Людас Гіра
| Людас Гіра | |
|---|---|
| літ.: Liudas Gira | |
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Імя пры нараджэнні | Liudas Gira |
| Псеўданімы | E. Radzikauskas |
| Дата нараджэння | 15 (27) жніўня 1884[1] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 1 ліпеня 1946[2][1] (61 год) |
| Месца смерці | |
| Пахаванне | |
| Грамадзянства | Расійская імперыя, Літва, СССР |
| Альма-матар | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | паэт, літаратурны крытык, перакладчык Адама Міцкевіча |
| Гады творчасці | 1902—1945 |
| Кірунак | нацыянальны рамантызм |
| Жанр | верш, паэма, містэрыя, драма |
| Мова твораў | літоўская мова і беларуская |
| Узнагароды | |
Людас Канстанцінавіч Гіра (15 (27) жніўня 1884[1], Вільня — 1 ліпеня 1946[2][1], Вільня) — літоўскі паэт, драматург, літаратурны крытык, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч; народны паэт Літоўскай ССР (1945), правадзейны член Акадэміі навук Літоўскай ССР (1946)[3].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]
Вучыўся ў Стаклішкескай пачатковай гімназіі (каля Коўна) і Віленскай рэальнай гімназіі. У Казані здаў экстэрнам экзамен за 4-ы клас гімназіі і паступіў у Віленскую духоўную семінарыю. З 1905 года працаваў у рэдакцыях газет «Vilniaus žinios», «Lietuvos ūkininkas»), з 1907 года — «Viltis»[4].
Браў удзел у дзейнасці Саюза літоўскіх настаўнікаў, быў сакратаром прэзідыума Вялікага Віленскага сейма (1905), удзельнічаў у стварэнні Літоўскага навуковага таварыства (1907). Пачынаючы з 1911 года быў рэдактарам літаратурных альманахаў і літаратурных часопісаў, укладальнікам анталогій літоўскай паэзіі.
У 1911 годзе нарадзіўся сын Вітаўтас, які пазней стаў паэтам і празаікам. У 1918 годзе быў ваенным камендантам Вільні, камандзірам атрада літоўскіх добраахвотнікаў. Трапіў у палон да бальшавікоў і праз паўгода вярнуўся ў Коўна, яго абмянялі на палонных чырвонаармейцаў. У Коўна стаў начальнікам аддзела разведкі міністэрства абароны краю, удзельнічаў у ліквідацыі змовы Польскай ваеннай арганізацыі (POW). У 1922—1926 гадах працаваў дырэктарам Дзяржаўнага тэатра ў Коўна. У 1923 года — рэдактар літаратурнага часопіса «Skaitymai»). У 1924 годзе выйшла напісаная ім «Руска-літоўская граматыка» (Каўнас; паўторнае выданне 1925).

У 1926—1936 гадах — сакратар кнігавыдавецкай камісіі міністэрства асветы. У 1928—1930 гадах інтэнсіўна перапісваўся з К. Д. Бальмонтам і папулярызаваў яго творчасць у літоўскім друку, быў адным з галоўных арганізатараў прыезду Бальмонта ў Літву (1930). У сярэдзіне 1930-х гадоў быў адным з ініцыятараў умацавання літоўска-латышскіх і літоўска-эстонскіх літаратурных і культурных сувязяў, арганізатар і ўдзельнік літаратурных вечароў і абменаў дэлегацыямі пісьменнікаў.
У 1936—1937 і 1938—1939 гадах — старшыня Таварыства літоўскіх пісьменнікаў. Рэдактар літаратурнай газеты «Literatūros naujienos» у 1937—1938. У 1939 годзе наведаў СССР.
У 1940 годзе з іншымі дэпутатамі Народнага сейма — пісьменнікамі Ю. Паляцкісам, С. Нерыс, П. Цвіркам — увайшоў у склад дэлегацыі, якая хадайнічала перад Вярхоўным Саветам СССР аб прыёме Літвы ў склад Савецкага Саюза. Намеснік наркама асветы Літоўскай ССР у 1940—1941 гадах.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваны ўглыб СССР, жыў у Пензе да пачатку 1942 года. У 1942—1944 гадах служыў у Літоўскай дывізіі (капітан)[4].
На Радзіму вярнуўся цяжка хворым летам 1945 года. Памёр 1 ліпеня 1946 года ў Вільні. Пахаваны ў Вільні на могілках Роса.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У Вільні вуліца Вільняўс (Vilniaus gatvė, Віленская) была пераназвана ў вуліцу Гіры (Liudo Giros gatvė, Гірос), але пасля аднаўлення незалежнасці Літвы вуліцы была вернута ранейшая назва. Да 2024 года імя Л. Гіры насіла вуліца ў віленскім раёне Фабіёнішкес[5].
У 1977 годзе ў Вільні ў невялікім скверы на вуліцы Валана насупраць будынка Міністэрства адукацыі і навукі Літоўскай ССР быў усталяваны помнік (скульптар Віктарас Паліс, архітэктар Стасіс Шашкявічус). Помнік уяўляў сабой гарэльефны партрэт паэта, высечаны ў глыбе граніту (вышыня 1,2 м) на прамавугольным гранітным пастаменце. 11 верасня 2013 года помнік пасля патрабаванняў былых палітычных вязняў, ссыльных і прадстаўнікоў іншых правых арганізацый па просьбе Міністэрства адукацыі і навукі Літвы быў дэмантаваны і вывезены на тэрыторыю муніцыпальнага прадпрыемства «Грында» у Юсцінішкес (непадалёк ад 2-га тралейбуснага парку) на захоўванне[6][7].
Літаратурная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Дэбютаваў у літаратуры ў 1902 годзе аповедамі. Вершы пачаў пісаць з 1903 года. Друкаваўся з 1903 года[3]. Выдаў трынаццаць зборнікаў вершаў. Першыя зборнікі паэтыкай блізкія народнай песні. Пасля ў паэзіі з’явіліся элементы сімвалізму, дэкларатыўны патрыятызм, лозунгавасць. З аднолькавым пафасам апяваў па чарзе веліч Літвы, адраджэнне Італіі пры Мусаліні, сталінскі рэжым.
У драмах «Помста» (1910), «Госці» (1910) выяўляецца ўплыў драматургіі Станіслава Пшыбышэўскага, у драматычных творах на гісторыка-нацыянальныя тэмы «Зара, якая занімаецца» (1913), «Папараць-кветка» (1928) — Відунаса і Вінцаса Крэве-Міцкявічуса.
Пад час Вялікай Айчыннай вайны напісаў паэмы «Літва Грунвальда» (1942), «Адам Міцкевіч у Паволжы» і вершы, працятыя патрыятызмам, нянавісцю да фашыстаў. Вершы Людаса Гіры ў перакладах на рускую мову ўключаліся ў зборнікі «Жывая Літва» (Масква, 1942), «Дарога ў Літву» (Масква, 1944).
Вершы пісаў, акрамя літоўскай, на беларускай (верш «З Новым годам»)[3], польскай, рускай мовах[8].
Укладальнік першых анталогій літоўскай літаратуры (1911, 1914), у міжваенныя гады — паэтычнага зборніка, прысвечанага дзесяцігоддзю незалежнасці Літвы «Прывітанне, Незалежная» (1928), і першай літоўскай анталогіі рэлігійных вершаў «Святая Літва» (1930). Падрыхтаваў да друку сачыненні літоўскіх пісьменнікаў Лаздзіну Пяледы, Пранаса Вайчайціса і іншых.
У 1911—1912 гадах — рэдактар альманаха Švyturys (бел.: Маяк), у 1913—1914 гадах — рэдактар першага літоўскага літаратурнага часопіса Vaivorykštė (бел.: Вясёлка), пазней рэдагаваў Skaitymai (бел.: Чытанні, 1923), газету «Literatūros naujienos» (бел.: Літаратурныя навіны, 1937—1938). Супрацоўнічаў у часопісах «Ateitis» (бел.: Будучыня), «Vairas» (бел.: Руль) і многіх іншых літоўскіх перыядычных выданнях. Пісаў артыкулы для часопісаў і газет на рускай мове «Балтийский альманах», «Эхо», «Наше эхо», Сегодня.
Напісаў вялікую колькасць літаратурна-крытычных артыкулаў. Сярод іх артыкулы пра беларускую, рускую, украінскую, чэшскую літаратуру. Артыкул Л. Гіры «З беларускай літаратуры» (1910) — самы ранні водгук літоўскай крытыкі пра творчасць Я. Купалы[3]. Выступаў таксама як тэатральны крытык.
Падпісваўся Akstinų Vincas, Aldonė V., Ant. Kašėta, B. Dzūkas, Eglė, E. Radzik., Ensexistens, E. Radzikauskas, Erulis, G-lis L., Gerulis, Kuzavas, Kažin kas, Rimbas, Saugus, Szlachcic-Katolik, Teatralas Zukas D. і многімі іншымі псеўданімамі.
Перакладчыцкая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Пераклаў і выдаў асобным зборнікам вершы Т. Шаўчэнкі (1912). Перакладаў на літоўскую мову вершы М. М. Асеева, К. Д. Бальмонта, С. І. Кірсанава, В. І. Лебедзева-Кумача, М. Ю. Лермантава, У. У. Маякоўскага, А. С. Пушкіна, М. С. Ціханава, Я. Л. Шкляра[3].
У яго перакладах друкаваліся таксама творы Л. Сыракомлі, А. Міцкевіча, Г. Гейне, С. Выспяньскага, С. Пшыбышэўскага, І. Франко.
Выданні
[правіць | правіць зыходнік]- Зборы сачыненняў
- Raštai («Сачыненні», 2 тт., 1953)
- Raštai («Сачыненні», 5 тт., 1960—1963)
- Зборнікі вершаў
- Dul-dul dūdelė… («Дуль-дуль дудка»; Вільня, 1909)
- Žalioji pievelė («Зялёны лужок»; Вільня, 1911)
- Laukų dainos («Песні палёў»; Сейны, 1912)
- Tėvynės keliais… («Дарогамі радзімы»; Вільня, 1912)
- Žiežirbos. 1912—1920 m. poezijos («Іскры»; Каўнас, 1921)
- Žygio godos («Паходныя думы»; Клайпеда, 1928)
- Šilko gijos («Шаўковыя ніткі»; Каўнас, 1929)
- Amžių žingsniai («Крокі стагоддзяў»; Каўнас, 1929)
- Smurtas ir ryžtas («Гвалт і рашучасць»; Масква, 1942)
- Žalgirio Lietuva («Літва Грунвальда»; Масква, 1942)
- Tolimuos keliuos («Па далёкіх дарогах»; Каўнас, 1945)
- Rinktinė poezija («Выбраная паэзія»; Каўнас, 1945)
- Rinktinė («Выбранае»; Вільнюс, 1951)
- Ne margi sakalėliai («Не пярэстыя саколікі»; Вільнюс, 1963)
- Raudonosios aguonos («Чырвоны мак»; Вільнюс, 1969)
- Кнігі для дзяцей
- Trys berželiai («Тры бярозкі»; Вільнюс, 1949)
- На рускай мове
- Стихи («Вершы»; Масква, 1940)
- Слово борьбы («Слова барацьбы»; Масква, 1940)
- Избранное («Выбранае»; Вільнюс, 1952)
- Здравствуй, вихрь! Стихи («Вітаю, віхура! Вершы»; Ленінград, 1960)
- Паэмы
- Milžinkapių daina («Песня курганоў»; Вільня, 1910)
- Stalino LTSR konstitucija («Сталінская Канстытуцыя Літ. ССР»; Каўнас, 1940)
- Драматычныя творы
- Kerštas («Помста»; Вільня, 1910)
- Svečiai («Госці»; Вільня, 1910)
- Beauštanti aušrelė («Зара, якая занімаецца»; Вільня, 1913)
- Paparčio žiedas («Папараць-кветка»; Клайпеда, 1928)
- Гісторыка-літаратурныя і крытычныя працы
- Lietuviškos eilėdaros kūrimosi raida («Гісторыя фарміравання літоўскага вершаскладання»; Каўнас, 1934)
- Кніга пра Тумаса-Вайжгантаса, артыкулы пра В. Крэве-Міцкявічуса і іншых пісьменнікаў.
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]На беларускую мову творы Гіры перакладалі А. Астапенка, С. Дзяргай, М. Лужанін і іншыя[3].
На рускую мову вершы Л. Гіры перакладалі І. К. Аўраменка, А. Аляксандрава, К. Д. Бальмонт, Д. Бродскі, Н. Вольпін, А. Гатаў, І. Грыгор’еў, В. Дыннік, М. Замахоўская, В. К. Звягінцава, М. А. Зянкевіч, Д. Б. Кедрын, В. Я. Калычоў, А. Качаткоў, Э. Лявонцін, С. Мар, Л. Озераў, Л. Астравумаў, Н. Палякова, В. Румер, І. Сяльвінскі, С. Шэрвінскі, З. Шышова, А. Шпірт, А. Штэйнберг, П. Шубін, Я. Л. Шкляр, В. Яворская і іншыя.
Вершы Л. Гіры перакладаліся таксама на армянскую, башкірскую, балгарскую, кіргізскую, малдаўскую, польскую, таджыкскую, татарскую, узбекскую, эстонскую мовы.
Зноскі
- ↑ а б в г Bibliothèque nationale de France Liudas Gira // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
- ↑ а б Liuda Gira // Find a Grave — 1996. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г д е Гира Людас Константинович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 147. — 737 с.
- ↑ а б Liudas Gira (літ.). Rašytojai. KitoKs. Праверана 3 студзеня 2014.
- ↑ Nėries gatvė Vilniuje bus pervadinta į Vėtrungės, Giros – į Baliukevičiaus-Dzūko(літ.). LRT. 2024-08-28.
- ↑ Martynas Čerkauskas. L. Giros paminklas iš senamiesčio nugrūstas į šalikelę (літ.). Lrytas. Lrytas (11 верасня 2013). Праверана 3 студзеня 2014.
- ↑ Вильнюсский памятник Л. Гиры отправлен на склад. Obzor.lt. Обзор (13 сентября 2013). Праверана 3 студзеня 2014.
- ↑ Ramutis Karmalavičius. Gira, Liudas(недаступная спасылка). Lietuvių literatūros enciklopedija. Lietuvių literatūros ir tautosakos institutas (2001). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2007. Праверана 2 верасня 2013.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- История литовской литературы. — Вильнюс: Vaga, 1977. — С. 379—393.
- Lietuvių rašytojai. Bibliografinis žodynas: A—J. — Vilnius: Vaga, 1979. — С. 541—560.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Liudas Gira: biografija Архівавана 27 верасня 2007. (літ.)
- Poems by Liudas Gira Архівавана 27 чэрвеня 2010. (англ.)
- Нарадзіліся 27 жніўня
- Нарадзіліся ў 1884 годзе
- Нарадзіліся ў Вільні
- Памерлі 1 ліпеня
- Памерлі ў 1946 годзе
- Памерлі ў Вільні
- Пахаваныя на могілках Роса
- Выпускнікі Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Паэты паводле алфавіта
- Паэты Расійскай імперыі
- Паэты Літвы
- Паэты СССР
- Паэты XX стагоддзя
- Драматургі паводле алфавіта
- Драматургі XX стагоддзя
- Драматургі Расійскай імперыі
- Драматургі Літвы
- Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
- Літаратурныя крытыкі Расійскай імперыі
- Літаратурныя крытыкі Літвы
- Літаратурныя крытыкі СССР
- Перакладчыкі паводле алфавіта
- Перакладчыкі Расійскай імперыі
- Перакладчыкі Літвы
- Перакладчыкі СССР
- Перакладчыкі на літоўскую мову
- Перакладчыкі XX стагоддзя
- Публіцысты паводле алфавіта
- Публіцысты Расійскай імперыі
- Публіцысты Літвы
- Публіцысты СССР
- Рэдактары Літвы
- Рэдактары газет
- Рэдактары часопісаў
- Літоўскамоўныя паэты
- Народныя паэты Літоўскай ССР
- Акадэмікі АН Літоўскай ССР
- Беларускамоўныя паэты
- Польскамоўныя паэты
- Рускамоўныя паэты
- Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны