Гісторыя Украіны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Шаблон:Гісторыя Украіны Гісторыя Украіны — падзеі на тэрыторыі сучаснай Украіны з моманту пачатку рассялення там людзей і да сённяшняга дня.

Даславянскі перыяд (да VIII ст.)[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя сучаснай Украіны пачала асвойвацца першабытнымі людзьмі яшчэ ў каменным веку — сама старажытнай стаянкай на сённяшні дзень лічыцца Каралёва ў Закарпацці. Адносна шчыльна былі заселены таксама сярэдняе Паднястроўе, раён дняпроўскіх парогаў і прадгор'і Крыма. У часы максімальнага зледзянення каля 100 тыс. гадоў таму паўночна-заходняя частка тэрыторыі Украіны была пакрыта ледавіковых шчытом. Падчас апошняга зледзянення паўднёвая мяжа ледавіка праходзіла па Палессі. Астатняя тэрыторыя была пакрыта тундра і халодным стэпам. Перыяд неаліту і энеаліту (медны век) прадстаўлены трыпольскай культурай, помнікі і перыяды якой даследчыкі падзяляюць на тры этапы: ранні (4500-3500), сярэдні (3500-2750) і позні (2750—2000 да н.э.). Гэтая культура Правабярэжнай Украіны лічыцца адной з самых развітых раннеземляробчых археалагічных культур Усходняй Еўропы. Для перыяду бронзавага веку для тэрыторый паўднёва-заходняй часткі характэрная белагрудаўская культура.

Усяго на тэрыторыі Украіны вядома некалькі дзесяткаў дагістарычных археалагічных культур палеаліту, мезаліту, неаліту, бронзавага, меднага і жалезнага вякоў. Знаходкі археолагаў дазваляюць меркаваць, што менавіта на гэтых землях быў упершыню выкарыстаны конь для верхавой язды.

На ўзбярэжжы Крыма з 8 стагоддзя да н.э. ўзнікаюць грэчаскія калоніі, галоўныя з якіх — Херсанес (каля Севастопаля) і Пантыкапей — паступова сталі цэнтрамі дзяржаўных утварэнняў. Гэтыя землі з 1 стагоддзя да н.э. трапілі пад уплыў Рыма. На стэпавай частцы Украіны пануюць качавыя плямёны: кімерыйцы (9 ст. да н.э.— 7 ст. да н.э.), скіфы (7 — 3 стст. да н.э.), сарматы (3 ст. да н.э.— 3 ст. н.э.).

Перыяд Кіеўскай Русі і Візантыйскай імперыі (VIII—XIV стст.)[правіць | правіць зыходнік]

З IV ст. пачынаецца эпоха Вялікага перасялення народаў. Праз украінскія стэпы праходзяць плямёны готаў, потым — гунаў, яшчэ пазней — аланаў. З VIII стагоддзя Паўночную і цэнтральную Украіну засяляюць усходнеславянскія плямёны, сярод якіх былі паляне, драўляне, севяране, валыняне ды інш. Паступова на гэтых землях фармуецца гэтак званая Кіеўская Русь — першае ўсходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэнне. З 862 г. Кіеўскай Руссю кіруе варажская дынастыя Рурыкавічаў. Найбольшы росквіт Кіеўскай Русі прыпадае на X ст., калі Кіеў пазбаўляецца ад хазарскай залежнасці, а потым і цалкам знішчае Хазарыю як дзяржаву. Зрабіўшы гэта, Кіеў, аднак, адкрыў прычарнаморскія стэпы для пранікнення качавых плямёнаў: печанегаў, торкаў ды полаўцаў (кіпчакоў), якія прынеслі старажытнарускай дзяржаве багата клопатаў.

З XII ст. Кіеўская Русь распадаецца на асобныя княствы. На тэрыторыі Украіны галоўнымі княствамі былі Кіеўскае, Чарнігаўскае, Галіцкае ды Валынскае. У XIII ст. праз Кіеўскую Русь праходзяць орды мангола-татар. Карыстаючыся феадальнай раздробленасцю, яны досыць лёгка падаўляюць супраціў мясцовых князёў і абкладаюць рускія гарады данінай. Антычныя гарады чарнаморскага ўзбярэжжа пасля распаду Рымскай імперыі трапляюць пад палітычны і культурны ўплыў Візантыі. Найбуйнейшым горадам тут застаецца Херсанес (у сярэднявечча вядомы як Херсон). У XII ст. у горнай частцы Крыму ўзнікла дзяржава Феадора, на базе насельнікаў якой узнікла народнасць крымскіх грэкаў, або феадарытаў. Яе помнікамі з'яўляюцца пячорныя гарады Крыма — Чуфут-Кале, Эскі-Кермен ды інш. Стэпавы Крым з XIII ст. трапляе пад уладу татар.

Польска-літоўскі і турэцкі перыяд (XIV ст.— канец XVIII ст.)[правіць | правіць зыходнік]

З XIV стагоддзя мангола-татарская дзяржава, галоўным чынам праз міжусобіцы, аслабляецца. Затое Літоўскае княства, ўзнікшы ў XIII ст., істотна ўзмацняцца ад часоў княжання Гедзіміна (пачатак XIV ст.) Ён устанавіў пратэктарат над Кіеўскім княствам. У 1362 годзе літоўскі князь Альгерд разбіў татар у бітве на Сініх Водах і прыяднаў Кіеў да Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая падзея мела вялікае сімвалічнае значэнне, бо Літва, як і Масква, прэтэндавала на званне пераемніка Кіеўскай Русі, і на пачатку была бясспрэчным лідарам у «збіранні» рускіх земляў. З канца XIV ст. пачынаецца палітычная і культурная экспансія Польшчы. У 1387 годзе Польшча захоплівае Галічыну. З канца XV ст. узмацняецца Вялікае Княства Маскоўскае, якое ў канцы XV — пачатку XVI стст. захапіла ў Літвы частку земляў. З XV ст. на літоўска-крымскім памежжы ўзнікае казацтва, якое аказала вырашальны ўплыў на ўтварэнне ўкраінскага этнасу. Этнічная тэрыторыя Украіны, выцягнутая з захаду на ўсход, і цяпер прыкладна адпавядае былой мяжы між Літвою ды Крымскім ханствам. У 1569 годзе, карыстаючыся цяжкім становішчам Літвы, якая вяла вайну з Масквой, Польшча захоплівае Валынь, Падляшша, украінскае Палессе і Кіеўшчыну, г.зн. усе ўкраінскія землі, якія дагэтуль належалі Літве. У 1596 годзе Кіеўская мітраполія заключыла з Рымска-каталіцкай царквой Берасцейскую царкоўную вунію, паводле якой перайшла пад уладу Рымскага Папы. Палітыка апалячвання ды акаталічвання прывяла да антыпольскіх паўстанняў на ўкраінскіх землях. Наймацнейшае з іх, пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, пачалося ў 1648 годзе. Пасля шэрагу паразаў гетман Хмяльніцкі быў вымушаны перайсці пад пратэктарат Масквы, што адбылося ў 1654 годзе на Пераяслаўскай Радзе. Гэтая падзея выклікала «руска-польскую вайну», у выніку якой да Маскоўскага царства адыйшлі значныя тэрыторыі, у тым ліку горад Кіеў. Крым з XV стагоддзя цалкам падпарадкоўваецца Крымскаму ханству, адной з рэштак Залатой Арды і пратэктарату Турцыі. На базе нашчадкаў мангола-татар, а таксама іншых народнасцей, тут утвараецца крымска-татарскі этнас, які складаў большасць на паўвостраве аж да дэпартацыі 1944. Акрамя ўласна Крыма, ханства займала тэрыторыі ўкраінскага Прычарнамор'я і Прыазоўя, а таксама вялікую частку сённяшняга Краснадарскага края Расіі. У XVIII ст. як Польшча, так і Крымскае ханства аслаблі і сталі ахвярамі агрэсіўных суседзяў. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—1795 гг.) украінскія землі Польшчы адыйшлі да Расіі, акрамя Галічыны, якая адыйшла да Аўстрыі. У 1783 г. Расійская імперыя заваявала Крымскае ханства.

Перыяд Расійскай і Аўстрыйскай імперыяў (канец XVIII ст.— 1917)[правіць | правіць зыходнік]

З канца XVIII ст. і да Першай Сусветнай вайны ўкраінскімі землямі валодалі Расія і Аўстрыя. На ўкраінскіх землях з канца XVIII ст. пачынаецца рух украінскага адраджэння. Найбольш ён быў пашыраны на аўстрыйскіх тэрыторыях (Галіччына) — праз меншую жорсткасць тамтэйшага рэжыму — дзе дзейнічалі Іван Франко, Міхайла Грушэўскі і іншыя выбітныя дзеячы ўкраінскага адраджэння.

Да канца 18 — пачатку 19 стагоддзя Украіна была пераважна аграрным краем, а з сярэдзіны 19 стагоддзя цяперашнія ўсходнія рэгіёны Украіны, а затым і Кіеўшчына пачынаюць развівацца як прамысловыя. Вялікую ролю ў індустрыялізацыі Украіны сыграў еўрапейскі капітал, у тым ліку — знакаміты французскі «рускі заём» у мільярд франкаў. У наладжванні вытворчасці на поўдні Украіны таварнага збожжа, якое масава экспартавалася праз чарнаморскія парты, вялікую ролю адыгралі не толькі ўкраінскія сяляне, але і нямецкія каланісты, колькасць якіх ва Украіне складала каля паўмільёна.

Перыяд Цэнтральнай Рады (1917—1920)[правіць | правіць зыходнік]

Першая сусветная вайна прывяла да краху некалькіх імперый, у ліку якіх былі расійская і аўстрыйская і, такім чынам, дала падняволеным народам шанц на самавызначэнне. 17 сакавіка 1917, хутка пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі, была створаная Украінская Цэнтральная Рада. 20 лістапада 1917 была створаная Украінская Народная Рэспубліка, а 22 студзеня 1918 была абвешчаная яе Незалежнасць. На аўстрыйскай тэрыторыі была створаная Заходне-Украінская Народная Рэспубліка, якая прыядналася да УНР 22 студзеня 1919. У той жа час, 25 снежня 1917 у Харкаве бальшавікі старылі альтэрнатыўную УНР, якая ў 1919 была пераназваная ва Украінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Пачалася барацьба паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі. УССР апіралася на бальшавікоў, а УНР — спачатку на немцаў, а пасля 1919 — на палякаў. У выніку Галічына і Валынь адыйшлі да Польшчы, Закарпацце — да Чэхаславакіі, Букавіна і Бесарабія — да Румыніі, а на большай частцы Украіны ўсталявалася савецкая ўлада.

Савецкі перыяд (1920—1991)[правіць | правіць зыходнік]

Тэрытарыяльнае развіццё Украіны
Украінская ССР на момант утварэння Савецкага Саюза

У 1922 УССР ўвайшла ў склад СССР. У 1934 сталіца УССР была перанесеная з Харкава ў Кіеў. У 1938 у выніку падзелу Чэхаславакіі Карпацская Украіна абвясціла незалежнасць 15 сакавіка 1939. Карпацкая Украіна была акупаваная Венгрыяй. У верасні 1939 украінскія землі, што належалі Польшчы, былі занятыя савецкай арміяй і прыяднаныя да УССР. У 1940 да УССР была далучаная Паўночная Буковіна і Паўднёвая Бесарабія.

У 1941—1942 тэрыторыя Украіны была акупаваная нямецкімі войскамі. Нацысцкія ўлады ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Нямецкія нацысты знішчылі сотні тысяч мірных жыхароў. У 1943—1944 Украіна была вызваленая ад нацыстаў.

Вайна прынесла Украіне каласальныя разбурэнні і мільённыя ахвяры. Насельніцтва скарацілася з 41,7 млн чалавек на чэрвень 1941 да 27,4 млн чалавек на пачатак 1945. Практычна ўся яе тэрыторыя была арэнай жорсткіх баёў. Пры адступленні абодва варожыя бакі выкарыстоўвалі тактыку «выпаленай зямлі». Прадпрыемствы былі эвакуіраваны ці разбураныя, некалькі мільёнаў украінцаў загінула на фронце ці ў акупацыі, каля трох мільёнаў немцы ўгналі ў Германію на прымусовыя работы. Чвэрць жыхароў апынулася да канца вайны без прытулку.

У 1960-я-1970-я чатыры гарады УССР былі ўдастоены звання Горад-герой: Кіеў, Адэса, Севастопаль і Керч.

Пасля Другой сусветнай вайны да Украіны было далучанае Закарпацце. Частка Галічыны была перададзеная Польшчы. У 1954 ў склад Украіны быў перададзены Крым.

У першыя пасляваенныя гады ў Савецкай Украіне актыўна ішло аднаўленне разбурана вайной гаспадаркі, адбудоўваўся буйнейшы ў свеце прамысловы рэгіён ва Усходняй Украіне. Пасля смерці Сталіна да ўлады ў СССР прыйшоў былы першы сакратар кампартыі Украіны М. Хрушчоў. Пасля яго змяшчэння з вышэйшай пасады ў дзяржаве кіраўніком СССР стаў другі выхадзец з Украіны — былы першы сакратар Днепрапятроўскага абкама кампартыі Украіны Л. Брэжнеў. Колькасць украінцаў у складзе вышэйшага калегіяльнага органа ўлады ў СССР — Палітбюро ЦК КПСС дасягнула паловы штатнага складу. У афіцыйнай іерархіі саюзных рэспублік УССР займала ганаровае другое месца — пасля РСФСР і перад БССР. 16 ліпеня 1990 года абвешчана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце.

Сучасны (незалежны) перыяд (з 1991 г.)[правіць | правіць зыходнік]

24 жніўня 1991 года Вярхоўная Рада Украіны абвясціла незалежнасць Украіны, якая была пацвержаная на ўсеўкраінскім рэферэндуме 1 снежня 1991 г. У снежні гэтага ж года было падпісанае Белавежскае пагадненне аб скасаванні СССР і стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, да складу якой ўвайшла і Украіна. Першым прэзідэнтам незалежнай Украіны стаў Леанід Краўчук. Пасля развалу СССР былыя савецкія рэспублікі, у тым ліку і Украіна, трапілі ў глыбокі крызіс, які прывёў да збяднення насельніцтва, гіперінфляцыі, масаваму беcпрацоўю. У 1992 годзе адбыўся царкоўны раскол, калі былы мітрапаліт Украіны Філарэт абвясціў сябе Кіеўскім патрыярхам. Ніводны з іншых праваслаўных патрыярхатаў не вызнаў Кіеўскі патрыярхат, але яго падтрымаў украінскі ўрад, што паглыбіла раскол украінскага грамадства. У 1994 г. на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах перамогу атрымаў Леанід Кучма. Ён кіраваў краінай 10 гадоў. 28 чэрвеня 1996 года Вярхоўная Рада ўхваліла Канстытуцыю Украіны. У лістападзе 2004 г. адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамогу атрымаў Віктар Януковіч. Але яго супернік Віктар Юшчанка не вызнаў вынікі выбараў, заявіўшы аб іх фальсіфікацыі. Яго падтрымалі шырокія колы грамадства, асабліва на захадзе, а таксама ЗША і краіны Еўрасаюза. Юшчанка пачаў кампанію грамадзянскага супраціву, вядомую як «Памаранчавая рэвалюцыя». Яе вынікам стала скасаванне вынікаў выбараў і правядзенне паўторнага галасавання, у якім перамог Юшчанка. Адначасна Вярхоўная Рада ўхваліла змены да Канстытуцыі, змяніўшы выбарчую сістэму і пазбавіўшы прэзідэнта шэрагу паўнамоцтваў, у тым ліку права ўтварэння ўраду. У сакавіку 2006 г. адбыліся парламенцкія выбары, на якіх найбольшую колькасць галасоў набрала Партыя рэгіёнаў Віктара Януковіча. Але партыі Віктара Юшчанкі («Наша Украіна») ды яго паплечніцы пад час «Памаранчавай рэвалюцыі» Юліі Цімашэнка разам набралі прыкладна такую ж колькасць галасоў. У выніку вырашальнаю стала пазіцыя больш дробных партыяў. Калі перагаворы аб стварэнні кааліцыі між «памаранчавымі» партыямі зайшлі ў глухі кут, Сацыялістычная партыя Аляксандра Мароза перайшла ад «памаранчавага» блоку да Партыі рэгіёнаў і разам з імі ды камуністамі стварыла Антыкрызісную кааліцыю. Прэм'ер-міністрам Украіны стаў Віктар Януковіч[1].

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 перамогу атрымаў Віктар Януковіч, які ў другім туры перамог Юлію Цімашэнка.

Еўрамайдан[правіць | правіць зыходнік]

21 лістапада 2013, за некалькі дзён да саміту ў Вільнюсе, Кабінет міністраў Украіны вырашыў прыпыніць працэс падрыхтоўкі Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і Еўрапейскага саюза.[2][3] Гэта выклікала масавыя акцыі пратэсту ва Украіне, вынікам якіх стала ліквідацыя Януковіча ад улады.

Расія заявіла, што прызначэнне Турчынава выконваючым абавязкі Прэзідэнта было неканстытуцыйным[4] і ўвяла войскі ў АР Крым[5].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]