Маскоўскім) кірункам беларускай чыгункі і скрыжаванне з Партызанскім праспектам. У наш час пабудаваны чыгуначны мост і двухузроўневая аўтамабільная развязка.
Забудова вуліцы паваенная, за выключэннем карпусоў 3-й гарадской бальніцы. Дамы 4, 5, 6 і 8 пабудаваныя ў 1952—1956 гадах (архітэктар Г. Заборскі), дом 18 у 1949—1951 гадах (архітэктары А. Брэгман, М. Драздоў, Г. Заборскі, У. Кароль, У. Вараксін)[2].
Бульвар
[правіць | правіць зыходнік]Бульвар на вуліцы Леніна ад вуліцы Інтэрнацыянальнай да вуліцы Карла Маркса быў зроблены на аснове Генеральнага плана горада Мінска 1946 года. Аўтарамі агульнага вырашэння былі архітэктары Н. Трахтэнберг і Г. Парсаданаў, аўтар праекта азелянення вуліцы Леніна архітэктар М. Андросаў; аўтар рашоткі агароджы бульвара — архітэктар Шміт; у 1949 годзе архітэктаркай Р. Абразцовай быў зроблены праект добраўпарадкавання бульвара. Да 1952 года рэканструкцыя вуліцы Леніна скончана, вуліца была пашырана амаль у два разы адносна першапачатковай шырыні, быў зроблены бульвар[3]. У 2002 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[4]. 3 ліпеня 2003 была скончана рэканструкцыя бульвара (А. Сардараў). Былі створаны два невялікія фантаны са скульптурамі, заменены старыя і хворыя дрэвы ліпавай алеі, а таксама асфальт на ўзорыстую плітку[5].
У маі 2010 года на рагу з вуліцай Карла Маркса пастаўлены помнік Анры Дзюнану, заснавальніку Чырвонага Крыжа.
Гістарычная забудова
[правіць | правіць зыходнік]- Францысканскі кляштар (Мінск)
- Кляштар марыявітак («дом марыявітак»), заснаваны ў 1771 годзе ініцыятывай і коштам Кунегунды Рушчыц[6], пры кляштары працавала школа, дзе сёстры-марыявіткі навучалі мовам, кіраванню дамашняй гаспадаркай, арыфметыцы[7].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Минск: Энциклопедический справочник 1983.
- ↑ Шамрук 2007, с. 147.
- ↑ ДСГКК 2009.
- ↑ До 1930 в Минске не было ни одного городского бульвара Архівавана 14 чэрвеня 2010.
- ↑ Бульвар на улице Ленина в Минске будет реконструирован Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Шпилевский 1992.
- ↑ Памяць. Мінск 2001, с. 553.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Ленина улица // Минск: Энциклопедический справочник (руск.) / Ред. кол.: И. П. Шамякин, И. И. Антонович, Г. Г. Бартошевич и др. — Изд. 2-е, доп. и перераб. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1983. — С. 214—215. — 467 с.
- Шамрук А. С. Архитектура Беларуси XX — начала XXI века. — Минск: Белорусская наука, 2007.
- Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вуліца Леніна (Мінск)