Прабалта-славянская мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Меркаваная тэрыторыя балта-славянскага дыялектнага кантынуума з назвамі археалагічных культур Бронзавага веку, якія меркавана могуць атаясамлівацца з продкамі балтаў і славян (белым), а таксама архаічныя славянскія гідронімы (чырвоныя кропкі).

Праба́лта-славя́нская мова — рэканструяваная прамова (мова-продак), якая ўзнікла ў выніку распаду праіндаеўрапейскай мовы і пазней распалася на дзве мовы — прабалцкую і праславянскую, якія, адпаведна, сталі продкамі балцкіх і славянскіх моў індаеўрапейскай моўнай сям'і.

Прабалта-славянская мова не засведчаная пісьмовымі помнікамі, але аднаўляецца ў лінгвістыцы метадамі параўнальнага мовазнаўства. Ёсць шэраг ізаглос, агульных для балцкіх і славянскіх моў у фаналогіі, марфалогіі і акцэнталогіі, якія з'яўляюцца агульнымі інавацыямі з часоў індаеўрапейскага адзінства і могуць пры гэтым быць адноўленыя ў храналагічным парадку.

Гіпотэза існавання прабалта-славянскай мовы па змаўчанню падразумявае гіпотэзу балта-славянскай групы моў у складзе індаеўрапейскай сям'і, згодна з якой балцкія і славянскія мовы маюць агульныя рысы, якія абедзве галіны атрымалі ў спадчыну ад агульнай мовы-продка.

Асноўныя рысы[правіць | правіць зыходнік]

Фанетыка, фаналогія[правіць | правіць зыходнік]

Ніжэй прыведзенае апісанне гукавога ладу, які большасць лінгвістаў рэканструюе для прабалта-славянскай мовы. Пры запісе гукаў выкарыстоўваецца прыняты ў адпаведных галінах лінгвістыкі фанетычны запіс, а таксама запіс паводле IPA (у квадратных дужках або нахіленых рысах).

  • Зычныя:

Прабалта-славянская мова страціла супрацьпастаўленне звонкіх і прыдыхальных зычных, між тым, развіліся новыя постальвеалярныя зычныя. З ранейшых палатавелярных выбухных зычных развіліся фанемы *ś, *ź (гл. ізаглоса кентум-сатэм), а ў выніку т.зв. закону ruki з гуку *s развіўся *š. [z] у прабалцкай мове разглядаецца як алафон гука /s/ перад звонкімі зычнымі.

У цэлым лінгвісты рэканструююць наступны лад зычных гукаў для прабалта-славянскай мовы:

Лабіяльныя Пярэднеязычныя Палатальныя Велярныя
Насавыя m n
Выбухныя p b t d k g
Фрыкатывы s (z) ś, š ź
Дрыжачыя r
Латэральныя l
Апраксіманты w j
  • Галосныя:

На думку лінгвістаў прабалта-славянская мова ў значнай ступені захавала лад галосных гукаў позняй праіндаеўрапейскай мовы. Найбольш прыкметным з адрозненняў стала зліццё ранейшых кароткіх /o/ і /a/ у /a/. Ранейшыя складовыя санорныя пераўтварыліся ў асаблівыя дыфтонгі з устаўкай *i або *u перад санорным. Сярод іншага, існавала адрозненне між кароткімі і доўгімі галоснымі.

Кароткія
Пярэдняга
рада
Задняга
рада
Верхняга
ўздыму
i u
Сярэдняга
ўздыму
e
Ніжняга
ўздыму
a
Доўгія
Пярэдняга
рада
Задняга
рада
Верхняга
ўздыму
ī ū
Сярэдняга
ўздыму
ē ō
Ніжняга
ўздыму
ā
  • Дыфтонгі:

Прабалта-славянская мова ў большасці захавала некранутымі праіндаеўрапейскія дыфтонгі, за выключэннем тых, дзе *o існаваў як першы элемент дыфтонга (гл. вышэй). Сярод прабалта-славянскіх дыфтонгаў рэканструююць наступныя:

e- a-
-i ei ai
-u eu au

Існавала таксама паслядоўнасць галосных, што ішлі пасля *l, *r, *m або *n, якія ўтваралі з гэтымі зычнымі т.зв. плаўныя дыфтонгі. Гэтыя спалучэнні акцэнталагічна рэалізоўваліся як і іншыя дыфтонгі, а не як паслядоўнасці тыпу «галосны + зычны».

  • Прасодыя:

Прабалта-славянскі націск, а таксама акцэнталагічныя сістэмы нашчадкаў прабалта-славянскай мовы дагэтуль з'яўляюцца прадметам актыўных даследаванняў, у якіх дагэтуль пануюць рознагалоссі ў сувязі з рознымі лёсамі развіцця сістэм націску ў розных выпадках. Ніжэй прыведзены агульны агляд пунктаў гледжання, па якіх існуе адносная згода лінгвістаў, а таксама, пры неабходнасці, іншыя меркаванні. Для рэканструкцыі прабалта-славянскага націску ў сучасных лінгвістычных даследаваннях выкарыстоўваюцца тыя балцкія і славянскія мовы, што захоўваюць танальныя адрозненні — літоўская, латышская, пруская (верагодна), славенская і сербскахарвацкая, пры гэтым некаторыя з дыялектаў сербскахарвацкай мовы (чакаўскі, пасаўскі) захоўваюць больш архаічныя танальныя адрозненні.

Як і ў праіндаеўрапейскай мове, у прабалта-славянскай мове ў большасці словаў націск мог падаць на любы склад. Між іншым, націск праіндаеўрапейскіх слоў у многіх распаўсюджаных выпадках змяніў сваю пазіцыю ў прабалта-славянскіх словах.

У раннія перыяды існавання прабалта-славянскай мовы ў некаторых складах (асабліва ў тых, што ў праіндаеўрапейскія часы заканчваліся на зычны) развіліся пэўныя віды дадатковай артыкуляцыі. Гэтыя новыя варыянты, у прыватнасці, уключалі ў сябе т.зв. акутны рэгістар, які падаў на любы доўгі склад і мог узнікнуць як у націскным, так і ненаціскным складзе. Наступныя склады падоўжыліся і таксама атрымалі акутны рэгістар:

  • Склады з доўгімі галоснымі. Доўгія галосныя ў падобных складах маглі заставацца з часоў праіндаеўрапейскай мовы або ўзнікнуць перад праіндаеўрапейскім ларынгальным зычным;
  • Склады з галоснымі дыфтонгамі (*ei, *ai, *eu і г. д.);
  • Склады з санорнымі дыфтонгамі (гл. вышэй);

Зыходзячы з гэтага, любы склад быў доўгім з акутным рэгістрам, доўгім без акутнага рэгістра або кароткім. Дакладны фанетычны характар акутнага рэгістра невядомы, але паводле некаторых гіпотэз яго ўтварэнне магло быць звязаным з глаталізацыяй. На пазнейшых этапах прабалта-славянскай мовы акутны рэгістар развіўся ў тонавае супрацьпастаўленне: акутныя націскныя склады выпрацавалі ўзыходны тон, ненаціскныя акутныя склады атрымалі сыходны тон. У ненаціскных складах акут урэшце знік, хоць ён, верагодна, мог захоўвацца некаторы час пасля распаду прабалта-славянскай мовы. Пасля страты акута ў ненаціскных складах у прабалта-славянскай мове засталося тры шляхі супрацьпастаўлення націскных складоў і два — ненаціскных. Гэтая сістэма перайшла ў спадчыну некаторым балта-славянскім мовам.

  • Доўгі націскны склад з узыходным тонам;
  • Доўгі націскны склад з сыходным тонам;
  • Кароткі націскны склад (з сыходным тонам, што, аднак, не было распазнавальнай прыкметай);
  • Доўгі ненаціскны склад;
  • Кароткі ненаціскны склад.

Граматыка[правіць | правіць зыходнік]

Назоўнікі, прыметнікі і займеннікі прабалта-славянскай мовы ў асноўным захавалі граматычныя асаблівасці праіндаеўрапейскай мовы.

У склонавай сістэме захаваліся сем з васьмі праіндаеўрапейскіх склонаў: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны і клічны склоны. Аблатыў (пытанні «ад каго?», «адкуль?», «ад чаго?», «чаму?») зліўся з родным, пры гэтым некаторыя інфлектыўныя канчаткі роднага склону былі з яго запазычаныя.

Адрозніваліся тры лікі: адзіночны, парны і множны. Назоўнікі маглі адрознівацца паводле трох родаў: мужчынскага, жаночага і ніякага, пры гэтым многія з першапачатковых слоў ніякага роду набылі ў прабалта-славянскай мужчынскі род.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Развіццё прабалта-славянскай мовы з праіндаеўрапейскай[правіць | правіць зыходнік]

Балта-славіст А. Гольцэр рэканструяваў адносную храналогію 50 балта-славянскіх гукавых фаналагічных змен, вывеўшы яе з часоў прабалта-славянскай мовы да сучасных даччыных моў[1]. Толькі дванаццаць падобных змен уласцівыя і балцкім, і славянскім мовам разам, таму ў артыкуле прыведзеныя толькі гэтыя рысы.

  1. Правіла RUKI: пераход *s > *š перад *r, *u, *k або *i;
  2. Страта ларынгалаў між зычнымі ў непачатковых складах;
  3. Закон Вінтэра: падаўжэнне кароткіх галосных у закрытых складах пасля непрыдыхальных звонкіх выбухных;
  4. Зліццё *o > *a (гл. вышэй);
  5. Страта прыдыхання ў прыдыхальных звонкіх выбухных і, такім чынам, іх зліццё са звычайнымі звонкімі выбухнымі;
  6. Страта лабіялізацыі (агублення) у лабіявелярных зычных і іх зліццё са звычайнымі велярнымі;
  7. Сатэмізацыя: *ḱ, *ǵ > *ś, ź (з некаторымі выключэннямі, гл. ніжэй);
  8. Пераход *e > *a у пазіцыях перад спалучэннямі тыпу *wV (дзе V — любы галосны);
  9. Устаўка *i (часам — *u) перад складовымі санорнымі і ўтварэнне з-за гэта асаблівых плаўных дыфтонгаў (гл. вышэй);
  10. Страта *w у пачатку слоў перад *l або *r.
  • Галосныя:

Верагодна, што ў некаторых выпадках у прабалта-славянскай мове чаргаваліся ініцыяльныя (пачатковыя) *e- і *a-. Гэтая змена, вядомая часам як закон Развадоўскага, засноўвалася на выпадках, калі балта-славянскае *e- этымалагічна адпавядала індаеўрапейскім ініцыяльным *(H)a-, *(H)o-, *h₂e-, *h₃e-. Славянскія мовы захавалі некаторыя рэлікты гэтага чаргавання. Напрыклад:

  • Прыдыхальныя выбухныя:

Закон Вінтэра захоўваўся ў часы фанематычнага адрознення паміж радам простых і прыдыхальных звонкіх выбухных. У выніку закону Вінтэра адрозненне між дзвюма серыямі ўскосна захавалася ў прабалта-славянскай мове, бо балта-славянскія галосныя падаўжаліся перад звычайнымі звонкімі выбухнымі, але не перад прыдыхальнымі выбухнымі ў закрытым складзе. На аснове адноснай храналогіі гукавых змен было выяўлена, што закон Вінтэра ўзнік даволі позна, пасля ўзнікнення некаторых іншых, менш прыкметных балта-славянскіх змен (напрыклад, пасля знікнення ларынгалаў у перадгалоснай пазіцыі). Прыкладам:

PIE *eǵh₂om > пр.-балт.-слав. *eźHam (паводле закону Вінтэра) *ēźHam > пр.-слав. *jāzun (ст.-слав. azъ, слав. jaz).

Такім чынам, зліццё праіндаеўрапейскіх радоў прыдыхальных і звычайных велярных выбухных зычных стала адною з апошніх гукавых змен у прабалта-славянскай мове.

  • Палатавелярныя і сатэмізацыя:

У балта-славянскіх мовах існуе цэлы шэраг слоў, якія адлюстроўваюць кентумныя рэфлексы праіндаеўрапейскіх палаталізаваных заднеязычных. Некаторыя з іх можна растлумачыць рэгулярнымі законамі, аднак некаторыя з гэтых слоў тлумачацца пазнейшымі інавацыямі. Як мяркуюць іншыя даследчыкі, словы з падобнымі рэфлексамі маглі быць запазычаныя з індаеўрапейскіх кентумных моў (напрыклад, пр.-балт.-слав. *kárwā — «карова» хутчэй за ўсё запазычана з пракельцкага *karawā, якое, у сваю чаргу, з'яўляецца пастаянным рэфлексам PIE *ḱerh₂weh₂).

Праіндаеўрапейскія палатавелярныя таксама маглі дэпалаталізавацца ў балта-славянскіх мовах, для чаго было прапанавана некалькі правіл[2]. Згодна з Р. Матасавічам, гэтая палаталізацыя адбылася перад санорнымі, за якімі ішлі галосныя задняга рада. Гэта растлумачыла б такія кентумныя рэфлексы, як:

  • Літ. akmuõ, латышск. akmens, ст.-слав. kamy мае /k/ супраць свісцячага ў адпаведніку іншай сатэмнай мовы, санскрыту áśmā < PIE *h₂eḱmōn (усе словы — «камень»);
  • Ст.-слав. svekry < PIE *sweḱruh₂ («свякроў»);
  • Пруск. balgnan < PIE *bʰolǵʰno- («сядло»).

Іншы пункт гледжання заключаецца ў гіпотэзе, што сатэмізацыя адбылася самастойна ў праславянскай і прабалцкай мовах, гэта значыць пасля распаду прабалта-славянскай мовы.

  • Ларынгалы:

Рэфлексы праіндаеўрапейскіх ларынгалаў */h₁/, */h₂/, */h₃/, што прадстаўлялі тры розныя фанемы ў праіндаеўрапейскай мове, у прабалта-славянскай мове зліліся ў адзіную — */H/, пры гэтым у часы існавання прабалта-славянскай мовы пачаўся доўгі перыяд знікнення ларынгалаў. Ні адна з балцкіх і славянскіх моў не захавала дадзеныя гукі, але адносная храналогія гукавых змяненняў адлюстроўвае, што падобныя гукі не былі страчаны адначасова.

Прабалта-славянскія ларынгалы сталі асабліва трывалымі ў пазіцыі перад галоснымі: PIE *tn̥h₂u- («тонкі», лац. tenuis, санскр. tanú) перайшло ў прабалта-славянскай у *tunHu- і, урэшце, у праславянскай — у *tunu-ku/*tinu-ku (ст.-слав. tьnъkъ, рас. тонкий, польск. cienki). Гэтыя змены паказваюць, што страта ларынгалаў у прабалта-славянскай мове адбылася толькі пасля ўзнікнення вакальнай пратэзы між складовымі санорнымі.

У пазіцыі між зычнымі ў другім складзе ларынгалы зніклі, аднак у першым складзе яны далі рэфлекс у выглядзе галоснага */a/. Напрыклад:

  • PIE *(h₁)rh̥₃deh₂ «чапля, бусел» > (ст.-грэчаск. erōdiós, лац. ardea) пр.-слав. *radā > *roda (серб.-харв. róda);
  • PIE *sh̥₂l- (ускосны склон кораня *seh₂ls «соль») > пруск. sal, пр.-слав. *sali (ст.-слав. solь, польск. sól, рас. соль).

Страта ларынгалаў у складовым становішчы (між зычнымі) адбылося, верагодна, у пачатку існавання прабалта-славянскай мовы. Напрыклад:

  • PIE *dʰugh₂tḗr «дачка» > пр.-балт.-слав. *duktēr > літ. duktė, пруск. duckti, пр.-слав *duktī або *duktej (ст.-слав. dъšti, рас. дочь, баўг. дъщеря).

Падобная з'ява адсочвалася таксама ў германскіх і кельцкіх мовах, што меркавана можа сведчыць на карысць таго, што гэты пераход існаваў у якасці цэлай дыялектнай ізаглосы ў позняй праіндаеўрапейскай мове.

  • Фрыкатывы:

Праіндаеўрапейскае */s/ было захавана ў прабалта-славянскай і праславянскай мовах у большасці пазіцый. У некаторых пазіцыях, што траплялі пад дзеянне правіла ruki (гл вышэй), гэты гук у прабалта-славянскай перайшоў у */š/, у праславянскай, верагодна, гэты гук быў страчаны ў фінальнай (канчатковай) пазіцыі. Ніводная з засведчаных славянскіх моў не мае захаванага фінальнага *-s.

Перад звонкімі выбухнымі ў прабалта-славянскай мове */s/ рэалізоўвалася як */z/. Апошні гук стаў фаналагічна адрознівацца ў славянскіх мовах пасля пераходу прабалта-славянскага */ź/ (рэфлекс праіндаеўрапейскіх */ǵ/ і */ǵʰ/) у праславянскі */z/.

У выніку правіла ruki ў праславянскай мове ўзнік гук */š/ перад галоснымі пярэдняга рада (*/e/, */i/), */x/ — перад галоснымі задняга рада, */s/ — перад зычнымі. Гэтая змена, хутчэй за ўсё, з'яўляецца вынікам наступных інавацый:

  • PIE */s/ > */š/ пасля */r/, */u/, */k/, */i/;
  • */š/ > */s/ перад зычнымі, */š/ > */x/ перад галоснымі;
  • */x/ > */š/ перад галоснымі пярэдняга рада (першая славянская палаталізацыя велярных).

Правіла ruki таксама адбылося ў пазіцыях, дзе ларынгал размяшчаўся пасля */u/ або */i/: */s/ перайшоў у */š/ пасля *uH і *iH, аднак у цэлым гэта пытанне застаецца дыскусійным. У балцкіх мовах правіла ruki засведчанае толькі ў літоўскай мове з прычыны зліцця */š/ і */ś/ у латышскай і прускай мовах (астатнія балцкія мовы засведчаныя толькі невялікімі ўрыўкамі, што не дазваляе рабіць вывады пра лёс правіла ruki ў астатніх балцкіх мовах). У літоўскай мове */š/ і */ś/ зліліся ў /š/, аднак яно адрозніваецца ад /s/, што, такім чынам, паказвае захаванне правіла ruki ў мове. Між тым, у большасці лінгвістычнай літаратуры па літоўскай мове сцвярджаецца пра толькі частковую рэалізацыю правіла ruki ў гэтай мове. Выказваюцца гіпотэзы, што ў балцкіх */s/ зліўся з */š/ толькі пасля */r/, у той час */u/, */k/, */i/ існуе як */s/, так і */š/. Напрыклад:

  • Літ. aušrà; латышск. ausma < PIE *h₂ewsro- (параўн. з лац. aurōra, санскр. uṣás), але літ. ausìs; лат. auss < PIE *h₂ews- (параўн з лац. auris, ст.-слав. uxo).

Аналагічна з гэтым, літ. maĩšas і латышск. maiss («мяшок») поўнасцю этмалагічна адпавядаюць ст.-слав. měxъ і санскр. meṣá, але ў teisùs («правільны») */s/ захавалася, тады як адбыўся пераход */x/ < */š/ паводле правіла ruki: ст.-слав. tixъ, бел. ціхі.

У балцкіх мовах не існуе поўнай рэалізацыі праіндаеўрапейскага двайнога */s/ пасля */r/, */u/, */k/, */i/, што, такім чынам, ускладняе пытанне аб характары правіла ruki адносна балта-славянскіх моў. Найбольш верагоднай з гіпотэз з'яўляецца меркаванне, што праіндаеўрапейскае */s/ ў балцкіх, як і ў славянскіх, паўсюдна перайшло ў */š/ пасля */r/, */u/, */k/, */i/, але гэты пераход змяніўся дзякуючы наступным інавацыям (напрыклад, пераходу фінальнага *-š у *-s). У цэлым можна меркаваць, што правіла ruki ў балцкіх мовах дзейнічала толькі ў спрадвечнай лексыцы, атрыманай з перыяду меркаванага балта-славянскага адзінства, гэта значыць у тых словах, што маюць паралелі таксама і ў славянскіх мовах (за выключэннем выпадковых паралельных супадзенняў).

У адрозненне ад моў індаіранскае галіны, дзе адбыўся пераход */s/ > */š/ пасля палатавелярнага */ḱ/, імаверна, што ў балта-славянскіх палатавелярныя перайшлі ў фрыкатывы і без уліку правіла ruki. Напрыклад:

  • Пр.-слав. *desnu «правы» (ст-слав. desnъ, рас. десный (састарэлае), серб.-харв. dèsnī, літ. dešinys) < PIE *deḱs-no- (лац. dexter, санскр. dákṣiṇas);
  • Пр.-слав. *asi «вось» (ст.-слав osь, рас. ось, серб.-харв. ȏs, літ. ašis) < PIE *h₂eḱsi- (лац. axis, санскр. ákṣas).

Фаналагічныя інтэрпрэтацыі ларынгала */H/ таксама дыскусійныя. На аснове тыпалагічных звестак можна меркаваць, што балта-славянскі ларынгал быў рэалізаваны ў выглядзе глухога нартаннага фрыкатыва [h] або гартаннае змычкі — [ʔ][3].

  • Санорныя:

Сярод іншых рэгулярных гукавых змен (гукавых законаў) з'яўляецца знікненне пачатковага */w/ перад */r/ і */l/ (закон Лідэна). Праіндаеўрапейскі */w/ быў захаваны ў прабалта-славянскай мове ў якасці білабіяльнага (губна-губнога) паўгалоснага (плаўны), але ў літоўскай і большасці славянскіх моў ён у канчатковым выніку змяніўся на лабіядэнтальны (губна-зубны) фрыкатыў /v/. Пазнейшы пераход усходнеславянскага /v/ у /w/ у беларускай мове не разглядаецца датычна гэтага пераходу з прычыны значна пазнейшага фарміравання беларускай мовы і, адпаведна, гэтага пераходу.

Праіндаеўрапейскае */m/ у пачатку слоў перайшло ў */n/ у часы існавання прабалта-славянскай мовы (параўн. пруск. assaran «возера» < PIE *eǵʰerom). У славянскіх мовах гэты пераход з'яўляецца ўскосным з-за страты канчатковых зычных у перыяд існавання праславянскай мовы. Больш зразумелым гэты пераход становіцца пры ўжыванні паняцця сандхі (змена гукаў у залежнасці ад іх месца ва ўрыўку тэксту, слова або сказа): *kom emōj замест чаканага **ka memō перайшло ў пр.-слав. *kan jemъ (ст.-слав. kъ n’emu, бел. «да яго», літаральна «к яму»).

Праіндаеўрапейскія */i/, */u/, складовыя алафоны праіндаеўрапейскіх плыўных */y/, */w/, захаваліся ў якасці галосных у прабалта-славянскай мове, пры гэтым перад ларынгаламі яны рэалізаваліся як доўгія: *iH > */ī/, *uH > */ū/. Праіндаеўрапейскі */u/ ў балта-славянскай падоўжыўся перад */n/ у выпадках, калі */n/ знаходзілася ў пазіцыі перад выбухным. У славянскіх мовах *-n- пазней выпала. Напрыклад:

  • PIE *Hunk («прывыкнуць, прызвычаіцца») > пр.-балт.-слав. *ūnk > літ. jùnkti, латышск. jûkt, ст.-слав. vyknǫti, уверсе-луж. wuknyć.

Паводле старых аўтараў, праіндаеўрапейскі */i/ не праяўляў падаўжэння ў гэтых умовах[4].

У складовай пазіцыі праіндаеўрапейскія санорныя */l/, */r/, */m/, */n/ у балта-славянскай мове атрымалі дваістыя рэфлексы, адрозніваючыся паводле таго ці іншага пратэтычнага галоснага: *iR або *uR (дзе R — умоўнае пазначэнне санорнага), рэфлексы тыпу *iR аказаліся часцейшымі, прырода гэта з'явы застаецца незразумелай для сучаснае лінгвістыкі. Адносна лёсу гэтых рэфлексаў існуе некалькі гіпотэз, найбольш прыкметнай з якіх з'яўляецца гіпотэза французскага лінгвіста А. Веяна, згодна з якім *uR рэфлексы ўзніклі пасля праіндаеўрапейскіх лабіявелярных[5]. Польскі лінгвіст Е. Курыловіч меркаваў, што рэфлексы тыпу *uR узніклі пасля праіндаеўрапейскіх велярных. Паводле Р. Матасавіча прапанаваныя наступныя правілы:

  • PIE складовае R > пр.-балт.-слав. *əR
  • *ə > */i/ у канчатковым складзе
  • *ə > */u/ пасля велярных і перад насавымі
  • *ə > */i/ у адваротным выпадку.
  • Аблаўт:

Праіндаеўрапейскі аблаўт зведаў значныя змены ў прабалта-славянскай мове. У адрозненне ад праіндаеўрапейскай мовы, дзе падаўжэнне галосных мела пэўныя і замацаваныя функцыі і ўжыванне, у прабалта-славянскай, праславянскай і балцкіх выкарыстанне доўгіх галосных або іх змена значна пашырылася. Напрыклад:

  • Пр-слав. *slāwā «слава» (ст.-слав. slava), але пр.-слав. *slawa «слова» (ст-слав. slovo);
  • Пр.-слав. *twāri «істота» (ст.-слав. tvarь), але пр-слав. *twarītej «ствараць» (ст.-слав. tvoriti);
  • Літ. prõtas «розум» (< *prāt), але літ. pràsti «разумець»;
  • Літ. gė̃ris «дабро» (< *gēr-), але літ. gẽras «добры».

На аснове ўжо існых апафанічных проціпастаўленняў між балта-славянскімі */ā/, */ē/, */ō/ і кароткімі */a/, */e/ ўзніклі новыя проціпастаўленні між */ī/, */ū/ і */i/, */u/. Падобны тып апафоніі не быў уласцівы праіндаеўрапейскай мове. Напрыклад:

  • літ. mū̃šis «бітва», але літ. mùšti «забіваць»;
  • літ. lỹkis «рэшта», але lìkti «пакідаць»;

Новы тып апафоніі стаў выкарыстоўвацца ў праславянскай мове для адрознення розных часоў дзеясловаў:

  • Пр.-слав. *dirātej > ст.-слав. dьrati, але пр.-слав. *arz-dīrātej «раздзіраць» > ст.-слав. razdirati;
  • Пр.-слав. *birātej «абіраць» > ст.-слав. bьrati, але пр.-слав. *bīrātej «абраць» > ст-слав. birati.

Далейшае развіццё[правіць | правіць зыходнік]

У праславянскай мове ў нязменным выглядзе захавалася сістэма прабалта-славянскіх кароткіх галосных, але, у адрозненне ад балцкіх, прабалта-славянскія */ō/ і */ā/ зліліся ў адзіны гук — */ā/ (гл. вышэй).

Зноскі

  1. Holzer 2001, 2007
  2. Гл., напрыклад, Kortlandt (1978:12-24).
  3. Matasović (2008:96)
  4. Matasović (2008:109)
  5. Vaillant, André. I-IV // Grammaire comparée des langues slaves. — Lyon: IAC, 1950-1977.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]