Гісторыя Славакіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Замак Спішскі Град, XIII стагоддзе
Фізічная карта Славакіі

Гісторыя Славакіі — гісторыя тэрыторыі сучаснай Славакіі са старажытных часоў да нашых дзён.

Дагістрычны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Палеаліт[правіць | правіць зыходнік]

Першыя паселішчы на тэрыторыі сучаснай Славакіі з'явіліся ўжо ў эпоху палеаліту. Гэтая вельмі працяглая эпоха, характарызуецца чаргаваннем абледзяненняў і міжледавікоўяў. Прысутнічаюць сляды розных культур: ад алдувайскай да свідэрскай. У Спішскім Падграддзі быў знойдзены фрагмент чэрапа чалавека прамахадзячага (гэта частка згубілася падчас Другой сусветнай вайны), потым самымі раннімі звесткамі з'яўляюцца звесткі аб гейдэльбергскім чалавеку. Найстарэйшыя знаходкі — неандэртальцы, прытым самыя вядомыя — са стаянкі Ганаўцы.

Мезаліт[правіць | правіць зыходнік]

Эпоха мезаліту характарызуецца прыкметным адступленнем ледавіка, мяжа якога ў тыя часы праходзіла па поўначы тэрыторыі сучаснай Славакіі. Людзі сяліліся на пясчаных узвышшах.

Неаліт[правіць | правіць зыходнік]

Неалітычная Венера з Мораванаў (узрост — 22 800 гадоў)

Аб неаліце, калі ўзнікла земляробства, маецца больш звестак. Мяркуецца, што людзі культуры лінейна-стужачнай керамікі прыйшлі на тэрыторыю Славакіі каля 5000 гадоў да нашай эры. Знойдзеныя рэшткі паселішчаў, могільнікі (напрыклад, у Нітры і Штурава), рэшткі керамікі, культавыя рэчы, напрыклад, жаночыя фігуркі («палеалітычныя Венеры») з Нітранскага замка або Мораванаў-над-Вагам.

У тую эпоху на тэрыторыі Славакіі былі прадстаўлены ў асноўным культура лінейна-стужачнай керамікі, жэлязоўская культура, букавагорская культура, пачыналася развіццё лендзьелскай і полгарскай культур.

Энеаліт[правіць | правіць зыходнік]

Эпоха энеаліту характарызуецца перш за ўсё пачаткам выкарыстання металаў (медзь і золата; найстаражытныя са знойдзеных медных прадметаў адносяцца да неаліту), падзелам грамадства на пласты (рамеснікі, земляробы, жывёлаводы, гандляры) і пачаткам меннага гандлю. Пазней земляробства было ўдасканалена выкарыстаннем сілы жывёл (з'явіліся прылады земляробства); ўзмацнілася роля мужчыны ў грамадстве (патрыярхат).

У тыя часы перш за ўсё працягвалася развіццё лендзьельскай і полгарскай культур, пазней з'явілася бадэнская культура.

Бронзавы век[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі валоў гарадзішча на Замчыску (Ранні бронзавы век — Латэнская эпоха)

У бронзавым веку, які характарызуецца пашырэннем выкарыстання бронзы, на тэрыторыі Славакіі было прадстаўлена мноства розных археалагічных культур (унеціцкая, мадзьяраўская, атамані, адзінкавыя культуры курганных пахаванняў, адзінкавыя культуры палей пахавальных урн, уключаючы лужыцкую культуру). Да гэтай эпохі адносяцца знойдзеныя бронзавыя сярпы, рэшткі драўляных пабудоў без выкарыстання цвікоў.

Гальштацкая эпоха[правіць | правіць зыходнік]

Жалезны век і яго тэхналогіі прыйшлі на тэрыторыю Славакіі каля 800 года да нашай эры, верагодна, з вобласці Анатоліі і/ці Італіі. У гальштацкую эпоху ў Славакіі, дзякуючы спрыяльным кліматычным умовам, развіваецца здабыча жалеза, волава, золата і солі. З'явіўся ганчарны круг. Працягваецца сацыяльная дыферэнцыяцыя. У тыя часы на тэрыторыі Славакіі былі прадстаўлены гальштацкая (а менавіта календэрбергская) культура, куштанавіцкая (фракійцы) і векерцугская (верагодна, скіфы) культуры, на поўначы яшчэ існавала лужыцкая культура. Магчыма на тэрыторыі Славакіі ў гэты час жылі і кімерыйцы.

Протагістрычны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Латэнская эпоха і Рымская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Рымскі надпіс на скале ў Трэнчыне.

Яшчэ ў пачатку 1 тысячагоддзя ў Славакію прыйшлі кельты, якія звычайна асацыююцца з гальштацкай культурай і якіх можна лічыць першым вядомым этнасам на тэрыторыі Славакіі. Кельты прыйшлі ў Карпацкую катлавіну з тэрыторыі Германіі, Францыі і з Альпаў. Па прыбыцці яны падпарадкавалі сабе мясцовае насельніцтва.

Да канца латэнскай эпохі яны пабудавалі некалькі ўмацаванняў — опідумаў, напрыклад, Браціслаўскі. Большасць з іх жылі ў невялікіх умацаваных збудаваннях, пабудаваных з дрэва, выкарыстоўвалі жалезныя замкі. Кельты былі выдатнымі рамеснікамі — кавалямі, ганчарамі, земляробамі і гандлярамі; яны захоўвалі цесныя кантакты з грэчаскай і рымскай цывілізацыямі, якія мелі вялікі ўплыў на іх культуру.

У канцы 2 ст. да н.э. ў Славакію прыйшлі і дакі, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Румыніі. У часы першага дакскага караля Бурабісты дакі засялілі і фактычна далучылі да Дакіі паўднёвую частку Славакіі, адкуль яны выгналі частку кельтаў. У 10 г да н.э., аднак, рымляне перамаглі дакаў і прасунулі межы Рымскай імперыі на Сярэдні Дунай. Рымляне таксама заснавалі некалькі паселішчаў у заходняй Славакіі. Дакскае насельніцтва знікла са Славакіі прыкладна ў 1 ст. н. э., даўжэй за ўсё яно затрымалася на ўсходзе.

Ліквідацыю большай часткі кельтаў завяршыў напад германцаў з паўночнага захаду ў пачатку 1 ст. н. э. Аднак кельты ўтрымаліся на поўначы Славакіі нават да 2 ст. н. э. (Коціны). Падчас Вялікага перасялення народаў у IV стагоддзі праз тэрыторыю Славакіі праходзілі плямёны вестготаў, остготаў, лангабардаў і гепідаў.

Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

Прыход славян і Вялікая Маравія[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл у Копчанах (Славакія) — адзіны ўцалелы помнік Вялікай Маравіі

У V стагоддзі сюды прыходзяць славяне. У VI стагоддзі тэрыторыя трапляе пад уладу Аварскага каганата, а ў VII стагоддзі тут утвараецца імперыя Сама, стагоддзем пазней тут узнікла Нітранскае княства, якое ўвайшло ў 833 годзе ў склад Вялікай Маравіі. У 907 годзе на Вялікую Маравію напалі венгерскія плямёны, і Вялікая Маравія паступова распалася, да канца XI стагоддзя ўся тэрыторыя была далучана да Венгрыі. У 1108 годзе загінула Нітранскае княства.

Славакія ў складзе Венгрыі[правіць | правіць зыходнік]

У 1241 годзе тэрыторыя Славакіі трапіла пад мангола-татарскае нашэсце. Яно аслабіла ўладу караля на тэрыторыі Славакіі, і там тэрыторыяй кіравалі алігархі накшталт Матуша Чака. Умацаваць моцную каралеўскую ўладу змог толькі Карл Роберт, які разбіў алігархаў у бітве пры Розганаўцах. Сын Карла Роберта, Людовік I Вялікі зрабіў нямала для ўмацавання краіны, і ў часы яго праўлення Венгрыя стала моцнай еўрапейскай дзяржавай. У часы Жыгімонта Венгрыя зноў змагаецца з туркамі і гусітамі. Найбольш пацярпелай ад гусітаў вобласцю стала як раз Славакія, на тэрыторыі якой у 1467 годзе ў Велькім Касталяне Мацьяш Хуньядзі ў рэшце рэшт пабіў гусіцкія войскі «брацікаў». Пасля паражэння ад туркаў пад Мохачам у 1526 годзе і смерці караля Лаяша II большая частка тэрыторыі Венгрыі, за выключэннем заходняй Венгрыі, Славакіі і Харватыі, апынулася ў складзе Асманскай імперыі, а непадуладныя туркам землі, Славакія ў тым ліку, сталі часткай уладанняў аўстрыйскіх Габсбургаў.

Славакія пад уладай дынастыі Габсбургаў[правіць | правіць зыходнік]

Марыя-Тэрэзія
Падрабязней гл. таксама: Гісторыя Аўстрыі

Пасля паражэння пад Мохачам у 1526 годзе на венгерскі прастол былі каранаваны адразу два каралі — саюзнік турак Янаш Запальяі і аўстрыец Фердынанд I. Пачалася вайна паміж двума бакамі, якая скончылася мірам у Орадзе ў 1538 годзе. У 1536 годзе сталіцай Венгрыі стала Браціслава, а Эстэргамскае архібіскупства было перанесена ў Трнаву. У гэты ж час туркі захапілі і паўднёвую Славакію. XVII стагоддзе прайшло ў барацьбе дваран са Славакіі з аўстрыйскім імператарам. У 1605 годзе Іштван Бочкаі захапіў амаль усю Славакію, у 1606 годзе было падпісана перамір'е. У 1618 годзе Бетлен захапіў усходнюю Славакію, а ў 1619 годзе і заходнюю. У 1622 годзе было падпісана перамір'е. У 16431645 на тэрыторыі Славакіі ішлі баі паміж габсбургскімі войскамі і мяцежнымі войскамі Дзьёрдзя I Ракацы. У 16781687 Славакія зноў стала арэнай бітваў, на гэты раз з Імрэ Цёкёлі, а ў 17031711 адбылося апошняе паўстанне — Ферэнца II Ракацы.

У XVIII стагоддзі, Славакія, спустошаная векавой вайной дваран з імператарам, пачала адбудоўвацца. З'явіліся першыя мануфактуры — у Шашціне і Голічы, ізноў пачалася здабыча карысных выкапняў. Пазітыўна на эканоміку паўплывалі рэформы Марыі Тэрэзіі і яе сына Іосіфа II. У гэты ж час пачынаецца і славацкае адраджэнне — у 1783 годзе з'яўляецца першая кніга, напісаная на славацкай мове святаром Ігнацам Байзам. У 1790 Берналак склаў першую граматыку славацкай мовы. Першыя будзіцелі (галоўным чынам лютэране) прытрымліваліся пункту гледжання, што чэхі і славакі з'яўляюцца адзіным народам. У 1847 Штур кадыфікаваў версію славацкай мовы, блізкую да сучаснай, якая была ўхвалена двума лагерамі — як каталікамі, так і лютэранамі. Падчас Венгерскай рэвалюцыі 1848-49 Славацкая народная рада заклікала славакаў выступіць са зброяй у руках супраць венграў і падтрымаць аўстрыйцаў. У 1867 года Аўстрыйская імперыя была ператворана ў Аўстра-Венгрыю і славацкія землі ўвайшлі ў склад венгерскай Транслейтаніі, у выніку чаго ціск венгерскіх улад на славакаў узмацніўся. У 1875 годзе была распушчана Маціца славацкая, а пазней і іншыя нацыянальныя арганізацыі. У 1890-я гады ўзнікла канцэпцыя чэхаславакізму і славакі пачалі атрымліваць дапамогу ад чэхаў. У 1906 годзе ўзнікла першая славацкая партыя — умерана-нацыяналістычная Глінкава Славацкая Народная Партыя. З'яўленне славацкіх арганізацый узмацніў ціск з боку венграў і выклікала спробы ўзмоцненай венгерызацыі славакаў, якія працягваліся аж да распаду Аўстра-Венгрыі ў лістападзе 1918 года.

Новы час[правіць | правіць зыходнік]

У складзе Чэхаславакіі і ў ваенны час[правіць | правіць зыходнік]

Першая рэспубліка

Да пачатку Першай сусветнай вайны ў чэшскіх і славацкіх палітыкаў склалася досыць ясная канцэпцыя будучай дзяржавы чэхаў і славакаў. Гэта ідэя была прапанавана рускаму цару напачатку войны і ён ухваліў стварэнне Чэхаславацкіх легіёнаў. З чэшскага боку галоўнымі прадстаўнікамі былі Томаш Масарык і Эдуард Бенеш, а са славацкай — Мілан Штэфанік. У 1915 годзе Масарык афіцыйна прадставіў план стварэння Чэхаславакіі ў Жэневе. У кастрычніку гэтага ж года эмігранцкія арганізацыі чэхаў і славакаў у Кліўлендзе падпісалі сумесную дэкларацыю. Канчатковае пагадненне было падпісана 31 мая 1918 года ў Пітсбургу. Першы часовы ўрад засядаў у Парыжы. 28 кастрычніка 1918 года была абвешчана незалежная Чэхаславакія. 30 кастрычніка 1918 года Славацкая народная рада ў Марціне падпісала дэкларацыю аб уваходжанні ў Чэхаславакію. 14 лістапада 1918 года прэзідэнтам ЧСР стаў Томаш Масарык.

Першы славацкі ўрад засядаў у Скаліцы, потым у Жыліне. 4 лютага 1919 года сталіцай Славакіі стала Браціслава.

Уваходжанне Славакіі ў Чэхаславакію мела шэраг пазітыўных фактараў. Было ўведзена навучанне на славацкай мове, у 1919 годзе быў створаны ўніверсітэт Коменскага ў Браціславе, у 1922 годзе была ўведзена абавязковае 8-гадовая адукацыя, 8-гадзіннікавы рабочы дзень, былі дазволены славацкія палітычныя партыі і культурныя інстытуты накшталт Славацкай маціцы, у 1926 годзе было заснавана Славацкае радыё, грамадзяне старэйшыя за 18 гадоў атрымалі права голасу і гэтак далей. Тым не менш, уваходжанне мела і шэраг негатыўных фактараў. Так, шматлікія прадпрыемствы Славакіі не вытрымалі канкурэнцыі з чэшскімі прадпрыемствамі і ў Славакіі, асабліва на ўсходзе, узмацнілася беспрацоўе, што выклікала масавую эміграцыю ў ЗША і Канаду (да 1937 года эмігравала 104 тысячы чалавек), абяцаная аўтаномія не была прадастаўлена, непрыманне выклікала і канцэпцыя чэхаславакізму, якая сцвярджала, што чэхі і славакі — адзіны народ, а іх мовы толькі дыялекты «чэхаславацкай мовы». Гэта ўзмацніла пазіцыі нацыяналістычных партый, у прыватнасці Глінкавы Народнай партыі.

28 верасня 1938 года ў Мюнхене было падпісана Мюнхенскае пагадненне 1938 года, 6 кастрычніка 1938 года славацкія палітыкі ў Жыліне абвясцілі аўтаномію Славакіі ў рамках Чэхаславакіі. Урад ЧСР быў вымушаны гэта ўхваліць і прызначыла Іозефа Ціса прэм'ер-міністрам аўтаномнага ўрада. 2 лістапада 1938 у выніку Венскага арбітражу Венгрыя і Трэці рэйх адарвалі ад Славакіі паўднёвую яе частку. 13 сакавіка 1939 года Гітлер на сустрэчы з Ціса прапанаваў яму абвясціць самастойнасць Славакіі, у адваротным выпадку Славакія б была падзелена паміж Польшчай і Венгрыяй. 14 сакавіка 1939 года была абвешчана Першая Славацкая рэспубліка, а на наступны дзень нямецкія войскі акупавалі Чэхію, Маравію і чэшскую Сілезію. У выніку Славацка-венгерскай вайны, якая доўжылася тыдзень у канцы сакавіка 1939 года, яшчэ частка тэрыторыі Славакіі адышла Венгрыі.

Тэрытарыяльныя змены

Першая Славацкая рэспубліка была марыянетачнай дзяржавай, якая цалкам залежала ад Германіі. Гэты факт выклікаў незадаволенасць славакаў, на ўсходнім фронце многія славацкія салдаты пераходзілі на савецкі бок. Так 30 лістапада 1943 года ў Мелітопаля на савецкі бок перайшло 2000 салдат. Калі Чырвоная армія наблізілася да межаў Славакіі ў 1944 годзе, успыхнула Славацкае нацыянальнае паўстанне, якое скончылася няўдала. 21 верасня 1944 года Чырвоная армія перайшла мяжу Славакіі каля Медзілабарцаў. 4 красавіка 1945 года была вызвалена Браціслава — Першая Славацкая рэспубліка пала і Славакія зноў стала часткай ЧСР.

У той жа час урад новай Чэхаславакіі адмовіўся ад дактрыны «чэхаславакізму», і былі захаваны славацкія нацыянальныя органы, якія ўзніклі падчас паўстання — Славацкі нацыянальны савет на агульнаславацкім узроўні і нацыянальныя камітэты на месцах — з вызначанымі, хоць і абмежаванымі ўладнымі паўнамоцтвамі. Апублікаваная ў красавіку 1945 года новым чэхаславацкім урадам Кошыцкая праграма прызнала нацыянальную самабытнасць славакаў, як прызнала і славацкія нацыянальныя органы, і прынцып адносін чэхаў і славакаў, ахарактарызаваны формулай «роўны з роўным». У выніку склаўся так званы асіметрычны нацыянальна-дзяржаўны лад: чэшская нацыя не мела сваіх нацыянальна-дзяржаўных органаў, а славацкая мела, што азначала пэўную ступень нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі для Славакіі. Такое становішча знайшло адлюстраванне ў паваенных канстытуцыях Чэхаславакіі 1948 і 1960 гадоў.

У 1946 годзе адбыліся першыя выбары. У Славакіі іх выйграла Дэмакратычная партыя, на другім месцы апынулася Камуністычная партыя. У лютым 1948 года пачаўся палітычны крызіс, дэмакратычныя міністры падалі ў адстаўку, прэзідэнт Бенеш пад ціскам камуністычных дэманстрацый стварыў урад, у якім пераважалі камуністы. 9 мая 1948 года была прынята канстытуцыя, і, пасля смерці Бенеша, прэзідэнтам стаў Клемент Готвальд, пры якім Чэхаславакія стала сацыялістычнай дзяржавай.

1 студзеня 1969 года, пасля набыцця сілы Канстытуцыйным законам аб Федэрацыі, які ператвараў Чэхаславакію ў федэрацыю дзвюх роўных нацыянальных рэспублік, Славакія стала нароўні з Чэхіяй адной з такіх рэспублік — Славацкай сацыялістычнай рэспублікай.

У 1989 годзе камуністычны рэжым паў (гл. Аксамітная рэвалюцыя), тым не менш у ЧСФР узрасталі супярэчнасці паміж Чэхіяй і Славакіяй. Улетку 1992 года лідары рэспублік дамовіліся пра падзел краіны.

Незалежная Славакія[правіць | правіць зыходнік]

1 студзеня 1993 года ў выніку Аксамітавага разводу ўтварылася незалежная Славакія. Да 1998 года прэм'ер-міністрам Славакіі быў Уладзімір Мечыяр, якога папракалі ў аўтарытарным стылі кіравання краінай. Пры Мечыяру ў Славакіі, у адрозненне ад Чэхіі, не праводзілася ўсебаковая лібералізацыя грамадскага жыцця і перш за ўсё эканомікі. Таксама Славакія доўгі час не ўдзельнічала падчас актыўнага збліжэння з Захадам (як, напрыклад, Чэхія).

29 сакавіка 2004 Славакія ўступіла ў НАТА, а 1 мая 2004 — у ЕС. 1 студзеня 2009 Славакія ўступіла ў зону еўра.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]