МАЗ-205 (самазвал)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
МАЗ-205
МАЗ-205 на пастаменце ля прахадной Мінскага аўтазавода
МАЗ-205 на пастаменце ля прахадной Мінскага аўтазавода
Вытворца МАЗ
Месца вытворчасці Мінск, БССР
Гады выпуску 1947—1965
Храналогія
МАЗ-503
Фотагалерэя на Wikimedia Commons МАЗ-205 на Вікісховішчы

МАЗ-205 — савецкі цяжкі самазвал з колавай формулай 4×2, які выпускаўся Мінскім аўтамабільным заводам з 1947 па 1965 год.

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Распрацоўка новага аўтамабіля-самазвала пачалася на Яраслаўскім аўтамабільным заводзе (ЯАЗ) у 1944 годзе. Праз год былі пабудаваны першыя доследныя ўзоры самазвала ЯАЗ-205. Пасля вайны заводу была даручана распрацоўка цяжкіх трохвосевых грузавых аўтамабіляў сямейства 210, а дакументацыя на вытворчасць двухвосевых аўтамабіляў 200-га сямейства, у тым ліку і самазвала ЯАЗ-205, была перададзена на толькі што пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод.

Першыя пяць самазвалаў ужо пад маркай МАЗ-205 сышлі з канвеера да 30-й гадавіны Кастрычніцкай Рэвалюцыі 7 лістапада 1947 года. МАЗ-205 стаў першым аўтамабілем, выпушчаным на Мінскім аўтамабільным заводзе.

Мінскі самазвал адрозніваўся ад яраслаўскага перш за ўсё кратамі радыятара з вертыкальнымі брусамі, адсутнасцю на вечку капота фігуркі мядзведзя, сімволікі Яраслаўскага аўтазавода (на ранніх прататыпах замест яго стаяла фігурка зубра, сімволікі новага Мінскага аўтазавода — але на серыйных грузавіках зубр быў у выглядзе плоскіх барэльефаў на бакавінах капота); дзверы кабіны былі абабітыя металічным лістом, а не драўлянымі планкамі. Акрамя знешніх адрозненняў меліся і тэхнічныя, такія як адзіны карданны вал замест двух, большая грузападымальнасць.

Першапачаткова асноўная частка вузлоў і агрэгатаў прыходзіла на Мінскі аўтазавод з Яраслаўля, але затым паступова з уводам новых цэхаў МАЗа па вытворчасці неабходных дэталяў з Яраслаўля сталі прыходзіць толькі дызельныя рухавікі.

На працягу ўсёй серыйнай вытворчасці МАЗ-205 падвяргаўся розным дапрацоўкам і ўдасканаленням. Так, пачынаючы да канца 50-х, лабавое шкло кабіны атрымала гумовыя ўшчыльняльнікі замест ранейшых драўляных, з 1958 года магутнасць рухавіка была паднятая са 110 да 120 к.с.

Самазвалы МАЗ-205 складалі большую частку вытворчасці, паколькі ў іх мела патрэбу ўся краіна, якая аднаўлялася пасля вайны. Аўтамабіль выпускаўся на працягу амаль 18 гадоў і быў зняты з вытворчасці 31 снежня 1965 года.

Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

Кабіна — трохмесная, драўляная з металічнай абшыўкай. Кузаў — металічная платформа з адкрываным заднім бортам. Аб’ём кузава 3,6 куб. м. Разгрузка кузава ажыццяўляецца назад. Грузападымальнасць — 6 т (5 т пры руху па грунце). Маса без нагрузкі — 6600 кг, поўная дапушчальная маса — 12 825 кг.

Рухавік: ЯАЗ-М204А, дызельны, двухтактны, чатырохцыліндравы; аб’ём — 4,65 л., макс. магутнасць — 120 к.с. пры 2000 аб/хв., макс. круцільны момант — 47 кГм пры 1200-1400 аб/хв.

Каробка перадач: пяціступеньчатая, з сінхранізатарамі на II, III, IV і V перадачах. Перадатачныя лікі: I — 6,17; II — 3,40; III — 1,79; IV — 1,00; V — 0,78; задні ход — 6,69; галоўная перадача — 9,81. Счапленне — аднадыскавае, сухое.

Тармазы: нажны — калодачны, з пнеўматычным прывадам; ручны — стужкавы, з механічным прывадам на трансмісію. Рулявы механізм — тыпу «чарвяк-сектар». Падвеска: пярэдняя — на дзвюх паўэлептычных рысорах з гідраўлічнымі амартызатарамі двухбаковага дзеяння; задняя — на дзвюх паўэлептычных рысорах з дадатковымі рысорамі. Памер колаў — 12,00-20.

Максімальная хуткасць — 52 км/г. Аўтамабіль спажываў 35 л паліва на 100 км пры хуткасці 40 км/г. Аб’ём паліўнага бака — 105 л.

Мадыфікацыі[правіць | правіць зыходнік]

  • МАЗ-205Б — вопытны самазвал, пабудаваны ў 1952 годзе. У серыйную вытворчасць не пайшоў.
  • МАЗ-506 — вопытны самазвал з бакавой разгрузкай кузава, пабудаваны ў 1954 годзе. У серыйную вытворчасць не пайшоў.

На базе самазвала МАЗ-205 рознымі аўтатранспартнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі выпускаліся самазвалы з двухбаковай разгрузкай кузава, пажарныя цыстэрны, растворавозы і іншае.

Колькасць[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд з 1947 па 1966 гады было выпушчана 98 721 самазвалаў МАЗ-205. Ніжэй у табліцы прыведзены даныя выпуску па гадах[1]:

Год 1947 1948 1949 1950 1951 1952 1953 1954 1955 1956
Колькасць 18 206 1207 2394 3501 3477 3976 4786 5222 5448
Год 1957 1958 1959 1960 1961 1962 1963 1964 1965 1966
Колькасць 6437 6689 7283 7709 7575 8192 8363 10 018 6219 1

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Автолегенды СССР. Грузовики. №34. МАЗ-205

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Автомобиль МАЗ-205 (4х2) // Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 5-е изд. — М.: Транспорт, 1967. — С. 186—190. — 544 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]